Гульня сэнсаў і стыляў

№ 10 (379) 01.10.2014 - 31.10.2014 г

Міжнародны фестываль «Белая Вежа»
«Белая Вежа» зноў здзівіла: у адпрацаваным цягам двух дзесяцігоддзяў фармаце знайшлася магчымасць для новага манеўра. Здаецца, колькасць запрошаных на фестываль краін-удзельніц цяпер не такая ўжо актуальная. Галоўнае ўзнікае на скрыжаванні розных сцэнічных накірункаў і стыляў. Сэнс у гэтым ёсць. Пашыраюцца прафесійныя ўяўленні, выпрабоўваюцца на трываласць і адхіляюцца тэатральныя пастулаты, адкрываюцца новыя магчымасці. Дый, урэшце, не сумна...

А як жа, пасля «Хітрыкаў Ханумы» і «Карнавалу» — «Без слоў» «Бегчы з Эльсінора» ў «Сны кабзара»... Каб сустрэць «Іншага чалавека», натрапіць на «Бочку смеху», завітаць да «Султана Бейберса», прачытаць «Кнігу Ёва» на «Лаўцы» з «Дзядамі» і ў «Апошні тэрмін» патрапіць «Дадому», бо «Такая я ёсць»! А перадусім — спектаклі вялікай і малой формы, вулічныя паказы, лялькі, мона, клаўнада, камічная пантаміма, нарэшце — дагэтуль невядомы нам заморскі і прэтэнцыёзны стэнд-ап, пасля якога насамрэч і стэнд, і ап.

Нацыянальны драматычны тэатр імя М.Горкага распачынаў сцэнічны марафон пад гучныя авацыі глядзельнай залы. Музычная камедыя «Ханума» Аўксенція Цагарэлі выдатна дастасоўвалася да святочнай атмасферы адкрыцця форума і пры гэтым мела выяўлены прыкладны характар. «Ханума» — спектакль касавы, разлічаны на масавага гледача, на яго немагчыма патрапіць у Мінску. З іншага боку, ён наўрад ці здатны здзівіць тонкіх знаўцаў сцэнічнага мастацтва і крытыкаў. Пастаяннае балансаванне паміж запатрабаваннямі шырокай публікі і тэатральнымі навацыямі — «усвядомленая неабходнасць» любога айчыннага фэста. Усе разумеюць, што лічыцца з гэтым неабходна. Тым не менш на ранішнім абмеркаванні (дзе, канешне, адсутнічалі прадстаўнікі Рускага тэатра) узнікла міні-дыскусія. Беларускіх крытыкаў цікавіла: колькі камедый можа значыцца ў рэпертуары сцэнічнага калектыву, каб не псаваўся творчы статус? Гэтым пытаннем мы вельмі здзівілі эстонскіх і літоўскіх калег, якія ў сваю чаргу здзівілі нас, бо засведчылі: камедыі практычна адсутнічаюць у рэпертуары тэатраў Літвы і Эстоніі.

Тэатральны мікс

Вулічныя спектаклі — адметная тэрыторыя «Белай Вежы». Яны паступова набываюць усё большую папулярнасць у гараджан і ўдзельнікаў фестывалю. Асабліва эфектна ў спектаклях на плошчы Леніна адзначыліся палякі, славенцы і ўкраінцы. Львоўскі акадэмічны тэатр «Уваскрэсенне» прыязджае на «Белую Вежу» амаль штогод. Рэжысёр Яраслаў Федарышын — улюбёнец публікі і крытыкаў. Разгорнутыя ў начной цемры, штораз нечаканыя і новыя сюжэты, здаецца, выпрабоўваюць сцэнічны кірунак на трываласць. Яркая відовішчнасць неверагодным чынам спалучаецца з філасофскай глыбінёй зместу і акрэсленай пачуццёвасцю, якая маштабуецца адпаведна спецыфіцы паказу. Сёлета прывезлі «Сны кабзара» — пра пецярбургскі перыяд жыцця Тараса Шаўчэнкі. Рух, музыка, метафарычныя згадкі трагічных падзей ва Украіне, апантаная акцёрская палётнасць, гульня рознавялікімі выявамі, вада, агонь, нацыянальныя касцюмы, вершы, аблічча генія і рэжысёрскі роздум, які палаючым пункцірам ахінае дзеянне...

Цікавасць выклікаў спектакль «Маручэла» Тэатра «Nikoli» (Кракаў, Польшча). Камічная пантаміма ў стылі нямога кіно. Пусцяковыя любоўныя заляцанні, увасобленыя Мікалаем Веправым і Дамінікай Юхі з відавочнай акцёрскай лёгкасцю, элегантнасцю, іроніяй. Майстар-клас імправізацыі і інтэрактыву. Гледачы імгненна падхоплівалі гульню, ахвотна развівалі сюжэт, нават не хацелі сыходзіць са сцэны. Уяўленні аб магчымасцях камедыйнага жанру аўтарамі і выканаўцамі пантамімы былі заўважна пашыраныя.

Монаспектаклі заўсёды прысутнічаюць на афішы «Белай Вежы», у агульнай праграме ўзмацняючы менавіта змястоўны аспект. Сёлета сам-насам з гледачамі заставаліся Шаўгі Гусейнаў (Азербайджанскі ТЮГ, Баку) і Кшыштаф Грабоўскі (Тэатр аднаго акцёра з Кельцаў, Польшча). Адпаведна, у спектаклях «Без слоў» і «Мілка» акрэслены два розныя падыходы да монадрамы. Трагіфарс «Без слоў» паводле Сэмюэла Бэкета (рэжысёр Іса Асадаў) быў шчыльна ахутаны пачуццёвым вэлюмам. Абсурдысцкія матывы выяўляліся ў простых і зразумелых сцэнічных знаках, якія расшыфроўваліся без усялякага напружання. Аднак і ўніверсальнай гульні сэнсаў не ўзнікала.

Выглядала гэта так: невялікага росту мужчына спрабаваў дацягнуцца да бутэлькі мінеральнай вады, якую Нехта спускаў яму з вышыні на вяровачцы. З памяшкання не было выхаду. Мужчына пакутваў ад смагі. Але ўхапіць бутэльку не мог. Ніводная ідэя не спрацоўвала, прыстасаванні (размаляваныя рознавялікія кубікі, што таксама апускаліся з вышыні) не дапамагалі. Бясконцая наіўная гульня цягнулася цэлую гадзіну. Простая падказка магла прыйсці ад гледачоў. Ды толькі ў спектаклі не было інтэрактыву. І ўрэшце знямоглы герой у роспачы засынае на падлозе. Над ім нерухома вісіць бутэлька з вадой. У чым абсурд? Звычайная жыццёвая сітуацыя. Хіба што варта падумаць пра дакладнасць тэатральных прыёмаў, якія, нягледзячы на шматзначнасць, зусім не цягнуць на абагульненне.

Менавіта змястоўнасцю акрэсленых ідэй уразіў спектакль «Мілка» паводле п’есы Міхала Вальчака «Пясочніца». Рэжысёр і выканаўца Кшыштаф Грабоўскі разважае пра чалавека, пра адведзенае яму месца пад сонцам, пра таго, хто з намі разам і адначасова асобна. Пераасэнсаванне зместу адбываецца на ўзроўні п’есы, ператлумачанай пад мона; сцэнічнага асяродку, які штораз дастасоўваецца да месца паказу; мовы, адна з іх — той краіны, дзе адбываецца спектакль. Пратажэка і Мілка сварацца за месца ў пясочніцы. Бытавая гісторыя нібыта і не прэтэндуе на глабальныя высновы. Тым больш, што адзін персанаж уяўны, прадстаўлены ў выглядзе... падушкі. Але менавіта падушка становіцца галоўным партнёрам Пратажэкі, які застаецца сам-насам са сваім адзіноцтвам. Чалавеку трэба шмат. Чалавеку трэба болей. Чалавеку не трэба нічога... без іншага чалавека. Безумоўна, мае сэнс пра гэта нагадваць.

Традыцыйна на «Белай Вежы» пэўнае месца адведзена тэатру лялек. Некалі лялечныя спектаклі разгортваліся паралельна драматычным і стваралі паўнацэнную і змястоўную праграму. Цяпер, падчас рэканструкцыі Брэсцкага тэатра лялек, гэта толькі фрагментарныя паказы, выразны акцэнт.

Сёлета публіку найбольш захапіў спектакль «Аднойчы дзве ножкі...» італьянскага Тэатра маленькіх ножак Фарлімпопалі, падчас якога актрыса Вераніка Ганзалес выбітна маніпулявала лялькамі з дапамогай частак свайго цела — рук, ног і галавы. А Палтаўскі акадэмічны абласны тэатр лялек (Украіна) спачатку бязлітасна раскрытыкавалі за спектакль «Прынцэса на гарошыне», падчас якога дзеці відавочна сумавалі, а потым адназначна ўхвалілі за «Партрэт з лятаючым гадзіннікам. М.Шагал, “Маё жыццё”» паводле аўтабіяграфічнай кнігі мастака. Акцёрам мала не падалося. Яны пакрыўдзіліся і ўзрадаваліся амаль адначасова.

Сцэнічныя калектывы з былых краін СССР (падобнае вызначэнне дагэтуль уяўляецца дарэчным, бо інакш не скажаш) абавязкова прысутнічаюць на фестывалі ў Брэсце. Вельмі часта сюды запрашаюцца рускамоўныя тэатры з Арменіі, Грузіі, Азербайджана і г.д. Сёлета акцэнт быў зроблены на нацыянальнай культуры. Спектаклі з Украіны, Арменіі, Грузіі, Казахстана, Літвы найперш цікавыя нацыянальнымі традыцыямі, аўтэнтыкай. У кожным разе — гэта адметныя стасункі з часам і прасторай, асаблівы спосаб акцёрскага існавання. Для беларускіх сцэнічных калектываў, чыя «еўрапейскасць» часам мае выразны ўсходні акцэнт, гэта карысны вопыт пры вызначэнні сучасных тэндэнцый і архаічных прыхільнасцей. Важна зразумець, калі нацыянальнае насамрэч уяўляе сабой дзіўны сімбіёз аўтэнтычнага і сацрэалістычнага. Хоць, канешне, разважаць пра чысціню тэатральнага стылю на постсавецкай прасторы можна даволі ўмоўна. У гэтым таксама пераконвалі спектаклі «Белай Вежы».

Казахскі акадэмічны тэатр імя Мухтара Аўэзава (Алматы) паказаў гістарычную драму «Султан Бейберс» Рахымжана Атарбаева, прасякнутую асаблівай энергетыкай, паэтычнай узнёсласцю, з выяўленай нацыянальнай ментальнасцю — у рухах, постацях, манеры маўлення. Выкананыя з размахам масавыя сцэны ўражвалі моцай і брутальнасцю. Нам распавялі гісторыю султана Бейберса, які ў далёкім ХІІ стагоддзі спачатку трапіў у палон, потым стаў славутым палкаводцам і кіраўніком магутнай дзяржавы. Ды непазбыўны сум па родных кыпчакскіх стэпах прымусіў яго пакінуць чужую зямлю і вярнуцца на радзіму. На думку крытыкаў — прыгожая, наіўная казка, аздобленая дзіцячай мараллю, увасобленая архаічнымі сродкамі. І ўсё ж прыкметы іншай тэатральнай культуры з адпаведнымі традыцыямі надавалі гэтай казцы абсалютную прыцягальнасць. Дзіўным было толькі, што спектакль, які ў Казахстане іграюць на роднай мове, у Брэсце выконвалі па-англійску.

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Габрыэла Сундукяна (Ерэван, Арменія) прыехаў на «Белую Вежу» з «Каралём Джонам». Пастаноўка малавядомай трагедыі Шэкспіра была замоўлена ерэванскаму тэатру для паказу на фестывалі, прысвечаным 450-годдзю з дня нараджэння геніяльнага драматурга. Прэм’ера адбылася ў Лондане, у тэатры «Глобус». Асаблівыя ўмовы працы і адпаведны вынік. Невыпадкова сцэнічная гісторыя п’есы абмежаваная некалькімі пастаноўкамі.

Спосаб акцёрскага існавання, тэатральная эстэтыка Нацыянальнага тэатра імя Габрыэла Сундукяна, як ні дзіўна, паралеліцца з эстэтыкай Купалаўскага. Адбіткі тэатральнай гісторыі і гісторыі быцця ў адной краіне цягам дзесяцігоддзяў. Разам з тым — глыбокае псіхалагічнае пражыванне, дыхтоўныя акцёрскія работы, асобасная акрэсленасць вобразаў, маральныя высновы. Ёмістая метафарычная мова — сцэнаграфія плюс рэжысура, — як дзесяць, як дваццаць гадоў таму. Культурны набытак нацыянальных тэатраў народаў СССР. Хто спрачаецца?

Тэатральныя шэдэўры

Тры спектаклі — «Ю» Невялікага драматычнага тэатра (Санкт-Пецярбург, Расія), «Кніга Ёва» Тэатра-студыі «Мена Фортас» (Вільнюс, Літва), «Апошні тэрмін» Роўненскага абласнога акадэмічнага музычна-драматычнага тэатра (Украіна) — надалі фестывалю новы імпульс. Упрыгожылі афішу «Белай Вежы», выклікалі захапленне ў гледачоў і крытыкаў, нагадалі пра амаль забытае на тэатры паняцце — катарсіс. Да таго ж тры спектаклі такога ўзроўню на афішы беларускага тэатральнага форуму — рэдкасць. І пытанне тут хутчэй фінансавае, чым мастацкае. Але ж гэтым разам усё атрымалася ўдала.

Наша публіка добра ведае Невялікі драматычны тэатр пасля паказаў у Брэсце і Магілёве. «Правілы гульні» НДТ могуць быць узорнымі для беларускіх рэжысёраў. (Вядома, калі нехта захоча пераняць каштоўны творчы вопыт.) Невялікі драматычны быў створаны пятнаццаць гадоў таму на базе выпускного курса Санкт-Пецярбургскай акадэміі тэатральнага мастацтва. Кіраваў курсам адзін з лепшых піцерскіх рэжысёраў Леў Эрэнбург. Разам яны заснавалі драматычную студыю і вырашылі, што гэта будзе «тэатр абвостраных пачуццяў і эмоцый на мяжы», тэатр аднадумцаў. Так і сталася. Напаўзабытае вызначэнне (аднадумцы), або, калі зірнуць шырэй, тэатральная мадэль (калектыў аднадумцаў), нечакана для многіх і сёння пацвярджае сваю жыццяздольнасць. 
У рэпертуары восем пастановак, кожная з якіх цалкам апраўдвае прафесійнае прызначэнне. «Аркестр», «На дне», «Іванаў?», «Тры сястры», «Злачынства і пакаранне»... Насамрэч спектаклі, дзе «смяюцца і плачуць да хрыпу, цалуюць і б’юць адзін аднаго да крыві. Кахаюць, ненавідзяць і жывуць усёй істотай. Так, як не бывае ў звычайным жыцці». Адпаведна ў шырокай публікі спектаклі Невялікага драматычнага тэатра абавязкова выклікаюць або захапленне, або абурэнне. Застацца абыякавым немагчыма. Уявіце сабе Луку ў спектаклі «На дне» М.Горкага, якога на вачах у гледачоў цвіком прыбіваюць да плота. Цячэ кроў...

«Ю» па п’есе Вольгі Мухінай — новая работа Льва Эрэнбурга. «Гэта п’еса пра каханне, — сведчыць рэжысёр, — пра тое, якім розным яно бывае, пра адданасць і цнатлівасць». Так і ёсць. Паводле сюжэта Коля кахае Лізу, Ліза — Андрэя, Андрэй не можа разабрацца з адносінамі да Наташы... і г.д. Заблытаны клубок пачуццяў і жарсцяў. Змест выкладзены кароткімі сказамі. Словы амаль нічога не значаць. Галоўнае ўзнікае па-над імі. Узорны прыклад таго, як на сцэне не іграць словамі і не гуляць у іх. Пытанне «Як кахаць?» для гэтых людзей не менш істотнае, чым пытанне «Як жыць?». Вызначальным робіцца і асяроддзе. Быт савецкай камуналкі, дакладныя дэталі часу ўзноўленыя на сцэне і нібыта ўкалочаныя ў нашу свядомасць, якія са свядомасці штораз выплываюць. Леў Эрэнбург — народжаны ў СССР. Дзіця сацыялізму. Мабыць, таму ў спектаклі п’юць віно з кубачкаў для гарбаты, пішуць вершы на манжэтах, танчаць пад хрыпатую музыку з радыёпрыёмніка на фоне чырвоных крамлёўскіх зорак. А таксама атручваюцца газай, таблеткамі, рэжуць вены, страляюць адзін у аднаго... Бясконцыя спробы самагубства. Існаванне на мяжы, калі гарэлка не дапамагае, а звесці рахункі з жыццём не атрымліваецца. Вяртаючыся ў мінулую эпоху, рэжысёр падводзіць пад ёю рысу. Бязлітасна. Пасля спектакля мы яшчэ доўга будзем думаць пра гэта. Невыпадкова.

Адно з самых моцных уражанняў фестывалю — спектакль «Кніга Ёва» легендарнага Эймунтаса Някрошуса і Тэатра-студыі «Мена Фортас». Эймунтас Някрошус для Беларусі — фігура безумоўная, бясспрэчная. Ягоная апошняя работа — як раскошны падарунак, як згадка пра адыходзячую эпоху цудоўнага і вытанчанага ў сваёй сутнасці тэатра. Лаканічнасць метафарычнага сцэнапісу (мастак Марус Някрошус) нібыта існуе ў паралелі з распаўсюджаным і часам выпусташаным мінімалізмам. Ёмістасць зместу роўная ёмістасці рэжысёрскіх метафар, напоўненасці акцёрскага існавання.

Спектакль створаны паводле кнігі Ёва Старога запавету, напісанай, як лічыцца, у V стагоддзі да нашай эры. Прыпавесць, роздум, гісторыя, якую распавядаюць Бог, Д’ябал і сам Ёў (Рэмігіюс Вілкайціс). Галоўныя пытанні чалавечага быцця, мяжа чалавечых выпрабаванняў, узвышанае і мізэрнае, жыццё па сумленні або не, патаемныя і агучаныя думкі чалавека. Зварот да Бога. Імкненне да Бога... Усё разам — шлях у мастацтве, які Эймунтас Някрошус можа сабе дазволіць.

Пра тое, што тэатр — з’ява непрадказальная і мастацкія выбухі на падмостках адбываюцца, калі іх увогуле не чакаеш, сведчыў «Апошні тэрмін» паводле Валянціна Распуціна Роўненскага тэатра. Спектакль распрацаваны рэжысёрам Уладзімірам Петрывым з навочнай дасканаласцю, дасціпнасцю і псіхалагічнай глыбінёй. У ім велічны кожны персанаж паасобку і ўсе разам у сваім простым зямным прызначэнні. Захапляе кожны рух, кожнае вымаўленае акцёрамі слова. Няма ніводнага пустога імгнення. Сям’я паўстае як мадэль свету. Звычайныя рэчы — абажур, венік, фіранка, дыванок. Звычайныя чалавечыя пачуцці — радасць, смутак, боль. Выдатныя акцёрскія работы, гарманічны ансамбль. Жыццё, якое цягнецца і зіхаціць у кожным сваім моманце. Здзіўленае пытанне крытыкаў: а што, у тэатры так яшчэ бывае? Увогуле, можа быць?

Беларускі акцэнт

Заўсёды важна, як на міжнародных абсягах выглядаюць беларускія тэатры. Поруч з якімі творцамі становяцца і чым здатныя здзіўляць нашы рэжысёры. Фестывалі кшталту «Белай Вежы» моцна ўплываюць на агульны ўзровень сцэнічнага мастацтва тых тэатраў, на базе якіх яны пастаянна праводзяцца. Патрапіць у міжнародны кантэкст — вышэйшы пілатаж. Праўда, гэта не заўсёды атрымліваецца. Два гады таму спектакль «Над безданню ў жыце» паводле Джэрама Сэлінджэра ў пастаноўцы Цімафея Ільеўскага быў у ліку тых спектакляў, што стваралі надвор’е на «Белай Вежы». У яго адразу склалася паспяховая фестывальная гісторыя. Сёлета Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы паказаў спектакль «Мой бедны Марат» па п’есе класіка савецкай драматургіі Аляксея Арбузава. Многія крытыкі паставіліся да яго з прыязнасцю. Але разбор «па гамбургскім рахунку» спектакль не вытрымлівае. Пры вонкавай сцэнаграфічнай (Мікалай Палтарака) і пастановачнай культуры шмат непрадуманых дэталяў. Нават дзіўна, чаму рэжысёр Цімафей Ільеўскі не звярнуў на гэта ўвагу. Усё вырашаецца ўвогуле, прыблізнасць — у спосабе акцёрскага існавання. Пра што гісторыя і як яна спалучаецца з існуючымі рэаліямі, не заўсёды зразумела. Шкада. Бо ўвага арганізатараў фэсту да спектакляў заўсёды пільная.

Зрэшты, беларуская частка праграмы гэтым разам была не надта ўразлівай. Апрача «Майго беднага Марата» і «Хітрыкаў Ханумы», у яе ўвайшлі «Бегчы з Эльсінора, або Гамлет навыварат» Віктара Понізава ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, «Дзяды» паводле Адама Міцкевіча Беларускага незалежнага «Тэатра Ч» і «Nach hause» па п’есе Алены Паповай «Дадому» Палескага драматычнага тэатра. Усе разам выразна нагадалі пра рэаліі сучаснага беларускага тэатра: многае яшчэ наперадзе.