Аляксей Дудараў: "Жывое мастацтва"

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Тэатр пачаўся тады, калі ў людзей з’явіліся абрады, рытуалы, звычаі… Элементы тэатра прысутнічаюць ва ўсіх сферах нашага існавання. Часам яны робяцца настолькі арганічнымі і неабходнымі, што прымаюцца намі як само жыццё, яго глыбінная сутнасць, без якой няма адчування гэтага жыцця альбо яно спрошчанае і няпоўнае. Менавіта таму тэатр вечны, тэатр неўміручы, тэатр, як і сам чалавек, бясконцы і да канца неспазнавальны.

 /i/content/pi/mast/6/141/Dudarau1.jpg
Тысячы гадоў пад маскамі і без масак, на катурнах ці проста праз пластыку і слова Тэатр адкрываў вочы на саміх сябе грамадству і асобнаму чалавеку, высвечваў цёмныя закуткі нашых душ і даваў духоўныя арыенціры. Яшчэ ў старажытнай Грэцыі, задоўга да Нараджэння Хрыстовага, тэатр вызначаў для роду чалавечага паняцці дабра і зла, любові, абавязку, веры і надзеі.
Мы назіраем сёння грандыёзныя поспехі і адкрыцці ў навуцы і тэхніцы. Сумна і балюча, што не назіраецца поспехаў і адкрыццяў у галіне духоўнасці і маралі. Крывавы тэрарызм, войны, растаптаная ці ганебна перакручаная вера ў Бога, душэўная расхрыстанасць і адсутнасць спагады чалавека да чалавека, эгаізм, як дзяржаўны, так і людскі, -- гэта прыкметы нашага часу. Мы дзівімся, адкуль гэтулькі гора, катаклізмаў і глабальных катастроф на зямлі, і баімся прызнацца, што яны -- вынік разбурэння нашае маралі і забруджанасці нашых душ.
Людзі больш ахвотна слухаюць авантурыстаў, чым творцаў, бо творцы ўвасабляюць нас не такімі, якімі мы хацелі б сябе бачыць, а такімі, якія мы ёсць. І як грамадства, і як асобы. Гэтая высокая місія тэатра рана ці позна, але будзе запатрабавана чалавецтвам і дасць свой плён. Мастацтва тэатра будзе актыўна разбураць зло і ў нашых душах, і ў адносінах паміж людзьмі і народамі. Будзем верыць у гэта.
 /i/content/pi/mast/6/141/Dudarau2.jpg

 "Зацюканы апостал" А.Макаёнка. Гомельскі абласны драматычны тэатр.


Колькі разоў у мінулым стагоддзі тэатру прадказвалі заняпад! Памятаеце? З’явілася кіно -- аднак замяніць тэатр не здолела. З’явілася тэлебачанне, потым відэа -- цікавасць да тэатра нават павялічылася. Як бы ні засмоктваў чалавечыя душы Інтэрнет -- людзі будуць вырывацца з яго ўчэпістых кіпцюроў і ісці да тэатральных кас. Так было. Так будзе. Бо тэатр -- мастацтва жывое.
Кінаплёнку, лазерны дыск, твор выяўленчага мастацтва, рукапіс (хоць, паводле сцвярджэння класіка, яны і не гараць) усё ж можна знішчыць. Тэатр можна забараніць (што не раз і было), тэатр можна прыручыць (было і такое), тэатр можна перакруціць у немаведама што (як гэта робіцца цяпер), аднак тэатр немагчыма пазбавіць жыцця. Ён знітаваны з чалавекам, яго душой, яго імкненнем да святла і гармоніі -- а значыць, мае перспектыву і высокую місію.

     

                                                                                                     Аляксей ДУДАРАЎ, 
                                                        старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў