Блюз жалезнага даху

№ 9 (378) 01.09.2014 - 30.09.2014 г

Выстава Сяргея Балянка
Сяргей Балянок — адзін з самых знакамітых беларускіх графікаў, мастак-афарміцель шматлікіх знаёмых з дзяцінства кніг, а таксама (для многіх сюрпрыз) тонкі жывапісец. Аўтар валодае рэдкай для сучаснага творцы якасцю — уменнем здзіўляць.

Здзіўляць унутраным светам, самотным і праўдзівым, нечаканай філасофскай развязкай і нібы крышталізаваным падабенствам нас з героямі гэтых кампазіцый.

Сяргей Балянок нарадзіўся ў 1954 годзе ў Кіеве. Па сканчэнні Львоўскага паліграфічнага інстытута пераехаў у Мінск. Працаваў старэйшым мастацкім рэдактарам у выдавецтве «Універсітэцкае» (1980—1989). Пазней быў галоўным мастацкім рэдактарам у выдавецкіх кампаніях «Эрыдан» (1992—1994) і «Беларусь» (1995).

Графічны стыль Сяргея Балянка своеасаблівы і адметны. Мастак мадэліруе форму кароткімі, роўнымі ці крыху закругленымі штрыхамі, якія нагадваюць мазкі імпрэсіяністаў. «Мае штрыхі атрымоўваюцца проста, самі сабой. Вось вядзеш іглу па метале і не заўсёды ж куды трэба, але мая задача своечасова прыпыніцца. Насамрэч гэтая якасць патрэбна не толькі ў мастацтве», — разважае творца. Цікавіць яго і пытанне суадносін таленту і рамяства: «Ты можаш быць цудоўным рамеснікам і тэхнаром, але талент, тое, ад чаго сэрца кожнага чалавека будзе гарэць і не разумець чаму, менавіта гэтая якасць, на жаль, мала ў каго маецца. Я вучыўся акадэмічна правільна маляваць пяць гадоў, астатнія трыццаць адвыкаю ад гэтага».

У афортах Сяргея Балянка выдатнае пачуццё кампазіцыі, сілуэта, дакладнасць лініі, пераканаўчасць малюнка. Цікава, што на асобных графічных аркушах вымаляваны ледзьве не кожная цаглінка, квадрат, складка; тым не менш выява захоўвае цэласнасць, не дробіцца на фатаграфічны пералік дэталей. Уражвае рэдкі лаканізм манеры. Такім яркім, пераканаўчым малюнкам можа валодаць чалавек з выдатнымі кампазіцыйнымі здольнасцямі, тэмпераментам і фантазіяй, беспамылковым прафесійным вокам.

На свой сюжэт Балянок глядзіць адначасова вачыма мастака, паэта і філосафа. Дзіўны сплаў рэалістычнай дакладнасці, фантазійнай свабоды і бездакорнага густу — адметныя рысы яго выяў. Творца ўвасабляе не пейзажы, постаці і прадметы, а адчуванні, успаміны і эмоцыі. Усё завісае ў бязважкасці і ў любы момант можа ўпасці, тым самым перайсці з лёгкай формы экспанавання ў форму цяжкую, сваёй праўдай і безвыходнасцю жыцця зносячы ўсё на сваім шляху. Можа, у гэтым і ёсць сакрэт яго прац? Пры гэтым зямля заўсёды трактуецца мастаком у прасторы. Па сцежках, якія пралягаюць праз гарадскія вуліцы, здаецца, можна прайсці, часам — дзесьці прысесці, каб замовіць сабе кубачак кавы… і застацца назаўжды, бо кожны з нас выбудоўвае сваю ўласную філасофію, але наколькі ж яна блізка да аскетычнага мінімалізму графікі мастака! Архітэктурныя ландшафты горада маюць другі, трэці, а часам і чацвёрты план, аднак прадметы, нягледзячы на досыць дэталёвую апрацоўку, не насоўваюцца на гледача. На выявах — не нейкія канкрэтныя вуліцы ці дамы, а пераасэнсаванні падабенстваў розных гарадоў. Карціны Балянка ўвасабляюць стан чалавека ў вялікім горадзе.

Сваіх герояў, шэра-чорныя цені ў капелюшах, творца называе «страчанымі душамі з лішняй чаркай інтэлекту ў мозгу». «Выхаванне і адукацыя спрыяюць жаданню рабіць болей і лепей, рухацца далей. Але астатнія 80 працэнтаў насельніцтва Зямлі з’яўляюцца спажыўцамі і прыстасаванцамі. Тым, хто вылучаецца з масы, застаецца шукаць адказы на вечныя пытанні, на якія яны ніколі не знойдуць адказаў, — гэта нараджэнне і смерць. І так было заўсёды, гэтая безвыходнасць замкнёная ў цыклічнасці існавання».

У мастака ўсё пачынаецца з назвы, часта — гэта асобны літаратурны твор з аднаго радка: «Аднойчы ён проста не выйшаў», «Апорт, але калі не зловіш, можаш не вяртацца», «І ў акварыуме бывае пахмурна», «Вось толькі злезу з гэтага дрэва і абавязкова пайду», «Мабыць, можна сыходзіць або пачакаць яшчэ», «Няскончаная п’еса для гульні ў тры рукі», «Прыехаў вельмі рана, але было безнадзейна позна» і шмат іншых. І гэтая бруя паэтычнага кампанента зліваецца ў адзінае цэлае з візуальным, нараджаючы зусім асаблівае мастацкае выказванне — дакладнае і выразнае.

Жывапіс тыповага графіка Сяргея Балянка — імгненныя настраёвыя ўспаміны пра няўлоўныя моманты: блікі сонечнага святла, яркія колеры абрыкосаў з саду, марскія пырскі, крышталізаваныя на святле ў зімні халодны перыяд, — усё гэта з’яўляецца эцюдамі яго памяці. «Канешне, я мог бы зрабіць фота, потым накласці яго на палатно і ў выніку атрымаць правільна намаляваную лесіровачную працу, але мы жывем толькі раз!» — таму мы зноў бачым у якасці мазкоў кароткія, крыху закругленыя, імпрэсіянісцкія штрыхі.

Толькі сапраўдны летуценнік можа так лёгка дэманстраваць свету свае патаемныя цені ў капелюшах. А можа, наадварот — менавіта дзякуючы цвярозаму разуменню парадаксальнасці жыцця і лёсу чалавека Сяргей Балянок з’яўляецца безнадзейным аптымістам, які віртуозна кампануе сваіх бадзяжных шэрых герояў і пустэльныя пейзажы з ягоным жа сонечным і жыццесцвярджальным жывапісам. 

Каміла ЯНУШКЕВІЧ