Вобраз, адліты з металу

№ 10 (379) 01.10.2014 - 31.10.2014 г

Калекцыя прадметаў дробнай пластыкі з Музея гісторыі рэлігіі (Гродна)
Адзіны ў рэспубліцы Музей гісторыі рэлігіі працягвае знаёміць з унікальнымі зборамі сваіх фондаў. Найлепшыя творы помнікаў з медзі ХVІІІ — пачатку ХХ стагоддзя — крыжы, абразы, складні, створы і створцы — прадстаўлены на выставе «Вобраз, адліты з металу».

Праект мае рэлігіязнаўчую, мастацтвазнаўчую і гістарычную cкіраванасць. Праз помнікі сакральнага мастацтва ён знаёміць нас з тэмай праваслаўнага абраза, мастацкімі асаблівасцямі і школамі позняга рускага меднага ліцця, гістарычнымі ўмовамі, што паўплывалі на яго развіццё і распаўсюджванне.

У экспазіцыю ўключаны жывапісныя абразы, якія служылі ўзорам для сюжэтаў меднай пластыкі, і богаслужэбныя кнігі, аздобленыя літымі крыжамі і абразамі.

Выстава сведчыць пра іканаграфічнае адзінства рускай культавай пластыкі з жывапіснымі канонамі. Упершыню ў музеі жывапісныя абразы дэманструюцца разам з медным сакральным ліццём. Агульнасць іканаграфічнага сюжэта дазваляе візуальна падмацаваць вядомае сцверджанне аб першасным уплыве жывапісных узораў на распрацоўку сцэн, прадстаўленых у медным ліцці. З’явілася магчымасць больш глыбока азнаёміцца з тэмай праваслаўнага канона, іканаграфіяй Хрыста, Маці Божай, святых і хрысціянскіх святаў, а таксама з жыціямі святых — падзвіжнікаў, якія служылі Богу і людзям, унеслі ўклад у развіццё хрысціянскай духоўнасці.

Каб засяродзіць увагу на гэтых важных аспектах тэмы, а таксама ўлічваючы спецыфіку музея, экспазіцыя мае раздзел «Багаслоўе праваслаўнага абраза». Гэты комплекс прысвечаны вобразу «Спаса Нерукатворнага». Паводле царкоўнай традыцыі ён з’яўляецца першай прыжыццёвай выявай Хрыста і першым хрысціянскім абразом, шырока прадстаўленым як у жывапісе, так і ў медным ліцці ХVІІІ — пачатку ХХ стагоддзя.

Эмацыянальнае і эстэтычнае ўздзеянне выставы, якая забяспечвае аптымальны кантакт наведніка з музейнымі прадметамі, узмацняецца дэманстрацыяй богаслужбовых і іншых царкоўных кніг. Так, кніжная гравюра адлюстроўвае ўплыў на арнаментыку меднага ліцця, а тэкст малітвы крыжу (свяцілен), змешчаны на старонках рукапіснага Абіхода, чытаецца на адваротным баку экспануемага крыжа.

Традыцыя пакланення крыжу спрыяла ператварэнню яго ў насценны маленны абраз. Дзякуючы профільным прадметам музея стала магчымым наглядна паказаць гэта на прыкладзе ківотных крыжоў і абразоў з урэзанымі меднымі крыжамі, аздобленымі рознакаляровымі эмалямі. Акрамя таго, многія крыжы маюць клеймы з выявамі святочных сцэн.

Кола штодзённага хатняга малення адлюстроўвае і чатырохстворкавы складзень з двунадзясятымі святамі і сцэнамі пакланення цудатворным абразам Маці Божай. Яго мадэль была распрацавана ў канцы ХVІІ стагоддзя маскоўскімі майстрамі. Вечка складня аздоблена выявай Галгофы, што ўвогуле сустракаецца ў розных варыянтах. На выставе дэманструецца ўнікальны вобраз Галгофы, які, на думку спецыялістаў, трапляецца вельмі рэдка.

Разнастайнасць прадметаў дазваляе глыбей пазнаёміцца з мастацтвам жывапіснага абраза і металапластыкі. Частка абразоў прадстаўлена ў срэбных абкладах. Рэльефы меднага ліцця розняцца — ад высокапрафесійных экзэмпляраў, распрацаваных майстрамі, якія мелі сувязі з маскоўскай Зброевай палатай і Друкарскім дваром, да прадметаў з лубачнай трактоўкай выяўленых сцэн.

Спецыяльны раздзел прысвечаны крыжам, якія ўпрыгожваліся пышным раслінным арнаментам, выкананым у рознай стылістыцы: старадрукаванай, ранняга маскоўскага барока, з элементамі класіцызму. Такое аздабленне мела не толькі дэкаратыўны характар, але і адлюстроўвала хрысціянскае ўяўленне аб крыжы як дрэве жыцця і сімвале перамогі над смерцю. Параўнанне Галгофскага Крыжа з раслінай было вядома яшчэ з першахрысціянскіх часоў і знайшло шырокі распаўсюд у хрысціянскай іканаграфіі.

Позняе рускае ліццё сфарміравалася пад уплывам пэўных гістарычных падзей. У 1722—1723 гадах былі выдадзены царскія ўказы аб забароне выкарыстоўваць, вырабляць і прадаваць медныя крыжы і абразы. З гэтага часу Праваслаўная Царква мала звярталася да вытворчасці гэтых форм, манастыры і свецкія ліцейныя майстры пазбавіліся магчымасці ствараць культавыя вырабы з медзі адкрыта. Пераймальнікам рускай традыцыі меднага ліцця выступілі стараверы, погляды якіх знайшлі сваё выяўленне ў іканаграфіі крыжоў і зводах, прадстаўленых на абразах. З другой паловы ХІХ стагоддзя медныя культавыя вырабы ўжо не забараняліся, яны былі распаўсюджаны ў храмах афіцыйнай царквы, у сем’ях праваслаўных святароў і вернікаў.

У структурнай аснове выставы — прынцып падачы матэрыялаў не па відах прадукцыі, а па асноўных рэгіёнах, у якіх вырабляліся прадметы дробнага меднага ліцця з уласцівымі ім мастацкімі і іканаграфічнымі асаблівасцямі (Рускае Памор’е, Цэнтральная Расія, Масква).

Асобны комплекс прысвечаны знакамітаму паморскаму Выгаўскому паселішчу, дзе на пачатку ХVІІІ стагоддзя сфарміравалася паморская школа меднага ліцця, і некаторым асаблівасцям стараверскай культурнай традыцыі. У экспазіцыі прадстаўлены план мужчынскай абіцелі Выгаўскога паселішча, на тэрыторыі якога адзначана пабудаваная ў 1719 годзе медніца, дзе адліваліся крыжы, абразы, складні. Не меншую цікавасць выклікае багата аформленая кніга — знакамітыя «Паморскія адказы» (у арыгінале «Ответы пустынножителей на вопросы иеромонаха Неофита») — галоўны апалагетычны твор старавераў усіх напрамкаў, які ўвайшоў у скарбніцу рускай літаратуры як узор палемічнага жанру канца ХVІІ—ХVІІІ стагоддзяў. У экспазіцыі — маскоўскае выданне адказаў 1911 года.

Паморскія майстры стварылі асаблівы ківотны крыж «Распяцце з прадстаячымі», спецыяльна прызначаны для хатняй малельні. Ад напрастольнага крыжа ён адрозніваўся наяўнасцю двух бакавых пласцінак з фігурамі прадстаячых — Маці Божай, Марыі Магдаліны, Іаана Багаслова і воіна Лангіна.

Лепшыя паморскія помнікі вызначаюцца яркім псіхалагізмам і дынамікай у перадачы персанажаў — іх твараў, жэстаў, поз. Агульнае ўражанне ўзмацняецца па-майстэрску выкананай пластыкай і драпіроўкай, калі цяжка адысці ад думкі, што персанажы вылеплены асобна і накладзены (амаль што гарэльефна) на фон. Ад такіх вырабаў выпраменьваецца, здаецца, цеплыня самога жыцця, што зачароўвае кожнага ўважлівага гледача.

Ківотныя крыжы цэнтральнарускага кола вылучаюцца характэрным навершам у выглядзе фігур херувімаў. Распяты Хрыстос выяўлены ў высокім рэльефе, у некаторых выпадках — амаль гарэльефна. Самастойны падыход майстроў цэнтральнарускага кола ў тракцоўцы кампазіцыі ківотных крыжоў увасобіўся ў распрацоўцы так званых «патрыяршых распяццяў», што аздабляліся клеймамі са сцэнамі двунадзясятых святаў і фігурамі шасцікрылых херувімаў, якія паўколам атачалі распяцце ўверсе.

На беларускія землі позняе рускае ліццё трапіла ў другой палове ХVІІ стагоддзя разам з рускімі перасяленцамі-стараверамі. Таму лагічным выглядае завяршэнне выставы выданнямі, якія бытавалі ў асяроддзі беларускіх старавераў, тым больш што многія з кніг таксама аздабляліся меднымі прадметамі культу. Багатая культура старавераў стала элементам духоўнай і мастацкай культуры Беларусі.

«Вобраз, адліты ў метале» стаў самым значным і поўнамаштабным праектам Музея гісторыі рэлігіі ў галіне экспанавання меднага ліцця. Ён падсумаваў вынікі шматгадовай працы па сістэматызацыі, навуковай апрацоўцы і папулярызацыі прадметаў групы позняй рускай дробнай пластыкі, яшчэ мала даследаванай у спецыяльнай літаратуры.

Ігар ГАНЧАРУК