Аляксандр Літвіноўскі

№ 10 (379) 01.10.2014 - 31.10.2014 г

Сакрэты сакральнай прафесіі
Не толькі лепшыя айчынныя, але і замежныя выканаўцы выводзілі ў свет музыку гэтага кампазітара. Гучала яна (здаралася, і неаднойчы) у Германіі, ЗША, Ізраілі, Ірландыі, Літве, Нідэрландах, Польшчы, Расіі, Румыніі, Турцыі, Украіне, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі. 52-гадовы майстар спазнаў многія законы і сакрэты прафесіі. Яго творы маюць поспех, імя набыло міжнародную вядомасць, а кола слухачоў ды выканаўцаў пашыраецца.

Сёлета вы сталі першым беларускім кампазітарам, хто перамог на Ortus — Міжнародным конкурсе новай музыкі ў ЗША — і атрымаў запрашэнне на ганаровую выніковую імпрэзу. Урачыстасць ладзілася ў прэстыжным раёне Нью-Ёрка, на Манхэтэне. Чым сталася для вас такая падзея?

— Неспадзяванай усмешкай фартуны. Я не пільнаваў інтэрнэт-інфармацыю пра музычныя конкурсы. Зусім выпадкова, блукаючы па сеціве, заўважыў чарговую конкурсную абвестку для кампазітараў — у жанры харавой творчасці. Падумаў: чаму б не адгукнуцца? Даслаў тры фрагменты са сваёй «Грыгарыянскай імшы» («Gregorianica»). Атрымаў ліст з падзякай за ўвагу і просьбай самому выбраць з трох фрагментаў адзін у якасці конкурснага твора. Прапанаваў нумар «Quoniam tu Solus Sanctus», хоць саму сітуацыю ўспрыняў як «рытуал ветлівасці», бо падалося, на гэтым усё і скончыцца. Потым прыйшло наступнае паведамленне: «Аляксандр, Вы — пераможца міжнароднага харавога конкурсу ў Нью-Ёрку. З больш як 600 партытур, дасланых з усяго свету, выбрана 10, у тым ліку і Ваша...» Мяне афіцыйна запрасілі на інаўгурацыйны канцэрт з твораў-пераможцаў.

І вось вы разам са сваёй музыкай апынуліся ў элітным культурным асяродку, славутым Лінкальн-цэнтры...

— Там адбылася кантактная сустрэча, а сам канцэрт ладзіўся 8 сакавіка ў Соха, у царкве Святога Антонія Падуанскага, дзе віруе мастацкае жыццё і месціцца «Khorikos» — харавы калектыў са змяшаным складам галасоў, які здзейсніў гэты маштабны конкурсны праект. Пазнаёміўся з кіраўніком хору Джэсі Пэкхемам, з яго жонкай Ванесай, у мінулым балерынай, а цяпер харысткай, з іх старэйшымі сынамі, якія спяваюць у дзіцячым хоры, занятым у спектаклях «Метраполітэн-опера». У Нью-Ёрку больш як 400 хароў, але прафесійных — адзінкі, у тым ліку і «Khorikos». Ён выдатна выканаў праграму з акапэльных твораў-пераможцаў. Джэсі сам вёў канцэрт, рабіў уступны каментарый да кожнага нумара.

Што казаў пра ваш твор?

— Што гэта рэч вельмі простая і правільная, бо закранае сферу «музычнай падсвядомасці», таму пасля канцэрта, выходзячы з залы, людзі міжволі будуць напяваць «Quoniam tu Solus Sanctus». Я з удзячнасцю падараваў Джэсі Пэкхему нотадрук «Грыгарыянскай імшы».

У дзясятку абраннікаў разам з вамі трапілі кампазітары з Германіі, Нарвегіі, Эстоніі, Венесуэлы ды пяцёра амерыканцаў. Але публіка выбрала ў той вечар свайго фаварыта?

— Так. Падчас анлайн-галасавання амерыканцы, зразумела ж, аддалі перавагу кампазіцыі аднаго са сваіх суайчыннікаў. Увогуле пачэсна было для мяне, беларускага аўтара, далучыцца да інтэрнацыянальнай крэатыўнай кампаніі такога ўзроўню. Кампазітараў у сённяшнім свеце безліч, кожны хоча, каб яго пачулі, заўважылі. У якой ступені гэта магчыма? Сур’ёзны творца мусіць канкурыраваць з машынай. З’явіліся новыя тэхналогіі, тыражуецца музыка сярэдняй якасці, як папулярная, так і мадэрнісцкая. Планета перанасычана музыкай — літаральна разрываецца ад яе! І рэй у жыцці, у творчых стасунках вядзе пратэкцыянізм. Кампазітару практычна немагчыма выканацца, паказацца. Але ёсць нейкі «працэнт умяшання» фартуны. І калі яна паварочваецца тварам, у маёй біяграфіі з’яўляюцца падзеі.

Фартуна ўсміхаецца вам! Праз тры месяцы пасля канцэрта ў ЗША каларытная поліфанія «Грыгарыянскай імшы» напоўніла прастору Беларускай філармоніі. Гэта была прэм’ера мінскага калектыву «Concordia Choіr» пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай. Назва твора «Gregorianica» стала найменнем усёй праграмы. У той вечар прагучала і падборка твораў айчынных аўтараў, сярод іншага акапэльны кант «Ах, мой Езу», напісаны вамі на тэкст са старога беларускага малітоўніка.

— Самае цікавае, што з Галінай Казіміроўскай мы нават не былі знаёмыя, упершыню ўбачыліся толькі пасля канцэрта, калі я падышоў падзякаваць хору за выкананне. Ноты яна знайшла ў кіёску выдавецтва «Каўчэг», напісала мне пра намер зрабіць прэм’еру ў філармоніі, паабяцала запрасіць на канцэрт. Усё спраўдзілася.

У наступным годзе гэты калектыў плануе агораць імшу цалкам і зрабіць запіс.

— Гэта каласальны іспыт для выканаўцаў: 19 нумароў на поўны кананічны лацінскі тэкст, сярод іх ёсць надзвычай складаныя для шматгалоснага акапэльнага спявання. «Gregorianica» напісана з разлікам на галасавыя магчымасці мужчынскага камернага хору «Унія», па замове яго маэстра Кірылы Насаева. Я тады займаўся доследамі ў сферы вакальнай санорыкі, меў на мэце спалучыць у імшы стылізаваную архаічнасць грыгарыянскіх, раннехрысціянскіх спеваў і тэмбравыя эфекты сучасных сугуччаў. Аддаў гэтай працы год жыцця. У 1995-м завяршыў, з адчуваннем, быццам стварыў уласную малітву...

Значную частку нумароў «Унія» выканала ў канцэртах, у тым ліку замежных. «Грыгарыянская імша» зацікавіла і шырмаўскую капэлу. Полацкі камерны хор, якім у свой час кіравала Людміла Жукава, спяваў у розных краінах фрагменты, аранжыраваныя для змяшанага складу. Некаторыя з аранжыровак імшы, зробленыя ўжо Казіміроўскай, гучалі сёлета ў Мінску...

— ...і ў Швецыі. «Concordia Choіr» выступаў там улетку. Наогул, выканаўцы радуюць прыемнымі весткамі. Летась у Ірландыі мінскі хор «Salutaris», якім кіруе Вольга Янум, завяршыў свой канцэрт «Караваем» з кантаты «Зборная суботка». Было гэта 1 мая, у дзень майго нараджэння. Проста містыка! Даслала ліст Людміла Жукава, якая даўно з’ехала ў Расію. Паведаміла, што займаецца харавой справай у Санкт-Пецярбургу, аранжыруе мае творы, яны гучаць у канцэртах.

Шчасціць вам на выканаўцаў! Раней Віктар Дуброўскі, Віктар Роўда, Юрый Яфімаў, Генадзь Праватораў, цяпер Міхась Казінец, Пётр Вандзілоўскі, Віктар Бабарыкін; ансамблі «Класік-Авангард», «Сірынкс»...

— Дзякуючы ім прагучалі ў розны час, у розных версіях сімфанічная фрэска «Krewa», «Concertino-barocco» для струннага аркестра, «Taurus» — для духавога, кантата «Вяселле», аўтарскія інструментальныя версіі «Віленскіх табулатур»...

Без удзелу Алега Гардынца не было б містэрыі «Francisk» для баса і аркестра на тэксты з прадмоў і каментарыяў Францыска Скарыны да Бібліі. Сюіту «Intavolatura», якую граюць розныя гітарысты, немагчыма ўявіць без першага выканаўцы — Яўгена Грыдзюшкі. Да вашай творчасці прычыніліся і Ксенія Пагарэлая, Аляксандр Музыкантаў, Аляксей Афанасьеў, Ян Скрыган, Яўген Лятэ... Імёны! А музыканты з іншых краін?

— Камерныя аркестры ў Кёльне і ў Цюрыху, літоўскі «Sv. Kristoforo» — аркестр маэстра Данатаса Каткуса, эстонскі дырыжор Эркі Пекх, польскія салісты — скрыпачы Ганна Зялінская і Каміль Скіцкі, габаіст Марыуш Пендзялэк, нямецкія — віяланчэлістка Эдыт Эрберт, гітарысты Рэйнберт Эвэрс і Карстэн Радке, музыканты са Швейцарыі — флейтыст Бруна Маер і гітарыст Хан Ёнкерс...

Выканаўцаў прываблівае вартасць твораў. А на яе ўплываюць музычныя гены, артыстычная індывідуальнасць. Плюс дыхтоўная адукацыя, апантанасць у працы.

— Каштоўнасць адукацыі разумееш з узростам. Найлепшыя гады звязаны з Мінскім музычным вучылішчам (цяпер каледж). Яго калідоры захоўваюць для мяне элементы сакральнасці: заходжу туды, быццам вяртаюся ў мінулае. Там атрымаў жалезны трэнінг тэарэтыка-музыказнаўцы. Прайшоў класічную гукааналітычную школу, набыў выдатнае панарамнае ўяўленне пра развіццё сусветнай музыкі. Затым — вялікі ўрок кампазіцыі ў кансерваторыі: акадэмічны клас Дзмітрыя Браніслававіча Смольскага, майго шаноўнага прафесара, і асістэнтура-стажыроўка пад яго ж кіраўніцтвам.

А з 1990-х вы пачалі ўдзельнічаць у міжнародных семінарах, музычных форумах. Што было найбольш значным?

— Міжнародныя летнія курсы для кампазітараў у маляўнічым польскім мястэчку Казімежы Дольным, адметныя стасункамі з такімі майстрамі, як Марцін Брэзнік (ЗША), Майкл Найман і Дарэл Раўнсвік (Вялікабрытанія), Луіс Андрысен (Галандыя), Франсуа-Бернар Маш (Францыя), Сільвана Бусоці (Італія), Кшыштаф Пендэрэцкі (Польшча). Творчыя майстэрні камп’ютарнай музыкі Acanthes/IRCAM з Джонатанам Харві (Вялікабрытанія), Трыстанам Мюрэем ды Марцінам Маталонам (Францыя). Творчая стажыроўка ў амерыканскім Omi International Art Center. Майстэрні ў Штутгарцкай акадэміі музыкі (Германія). Запрашэнне ў электраакустычную студыю Кракаўскай акадэміі музыкі для працы над мастацкім праектам у садружнасці з карыфеямі сучаснай польскай музыкі Марэкам Халанеўскім і Кшыштафам Кнітэлем.

Плёнам практыкі ў міжнародным цэнтры «Omi» ды славутай кракаўскай студыі сталіся буйныя электраакустычныя праекты. Вы іх здзейснілі ў партнёрстве з віртуознымі замежнымі салістамі. Гэтыя праекты ўвасобленыя на кампакт-дысках: «My-O-My» (2006) і «Jazz Graffiti» (2008). Іх цалкам трансліравалі радыёстанцыі Аўстрыі, Бельгіі, Германіі, Нідэрландаў, Польшчы, Сербіі, Фінляндыі, Харватыі, Чэхіі. З таго часу вы пачалі папаўняць сваю дыскаграфію.

— Дзякуючы мінскаму выдавецтву «Каўчэг» і яго дырэктару Уладзіміру Кузьміну маіх CD ужо восем. На дыску «Intavolatura» музыка для гітары. «Windophonia» — п’есы для духавых, у тым ліку цыкл кампазіцый для нізкіх духавых інструментаў «Traffic in Open Sun» («Рухі на адкрытым сонцы»).

Квартэты для аднародных нізкіх духавых — рэдкая з’ява. Можна сказаць, вы зрабілі мастацкую рэабілітацыю самых пакрыўджаных тубыльцаў сімфанічнага аркестра.

— Мяне зацікавілі выразныя магчымасці ансамбляў інструментаў, для якіх амаль няма арыгінальнай нотнай літаратуры. У тэмбрах нізкіх духавых невытлумачальная магія, медытатыўны, нават чарадзейны эфект!

На вашых кружэлках творы розныя — па часе стварэння, жанрах, стылёвых алюзіях, праграмным змесце. Трыяда кантат «Да Маці Божай», «Сэрца Езуса», «Песні на Божае Нараджэнне», якія ў выкананні капэлы «Санорус» пад кіраўніцтвам незабыўнага Аляксея Шута мелі розгалас і ў свецкіх канцэртах, і падчас хрысціянскіх святаў у храмах. Унікальная «Stabat Mater», акрыленая голасам Джамілі Амандурдыевай. Сюіта для камернага аркестра «Consort Lessons», цыкл сімфанічных п’ес «Tales of the Magic Tree». А на дыску «Дзяды» — музыка з аднайменнага спектакля Беларускага тэатра лялек.

— Трэці год супрацоўнічаю з тэатрамі. Напісаў багата музыкі да розных пастановак нашых і расійскіх лялечнікаў, а таксама Купалаўскага тэатра. Зноў жа — фартуна. Рэжысёр Аляксандр Янушкевіч шукаў кампазітара для пастаноўкі класічнай абсурдысцкай п’есы Вітальда Гамбровіча «Вянчанне». Знайшоў у інтэрнэце маю творчую біяграфію, музыку і прапанаваў супрацоўніцтва.

Прэм’ера «Вянчання» ў Беларускім тэатры лялек мела гучны розгалас, і ваш дэбют быў удалы...

— Янушкевіч запрасіў мяне ў свой новы праект, потым у наступныя. Сярод нашых сумесных работ — трагедыя «Цар Эдып», намінант «Залатой маскі» ў Расіі (2013 год), і прэтэндэнты на сёлетнюю Нацыянальную тэатральную прэмію «Карлсан, які жыве на даху» (Мінск) ды «Шматочкі па закуточках» (Маладзечна). Дзякуючы рэжысёру, які «выпусціў джына з бутэлькі», штораз правакуючы сваімі задумкамі, я пісаў нашмат больш музыкі, чым вымагаў спектакль. Гэта радасная магчымасць паглыбіцца ў акіян розных жанраў, стыляў, у тым ліку новых для мяне. Калі сабраць увесь матэрыял, напісаны да дзіцячых спектакляў, атрымаюцца міні-мюзіклы.

Заўважу, музыка «Дзядоў» годна выканала сваё прызначэнне ў сцэнічным кантэксце, але на CD яна ўспрымаецца як сюіта, самастойны твор з унутранай драматургіяй, вобразнасцю і адмысловым духам паэмы Міцкевіча. Шыкоўны «тэатр тэмбраў»: можна і не зразумець, што гэта сэмплы сімфанічнага аркестра, акустычных сола, аўтэнтычных цымбал, колавай ліры. У чым загадка?

— У веданні сакрэтаў аранжыроўкі, гукарэжысуры, у добрай апаратуры. Проста я ўмею карыстацца бібліятэкай сэмплаў. Увесь свет сёння гэтак агучвае саўндтрэкі.

Ці не думалі сваю тэатральную музыку перавесці ў ноты, каб яна ігралася ў канцэртах?

— Думаў. Аднак праца — велізарная. Прытым якасць, ідэальная пры гучанні сэмпліраванага аркестра, пацерпіць ужо нават праз тое, што пэўныя санорныя эфекты недасяжныя ў рэальнасці, яны звыш выяўленчага рэсурсу акустычных інструментаў. Я ніколі не перапрацоўваю свае опусы: не трэба вяртацца туды, дзе пастаўлена кропка. Мая музыка так зроблена, што выканаўцы самі знойдуць да яе падыход. Таццяна Старчанка, напрыклад, выканала фартэпіянны канцэрт «Calypso» не толькі ў арыгінале, з аркестрам, але і ва ўласнай версіі, з квінтэтам.

Залетась у студыі Дома радыё ладзіўся міжнародны вечар прэм’ер. Былі запрошаны замежныя кампазітары, выканаўцы. Сімфанічны аркестр Белтэлерадыё пад кіраўніцтвам эстонскага маэстра Эркі Пекха прадставіў ваш новы твор «Winterra». У дзіўным слове зашыфраваныя два: зіма — зямля. Быў канец кастрычніка, і чамусьці ў той вечар пайшоў снег, ці не першы...

— А ў студзені 2005-га ляжаў «тлусты» снег, на ім люстравалася ружовае сонца. Зімовая зямля! А калі глядзець на яе з акна вагона? Цягнік рухаецца, ты едзеш, пазіраеш у акно, дарога захапляе калейдаскопам назіранняў, настройвае на рэфлексію... Пачаў пісаць, потым адклаў аж на сем гадоў. Не хацеў, каб «Winterra» ператварылася ў нейкі дубль ужо дасягнутага ў тэхніцы мінімалізму, якой захапляўся ў многіх опусах. Каб стварыць ілюзію няспыннага руху, знайшоў адмысловы падыход. Насуперак выканальніцкім нарматывам і канонам скарыстаў «механістычную» фактуру, асіметрычны рытм, іграць такое невыносна цяжка, але дзеля мастацкага выніку музыканты пастараліся. Я паставіў «кропку невяртання» на мінімалізме.

Паводле вашай творчасці студэнты і аспіранты пішуць даследчыя работы, яе вывучаюць музыколагі. Не думалі выкладаць у Акадэміі?

— У педагогіцы сябе не ўяўляю. Я сапраўды шмат чаго ведаю пра музыку, але не збіраюся адкрываць свае сакрэты. Здабываў іх сам, яны даліся нялёгка. Ды і мне ёсць яшчэ што адкрываць.

Магічная таемнасць закладзена ў эфемернай прыродзе гукапісу і настройвае на роздум пра яго незямную існасць. Між музыкай і містыкай — знак роўнасці?

— Музыка — абсалют сярод мастацтваў: ні з чым не параўнальная! Чаму і як яе гучанне ўплывае на пачуцці, узнаўляе вобраз, выклікае афект? Для мяне музычная творчасць — невытлумачальны сакрамент, у эстэтычным выніку якога няма навуковага сэнсу, а ёсць загадка.

Кажуць, паняцце «кампазітар» абясцэньваецца, прэстыж прафесіі падае...

— Я аперырую тэрмінамі з класічным значэннем. Таму для мяне кампазітары — гэта людзі, якія пішуць партытуры і маюць пэўны адукацыйны цэнз. Так, шмат спекуляцый на паняцці. Але прафесія даецца толькі ў Акадэміі музыкі — і больш нідзе. У гісторыі былі выпадкі, калі людзі прабіваліся з самадзейнасці і нават маглі стварыць шэдэўр. Аднак... ХХІ стагоддзе — час адукаваных людзей, а не самаўпэўненых дылетантаў. Так, кожны можа скарыстацца бібліятэкай сэмплаў і за пяць хвілін апынуцца ў свеце шыкоўных гукаў, аднак, думаю, малаадукаваны «хлопчык з вуліцы» ў мастацтве нічога ўцямнага не зробіць. Для дасягнення мастацкага выніку трэба ведаць культуру аркестроўкі і формаўтварэння ў музыцы. Развіць у сабе крытычнае і самакрытычнае музычнае мысленне. Праўда, дзе людзі найперш занятыя падлічваннем грошай, там няма крытычнага ўспрымання якасці музыкі.

За мяжой кампазітар — гэта...

— Надзвычай прэстыжна. Да кампазітара маюць піетэт, і гэта падкрэслівае элітарны статус.

Цяпер, ведаю, рыхтуеце да выдання свае партытуры.

— Педагогі, выканаўцы даўно звяртаюцца з просьбай дапамагчы азнаёміцца з пэўнымі творамі. Таму патрэбны рэальны нотны карэктны матэрыял, каб музыкант мог дакладна прачытаць усе пазнакі. Вырашыў усе партытуры перагледзець, адрэдагаваць і выдаць. Зноў жа, дзякуй «Каўчэгу». Займаюся прома-ролікамі сваіх партытур у інтэрнэце.

Некалі вы спавядалі эстэтыку постмадэрну...

— Гадоў 20 таму. Сёння гаварыць пра постмадэрнізм, лічу, непрыстойна. Хто заўгодна маніпулюе гэтым тэрмінам, трактуе па-свойму і «прымервае» на сябе, не ведаючы яго гістарычнай і эстэтычнай сутнасці. Пра сябе кажу так: мая сфера — сучасная музыка, мая творчая канцэпцыя — ад традыцыі да авангарда. І дастаткова. 

Святлана БЕРАСЦЕНЬ