Цела як досвед

№ 9 (378) 01.09.2014 - 30.09.2014 г

«Anatomiа» Дзіны Даніловіч
Куратарскі праект Дзіны Даніловіч «Anatomiа» нарадзіўся год таму ў Віцебску. Першая выстава адбылася ў красавіку 2013-га адначасова ў дзвюх залах — Арт-цэнтры Марка Шагала і Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва.

Сёлетняе віцебскае экспанаванне «Anatomiі» сабрала 19 удзельнікаў з Беларусі, Польшчы 
і Чэхіі. Паказ у Мінску аб’яднаў напрацаваны за гэтыя гады матэрыял, прадставіў яго амаль цалкам і даў цудоўную магчымасць добра пазнаёміцца з праектам.

Гэта варта было зрабіць, бо «Anatomia» — адна з самых цікавых падзей беларускай арт-сцэны. Праз спектр удзельнікаў, сярод якіх і прызнаныя майстры, і пачынаючыя мастакі. Праз яго відавочны патэнцыял. Але найперш таму, што праект закранае адну з самых важных і актуальных тэм сучаснай культуры, якая — паводле міжнароднай выставачнай практыкі — з’яўляецца і адной з самых глядацкіх.

Фармулюецца тэма так: цела і цялеснасць (гэта значыць практыкі, у якіх бярэ ўдзел цела).

«“Anatomia”, — сведчыць прэс-рэліз, — міжнародны праект у вобласці візуальных мастацтваў, аб’ектам якога з’яўляюцца даследаванне праблемы ўспрымання чалавечага цела (межы цела і праблема самаідэнтыфікацыі, разбурэнне цялесных стэрэатыпаў і эратычнае ўспрыманне цела) і цялеснасць». Якраз перад экспанаваннем «Anatomiі» ў Цэнтры сучасных мастацтваў дэманстравалася яшчэ адна куратарская выстава — «Nu» (вельмі някепская, між іншым), і параўнанне дазваляе растлумачыць рознасць куратарскіх падыходаў.

«Ню» — жанр выяўленчага мастацтва, у якім увасабляецца аголенае цела. Узоры галізны вядомы з часоў Старажытнага Егіпта, але вяршыняй яе ўшанавання стала цывілізацыя Старажытнай Грэцыі — час, калі чалавек быў здольны без сораму глядзець на сябе ніжэй пояса. Бо ў наступным — рымскім — перыядзе антычнасці стаўленне да галізны змянілася. Так, грэчаскую скульптуру шанавалі і актыўна капіравалі, але на стадыёнах не займаліся аголеныя атлеты, прынцыпова іншым стаў касцюм. Ён больш не быў «рэхам чалавечага цела», а хаваў яго пад прыгожа выкладзенымі складкамі тогі.

У Сярэднявечнай Еўропе выява аголенага цела была жорстка абмежавана нешматлікімі біблейскімі сюжэтамі. Ёсць цудоўнае выказванне, што грэчаская галізна ў мастацтве — гэта гераічнае цела, якое горда дэманструе сябе ў палестры, а хрысціянская аголеная натура пачынаецца з цела, якое сцялася ад асэнсавання граху.

У часы Адраджэння становішча змянілася, але і там хапае праблем, бо нагата па-ранейшаму ўвасабляецца ў межах алегарычнага і міфалагічнага жанраў. У апошнім з рафаэлеўскага «Суда Парыса» пачынаецца дамінаванне жаночай аголенасці над мужчынскай. З Адраджэння маляванне аголенай натуры робіцца асновай адукацыі (разам з вывучэннем перспектывы і антыкаў). Упершыню гэтая дактрына была выкладзена ў жывапісным трактаце Леона Батыста Альберці: яго апісанне акадэмічнай практыкі амаль дакладна адпавядае яе сённяшняму стану.

Канчатковае фарміраванне «ню» як жанру адбылося ў XVII стагоддзі. Далей ён будзе змяняцца, узбагачацца, эвалюцыянаваць, на мяжы XIX—XX стагоддзяў набудзе вялікую вольнасць эмацыйнага выказвання, звязаную з пошукам новых мастацкіх сродкаў. Ён будзе больш ці менш распаўсюджаным, але ніколі не стане дамінуючым. Мастацтва не ўздымецца да ўтапічнай ідэі стварэння мастацкай формы на падставе чалавечага цела. Адзін з сучасных філосафаў заўважыў, што скажоны болем твар Васіля Шукшына на знакамітым фотаздымку з цыгарэтай — гэткая ж прыкмета часу, што і паліклетаўскі «Дарыфор». А якое там у яго цела — не мае значэння. За такую адухоўленасць твараў чалавецтва «заплаціла целам», стратай яго гордага адчування. Бадай, яно і так.

Але ніколі не кажы «ніколі».

Напрыканцы ХХ стагоддзя пад уплывам навукі ў мастацтве фарміруецца новая цікавасць да цела. Яно больш не лічыцца аб’ектыўнай прыроднай дадзенасцю, цікавай толькі для біялогіі і медыцыны, узнікае яго разуменне як вельмі складанага сацыяльнага канструкту. Новы канцэпт паступова пранікае ва ўсе навукі пра чалавека і грамадства. І не толькі ў навукі. Цялесная тэматыка ў сучасным мастацтве надзвычай разнастайная. Аголенасць існуе не сама па сабе, а праз прызму складаных праблем. Арлан, Марына Абрамовіч, Зханг Хуан. Згадкі ўжо толькі гэтых імён дазваляюць уявіць поліфанію мастацкіх пошукаў, заснаваных адначасова і на пошуках адэкватных сродкаў выказвання. Таму цела сёння — адна з самых цікавых, самых захапляльных і няпростых рэчаў, якім займаюцца і мастацтва, і навукі пра чалавека і грамадства. Розніца паміж праектамі «Nu» і «Anatomiа» — у куратарскіх падыходах, зарыентаванасці на жанр увогуле альбо прынцыпова на найноўшыя мастацкія пазіцыі. Пытанне «У якім праекце існаваць?» можа залежыць толькі ад жадання самога мастака. І ад паразумення з арганізатарамі...

У мінскім экспанаванні «Anatomiі» ўдзельнічалі Ігар Саўчанка, Уладзімір Парфянок, Сяргей Кажамякін, Віктар Сянькоў, Антон Сянькоў, Сяргей Ждановіч, Канстанцін Селіханаў, Уладзімір Макаркоў, Аляксей Літвінка, Вольга Хахлова, Таццяна Лісоўская, Алена Гайдук. Чэхію прадставіў Здэнек Лготак, а Польшчу — Радаслаў Берэнт. І сама Дзіна Даніловіч. Яе, як галоўную асобу праекта, трэба прадставіць больш падрабязна.

Знаёмцеся, Дзіна Даніловіч — мастачка і куратарка. Спалучэнне цікавае, хоць не такое і рэдкае. Яно прымушае больш уважліва прыгледзецца да асобы, бо ў мастацкіх колах чамусьці негалосна лічыцца, што старонняя аналітычная дзейнасць (куратарства ў тым ліку) замінаюць мастаку ў поўнай ступені аддавацца творчасці. Самай вядомай ахвярай уласнай аналітыкі лічыцца Ігар Грабар. Калі лёс даў магчымасць пазнаёміцца з яго творчасцю ў поўнай ступені, я ўбачыла, які ён шыкоўны мастак. Можа, гэта рэдкі поліфанічны тып таленту, можа, спрацавалі яго паходжанне і выхаванне, але Грабар — напраўду выбітны мастак і мастацтвазнаўца, рэстаўратар і музейны дзеяч, асветнік і педагог. Больш таго, напісанне мастацтвазнаўчых тэкстаў і куратарства праектаў — не супрацьлеглая, а натуральная, біялагічная частка самога мастацтва, якая ўнутры яго і нарадзілася. Лыжачка дзёгцю ў гэтым мёдзе ўсё ж такі ёсць. Бо існуюць розныя таленты, розная заглыбленасць у справу, розная адукаванасць. Тое, чым вы займаецеся ў дадзены час, можа дамінаваць. Але ж гэта не хібы, а дадзенасць. Праблема вашай самарэгуляцыі, арганізаванасці і творчай жарсці.

Дзіна Даніловіч, і як куратарка, і як мастачка, арганізавана надзіва лагічна. Яна ярка і неяк адразу ўвайшла ў мастацтва. Першыя творы на віцебскіх выстаўках звярталі ўвагу думкай, выразнасцю пластычнай мовы, эфектнасцю. З пачынаючай мастачкай ахвотна экспанаваліся прызнаныя тамтэйшыя майстры. Верагодна, лёгкасць гэтых кантактаў і стала першым каменьчыкам у яе куратарстве. Даніловіч амаль імгненна пераадолела беларускія межы, і яе выставачнае жыццё пачало ахопліваць некалькі краін. І гэта паспрыяла яе куратарству, бо трэба было паспяваць. Засвоіць новую інфармацыю, злучыць розныя мастацкія досведы, наладзіць дыялог.

Дзіна Даніловіч ведае важную рэч: у мастацтве трэба ўважліва слухаць сябе. Таму яе куратарства настроена на лад уласных унутраных рэфлексій і хваляванняў. Адзіны крытэрый запрашэння ў праект Даніловіч: аўтар і твор павінны быць цікавымі куратарцы. Гэта і ёсць найлепшая пазіцыя, бо так яна не адчувае няўтульнасці, ціску, а дыхае вольна — як ля вакна. Таму куратарскія праекты Дзіны Даніловіч пры вонкавай рознасці вельмі цэльныя. Калі хочаце, гэта пашыраная рэпрэзентацыя самой мастачкі — яе думак, спадзяванняў, густу, тэмпераменту. Яны будуць змяняцца разам з ёй, і чым суб’ектыўней, тым цікавей. А куратар Дзіна Даніловіч, між іншым, ужо вельмі вопытны: да «Anatomiі» яна пяць год ладзіла міжнародны праект «Cinematograph».

Мастачка ўступае на дарогу, па якой даўно крочыць мастацтва, бо ў аснове ўсіх прадстаўленых тут твораў — дотык да вядомых рэлігійных сюжэтаў, да якіх звярталіся вельмі значныя асобы.

Пры падрыхтоўцы першай «Anatomiі» Дзіна Даніловіч цікавілася гісторыяй пакут рымскага легіянера Себасцьяна, які адным з першых прыняў Бога, пачаў агітаваць за веру і быў за гэта пакараны. Яго расстралялі з лукаў на плошчы. Нерухомае цела Себасцьяна выкінулі на сметнік на ўскраіне горада. Верагодна, стрэлы не закранулі жыццёва важныя органы, бо ад начной прахалоды пакараны ачуняў і да раніцы вярнуўся на месца сваіх пакут — як доказ волі і літасці Усявышняга. Себасцьяна загадалі забіць яшчэ раз, і гэта атрымалася. Але гісторыя яго вяртання на плошчу настолькі запала ў сэрцы італьянцам, што досыць хутка яны кананізавалі пакутніка. А з V стагоддзя ў мастацтве распачалося трыумфальнае шэсце вобразу яго прастрэленага і адначасова жывога цела. Хто толькі яго ні пісаў: Бальтрафіа, Мантэнья, Палаёла, Карпача, Бальдунг, Тыцыян, Каро, Далі, Сакалоў.

Дзіна паказала адразу некалькі твораў. Трыпціх «Пакуты Святога Себасцьяна», дзе цэнтральнай паясной выяве спадарожнічаюць дзве паласы, на якіх у тонда, бы ў клеймах, размешчаны твар пакутніка. У Віцебску гэты трыпціх быў інсталяваны ў форме крыжа, а ў Мінску ён, нібыта алтар, экспанаваўся прыстаўленым да сцяны. У наступнай зале мастачка прадставіла аднайменны дыптых са святымі Себасцьянамі, выкананы цалкам па-іншаму: гэта яе знакамітыя вялізныя каляровыя вадаспады са складана апрацаванай паперы, злучаныя з фотавыявай пакутніка. Абодва творы літаральна сцякалі па сцяне на падлогу, завяршаліся вялізнымі плямамі чырвані, таму пакутнікі стаялі нібы ў лужынах крыві. У персанажаў ляцелі не стрэлы, а доўгія каляровыя прастакутнікі і бясконцыя чалавечыя рукі, ад якіх проста немагчыма схавацца. Гэта не ўвасабленне падзей сівой хрысціянскай гісторыі, а яе парафраз. Рэлігійны сюжэт транслітаруецца на мову будзённага жыцця. Гэта тэма вялікіх і малых крыўдаў, праз якія ў штодзённых пакутах і перашкодах існуе наша цела. Ад выпадковых, непрыемных дотыкаў. Ад нязручнай сукенкі, залішне гарачага імбрыка... У кожнага цела свае пакуты.

У новым цялесным цыкле «Прыняцце Боскай існасці» Даніловіч адышла ад падрабязнасцей біблійнай сюжэтыкі яшчэ далей. Падставай для разважанняў яна абрала тэму выгнання з Раю. Біблейская гісторыя галоўнай няўдачы чалавека — адна з самых распаўсюджаных у мастацтве. Да яе звяртаецца нават персідская мініяцюра, падмацаваная пераказам у Каране. Як быццам бы даўно вычарпаны сюжэт, так шмат вялікіх творцаў па-свойму трактавалі яго, дадавалі мноства тонкасцей, каб глядач зноўку і зноўку задумваўся над вечным, знаходзіў нешта новае, важнае, што да гэтага не разумеў. Тут трэба мець дзёрзкасць.

Гісторыя выгнання з Раю зацікавіла Дзіну тым, што менавіта ў гэты момант чалавек упершыню ўсвядоміў сваё цела. Згадайма знакамітае: «І даведаліся яны, што голыя». Спалоханыя сваёй галізной, Адам і Ева пашылі сабе шырокія паясы з лісця смакоўніцы. Натуральна, тут толькі два галоўныя персанажы — мужчына і жанчына. Нават калі ў Мікеланджэла альбо ў фрэскавых цыклах выявы герояў паўтараюцца, гэта кшталту кінараскадроўкі, расповед сюжэтных акалічнасцей гісторыі. У Дзіны Даніловіч таксама некалькі «Адамаў і Еваў», але ў якасці сюжэтнага развіцця. Мастачка скарыстоўвае знакаміты ўорхалаўскі прыём паўтору малюнка. Яна гуляецца ў дакладнае і адхіленае. Старанна захоўвае дакладнасць выявы: тут плямачкі, радзімкі… І ў імгненне вока адхіляецца ад сапраўднасці. Праз колер, бо Даніловіч злучае каляровую і чорна-белую фатаграфію. Праз выцягнутае з дапамогай камп’ютара цела. Мастачка ўжывае біблейскі атрыбутны рад, але праводзіць яго праз сучаснае бачанне. Бансай у аднаго з цэнтральных «Адамаў», безумоўна, знак Дрэва Пазнання Дабра і Зла, але ён размешчаны так, што нагадвае гальштук і адарваную ўдаўку адначасова. Замест самаробных райскіх лісцевых паясоў мастачка «апранае» на персанажаў шырокія папярэчныя палосы, якія фактурай нагадваюць рызы на праваслаўных абразах. Адзенне, што выглядае і як старажытныя латы, і як сучасная бронекамізэлька, і як крылатка пазамінулага стагоддзя. Дзіўныя рэчы. Пяшчотныя дакрананне рукі. Пальмавае лісце. Суіснаванне традыцыйных элементаў з вытрымкамі з гісторыі мастацтва і найноўшымі элементамі прыўносіць у твор атмасферу патаемнага. Уражвае засяроджанасць на тварах. Інфарматыўныя таксама пазіцыі людзей і іх размяшчэнне. «Я не ставіла сабе мэтай праілюстраваць біблейскую гісторыю. Гэта проста вобраз, адпраўная кропка маіх разважанняў пра сорам, цэнзуру, прыняцце ўласнай галізны і ўласнага цела», — сцвярджае мастачка-куратарка.

І яна не самотная ў такім памкненні.

Гэтым «прыняццем уласнай галізны і ўласнага цела» зацікаўлены ў адным са сваіх праектаў мэтр чэшскай фатаграфіі Здэнек Лготак. Ён карыстаецца вядомымі кірункамі сучаснай фатаграфіі, калі цела здымаецца як ландшафт альбо асобнымі фрагментамі. Як бліскуча ён гэта робіць! Гэта трэба бачыць, бачыць, бачыць. Якія кампазіцыі, якое святло, якая натхнёнасць! Экспанаванне суправаджае трапны аўтарскі тэкст. У Лготака тут ёсць і другі шыкоўны праект: рэпартаж з даўняга адкрыцця спартыўнай Алімпіяды, пад дажджом і ў брудзе, — ён зрабіў аўтару сур’ёзнае міжнароднае імя. Куратарку праекта з гэткім удзельнікам можна павіншаваць самым шчырым чынам.

Прыстойных і вядомых мастакоў у «Anatomii» багата. Творчасць Ігара Саўчанкі, Сяргея Ждановіча, Сяргея Кажамякіна, Уладзіміра Парфянка не патрабуе асаблівай рэкамендацыі. Яны — прызнаныя аўтары.

Ёсць у праекце і работы зусім маладых творцаў. Наіўныя, шчырыя, кшталту «Сну ліцэіста» Вольгі Хахловай альбо «Eхotic. Girls and Fruits» Віктара Сянькова. Бясспрэчнай удачай стала экспанаванне фотасерыі Ганны Аксёнавай «Аўтапартрэт. Межы пакуты». Тонкія гульні сэнсаў, калі аўтарка пра ўласнае самаадчуванне распавядае праз інтэр’ер, у якім яна сама, часткі яе цела выглядаюць як стафаж. Альбо нечакана дзёрзка. Дасціпна. Іранічна. І боль тут адчуваецца сапраўдны.

Так, праект моцна зарыентаваны на фотамастацтва. Таму скульптуры Канстанціна Селіханава і інсталяцыя Уладзіміра Макаркова выглядаюць нечакана самотна. Але ж на агульнае ўражанне моцна ўплывае адчуванне складанай прасторы. Бо памяшканні былых акадэмічных майстэрняў цяжкія для засваення. Тут шмат пакояў, якія дазваляюць рабіць асобныя экспазіцыі, але адсутнічае вялікая зала, што робіць няпростай задачу цэльнага экспанавання праекта. Трэба ўлічваць існуючыя манументальныя роспісы. У асобных залах увесь час звяртаеш увагу на форму вокнаў і саміх пакояў. Цэнтру трэба было б атрымаць яшчэ адно памяшканне, а тут зрабіць мастацкія рэзідэнцыі…

Але экспазіцыя праекта створана вельмі ўдала. Зрэшты, пры вялікай колькасці ўдзельнікаў розныя залы — толькі плюс. Партнёрства на кожнае памяшканне падабрана вельмі лагічна. Надзвычай дасціпна ў гэтым інтэр’еры пададзены люстэркі. І чорная зала з творамі Дзіны выглядае шыкоўнай знаходкай.

Але пры ўсёй рознасці ўдзельнікаў, пры ўсёй складанасці экспанавання, у «Anatomii» ёсць тое, што яе яднае і робіць праектам, а не групавой выставай. Гэта выразна бачная маньерыстычная тэндэнцыя, якая прасочваецца ў творчасці кожнага аўтара. У творах Канстанціна Селіханава і Радаслава Берэнта, напрыклад. Альбо ў Ігара Саўчанкі, Антона Сянькова, Таццяны Лісоўскай. Нават у рэпартажным праекце Лготака, бо яго персанажы выглядаюць не толькі вязнямі гета ці канцлагера, але і антыкамі з рэльефа. Маньерыстычная тэндэнцыя — адна з вядучых у сучаснай культуры з канца 1970-х гадоў. Творцы-інтэлектуалы сёння вельмі ахвотна выкарыстоўваюць цытаты, рэканструююць іх і надаюць ім новае жыццё.

«Anatomiі» два гады. Пэўны шлях у сваёй творчасці прайшла Дзіна Даніловіч. Ужо сабрана аўтарскае кола, бачна, што і хто ёсць побач. Праект пачынае сталець, таму і паўстае заканамернае куратарскае пытанне «Што рабіць?». Дакладней, што і як рабіць далей...

Слухаць сябе. Набірацца новага вопыту — магчыма, праз кантакты з аналагічнымі праектамі. Выпраўляць хібы. Бо этыкетаж мусіць быць на адной працоўнай мове. Брак суправаджальнага тэксту — гэта таксама рэч, якой лёгка пазбегнуць. Мастацтвазнаўчая мытня тут — не толькі карысная, а часам і вельмі неабходная. Бо дзіўна чытаць у аўтарскай эксплікацыі, што яго праект зарыентаваны на старажытнагрэчаскі класіцызм. Класіцызм — больш позняя катэгорыя, а ў антычным мастацтве быў перыяд старажытнагрэчаскай класікі, класічны перыяд. І частка праблем, якія аўтар выводзіць з позняе класікі, насамрэч належыць геніяльнаму прарыву эліністычнага, наступнага перыяду антычнасці. Будзьма лічыць гэта не злоснымі прыдзіркамі, а згадкамі пра неабходнасць пэўнай карэкціроўкі. Бо з гэтым праект выходзіць на гледача. А самі ідэя і творы тут — вельмі цікавыя!

Сучаснае мастацтва даказала, што аголеная натура — не проста ўвасабленне цела. Яно спрабуе суаднесці гэта з усімі існуючымі структурамі, якія з’яўляюцца часткай нашага вобразнага вопыту. Чалавек жыве ў свеце, насычаным неверагоднай інфармацыяй. І вопыт яго фізічнага жыцця надзвычай шырокі. Зноў, як некалі ў сівой даўніне, мастацтва не спыняе намаганняў усвядоміць сэнс і парадак Сусвету праз асэнсаванне цела.