Ліпень на пуантах і басанож

№ 9 (378) 01.09.2014 - 30.09.2014 г

Творчы праект «Балетнае лета ў Вялікім»

Гісторыя і ідэя

Харэаграфічнага фестывалю Мінску не хапае даўно. Менавіта балетнага (класічнага або неакласічнага), які з’яднаў бы ў праграме разнастайныя танцавальныя плыні, нябачаныя яшчэ спектаклі і зорныя імёны. Некалі, на пачатку 1990-х у нас існаваў міжнародны форум «Я люблю балет». Яго ладзілі Беларускі харэаграфічны каледж і Оперны тэатр. Той фестываль паўставаў найперш як агляд харэаграфічных вучэльняў краін СНД, таму ў Мінск прыязджалі шматлікія дэлегацыі выхаванцаў і выкладчыкаў. А да гэтай праграмы ўжо дастасоўваліся іншыя складнікі.

Іншы час прадугледжвае і падказвае іншы фармат. Няхай Нацыянальны тэатр оперы і балета досыць сціпла назваў «Балетнае лета ў Вялікім» творчым праектам, але па сутнасці гэта харэаграфічны фестываль. У дадатак — міжнародны па сваім размаху. Сёлета ў ім удзельнічалі прадстаўнікі Беларусі, Германіі, Грузіі, Даніі, Польшчы і Расіі.

Таму падобныя праекты, як «Балетнае лета ў Вялікім», проста асуджаны на поспех. І калі фестываль будзе рабіцца больш працяглым па часе, а яго арганізатары будуць запрашаць новых славутасцей і невядомыя нам калектывы, публіка «з’есць» усё. І, галодная, яшчэ папросіць! Тэатральная рэчаіснасць пераконвае: глядач згодны заплаціць вельмі прыстойную суму за квіткі. Але ў выпадку, калі яму прапаноўваюць штосьці новае і даюць магчымасць пабачыць зорак. Буйных і больш дробных. Вось з гэтага пункту гледжання — навізны і артыстычных індывідуальнасцей — і паглядзім на новы фэст.

Структура

Такім чынам, сем балетных вечароў. Іх можна падзяліць на тры ўмоўныя блокі. Адкрылі фэст «Вітаўтам», нацыянальным спектаклем, прэм’ерай апошняга сезона. Услед дзве класічныя назвы — «Лебядзінае возера» і «Дон Кіхот» з запрошанымі зоркамі. Сярод іх асабліва хацелася б адзначыць салістку маскоўскага Вялікага тэатра Крысціну Крэтаву. Яна выконвала партыю Адэты-Адыліі і ўражвала найперш сваёй надзвычай прыгожай пластыкай.

Ігар Колб, які выступаў у ролі Зігфрыда, падаўся бездакорным Прынцам. Час ад часу танцоўшчык прыязджае ў Мінск, часцей мы бачылі яго ў сучаснай харэаграфіі, дзе Ігар паўставаў надзіва экспрэсіўным. Але артыст цікавы ў розным рэпертуары. Яшчэ і таму, што ён — «наш», выхаванец Беларускага харэаграфічнага каледжа, і другое дзесяцігоддзе вядучы саліст Марыінскага тэатра. Лёс Ігара Колба — красамоўнае пацверджанне некалькіх тэзісаў. Па-першае, вучаць у Мінску як след і даюць школу, што дазваляе саліраваць у лепшых трупах свету (Марыінка, пагадзіцеся, мае магчымасць выбіраць, каго захоча). Па-другое, выйграе той, хто рызыкуе і не баіцца ўласнае творчае жыццё павярнуць у нечаканае рэчышча. Хто ведае, як склаўся ягоны лёс, калі б танцоўшчык застаўся ў Мінску, ці знайшліся б для яго на нашай сцэне вядучыя партыі?

Але вярнуся да «Балетнага лета». Наступны блок прэзентаваў сучасны танец і складаўся з трох праектаў. У «Вечарыне харэаграфіі Джорджа Баланчына» і «Вечарыне харэаграфіі Іржы Кіліяна» былі прадстаўлены аднаактовыя балеты і малыя формы. Іх увасобілі беларускія артысты і танцоры Грузінскага тэатра оперы і балета. У трэцім праекце царавала ўласна тбіліская трупа. Фінальнай кодай стаўся заключны гала-канцэрт.

Баланчын і Кіліян

Згаданыя праекты не маглі б ажыццявіцца, калі б у абедзвюх трупах не было спектакляў гэтых пастаноўшчыкаў. Наяўнасць у рэпертуары харэаграфіі Баланчына і Кіліяна — своеасаблівы знак. Не ўсім тэатрам фонды балетмайстраў даюць дазвол (якая, заўважце, павага да аўтарскага права!). Іх харэаграфія складаная, тэхналагічна іншая, чым звыклая класіка, але ж і неверагодна карысная для трупы. Сведчанне, што калектыў тэхнічна моцны і ўспрымальны да пластыкі падобнага ўзроўню. Цікавая заўвага Ніны Ананіяшвілі, мастацкага кіраўніка балетнай трупы тбіліскага тэатра: «Нагрузка для кардэбалету ў “Серэнадзе” такая ж, як у салістаў. Малюнак і рытм музыкі і танца такі складаны і зменлівы, што на сцэне ты павінен увесь час лічыць, як у матэматыцы, каб не памыліцца...» Так, «Серэнада» Баланчына і «Шэсць танцаў» Кіліяна ёсць у рэпертуары нашага тэатра і паказваюцца на працягу аднаго вечара, але два творы — яшчэ не «масіў»!

Калі ж іх шмат, гэта суседства прымушае задумацца пра агульнае і адметнае ў спадчыне балетмайстраў. Іх спектаклі вывучаюць. Абодва лічацца класікамі харэаграфіі. Імі захапляюцца, пераймаюць, іх здабыткі пераасэнсоўваюць. Наватарства абодвух датычыць найперш пластычнай мовы. Здольнасці стварыць уласны стыль, пераасэнсаваць базавыя, мільён разоў бачаныя і ад таго амаль банальныя рухі класікі. Неверагодная візуальная асалода неаднойчы ўзнікала падчас вечароў ад таго, што пластыку можна інтэрпрэтаваць менавіта так! Ад усведамлення, што на тваіх вачах разбураецца пластычны штамп і канон, а на яго месцы ўзнікае штось новае — неверагодна лёгкае, юнае, нечаканае. І ў асноўных рухах, і ў звязках паміж імі. У малюнку сольнага і асабліва дуэтнага танца.

Але супастаўленне выяўляе і розніцу паміж імі. Танец Баланчына, які лічыцца заснавальнікам амерыканскага балета і сучаснага неакласічнага харэаграфічнага мастацтва ўвогуле (сёлета свет адзначае 110-годдзе з часу яго нараджэння), заўжды адлюстроўвае плынь свядомасці. Увасабляе арыстакратызм і элегантнасць. У ім ёсць водгулле архітэктуры Пецярбурга, дзе вучыўся таленавіты грузінскі юнак па прозвішчы Георгій Баланчывадзэ. І адначасова перад намі — свет заходняга чалавека, халаднаваты, рацыянальны, чыя эмацыйнасць заўжды крыху прыхаваная. Баланчын — гэта заўжды чысціня пластычных ліній, геаметрычная строгасць прапорцый, выверанасць пабудовы танца.

А Іржы Кіліян, якога называюць «танцавальным Пікаса», — гэта гумар, іронія, сарказм. Парадаксальнасць. Экспрэсія і вастрыня пластыкі. Насмешка над тым, што аджыло. Над штампамі пластычнымі і глядацкай свядомасці. І побач з насмешкай — нястомныя пошукі новага ракурсу ва ўспрыманні свету. Кіліян мае і рэпутацыю балетмайстра-філосафа, якога болей цікавяць глыбіні чалавечай натуры, чым фізічныя магчымасці цела. Калі паспрабаваць уявіць іх побач, дык да аблічча выхаванага і вытанчанага арыстакрата Баланчына будзе ідэальна пасаваць фрак. А хуліганістаму «тыпчыку» Кіліяну найлепш падыдуць падраныя джынсы.

У пошуку новых форм

Вечарына харэаграфіі Баланчына пачалася з «Мацартыяны». Грузінская трупа паказвала гэты балет два гады таму падчас гастроляў у Мінску. Толькі тады галоўную жаночую партыю выконвала сама Ніна Ананіяшвілі, а цяпер — салістка Кацярына Сурмава.

Бессюжэтны балет, ён, тым не менш, прасякнуты глыбокім сэнсам. Адну з цэнтральных частак твора — па-дэ-дэ балерыны і вядучага саліста (у ягонай ролі выступаў наш Ігар Артамонаў) — можна разумець як дыялог паміж Музай і Творцам. «Мацартыяну» Баланчына часта параўноўваюць з «Рэквіемам» Моцарта і Шостай сімфоніяй Чайкоўскага. Спектакль успрымаецца як духоўны запавет балетмайстра, які памёр праз два гады пасля прэм’еры твора. «Мацартыяна» з яе прыхаваным драматызмам утварала досыць моцны эмацыйны кантраст і з віртуозным і зіхатлівым па настроі «Па-дэ-дэ» (на музыку Чайкоўскага), і з прасякнутым гарманічнасцю «Канчэрта барока» (на музыку Баха). Тонкасці ўвасаблення грузінскімі артыстамі харэаграфічных твораў знакамітага амерыканскага балетмайстра спрыяе і тая акалічнасць, што ў рэпертуары тбіліскага тэатра ажно дзевяць яго пастановак! Нам, вядома, да такой сітуацыі далёка.

У вечарыну харэаграфіі Кіліяна ўваходзілі два аднаактовыя спектаклі, паказаныя грузінскай трупай, — «Падзенне анёлаў», «Маленькая смерць», а таксама нашы «Шэсць танцаў». Пастаўленыя ў розныя гады, яны пазней былі аб’яднаныя балетмайстрам у знакамітую праграму «Чорна-белых балетаў». Першы твор уражвае тым, што неверагодны мастацкі эфект дасягаецца досыць простымі сродкамі. Няма аркестра, дэкарацый, эфектных касцюмаў. Чатыры ўдарныя інструменты ў запісе (музыка Стывена Райха пад назвай «Барабанны дробат»), восем салістак у простай карычневай вопратцы. І святло, вертыкальнае, бакавое, ніжняе, — яно здатнае кардынальна мяняць успрыманне сцэны, танцораў, сэнсу. Танец як адлюстраванне і ўвасабленне рытму. Як шаманскі рытуал. Бясконцасць варыянтаў неакласічнай лексікі. І хоць сам харэограф лічыў, што «падзенне анёлаў — частка нашай прафесіі...», пра страту боскага пачатку думалася менш за ўсё. Такі спектакль — жаданы і недасяжны пошук новых форм!

У балеце «Маленькая смерць» прывабным аказалася не толькі віртуознае абыходжанне танцораў з рапірай, тэатральным аксесуарам эпохі рамантызму. Але і нечакана кранальныя, узнёслыя, пазбаўленыя кіліянаўскай насмешкі і іроніі дуэты, якія адлюстравалі розныя стасункі закаханых пар. Сусветная прэм’ера балета адбылася на Зальцбургскім фестывалі ў Аўстрыі крыху болей за 20 гадоў таму. А прэм’ера тбілісцаў дастаткова свежая, пазначаная лістападам мінулага года. Што паробіш — не надта хутка даходзяць да нас вядомыя спектаклі! Але парадуемся, што ўсё-такі мы іх пабачылі.

Толькі госці

У кожным з балетаў, якія паказалі госці ў асобнай праграме, — а гэта былі аднаактовыя «Таямнічы сад», «Маргарыта і Арман» і «Сагалабелі», — мелася нейкая «разыначка». Адметнасць, якая прымушала праектаваць уражанні ад іх спектакляў на нашу тэатральную практыку. «Таямнічы сад» (харэаграфія, сцэнаграфія і касцюмы Сашы Яўцімавай) быў цікавы найперш паяднаннем танца і відэаанімацыі. Пошукі на сумежжы розных відаў мастацтва ўласцівы хутчэй трупам, што працуюць у рэчышчы contemporary dance, чым акадэмічным калектывам. Візуальны вобраз зачараванага сада, які мяняў колеры, стан, настраёвасць, магчыма, аказаўся самым моцным складнікам спектакля. А вось у музычнай аснове пастаноўкі тэмы паўтараліся да бясконцасці, што стварала ўражанне аднастайнасці. Хоць пары хлопцаў і дзяўчат расказвалі ў танцы ўласную гісторыю кахання, шчаслівую або нешчаслівую. Спектакль дастаткова свежы, яго першы паказ у Тбілісі адбыўся восенню мінулага года.

Балет «Маргарыта і Арман» пакінуў дваістае ўражанне. Чаканні былі неверагодныя. Як! Фрэдэрык Эштан, класік англійскага балета! Спектакль на музыку Феранца Ліста, пастаўлены спецыяльна для легендарных Марго Фантэйн і Рудольфа Нурыева. У яго аснове гісторыя дамы з камеліямі, безліч разоў увасобленая ў мастацтве (згадаем «Травіяту» Вердзі). Сапраўды, Фантэйн танцавала гэты балет на многіх сцэнах свету — у Парыжы, Мілане, Рыме.

Дуэты Маргарыты і Армана, увасобленыя Нінай Ананіяшвілі і Ігарам Артамонавым, — найбольш цікавая частка спектакля. Грузінская зорка летась адзначыла юбілей. Але па-ранейшаму ў цудоўнай форме. Артыстычная, танклява-лёгкая і віртуозная. І менавіта яе зайздроснай творчай маладосці (кіраваць трупай і танцаваць — такіх выпадкаў, здаецца, у сучасным балеце і няма!), яе зорнасці горача апладзіравала публіка ў фінале спектакля.

А ўсё, што існавала вакол герояў, выклікала хутчэй расчараванне і нават іронію. Так бы мовіць, «пешаходная» харэаграфія, пастаноўка, вырашаная ў традыцыях драмбалета! Ад сусветнай прэм’еры ў Лондане прайшла палова стагоддзя. За гэты час харэаграфічны свет змяніўся да непазнавальнасці. Не атрымліваецца двойчы ўвайсці ў адну раку. Пра што і сведчыла «Маргарыта...»

Затое суцэльнае захапленне выклікаў балет «Сагалабелі» («Песняспевы»), пастаўлены вядомым расійскім харэографам Юрыем Посахавым. Шчыра кажучы, нават пашкадавала, што ў нас няма такога спектакля. Посахаў — па першай прафесіі танцоўшчык, зрабіў міжнародную кар’еру. Выступаў па ўсім свеце. Апошнія паўтара дзесяцігоддзя актыўна працуе як балетмайстар. Уражваюць прадуктыўнасць яго як пастаноўшчыка, арыгінальнасць мыслення, прэстыжныя пляцоўкі прэм’ер.

Ініцыятарам узнікнення «Песняспеваў» з’явілася мастацкі кіраўнік грузінскага балета. У якасці музычнай асновы выкарыстаны народныя тэмы і творы нацыянальных кампазітараў. Калі спектакль імпануе, дык у ім вабіць усё. І вынаходлівыя касцюмы, і агульнае каларыстычнае рашэнне, і святло. А галоўнае — арыгінальная пластычная мова, у якой асаблівасці нацыянальнага танца (адчутыя пастаноўшчыкам украінскага паходжання!) так лёгка і натуральна яднаюцца з класічнай лексікай.

Адзначым: грузінскія артысты віртуозныя, падрыхтаваныя, імі засвоены розныя танцавальныя стылі. Капітальны рамонт тэатра і неабходнасць выступаць на іншых сцэнах прымушаюць трупу звяртацца да аднаактовых балетаў, больш прыдатных для гастрольных паказаў.

Vivat, гала!

І Оперны тэатр, і харэограф Вольга Костэль, рэжысёр фінальнага гала, прыклалі шмат намаганняў, каб мадэрнізаваць традыцыйную структуру. Думаю, знаходкі Костэль будуць актыўна «тыражыравацца». Напрыклад, выкарыстанне ў гала камп’ютарнай графікі, якая дапамагае адчуць атмасферу нумара, краіны, танцавальнага стылю. ХХІ стагоддзе — трыумф візуальных мастацтваў, і не ўлічваць гэтага ў рэжысуры нельга.

Свежасці праекту дадалі і закулісныя галасы зорных салістаў нашага балета, цяперашніх і ранейшых. Зала слухала зачаравана, бо «вялікі нямы» (маўклівыя артысты балета) нарэшце загаварыў! Асобных рэплік нават было мала. Хацелася доўжыць гэтую радасць адкрыцця знаёмых незнаёмцаў. Некаторых артыстаў пазнавалі па галасах — Людмілу Бржазоўскую, Юрыя Траяна, Таццяну Шаметавец. А некаторыя галасы інтрыгавалі — а хто гэта?! Пытанні простыя — пра першыя ўражанні ад тэатра і першыя ролі. Пра навучанне і траўмы. Пачуванне сябе на сцэне. Калі ў фінале гала на экране з’явіліся твары, публіка горача заапладзіравала.

Цяпер пра ўласна танцавальныя ўражанні. Заўважыла: як толькі прыязджаюць госці, яны абавязкова танцуюць тое, што мы мала ведаем. І па музыцы, і па харэаграфіі. Напрыклад, дуэт Дацкага каралеўскага балета, Холі Доргер, выхаванка Амерыканскай школы балета ў Нью-Ёрку, і Марчын Крупінскі, выпускнік балетнай школы ў Гданьску, выконвалі класічнае па-дэ-дэ ў харэаграфіі Баланчына. Максім Войцюль і Аляксандра Ляшэнка, вядучыя салісты Польскага нацыянальнага балета, паўсталі ў харэаграфіі Віктара Гзоўскага. Дарэчы, Войцюль — таксама «наш». Здолеў у Варшаве стаць вядучым салістам. Бездакорная пастава. Лёгкасць скачкоў і вярчэнняў, зайздросная стыльнасць.

Як толькі ў класіцы выходзяць нашы, дык абавязкова прэзентуюць нумары, бачаныя ўжо сто пяцьдзясят разоў. Я апладзірую майстэрству нашых салістаў, але не ведаю: гэта публіка патрабуе нумароў, якія сталі абавязковымі, як «школа» ў фігурыстаў?! Мая б воля, дык я б увяла мараторый (гадоў на 5-10) на выкананне асобных фрагментаў з класічных балетаў. З якім захапленнем мы б іх потым глядзелі!

Якія яшчэ думкі ўзнікалі падчас гала? Пра тое, што індывідуальнасць артыста найперш фарміруе сучасная харэаграфія і партыі, пастаўлены менавіта на яго. Як арыгінальна і нязвыкла выглядалі ўсе нашы салісты ў сучаснай пластыцы! Якімі раскаванымі паўставалі Ірына і Алег Яромкіны ў «Libertango» (харэаграфія Вольгі Костэль). Мініяцюра «Юнак і смерць» гэтага ж пастаноўшчыка ў выкананні Вольгі Гайко і Ігара Аношкі давала нечаканую трактоўку вядомаму сюжэту.

Магчыма, самае моцнае ўражанне пакінулі Людміла Кудраўцава і Дзяніс Клімук у нумары «Fado» (харэографы Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў). І пластыка, і тонкі сэнсавы кантраст сцэнічнага адзення (яе ярка-чырвоная рэнесансная сукенка і ягоная сціпла-сучасная вопратка) прымушалі ўспрымаць герояў не толькі як прадстаўнікоў розных сацыяльных слаёў. Яны, нібыта Рамэа і Джульета, прадстаўнікі розных часоў, якія сустрэліся на скрыжаванні эпох. У мініяцюры такі напал пачуццяў, такая экспрэсія, якую ад лірычнай і далікатнай Кудраўцавай, здавалася б, і чакаць немагчыма. Паспрабавала ўспомніць, што было пастаўлена з разлікам на яе індывідуальнасць у апошнія 10 гадоў? Нічога! А як эфектна выглядаў на сцэне Дзяніс Клімук! Сезон працы ў Тэатры балета пад кіраўніцтвам Барыса Эйфмана відавочна паспрыяў глыбіні і сэнсавай напоўненасці яго танца. Відавочна: у тую трупу Клімук выправіўся хутчэй за ўсё таму, што засвоіў у Мінску ўсё, што мог.

Дасціпную мініяцюру «Мача» ўвасобіў Алег Габышаў, саліст Тэатра Эйфмана. Артыста любіць мінская публіка, памятае яго па ролях Канстаніцна Трэплева, Міці Карамазава. Супрацоўніцтва з такім харэографам, як Эйфман, відаць, правакуе на самастойную творчасць. Бо Алег выконваў мініяцюру, якую паставіў для сябе.

Эфектным дуэтам завяршалі «парад-але» Канстанцін Кузняцоў, нядаўна ганараваны званнем «Народны артыст Беларусі» (ён асоба шматгранная: артыст, педагог-рэпетытар, харэограф, фатограф, у архіве якога першакласныя здымкі закулісся і спектакляў), і Кацярына Алейнік, зорка наша, але адначасова запрошаная салістка Вашынгтонскага балета. Заўважу: з сучасных беларускіх выканаўцаў Амерыку скарылі толькі дзве салісткі — спявачка Волкава і балерына Алейнік.

А якія перспектывы?

Сам праект абяцае паступова набываць аўтарытэт і важкасць. На прэс-канферэнцыі, якая папярэднічала «Балетнаму лету», арганізатары звярнулі ўвагу на такую акалічнасць. У снежні 2014 года ў Мінску пройдзе пяты па ліку Калядны оперны форум. А ў яго межах — першы міжнародны конкурс вакалістаў. Калі балетны фестываль паступова набярэ абароты, верагодна, што праз некалькі гадоў у межах яго таксама адбудзецца міжнародны конкурс артыстаў. Такіх спаборніцтваў у свеце хапае, але аўтарытэт пэўнаму надаюць традыцыі, імідж, які фарміруецца гадамі. Калі мы імкнемся быць прыкметнымі і яркімі ў харэаграфічным свеце, дык чаму б і не?.. Замах годны і выклікае павагу.

За апошнія гады мы грунтоўна пазнаёміліся з грузінскім, літоўскім і эстонскім балетам. Хацелася б да спіса дадаць польскі і ўкраінскі. І далучыць асобныя калектывы. Напрыклад, Міхайлаўскі тэатр Пецярбурга (і яго салістаў, «нашага» Івана Васільева і яго партнёрку Наталлю Осіпаву). Маскоўскі тэатр імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. Думаю, наступным летам мы пазнаёміліся і з новымі салістамі з розных краін. Пачакаем. Бо пачатак праекта абнадзейвае і дае прастору для самых смелых фантазій.

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі