Водар польскага джазу

№ 10 (379) 01.10.2014 - 31.10.2014 г

Пані Ёпэк і яе бэнд
Джаз можна любіць альбо не любіць, але амаль немагчыма заставацца да яго абыякавым. Беларуская публіка джаз любіць. Пра гэта сведчаць поўныя залы на канцэртах цыклу «Джазавыя вечары ў філармоніі». Ужо некалькі год запар вядомыя выканаўцы з усяго свету прыязджаюць у Мінск для таго, каб беларускія слухачы атрымалі эмацыйную асалоду ад экспрэсіі джазавай інструментальнай музыкі і вакалу.

Чаканым стаў прыезд знакамітай польскай спявачкі Ганны Марыі Ёпэк разам са сваім бэндам. Канцэрт быў арганізаваны сумесна з Польскім інстытутам у Мінску і прымеркаваны да 20-годдзя ўстановы, а ў зале назіраўся аншлаг.

І гэта невыпадкова. Ганна Марыя — адначасова вакалістка, кампазітар, піяністка і імправізатар. Джазавае выканальніцтва вывучала ў Нью-Ёрку, у Манхэтэнскай школе сучаснай музыкі. Потым вярнулася ў Варшаву, дзе скончыла Акадэмію музыкі па класе фартэпіяна. Уладальніца 9 залатых і 7 плацінавых дыскаў. Выступала на самых прэстыжных сцэнах свету — у Карнэгі-хол і Роял-Фестывал-хол, у оперных тэатрах Токіа і Тэль-Авіва. З 2000 года яе музыка выдаецца ва ўсім свеце. Увогуле спадарыня Ёпэк прадала мільён дыскаў. Ганну Марыю можна лічыць мультыжанравай вакалісткай, бо яе творчасць знаходзіцца на мяжы розных музычных стыляў — джазу, фальклора і поп-музыкі.

На канцэрце Ганны Марыі Ёпэк было што паслухаць і на што паглядзець. Музыкі заварожвалі і незвычайнасцю джазавых імправізацый.

Перад публікай — чатыры выканаўцы. Але калі заплюшчыць вочы і проста слухаць — не ўзнікне і кроплі сумнення, што на сцэне грае вялікі аркестр. Кожны ўдзельнік калектыву Ганны Марыі — музычны паліглот. Кшыштаф Хэрдзін — вядомы піяніст. На канцэрце яго інструмент больш нагадваў пульт невялікага аргана з двума шэрагамі клавіш. Акрамя таго, Кшыштаф іграў на кахоне, які з’яўляецца ўдарным рытмаўтваральным інструментам. А таксама на акардэоне і гітары. І ў дадатак час ад часу станавіўся бэк-вакалістам.

Роберт Кубішын, не выпускаючы з рук бас-гітару, дакранаўся да тонкіх трубак бар-чаймсу. Яны нараджалі пералівы гукаў і нагадвалі трымценне маленькіх званочкаў. Асноўны інструмент Пятра Назарука — флейта. Але на адной з кампазіцый Пётр сеў за клавішы, а Кшыштаф Хэрдзін узяў у рукі акардэон. А потым музыкі ўвогуле паказалі сябе як вакалісты. Выявілася, што Кшыштаф валодае тэхнікай гарлавых спеваў, а ў Пятра незвычайны, сапраўды чароўны голас. Ён мае столькі адценняў, што ўзнікае адчуванне поліфаніі. А высокі тэмбр выклікае здзіўленне і зачароўвае.

«Музыкі, што прыехалі са мной, — вядомыя польскія выканаўцы, у іх шмат уласных праектаў. Але я заўсёды працую з людзьмі, якія, маючы асабісты свет, могуць падзяліць і мой. Ведаю, такім выканаўцам лягчэй прысвяціць сябе майму праекту», — распавядала Ганна Марыя напярэдадні канцэрта. Ды і сама спявачка віртуозна валодае не толькі голасам, але і фартэпіяна. Першую кампазіцыю — лірычную і працяжную — яна выканала, акампаніруючы сабе на гэтым інструменце. Адразу стала зразумела: публіку чакае чарада песень, здольных заваражыць і зачараваць. Квартэт прэзентаваў у Мінску самыя прыгожыя і адметныя хіты з выбраных альбомаў спявачкі.

Ганна Марыя выступала ў нашай краіне дваццаць гадоў таму на фестывалі «Славянскі базар у Віцебску». Тады яшчэ зусім юная студэнтка Акадэміі музыкі ў Варшаве толькі марыла пра вялікую сцэну. Яна ўдзельнічала ў конкурсе маладых выканаўцаў. Сваёй увагай і спецыяльным прызам яе адзначыў Мішэль Легран, старшыня журы, уладальнік пяці прэмій «Грэмі» і трох «Оскараў», аўтар музыкі да славутага фільма «Шэрбурскія парасоны». Менавіта ў гэты момант, на віцебскай сцэне Ганна Марыя зразумела, што можа і хоча прафесійна спяваць. У дадатак Мішэль Легран прадказаў юнай артыстцы, што яна стане вядомай. І не памыліўся. «Мае крылы разгарнуліся менавіта ў Беларусі», — падкрэсліла спадарыня Ёпэк.

Увогуле голас Ганны Марыі Ёпэк падобны да дыяменту, які мае шмат граней, зіхаціць і пераліваецца рознымі колерамі. Вібрацыямі гуку салістка яднала розныя кампазіцыі. Як і належыць джазаваму выканаўцу, Ганна Марыя — выдатны імправізатар. Таму яе варыяцыі кампазіцый папраўдзе ўнікальныя. «У мяне ёсць план на сённяшняе выступленне. Пасля таго, як адбудзецца рэпетыцыя, — гэты план, магчыма, зменіцца. А калі я стану перад публікай, пачую яе, то, можа, зноў змяню гэты план», — так артыстка тлумачыла некаторыя свае творчыя сакрэты.

На сваім шляху пані Ёпэк неаднойчы сустракала творчых асоб, якія дапамагалі яе стаўленню і росту. Спявачка працавала з Пэтам Мэтэні — легендарным джазавым гітарыстам, які мае 20 прэмій «Грэмі». У 2002 годзе яны запісалі сумесны альбом «Upojenie». На беларускую мову яго назва перакладаецца як «зачараванне». І гэтае слова лепей за ўсе астатнія перадае сэнс і настрой дыска. На мінскім канцэрце Ганна Марыя выканала некалькі кампазіцый, што сталіся плёнам працы ў дуэце з Пэтам Мэтэні.

На думку Ганны Марыі, уменне слухаць публіку — самае важнае, калі знаходзішся на сцэне. І ў спявачкі з яе калектывам гэта атрымалася. Кожны з удзельнікаў бэнду — вядомы выканаўца. Тым не менш перад публікай паўставалі не прызнаныя музыкі паасобку, а адзіны творчы арганізм. Зразумела, у фінале канцэрта гучалі «бісы». Апошнюю кампазіцыю спявалі разам — выканаўцы і зала. Няхай многія словы засталіся незразумелымі, але музыка яднала і нараджала агульны настрой. Джаз ад польскіх музычных паліглотаў прыйшоўся даспадобы айчыннай публіцы. 

Юлія КАРДАШ