Зацішша нулявых

№ 9 (378) 01.09.2014 - 30.09.2014 г

Творчы праект «Балетнае лета ў Вялікім»
Ёсць від мастацтва, які, прынамсі мне, здаецца абраным. Гэта, вядома ж, харэаграфія.

Усе ведаюць, якое значэнне надавалі руху антычныя грэкі. Нароўні з музыкай танец быў галоўным сродкам выхавання моладзі і з’яўляўся, такім чынам, «важнейшым з мастацтваў». Дарэчы, нават сварлівая жонка Ксантыпа не здолела адвучыць Сакрата ад танцаў у перапынках між заняткамі філасофіяй.

Захоплены панегірык гэтаму мастацтву прысвяціў рымскі гісторык Лукіян: у V стагоддзі ён здолеў першым даць сцвярджальны адказ на пытанне «Ці ўсё даступна балету?», якое аказалася цэнтральным у знакамітай дыскусіі стагоддзя ХХ-га. Танцаваў кароль Францыі Людовік ХIV, які скончыў сваю харэаграфічную кар’еру ў сорак тры гады выкананнем ролі німфы. Кароль-Сонца трэніраваўся кожны дзень і пакінуў нам адзін рух класічнага танца, які так і называецца — «па раяль» — каралеўскае па. Балетныя партыі разам з Людовікам выконвалі і некаторыя міністры. Шкада, што гэта захапленне не стала традыцыйным для ўрадаў іншых краін.

Харэаграфія адлюстроўвала самыя важныя рысы натуры чалавека. Напрыклад, сувязь танца з сексам адзначалася многімі і крышталізавалася ў форме афарызмаў кшталту «Танец — гэта вертыкальнае выяўленне гарызантальнага жадання». Цікавае меркаванне Льва Талстога: «Балет, у якім напаўаголеныя жанчыны робяць сладастрасныя рухі, пераплятаюцца ў розныя пачуццёвыя гірлянды, ёсць прама распуснае прадстаўленне... Адукаванаму чалавеку гэта невыносна; сапраўднаму працоўнаму чалавеку — незразумела». За глухату і слепату да навакольнага жыцця саркастычна дакараў балет Салтыкоў-Шчадрын і называў яго арганізаванай ахінеяй. Але мне здаецца, не так важна, што некаторыя ганілі харэаграфію, а іншыя ёю захапляліся. Пра яе разважалі вялікія — і гэта больш істотна. У аднаго толькі Пушкіна, акрамя азбучнага «душой исполненного полёта», можна знайсці мноства думак пра балет: і пра спектаклі Дзідло, і пра «ножку Тэрпсіхоры» (гэта, як вядома, муза танца). А ў знакамітых радках пра Істоміну — «То стан совьёт, то разовьёт, И быстрой ножкой ножку бьёт» — кожны артыст балета пазнае дакладна ахарактарызаваныя элементы танца.

Так, магчыма, харэаграфія — далёка не самы інтэлектуальны від мастацтва. Прыгажосць, а не розум, — царства харэаграфіі. Сам балет кідаўся ад класіцызму да рамантызму, ад імкнення абавязкова пацешыць гледача да ўпартага жадання навучыць і ўзвысіць. Сцвярджаючы ідэальнага, бездакорнага чалавека, славячы дасканаласць свету, балет прыхоўваў свае цёмныя бакі, жорсткасць у стаўленні да падданых і, нібы казачнік, распавядаў толькі добрыя саладжавыя гісторыі. Так здарылася, напрыклад, са «Спячай красуняй». Сюжэт яе спачатку быў зусім не цукровым: прынц, які ці то вандраваў, ці то быў на паляванні, знайшоў у лесе дзяўчыну, што моцна спала, і... здагадваецеся, што зрабіў з ёю? Шарль Перо па-свойму пераказаў гэты выпадак, а балет і ўвогуле давяршыў справу пышным вяселлем і парадным дывертысментам.

Харэаграфія давала мноства падстаў для ліхаслоўя, анекдотаў, свецкіх плётак. Яе жрыц выяўлялі то нябеснымі, незямнымі стварэннямі, то абцягнутымі скурай машынамі для фізічных практыкаванняў, як на карцінах Эдгара Дэга, то размаляванымі плебейкамі, як на рэкламных плакатах Анры Тулуз-Латрэка, то ўвасабленнем першабытнага стыхійнага экстазу, як на палотнах Анры Маціса.

У ХХ-м стагоддзі карціна развіцця балета і яго ўзаемаадносін з гледачамі выглядала яшчэ больш страката. Рух уверх, да найвышэйшага, «горнего», характэрны для класічных балетаў ХІХ стагоддзя, хоць і часта чуліся папрокі, што сюжэт іх можна запісаць на манжэтах. «Акадэмічная вертыкаль» была перакрэслена, дакладней, перасечана гарызанталлю — новым танцам мадэрн, які распавядаў пра зямное, а можа, і пра нізкае. У балеце, калі хочаце, можна даведацца пра ўсё, што заўгодна. Ён у прынцыпе здольны задаволіць любыя вашы жаданні.

Вам надакучылі словы, лічыце, што ўсе яны — дурасць і падман? Калі ласка, невербальныя пачуцці, маўклівыя песні, нямыя крыкі. За ўвесь вечар у балеце вы не пачуеце ніводнага бязглуздага ці ілжывага слова.

Вам хочацца чагосьці сексуальненькага? Няма нічога прасцей: харэаграфія прапаноўвае ўвесь спектр — ад грубай імітацыі ўсім вядомага акта да закадзіраванага намёку на тое, што з’яўляецца табу. І абавязкова знаходзяцца людзі, якія ўсё разумеюць. Ці, прынамсі, скажуць: «У гэтым нешта ёсць».

Вы прыхільнік фізічнай дынамікі, спартыўнай энергіі, таго танцавальнага накірунку, якое ахарактарызавана кімсьці «два пола натирают третий»? І тут няма ніякіх складанасцей. Завітайце на танцавальную аэробіку — ці як там яна зараз называецца.

Стаміліся ад сюжэтаў і страсцей, жадаеце абстрактнай гармоніі? Ідзіце на балеты Джорджа Баланчына.

Чакаеце ад балета казкі, узвышанай рамантыкі? Да вашых паслуг «Спячая красуня» і «Лебядзінае возера».

Захапляецеся напружаным псіхалагічным дзеяннем? Значыць, вы прыхільнік Матса Эка.

Любіце, каб вам «рабілі прыгожа»? Многія спектаклі толькі для гэтага і прыдатныя.

Хочаце нудзіцца? Тады для вас...

Э, не, не скажу, якія балеты будуць псаваць рэпутацыю прыгожага мастацтва. Бо яно свядома будуе шматкаляровы свет і прызначае сябе для эліты і масы, «новых» і «старых», рэалістаў і мадэрністаў, дурняў і разумных. І гэта правільна, бо ўсе мы розныя і ўжо даўно не ставімся да нечага з адзінадушнай ухвалай. І канешне ж, балет дае мноства падстаў для тых, хто любіць абурацца. Такія эмоцыі суправаджалі яго, здаецца, з першага дня існавання. Заўсёды знаходзіліся гледачы, чый праведны гнеў выклікалі бессаромныя падтрымкі партнёраў, кароткія пачкі балерын, што надта агалялі верхнюю частку ног, або ласіны, якія празмерна аблягалі мужчынскія чрэслы. На працягу доўгай гісторыі танца многіх харэографаў абвінавачвалі ў непрыстойнай эратычнасці. Ах, як змянілася ўсё навокал, нават кансерватыўная ў мінулым харэаграфія! Сёння непрыстойным будзе папракнуць яе ў празмернай сексуальнасці. Цяпер усё дазволена. Глядзіш — хутка на сцэну прыйдзе і ненарматыўная «апластычненая» лексіка!

Але годзе жартаваць. Якім бы слаўным і знакамітым ні быў у мінулым гэты від мастацтва, цяпер справы ў яго не такія выдатныя. Пачатак ХХІ стагоддзя называюць нулявымі — і гэта правільна не толькі ў храналагічных адносінах. Штосьці не чуваць пра новыя гучныя імёны і харэаграфічныя сачыненні, якія скаралі ці хоць бы моцна натхнялі. На сусветнай балетнай сцэне зацішша.

«Бог адвярнуўся ад балета», — заяўляе Барыс Эйфман, адзін з найталенавітых у Расіі харэографаў-ньюсмэйкераў. «Мы жывем не ў эпоху балета», — пагаджаецца з Украіны іншы майстар, Раду Паклітару. У айчыннай харэаграфіі таксама назіраюцца крызісныя з’явы. Значыць, мы ўжо не «наперадзе планеты ўсёй»?

Вядома, прафесія балетмайстра вельмі складаная і дэфіцытная. Пакуль што не відаць спадкаемцаў Валянціна Елізар’ева — стваральніка сучаснага беларускага балетнага тэатра, ды і таленавітыя «варагі» не асабліва заўважныя. Даўно няма пастановак, на якія хочацца бегчы на злом галавы. Ужо які па ліку балет ставіць Юрый Пузакоў, што адгукаецца на ўсе прапановы. Здаецца, збіраюцца мяняць выдатную «Жар-птушку» на іншую (так, яна створана знакамітым харэографам Міхаілам Фокіным, але адбылося гэта амаль сто гадоў таму) і пераносіць на сцэну нашага Опернага пастаноўкі даваеннага разліву. У прыватнасці, адну з рэдакцый «Лаўрэнсіі» я сама танцавала яшчэ ў сярэдзіне 1950-х гадоў.

Можа, гэтыя спектаклі і больш танныя. Але ці спадабаюцца нашаму распешчанаму балетнаму гледачу? Падчас фестывалю «Балетнае лета ў Вялікім» прайшлі канцэрты грузінскай трупы, якую ўзначальвае знакамітая Ніна Ананіяшвілі. Дай Божа, каб гастролі тэатраў некалі братэрскіх, а цяпер суседніх рэспублік былі першымі, але не апошнімі. Для таго, каб цалкам зразумець мастацтва харэаграфіі, не трэба ведаць замежныя мовы...

І нарэшце, у процівагу сказанаму. Нібы ў якасці кампенсацыі за сумненні ў рэпертуарнай палітыцы беларускага балета, паўстае ўпэўненасць у яго выключна моцным выканальніцкім складзе.

Паспяхова танцуюць галоўная партыі цудоўныя артысткі: Вольга Гайко, Людміла Кудраўцава, Ірына Яромкіна, Кацярына Алейнік, Марына Вежнавец, Юлія Дзятко, Людміла Хітрова. За імі ідзе магутная кагорта мужчын: Ігар Артамонаў, Алег Яромкін, Канстанцін Кузняцоў, Канстанцін Геронік, Ігар Аношка, Антон Краўчанка... Нельга забыць таксама пра Дзяніса Клімука, Мікалая Радзюша, Аляксея Турко, Юрыя Кавалёва — выхаванцаў беларускай школы, якія танцавалі або танцуюць у мацнейшым калектыве — Санкт-Пецярбургскім тэатры балета Барыса Эйфмана. Згаданыя артысты годна замянілі Людмілу Бржазоўскую, Інэсу Душкевіч, Юрыя Траяна, Віктара Саркісьяна, Уладзіміра Камкова, Уладзіміра Іванова — мінулых прым і прэм’ераў, любімых мною ды і ўсімі гледачамі. Яны лёгка вытрымліваюць канкурэнцыю з зоркамі рускай і сусветнай харэаграфіі.

Пра іх можна было б распавядаць доўга, бо кожны — асоба і за час сваёй артыстычнай дзейнасці здолеў здзівіць чымсьці асаблівым. Нястрымным імкненнем да эталону заўсёды была адзначана творчасць Вольгі Гайко. «Я набыла б трэцюю нагу», — напаўсур’ёзна адказала Людміла Кудраўцава на пытанне журналістаў, на што б яна патраціла атрыманую прэмію. Цікавасцю да стварэння ўласных пастановак вылучаюцца Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў, яны маюць сур’ёзныя балетмайстарскія амбіцыі. Упартай мэтанакіраванай працай пашырыў сваё амплуа Ігар Артамонаў — ён зрабіў даступнымі для сябе не толькі лірычныя, але і драматычныя і гераічныя фарбы, да таго ж артыст стаічна перанёс цяжкую хірургічную аперацыю. Як прадзюсар паспяхова спрабуе сябе тэмпераментная Марына Вежнавец, разам з калегамі яна арганізавала ўжо не адзін вечар балета. У якасці педагогаў плённа працуюць многія вядучыя салісты, якія навучаюць, выхоўваюць маладых. Асобнай размовы заслугоўвае і сцэнічная творчасць іншых артыстаў, але мноства захопленых слоў я прытрымаю для тых змястоўных, выразных, крэатыўных роляў, у якіх мы яшчэ абавязкова іх убачым. Я веру ў шчаслівы лёс беларускага балета! 

Юлія ЧУРКО