Вадзім ДАПКЮНАС: " Фестываль -- не толькі свята"

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Фестываль -- гэта заўжды адказны і нялёгкі клопат. Галоўная задача арганізатараў -- задаволіць шматлікія і разнастайныя густы прыхільнікаў тэатра. За звыклымі словамі «ідзе напружаная праца» -- вялікі пласт планамернай творчай, арганізацыйнай, вытворча-пастановачнай, інфармацыйна-рэдактарскай і адміністрацыйнай работы.

 /i/content/pi/mast/6/139/Dapkunas1.jpg
Пры фарміраванні рэпертуарнай праграмы выкарыстаны прафесійны досвед крытыкаў, рэжысёраў, журналістаў, арганізатараў тэатральнай справы. Дапамагалі супрацоўнікі міністэрстваў культуры, замежных спраў, інфармацыі, дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі і краін -- удзельніц фестывалю. Натуральна, для забеспячэння ўсяго вытворчага комплексу пытанняў не абышлося без садзейнічання мытных і памежных органаў, транспартных, гасцінічных і іншых службаў.
Задача выканаўчай дырэкцыі -- насыціць кожную фестывальную гадзіну добрым настроем, камфортнасцю і, галоўнае, высокім прафесіяналізмам мастацка-пастановачнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, які прымае фестывальную праграму.І ўсё гэта, я паўтаруся, дзеля задавальнення эстэтычных і культурных запатрабаванняў гледачоў.
Фестывалі і гастролі драматычных тэатраў, на мой погляд, даюць сёння адзіную магчымасць гледачу бачыць спектаклі ў паўнавартасным, першапачатковым мастацкім выглядзе. Менавіта такія і будуць прадстаўлены на III Міжнародным фестывалі тэатральнага мастацтва «Панарама».
Думаю, што запланаваныя майстар-класы, «круглыя сталы» навукоўцаў, тэатразнаўцаў, крытыкаў, сустрэчы з творцамі падчас прэс-канферэнцый дазволяць удзельнікам гэтых мерапрыемстваў зазірнуць у творчую лабараторыю кожнага з тэатраў-удзельнікаў, сусветна вядомых майстроў сцэны розных краін.
 /i/content/pi/mast/6/139/Dapkunas2.jpg

 "Гульцы" М.Гогаля. Студыя тэатральнага мастацтва (Масква, Расія).


«Панарама» для акцёраў, рэжысёраў, мастакоў і кампазітараў --цудоўная нагода сустрэцца, пабачыць адзін аднаго ў працы і ацаніць дасягнутае на сцэнічных падмостках.
Фестываль, натуральна, годна падтрымлівае дзяржава. Гэты клопат пра будучае нашага тэатра неабходны як сталым, так і маладым тэатральным дзеячам Беларусі.
Дэвізам фестывалю невыпадкова абраны словы «Тэатр без межаў». Сучасны драматычны тэатр розны па змесце і форме, а творчы працэс не падпарадкаваны межам.
Вельмі хочацца, каб сёлетні фестываль «Панарама» стаў працягам лепшых мастацкіх традыцый тэатральных імпрэз «Белая Вежа» ў Брэсце, «Славянскія тэатральныя сустрэчы» ў Гомелі, «Арт-кантакт» у Магілёве, «Маладзечанская сакавіца» ў Маладзечне, фестывалю творчай тэатральнай моладзі «Надзея» ў Гродне…
Упэўнены, што кожны, хто спрычыніўся да справы падрыхтоўкі гэтага тэатральнага праекта, жадае свайму дзецішчу творчага поспеху, новых яркіх адкрыццяў, добрага настрою і натхнення.
 

Вадзім ДАПКЮНАС,
кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі
Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы