Шагал прызямліўся ля Ратушы

№ 10 (379) 01.10.2014 - 31.10.2014 г

Новы сезон у Беларускай дзяржаўнай філармоніі
Адкрыццё сезона было адзначана небывалай акцыяй. Уся праграма Акадэмічнага сімфанічнага аркестра на чале са знакамітым Аляксандрам Анісімавым транслявалася анлайн на вялізны экран, усталяваны ля мінскай Ратушы. Што ж мы пачулі і ўбачылі? І ці стане такое новаўвядзенне моцным сродкам папулярызацыі высокага мастацтва?

Наконт абсалютнай навізны праекта можна і паспрачацца. Фонд «Ідэя», які выступіў ініцыятарам, зыходзіў з замежнага вопыту. У Еўропе зрабілася добрай традыцыяй «выводзіць» не толькі філарманічныя, але і оперныя падзеі на экран дзесьці ў парку. Праўда, такая практыка накладаецца на яшчэ адну — дазвол сядзець на траве, што бывае нават пазначана спецыяльнымі шыльдачкамі (дзе ў нас пішуць: «Па газонах не хадзіць», там — з дакладнасцю наадварот: «Тут сядзець — дазваляецца»). Прыходзяць вялікімі кампаніямі — з пледамі, кошыкамі, іншымі «абрусамі-самабранкамі», каб сумясціць прыемнае з карысным. У нас, вядома, рэаліі іншыя. Слухачамі зрабіліся, за рэдкім выключэннем, выпадковыя мінакі. Дый выстаяць на нагах больш за тры гадзіны — дадатковае выпрабаванне. Таму асабіста я ўспрыняла ноу-хау не столькі прыстасаваннем замежнага вопыту да нашых абставінаў, колькі працягам уласных традыцый.

Нагадаю: у даваенны і асабліва пасляваенны час такія трансляцыі (усё ж часцей не сімфанічныя, а оперныя) ажыццяўляліся па радыё. У тым ліку праз гукаўзмацняльнікі, усталяваныя літаральна ў кожным населеным пункце ў месцах найбольшага скопішча людзей — на тых жа плошчах. Праз гэты няхітры «сродак прапаганды» (найперш, безумоўна, ідэалагічнай) «добраахвотна-прымусова» да класікі далучылася цэлае пакаленне цяперашніх бабуль, якія без высокага мастацтва сваё жыццё не ўяўляюць. У 1970—80-я трансляцыі буйных прэм’ер і выбітных фестывальных канцэртаў перавандравалі на тэлебачанне — з уступным словам музыказнаўцы (як тут не згадаць Элеанору Язерскую!) і каментарыямі саміх творцаў. Так што верасеньскі экран ля Ратушы — у поўнай меры тое новае, што насамрэч з’яўляецца добра забытым старым. Але гэта ні ў якім разе не змяншае значнасць падзеі — наадварот, падкрэслівае яе грунтоўнасць, магчымасць лёгкага ўкаранення на нашай глебе.

Праграма, складзеная дырыжорам Аляксандрам Анісімавым, магла зацікавіць і эстэтаў, скіраваных да рэдка выконваемых твораў, і прыхільнікаў нацыянальнага мастацтва, і тых, хто ўвогуле акадэмічнай музыкай не цікавіцца, аддаючы перавагу папулярным кінаартыстам. Такую практыку паступовага далучэння шырокай публікі да класікі маэстра праводзіць даўно. І даволі часта ладзіць для гэтага літаратурна-музычныя мантажы. Так сталася і цяпер. «Фішкай» канцэрта была абвешчана кампазіцыя паводле оперы Пятра Чайкоўскага «Мазепа» і паэмы Аляксандра Пушкіна «Палтава». Хоць, зразумела, элітную публіку трэба было б завабіць прыблізна такім рэкламным слоганам: «Шагал прызямліцца ля Ратушы», маючы на ўвазе прэм’еру «Страсцей па Марку» знакамітага беларускага кампазітара Галіны Гарэлавай.

Сусветная прэм’ера гэтага твора адбылася на радзіме вялікага мастака, у Віцебску, і была прымеркавана да 125-годдзя з дня яго нараджэння. Дарэчы, сачыненне замовіў швейцарскі дырыжор Сімон Камарцін, які даўно супрацоўнічае з Гарэлавай, увасабляючы яе творы на самых прэстыжных міжнародных фестывалях. На прэм’еры ў Віцебску «Страсці...» выконваў сімфанічны аркестр Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Беларусі разам з Валерыяй Гуцул, ураджэнкай Беларусі і салісткай, запрошанай з Масквы. Гэтак жа неабыякава, як высветлілася, ставіцца Сімон Камарцін да творчасці Марка Шагала. Таму і замовіў шматчасткавы твор з саліруючай скрыпкай паводле яго карцін. Нават сам вылучыў палотны! Але кампазітар абрала іншыя карціны, бо хацела, каб кожная была звязана з Віцебскам.

Атрымалася не звычайная сюіта і нават не проста аркестравы цыкл, а своеасаблівы мікст з жанрам страсцей, прысвечаны расповеду пра падзеі Страснога тыдня ад імя аднаго з евангелістаў. У назве «Страсці па Марку» ёсць гульня слоў: замест евангеліста Марка маецца на ўвазе Шагал. А сем ягоных карцін адпавядаюць дням Страснога тыдня і, адначасова, заканамернасцям драматургіі санатна-сімфанічнага цыклу.

«Душа горада», быццам разгорнуты ўступ да санатнага allegro, утрымлівае два супрацьлеглыя пачаткі і становіцца «кодам» да разумення зместу ўсяго твора. На адным баку — духоўнасць, узнёсласць, подых даўніны, перададзеныя сцішанай, бы ў тумане стагоддзяў, звонавасцю і павольна бясконцай дуэтнасцю, дзе сола скрыпкі размаўляе з аркестрам. На другім — варожасць, разбуральнасць, жорсткі побыт, увасоблены ва ўрбаністычных гучаннях, што раз-пораз украпваюцца ў расповед. «Падзенне Ікара» і «Скрыпач» — яшчэ адно супрацьпастаўленне, спраецыраванае на адзінства і барацьбу супрацьлегласцяў у санатным allegro: катастрафічны, няўмольны бег у бездань — і напружаны, нервовы дыялог сольнай скрыпкі з самой сабой, быццам размова чалавека са сваёй душой. «Вершнік» — жудаснае скерца, што працягвае традыцыі Дзмітрыя Шастаковіча. Механістычнасць, спачатку з адценнем нейкай цацачнасці, сімвалізуе запуск механізму, які працуе на знішчэнне і спыніць які немагчыма. У «Жоўтым распяцці» — трагічна-лірычным цэнтры, вырашаным як магутная пасакалія, збываецца «прароцтва» першай часткі з яе разбуральнымі матывамі. «Музыканты» — амаль тыповы фінал з «выхадам у народ». І кода — «Над горадам», дзе ў неверагодным адзінстве нагадваюцца і пераплятаюцца тэмы-нітачкі цыкла, а над усім лунае харальнасць, заснаваная на... стылізацыі яўрэйскіх матываў. Гэта, па сутнасці, узнясенне, што сімвалізуе адлёт душы — і новае нараджэнне.

На жаль, слухачы на плошчы не маглі «параўноўваць» музыку з карцінамі Шагала: іх дэманстрацыя патрабавала надта доўгага (і нятаннага) вырашэння пытання аўтарскіх правоў. Рэпрадукцыі былі змешчаны хіба ў падарункавым варыянце праграмак. Затое спадар Анісімаў выступіў з уступным словам — магчыма, залішнім, бо яно парушыла музычную атмасферу першага аддзялення, якое завяршалася «Страсцямі...». Пералічваючы назвы частак, прамоўца ў хваляванні ўвогуле пераблытаў іх парадак! Залішнімі здаліся і восем кантрабасаў, якія «ўзмацнялі» і без таго вялікі струнны склад. У музыцы Гарэлавай звычайна пануе настолькі тонкае вязьмо, што за кожнай аркестравай партыяй чуецца не «натоўп» музыкантаў, а адна яркая асоба. Таму і Рэгіне Саркісавай, мабыць, не след было, «адпачываючы» ад сола, далучацца да першых скрыпак, быццам адпрацоўваючы пасаду канцэртмайстра аркестра. І хоць у выкананні — вельмі зладжаным, эмацыйным, з падкрэсленымі кантрастамі — бракавала адчування адкрыцця, самога смаку музыкі (можа, сказаліся напружаныя рэпетыцыі пасля летняга адпачынку?), вялікі дзякуй маэстра за жаданне пазнаёміць публіку з глыбокім канцэптуальным творам.

А пачаўся канцэрт з Пасакаліі Дзмітрыя Шастаковіча з оперы «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета». На вулічнага слухача абрынулася ўся моц сімфанічнага склада з дадатковым духавым — Узорна-паказальным аркестрам Узброеных сіл Беларусі. Замест таямнічай, злавеснай, няўмольна бясконцай лініі, што вядзе да жудаснай трагедыі, ад якой ірвецца сэрца, мы пачулі павольнае маршавае шэсце. Пачаўшыся здалёк, яно паступова набліжалася, узмацняючы гучанне. Відавочна, эмацыйны стан гэтага нумара Аляксандр Анісімаў імкнуўся хоць бы крыху наблізіць да атмасферы святочнага адкрыцця сезона. Таму ў кульмінацыі чулася не перамога смерці, а... проста перамога, моц, напал. А галоўнае — магутныя дэцыбелы, амаль як на рок-канцэрце. Што ж, можа, менавіта такая версія здольная прыцягнуць адвучаную ад класікі публіку?

Праграму працягнула рапсодыя чэшскага класіка Леаша Яначака «Тарас Бульба», якая пачынаецца з дзівоснай музычнай каларыстыкі, што быццам адлюстроўвае знакамітую гогалеўскую фразу: «Тиха украинская ночь». Твор можна трактаваць як пацыфісцкі, давёўшы да максімуму кантраст паміж неверагоднай прыгажосцю мірных фрагментаў і экспрэсіўнасцю тых, што звязаны з батальнымі сцэнамі. Але дырыжор знайшоў іншае рашэнне. Ён прадставіў рапсодыю ў выглядзе адасобленых замалёвак-карцінак у коміксе, дзе гледачу заставалася хіба зрабіць лаканічныя подпісы-надпісы — адпаведна гогалеўскаму сюжэту.

Літаратурна-музычная кампазіцыя ў другім аддзяленні міжволі нагадвала своеасаблівы матч: «Мазепа» — «Палтава». Перамагла бітва, літаральна зруйнаваўшы чалавечы пачатак у ціхай опернай кульмінацыі, дзе звар’яцелая Марыя (Ірына Крыкунова) закалыхвае Андрэя (Віктар Луцюк), забітага Мазепам (Васіль Святкін). Расійскія оперныя салісты не расчаравалі, у адрозненне ад іншага Андрэя — Мярзлікіна. Сам тэмбр голасу папулярнага расійскага кінаакцёра — высакаваты, крыху рыпучы — не падыходзіў для гэтай паэмы. Тэкст чытаўся з запінкамі-памылкамі (другі дубль!), пярэсціў дзіўнаватымі сэнсавымі акцэнтамі, што парушалі логіку аповеду. Можа, госць проста няўпэўнена пачуваўся сярод аркестрантаў? Яны ж не маглі замяніць яму рэжысёра з аператарам...