Хто на кані?

№ 8 (377) 01.08.2014 - 31.08.2014 г

Скульптура і скульптары пачатку ХХІ-га
Выстава, зладжаная секцыяй скульптуры Саюза мастакоў, прадэманстравала стан развіцця гэтага віду мастацтва. Імёны бадай што ўсіх удзельнікаў на слыху, калі ідзе гаворка пра свежаўсталяваныя помнікі альбо ўвасобленыя праекты.

Арганізатары «Беларускай скульптуры: ХХІ» свядома імкнуліся адысці ад фармату традыцыйнай выніковай выставы — дэманстравання ўсіх магчымых дасягненняў. Толькі скульптура і прастора, ніякай фотадакументацыі манументальных аб’ектаў (якіх, дарэчы, у краіне за апошнія гады з’явілася нямала). Усё дзеля таго, каб не замінаць успрыманню зменлівых — у залежнасці ад глядацкага руху — скульптурных абрысаў. Працы невялікага памеру — з іх, уласна, і павінна была складацца экспазіцыя — гэта своеасаблівая творчая лабараторыя, плацдарм для апрабацыі наватарскіх, часам даволі радыкальных, кампазіцыйных і тэматычных пошукаў. Менавіта ў малых формах пульсуе жывая скульптурная думка, адточваецца для наступнага ўвасаблення ў манументальнай пластыцы. Зрэшты, новыя помнікі і мемарыялы, а таксама плён працы беларускіх аўтараў на скульптурных сімпозіумах як у Беларусі, так і за яе межамі, усё ж былі прадэманстраваны — падчас творчых сустрэч-прэзентацый з аўтарамі.

Тым не менш наяўнасці «вялікіх твораў» пазбегнуць не ўдалося, бо дамінантай праекта быў унушальных памераў — недзе ў дзве з паловай натуры — «Шэры конь» Сяргея Бандарэнкі. У гэтым — дэмакратыя ў чыстым мастакоўскім выглядзе. Так, выстава не сталася выключэннем са звычайных секцыйных творчых справаздач — яна абышлася без куратараў. Кожны сябра секцыі меў права прадэманстраваць любы твор, менавіта так быў сабраны матэрыял для экспанавання. Бандарэнка скарыстаўся магчымасцю паказаць сталічнаму гледачу фрагмент свайго помніка Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду, апошнімі чэрвеньскімі днямі святочна адкрытага ў Віцебску. І, ведаеце, тут цалкам дарэчнае наша тутэйшае «А можа так і трэба?», перш за ўсё таму, што пластыка велізарнага скакуна характэрная хутчэй для станковай скульптуры. У ёй няма манументальных абагульненняў. Бандарэнка, вядомы нават за межамі Беларусі як майстра невялічкіх конных статуэтак, упадабаў шлях дэталізацыі: кожны кавалачак конскай скуры разам з элементамі сядла і збруі прапрацаваны дасканала. Манументалісты так не робяць, бо на вышыні пастамента дробныя фрагменты разгледзець немагчыма.

Бандарэнкаўскі хвастаты волат пераканаўча акцэнтаваў увагу на конскай тэме, якой выстава была літаральна працята ў мностве разнастайных стылістык: ад гіперрэалістычнасці мармуровага «Коніка» Аляксандра Карамзіна да экспрэсіўнасці «Бега» Галіны Старавойтавай ці рамантызаванай знакавасці «Шпацыра пад месяцам» Аляксандра Суркова.

Грандыёзны конь, лунаючы над маленькімі скульптуркамі, надаў дадатковыя адценні агульнаму канцэптуальнаму пасланню экспазіцыі. Хіба скульптары — чорнарабочыя мастацкага працэсу, бо не з пэндзлікам маюць справу, а з сур’ёзнымі матэрыяламі і працэсамі, — не працуюць як коні? Хіба яны пры гэтым не павыкідвалі конікаў — стылістычных, тэматычных і гэтак далей? У рэшце рэшт, эквестрыяльны фрагмент помніка дарэчна нагадваў аб пакінутай за межамі экспанавання манументалцы.

На мой погляд, мела б сэнс дадаць да «Каня» Бандарэнкі імправізаваныя прыступкі, накшталт самалётнага трапа, каб забяспечыць наведвальнікам магчымасць пасядзець у вялікакняскім сядле, параўнаўшы сябе з сапраўды манументальным маштабам гістарычнай постаці... І тым не менш конь без вершніка — даволі моцны і сімвалічны вобраз выставы. У дачыненні да заяўленай прэзентацыі сучаснага стану беларускай скульптуры ён змушае задумацца: хто ж зараз «на кані»? Чыя творчасць сёння запатрабаваная, вызначальная ці, на край, паспяховая?

Секцыя скульптуры БСМ яднае каля васьмідзесяці мастакоў. У праекце прынялі ўдзел не ўсе з іх — асабліва шкада, што да Мінска не даехалі асобныя працы з рэгіёнаў... Іх адсутнасць кампенсавалася патэнцыйнымі сябрамі секцыі — моладдзю. Каб адштурхоўвацца найперш ад выставы, а не ад персаналій, паспрабую назваць найбольш характэрныя з прадстаўленых напрамкаў і тэндэнцый. А творы ды імёны — у іх межах.

Аголенае жаночае цела — мяркуючы па экспазіцыі — самая папулярная нагода для натхнення сучаснага беларускага скульптара. Значна часцей за конікаў сустракаліся дбайна прапрацаваныя феміны як у выглядзе класічнага «ню» ад Уладзіміра Ламейкі, так і «ню» этнічна-посткаланіяльнага — «Наомі» з чорнага дрэва Яраслава Філіповіча. Зрэшты, былі і жорсткія інтэрпрэтацыі жаноцкасці, прыкладам «Торс» Валянціна Борздага, літаральна закаваны ў метал. Аўтары выкарыстоўваюць цела жанчыны як універсальны пластычны модуль для алегарычных кампазіцый, сярод якіх «Прага» і «Купалле» Мікалая Барбарчыка, «Подых» Аляксандра Козела і «Святло месяца. Алегорыя прасторы і часу» Арцёма Мядзведзева. У гэтым доўгім шэрагу з’яўляецца нават іранічная алегорыя згаданага алегарызму — «Аголенная» Паўла Куніцкага, дзе торс жанчыны выяўлены як яблычны абгрызак.

«Агалёнка» супрацьлеглага полу ў экспазіцыі таксама прысутнічала, але ў мінімалістычных, параўнальна з жаночай, маштабах. Калі апошняя — часцяком аб’ект жадання і сімвалічнага прысвойвання, то мужчынскія скульптурныя целы амаль цалкам пазбаўлены эратызму. Гэты тэзіс добра ілюструюць цікавыя працы Эдуарда Астафьева, дзе галышы-мужчыны ўвасабляюць чысцюткую функцыю, узаемадзейнічаючы з рэальнымі фрагментамі нейкіх механізмаў.

Не страчвае папулярнасці партрэт, традыцыйна моцны і трывалы жанр айчыннай скульптуры. На выставе ёсць безумоўная класіка — «Партрэт Васіля Шаранговіча» Генадзя Мурамцава — і працы яго вучняў, напрыклад, дзіцячыя партрэты «Коля» і «Паліна» Валерыя Калясінскага, што па пластыцы апелююць да імпрэсіяністаў. Ёсць цікавыя фармальныя экзерсісы — кшталту «Партрэта» Уладзіміра Панцялеева і «Ван Гога» Аляксандра Бацвінёнка. З іх найбольш канцэптуальна завязаныя на матэрыял галовы працы Паўла Лявонава «Партрэт скульптара Анатоля Баразеннікава» і «Партрэт мастака», дзе дрэва выдатна абмяжоўвае, стрымлівае рухі жывых твараў творчых асобаў. Канцэптуальную серыю партрэтаў выставіў Канстанцін Селіханаў: рознамаштабныя бронзавыя галовы (культурных) герояў — нібы сузор’і на яго асобасным небасхіле. Цікава, што сярод выбітных персонаў — Сахарава, Бранявога і іншых — існуе партрэт «аднаго са шматлікіх» — нейкага невядомага аўтару С. Сямёнава, якога ён пераляпіў з вокладкі старога часопіса. Заўважу, што для скульптара несумненна мела сэнс нават пустэча бронзавых адліваў. Асабліва ў галаве Эйнштэйна.

Калі трактаваць скульптуру як перадусім асэнсаванае мастацкае выказванне, а не простыя пошукі пластычных прыгажосцей, то на выставе можна было знайсці выдатныя творы піянераў на гэтым шляху — «Сям’я», «Вячэрні блюз» і «Рука Творцы» Аляксандра Фінскага, а таксама «Джакамеці» і серыю сілумінавых рэльефаў пачатку 2000-х Уладзіміра Слабодчыкава. Але нешта новае — дагэтуль нябачанае — прапаноўвае наступнае пакаленне мастакоў: Віктар Копач — «Цыркуляцыя ў прыродзе», Андрэй Вераб’ёў — «Мелодыя», Уладзімір Ламейка — «Будаўнікам Салігорска прысвячаецца» ды іншыя. Дарэчы, самае канцэптуальнае выказванне зрабіў якраз Копач, заўсёднік інтэрнацыянальных скульптурных сімпозіумаў. Трыпціхам «Без назвы» 2004 года ён праілюстраваў ператварэнне звычайных манет у металічныя воплескі. Ці наадварот.

Пры гэтым сярод экспанатаў былі — ідэалагізаваныя, так, але вельмі выразныя — скульптурныя мэсіджы старэйшага пакалення. «Курапаты» і «Кастусь Каліноўскі» Анатоля Арцімовіча — творы амаль гатовыя для павелічэння і ўсталявання ў якасці помнікаў.

Што да ўласна пластычных разнастайнасцей, то іх стала відавочна больш, чым было на мінулай, дзесяцігадовай даўніны, справаздачнай скульптурнай выставе. Падаецца, кожны з наведнікаў сёлетняй экспазіцыі змог выбраць твор на свой густ. Я асабіста ўпадабаў «Торс» Уладзіміра Піпіна і «Танец» Дзяніса Кандрацьева.

Што ж, цалкам заканамерны скон постсацрэалістычнай пластычнай гамагеннасці. Радасна бачыць, што кожны з калег імкнецца да індывідуальнасці і пазнавальнасці сваёй манеры. Персаніфікаванасць творчых сусветаў — моцны бок сучаснай беларускай скульптуры, што і ілюструюць творы Аляксандра Шапо, Францішкі Брыгадзінай, Юрыя Анушкі, Мікалая Дробыша ды многіх іншых.

Адзначу таксама надзвычай шырокі дыяпазон паміж фігуратыўнасцю і фармалізмам. На выставе вызначыліся два супрацьлеглыя полюсы: дасканалая і звышдэталізаваная — да пазногцяў — фігуратыўнасць Сяргея Возісава ў «П’еце» (у суаўтарстве з Леанідам Белым) і крайні, амаль без прывязкі да рэчаіснасці, фармалізм Максіма Пятруля ў «Counter-Butterfly» (пры ўдзеле Валерыя Дудко). Паміж гэткімі антаганістычнымі пазіцыямі — разнастайныя і шматлікія дэвіяцыі. Тут знаходзіцца месца гратэскнай цялеснасці Марыны Капілавай; фармалізацыям — «сечанай» Міхаіла Канцавога, «пластычнай» Спартака Аруцюняна, «татальнай» Сяргея Більдзюка... Цікава заўважыць, што незалежна ад ступені фармалізму ці яго адсутнасці беларускія аўтары застаюцца традыцыйна схільнымі да стараннай выпрацаванасці формаў і паверхняў.

Экспазіцыя паказала: тое, з чаго зроблена скульптура, таксама мае значэнне. Выкарыстанне новых матэрыялаў ці новых тэхналогій даюць пэўныя перспектывы для скульптурнага прагрэсу. Нішу зварнога металу трывала займае Валерый Малахаў, прапаноўваючы цікавыя творы пакуль нязвыклай для Беларусі пластыкі. Эфектна выглядаюць спалучэнні розных парод паліраванага каменю фармальных штудыяў Уладзіміра Конанава «Зярнятка» і «Жэст». Прыцягваюць увагу дасціпныя камбінацыі Аляксея Сарокіна — каменя і металу ў «Культурным слаі», металу і дрэва ў «Аўтапартрэце з яечняй у галаве».

На вялікі жаль, я не маю магчымасці спыніцца на ўсіх цікавых творах і персаналіях, але яшчэ раз падкрэслю — кожны з удзельнікаў выставы годны глядацкай увагі.

Калі гаворка пра запатрабаванасць, то па-за канкурэнцыяй Андрэй Асташоў, аўтар выкшталцоных бронзавых статуэтак, якія паказваюць дзяцей на мяжы эратызму і маньерызму — менавіта гэтая тэма і стала яго пазнавальным трэйд-маркам. Асташоў — камерцыйна паспяховы ў Еўропе аўтар, уладальнік галерэі ў цэнтры Мінска, якая носіць ягонае імя. Звычайна скульптар камерна візуалізуе сваю асабістую мастакоўскаю рэчаіснасць, але на выставе здзівіў павялічаным маштабам твораў. Згаджуся, у такіх памерах яны ўжо не выглядаюць забаўляльнымі калекцыйнымі скульптуркамі — набываюць пераканаўчасць, нават пагражальнасць. І гэта, безумоўна, добра — мастацтву неабавязкова быць мілым.

Асобная частка праекта — персанальная выстава Галіны Гаравой. Знакавай для беларускай скульптуры аўтаркі, што адкрыла для калег новыя шляхі абвастрэння канцэптуальнага зместу праз выкарыстанне арыгінальных пластычных рашэнняў і абагульненняў. Выбітная — але, на вялікі жаль, мемарыяльная — экспазіцыя яе апошніх паліхромных твораў размясцілася на тым жа паверсе Палаца мастацтва, адасобленая ад калектыўнага паказу сцяной-перагародкай. Нешта старажытнаегіпецкае было не толькі ва ўмоўнасці мадэлявання — геаметрызацыі — яе драўляных постацей, але і ў трымценні залатых/чырвоных/чорных палосаў ці плямаў на іх паверхнях, якое адначасова яднала і драматызавала прастору Гаравой, робячы яе надзвычай цэльнай. Асабліва на кантрасце з асноўнай выставай.

З канца васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя Гаравая была адным з пачынальнікаў працэсу адыходу беларускай скульптуры ад жорсткай стылістычнай і змястоўнай рэгламентацыі сацрэалізму. У яе творчасці актуалізоўваліся новыя для таго перыяду сакральная і экзістэнцыяльная тэмы, нацыянальны кантэкст. Ідэя беларускасці выяўлялася ў выкарыстанні традыцыйных для драўлянай скульптуры ХIV—XIX стагоддзяў прыёмаў разьбы, афарбоўцы, лапідарных формах. У той жа час бронзавыя творы Гаравой наўпрост працягваюць еўрапейскія традыцыі працы з гэтым матэрыялам, што бяруць пачатак ад Канстанціна Бранкузі, шчасліва абмінаючы-пераскокваючы-ігнаруючы лакальныя фіксацыі на анатамічна дакладнай фігуратыўнасці і дэталізаваным акадэмізме. Скульптарка зазнала інтэрнацыянальны поспех — яна ўзнагароджана пачэсным ордэнам Францыі «Мастацтва і літаратура» (2005). Шмат яе твораў захоўваецца ў калекцыях па-за межамі краіны, у тым ліку і ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве.

Свабодны праход у персанальную выставачную прастору Галіны Гаравой — як сімвалічныя адчыненыя дзверы да новых перспектыў, куды, здаецца, пакуль няма магістральнага руху. Большасць твораў у галоўнай залі нясуць у сабе рэха той самай стылістыкі акадэмізму, якую Гаравая адкідае — і ад якой мы не ў стане адмовіцца, бо на ёй пабудавана наша скульптурная адукацыя. Мы «працягваем і захоўваем здабыткі» акадэмічнай школы, але Гаравая паказвае, што ёсць іншыя варыянты працягу. Прынамсі той, які абрала яна сама, у выніку — на пачатак ХХІ стагоддзя — аказаўся больш пераканаўчым. Так, нашы фармальныя эксперыменты ў наяўнасці, але ў параўнанні з творчасцю Гаравой ім відавочна не хапае паслядоўнасці. Нібыта мы ўсе дзесяць з нечым год неяк няўпэўнена тапталіся на парозе новага стагоддзя...

Я хачу быць зразумелым дакладна — у агульнай карціне, якую дае «Беларуская скульптура: ХХІ», насамрэч няма праблемы: эвалюцыйныя шляхі нічым не горшыя за рэвалюцыйныя. Акадэмізм, з якога мы ўсе выйшлі, — рэч неблагая. Вядома, «рэалістычнае» мастацтва сёння найбольш адпавядае запатрабаванням беларускага соцыума. А шматгадовае і ўпартае ўдасканальванне майстэрства выяўлення чалавечай фігуры — выдатны трэнінг для скульптара. Але ў адрыве ад архітэктурнай і сацыяльнай прасторы, ад інтэрнацыянальных скульптурных кантэкстаў, працэсаў і праблем — ці не нагадвае гэта вывучэнне лаціны ў шматмоўнай сучаснасці? Па выніках дзесяцігоддзя было б добра пабачыць колькі свежых, ні да чаго не падобных твораў нядаўніх выпускнікоў Акадэміі — і яны тут ёсць, але чамусьці выглядаюць больш традыцыйнымі, чым працы іх настаўнікаў і старэйшых калег.

Засталося дадаць, што праект «Беларуская скульптура: ХХІ» атрымаўся інтэрактыўным. Акрамя творчых сустрэч з дзейнымі беларускімі аўтарамі, што выступалі ў сваіх звыклых скульптурных іпастасях, з поспехам прайшоў паэтычны вечар, дзе айчынныя майстры разца і зубіла паказалі сябе годнымі прадаўжальнікамі «скульптурнай» паэтычнай традыцыі, якая вядзе свой пачатак ад самога Мікеланджэла.

Праект завершаны, выстава скончыла сваю працу. Якія ж высновы? Кожны вольны рабіць іх самастойна, але дакладнага адказу на пытанне: «Хто, усунуўшы ногі ў страмёны і ўзмахнуўшы шашкаю-стэкай, ачаляе беларускую скульптуру на пачатку стагоддзя?» — відавочна няма. Тым не менш выстава адлюстроўвае актуальныя тэндэнцыі і кірункі, якіх шмат і якія выглядаюць вельмі размаіта.

Сучасная беларуская скульптура — цікавая і шматслаёвая з’ява ў айчынным і (чаму ж не?) інтэрнацыянальным мастацтве. У ёй традыцыяналістычнасць мірна ўжываецца са смелымі нефігуратыўнымі пластычнымі эксперыментамі, а рамкі градацый паміж рэалістычным і фармалістычным падыходамі досыць шырокія. Гэткая стылістычная разнастайнасць абумоўлена найперш тым, што зараз паралельна працуюць чатыры пакаленні аўтараў, прычым кожнае з іх прадстаўляе свае метады і напрамкі. Асобныя вядуць уласныя творчыя пошукі — але нават пры такой акумуляцыі тэндэнцый сучасная беларуская скульптура захоўвае адметныя нацыянальныя рысы.