Эстэтыка рызыкі

№ 10 (379) 01.10.2014 - 31.10.2014 г

«Жаніцьба» Мікалая Гогаля
Апошняя прэм’ера сезона, «Жаніцьба» Гогаля ў Магілёўскім драматычным тэатры, на мой погляд, зрабілася падзеяй. Над спектаклем дастаткова доўга і рупліва працаваў літоўскі рэжысёр Саўлюс Варнас, які цяпер там з’яўляецца галоўным, а магілёўскія артысты з вялікай цікавасцю паглыбляліся ў новую для сябе прыроду акцёрскага існавання.

Паводле старых пастановачных канонаў у «Жаніцьбе» (гэтая п’еса не сыходзіць з тэатральных падмосткаў) звычайна пераважае напышліва-дэкаратыўнае відовішча і купецкі размах у стылі твораў Аляксандра Астроўскага. Шыкоўныя рускія сарафаны, сурдуты, камічны грым, ускудлачаныя парыкі. Неяк забываецца, што Гогаль зусім не падобны да Астроўскага, хоць і жылі яны прыблізна ў адны і тыя ж гады ХІХ стагоддзя. Адзін містык, другі бытапісец Замаскварэчча. Нішто ў магіляўчан не нагадвае пецярбургскі або маскоўскі быт. Каму сёння цікавыя помнікі мінулага? Але няма і пераліцоўкі п’есы, жадання ўсё паставіць з ног на галаву. Тэкст практычна цалкам захаваны (нават варта крышачку падціснуць). Рэжысёрская выдумка дастасавалася да вызначэння «Жаніцьбы» як «цалкам неверагоднай падзеі». Латышскі сцэнограф Іварс Новікс узнавіў містычны гогалеўскі свет, поўны таямнічасці і рэалістычны адначасова. Літоўская мастачка па касцюмах Юратэ Рачынскайтэ стварыла далёкае ад той эпохі адзенне, у якім спалучаюцца тэндэнцыі сучаснай моды, касмічныя светлавыя пералівы і лятучасць міфічных крылатых істот. Пры ўсім гэтым спектакль суцэльна акцёрскі.

Безумоўна, акцёрам давялося працаваць так, як яшчэ не выпадала ў звычайным будзённым рэпертуары. Скажу больш дакладна — прыйшлося пераадольваць класічную манеру акцёрскай ігры са звыклым выяўленнем характараў. Да таго ж былі пастаўлены і складаныя тэхнічныя задачы. Галіна Лабанок для ролі свацці Фёклы навучылася іграць на саксафоне. Дапамагла музычная адукацыя. Дый маладую гуллівую сваццю цяжка называць Фёклай Іванаўнай. Яна не супраць знайсці сабе жаніха і пакруціць «амуры» з Качкаровым. Свацця не столькі размаўляе, колькі каментуе кожны паварот падзей гукамі саксафона.

Правакатара і завадатара Качкарова, дакладней — акцёра Руслана Кушнера, рэжысёр паставіў на ролікі. Ён раз’язджае па сцэне і па глядзельнай зале. Развіваецца лёгкі плашч. Качкароў нагадвае дэмана-спакусніка, які вырашыў ажаніць нібыта сябра Падкалесіна дзеля таго, каб іншыя адчулі ўсю чароўнасць сямейнага пекла. Пекла праз жаніцьбу не па каханні, а па сватаўстве, па дамоўленасці. Адпаведна, без усялякага задавальнення. Як вынік — хлусня і здрады. Усе свае нявыдаткаваныя пачуцці і няздзейсненыя жаданні такі Качкароў ахвотна раздае направа і налева. І нарэшце — выдатна прыдуманы эпізод рэлаксацыі. Жадаючы «запіць» няўдачу з жаніцьбай Падкалесіна, Качкароў бярэ першую-лепшую бутэльку, меланхалічна робіць глыток і прыходзіць у ступар ад праглынутай вадкасці. Пазней з гэтай бутэлькі механічна глынуць і іншыя. У іх таксама вочы палезуць на лоб: ці то ад здзіўлення, ці то ад нечаканага смаку, ці то ад вогненнага ўдару.

Яешня (Уладзімір Пятровіч) не стары і не тоўсты, якім апісаў яго Гогаль. Гэта прыгожы, рослы мача, што ведае толк у жанчынах. Яго ўвогуле не бянтэжыць немілагучнае прозвішча. Затое цікавіць капітал. Няблага далучыць да грошай пакорлівую жонку. Ён ужо адчувае сябе ўладальнікам вялізнай нерухомасці, якая дае бязмежную свабоду дзеянняў. Захапіўшыся, лёгка можа і на жонку руку ўзняць.

Крохкі Анучкін у Васіля Гальца напоўнены непазбыўным сумам па недасяжнай прыгажосці прыцягальнага і нязведаннага закардоннага свету.

Нарэшце, самая трагічная постаць сярод жаніхоў — Жавакін. У выкананні Рыгора Белацаркоўскага гэты вобраз трагікамічны. Адстаўны ваенны, небарака, бядняк з рамантычнымі фантазіямі, які жаданае прымае за сапраўднае. Фактычна толькі ён бескарыслівы ў гісторыі са сватаўством да Агаф’і Ціханаўны. Туга па хатняй утульнасці ў гэтага маладога непрыкаянага мужчыны такая вялікая, што ён гатовы і на рай у шалашы. Асабліва цудоўны маналог са свечкай у цемры глядзельнай залы. Жавакіна пранізліва шкада. Ён шчыра не разумее, чаму яму, красамоўнаму, зведаўшаму цяжар жыцця, так катастрафічна не шанцуе. У сямнаццаты раз атрымлівае ад нявест адмову. Рэжысёр прыдумаў гэтаму персанажу амаль цыркавы трук хаджэння па жэрдачцы. Белацаркоўскі перад ахопленай жахам публікай бліскуча дэманструе крокі канатаходца.

Па-абломаўску добры і нерашучы Падкалесін — акцёрская ўдача Дзмітрыя Дудкевіча. Падкалесін — не зарослы мохам нудны халасцяк, якім звычайна прынята яго паказваць, а малады гультаяваты хлопец. Проста ён не здольны вызначыцца ў сваіх жаданнях. Звыкся з тым, што за яго ўсё робяць іншыя. І думаюць іншыя. Служка Сцяпан дагэтуль, як немаўлятку, корміць з лыжачкі. Знешне такі Падкалесін губляецца на фоне іншых жаніхоў. Унутрана, сваёй недарэчнасцю і прастадушнасцю, больш за іншых падыходзіць Агаф’і Ціханаўне. Усё было б добра, калі б не адвечны мужчынскі страх перад неабходнасцю штосьці змяніць у сваім жыцці і развітацца са свабодай, якая такому Падкалесіну ў прынцыпе не патрэбна.

З’яўленне Агаф’і Ціханаўны (Алена Крыванос) перад жаніхамі — амаль шоу, здзейсненае рэжысёрам і сцэнографам. З-за куліс выязджае двухпавярховая піраміда ў выглядзе вясельнай спадніцы. На яе вяршыні скутая і напалоханая нявеста, гатовая кожную секунду праваліцца ў тайнікі дзіўнага ўбрання.

Для нявесты ёсць яшчэ цудоўная прыдумка. Павольна, як калісьці рухаўся танцавальны ансамбль «Бярозка», выязджае і невялікі вясельны, пакрыты беласнежным абрусам столік. На ім чатыры стравы пад выпуклымі металічнымі накрыўкамі. Агаф’я Ціханаўна прыўзнімае па чарзе накрыўкі — там галовы жаніхоў. Выбірае на густ. Смешна і страшна.

Жаданне акцёраў папрацаваць у спектаклі ўлічана пастаноўшчыкам. Тут ёсць невялікі жывы аркестр і цыгане, гатовыя ў любы момант падтрымаць вяселле. Больш таго, рэжысёр «падзяліў» цётухну Афіну Панцялееўну на некалькі частак. Такая «расчлянёнка» дапамагла задзейнічаць у спектаклі адразу трох актрыс. Яўгенія Белацаркоўская, Наталля Калакустава і Людміла Гурына ствараюць своеасаблівую масоўку ў сцэне сватаўства. Яны размеркавалі паміж сабой рэплікі і працуюць як адзінае цэлае.

Можна канстатаваць, што мастацкія задачы, пастаўленыя рэжысёрам, выкананы. Нічога ад старога, ад традыцый, ад штампаў. Нідзе — ні ў дробязях, ні ў канцэпцыі — не было прыгнёту чалавечай існасці і прыроды артыстаў. Не змяняліся прапанаваныя Мікалаем Васільевічам Гогалем адносіны і акцэнты. Толькі прасвятляліся людскія лёсы і матывы ўчынкаў.

У спектаклі «Жаніцьба» няма станоўчых і адмоўных персанажаў. Няма невінаватых і вінных. Кожны нясе свой крыж у залежнасці ад мэты і душэўнага напаўнення. Па сутнасці, перад намі па-свойму нешчаслівыя людзі, якія, дарэчы, гэтага не ўсведамляюць. Яны не ўмеюць і не ведаюць, як пабудаваць уласнае жыццё. Дый мы, сучасныя, так і не навучыліся гэта рабіць.

Саўлюс Варнас не навязвае акцёрам сваё светаадчуванне, не даследуе свет драматурга. Ён дасціпна скіроўвае акцёраў. Яны гавораць словамі Гогаля пра сябе, пра ўласнае разуменне ўсяго, што побач. Страсць у кожнага вечная. Уласнае разуменне няўстойлівае і часта скажонае.

У мужчынскім спаборніцтве за нявесту Яешня прывабліваецца пасагам, Анучкін — уменнем размаўляць па-французску. Жавакін марыць пра сямейнае цяпло, Падкалесін і ўвогуле плыве па волі хваляў, слаба супраціўляючыся. Ды хіба гэтыя матывы прывядуць да адчування шчасця? Канешне, не.

Рэжысёр уступае ў дыялог са старымі каштоўнасцямі і пераконвае гледачоў, што галоўныя з іх, такія як каханне, па-ранейшаму вечныя, а героі — нармальныя людзі, якія, магчыма, жывуць сярод нас. Ён смела кідае персанажаў у камунікацыю з гледачамі, уключае іх у развагі пра чалавечыя радасці. Пры такіх, здавалася б, сучасных тэатральных прыёмах не знікае галоўны метафізічны сэнс паняцця жаніцьбы, як гэта разумеў Гогаль.

Саўлюс Варнас валодае мастацтвам раскопваць і даносіць метафізічныя сэнсы вялікіх неадназначных акцёраў. Ён гэта цудоўна давёў у «Тарэлкіне» і «Фрэкен Жулі». Магчыма, для акцёраў гэта было адкрыццём такіх загадкавых аўтараў, як Сухаво-Кабылін і Стрындберг. А цяпер вось не менш таямнічы Гогаль. Ды калі артысты доўгімі днямі ідуць да разумення, публіка за пару гадзін спектакля не заўсёды гатовая да адэкватных ацэнак. Думаю, што засцярога ад непаразумення з аўдыторыяй павяла Варнаса пры пастаноўцы «Жаніцьбы» ў бок больш звыклага літоўскага метафарычнага тэатра. І гэта правільны крок да падрыхтоўкі і заваёвы свайго гледача.