Горад з іншага ракурсу

№ 8 (377) 01.08.2014 - 31.08.2014 г

ІІ Мінскі форум вулічных тэатраў
Калі глядзіш спектакль на вуліцы, адчуваеш натуральную свабоду. Ты вольны рухацца так, як пажадаеш, шукаць лепшую кропку, з якой захочаш глядзець выступленне. Вольны быць жывым, выяўляць свае эмоцыі, размаўляць не толькі з суседам, але і з акцёрам. Вольны сысці ў любы момант.

І нікому не перашкаджаеш. Такія правілы вуліцы. Так горад жыў два дні на ІІ Мінскім форуме вулічных тэатраў.

Размова пра яго пачалася вясною з не вельмі прыемных навін. Мінгарвыканкам прыняў рашэнне перанесці ўсе мерапрыемствы, запланаваныя на вяснова-летні перыяд на пешаходнай частцы вуліцы Карла Маркса (дзе летась праходзіў першы форум), у Верхні горад, які зрабіўся зонай гасціннасці падчас Чэмпіянату свету па хакеі. У інтэрнэце ўзнялася хваля абмеркаванняў і спрэчак. На пешаходнай вуліцы Карла Маркса ладзілася яшчэ і вялікая колькасць іншых імпрэз. Яна мае свае асаблівасці, і частка ўдзельнікаў, асабліва рамеснікаў, у Верхнім горадзе сапраўды апынулася ў невыгодным становішчы. Перамовы і перапіска з Мінгарвыканкамам ідуць дагэтуль. Ці вернуцца туды вулічныя артысты, невядома.

Другі форум вулічных мастацтваў літаральна прымусіў многіх мінчан даведацца пра таемныя і прыгожыя завулкі свайго горада. У натоўпе час ад часу чуліся воклічы радаснага здзіўлення. Сапраўды, Верхні горад для сёлетняга фэсту аказаўся вельмі ўдалай прасторай. У першую чаргу — праз разнастайнасць месцаў для выступлення: вялікая плошча, маленькія круглыя пляцоўкі, вузкія і не вельмі вуліцы, дворыкі, лесвіцы...

Летась на Першым форуме было адчуванне, што калектывы крыху збянтэжаны вуліцай: яны не выкарыстоўвалі прыродны ландшафт і «падарункі» гарадскога пейзажу. Тэатры выступалі на сцэне з каляровым заднікам, нягледзячы на натуральнае «індустрыяльнае» наваколле. А ўжо сёлета прастора выкарыстоўвалася больш прадуктыўна. Лепшым прыкладам гэтага стаў спектакль «Стрытвокер» славенскага калектыву «KUD Ljud», зроблены з дапамогай беларускай каманды. Гэты праект рэалізаваны ў шматлікіх гарадах Еўропы — Любляне, Марселі, Грацы, Норвічы і інш. Інтэрактыўны спектакль вырашаны ў форме экскурсіі. Яго пастаноўшчыкі знайшлі ў Верхнім горадзе шмат нечаканых аб’ектаў сучаснага мастацтва. Там ёсць свае Малевіч, Ротка, Полак, ёсць працы ў тэхніцы тактылізму і саўнд-інсталяцыі.

Экскурсіі аказаліся вельмі запатрабаванымі, збіралі мноства наведвальнікаў і раніцай, і пад моцным дажджом. Часам колькасць гледачоў пад канец спектакля падвойвалася — мінакі чулі, што адбываецца нешта цікавае, і далучаліся пасярод дзеі. Праект «Стрытвокер» мае шмат значэнняў. Здаецца, яго задача не паздзекавацца з канцэптуальнага мастацтва, а наадварот, даць штуршок да яго разумення. Такая вандроўка дапамагае па-новаму зірнуць на горад. Многія вопытныя вулічныя артысты лічаць, што тэатральнае мастацтва з цягам часу ўсё больш істотна ўплывае на аднаўленне гарадской прасторы.

Напрыканцы спектакля ў кожнага гледача была магчымасць паблукаць з маментальнай фотакамерай па бліжніх вуліцах і знайсці аб’екты мастацтва на сваё вока. Насуперак чаканням, мінская публіка не аказалася сціплай. Рэжысёр «KUD Ljud» Яша Енул распавёў, што для першых фестывальных спроб прыгожае турыстычнае месца якраз пасуе «Стрытвокеру», але агульная канцэпцыя праекту прадугледжвае яго паказ у нетыповай прасторы, напрыклад, у Малінаўцы або Шабанах.

Дарэчы, інтэрактыўнасць з’явілася яркай асаблівасцю фестывалю, якую адзначалі і мінскія, і замежныя госці. Элементы ўзаемадзеяння з публікай былі амаль у кожнага тэатра. І гэта вельмі пазітыўная тэндэнцыя. Зразумела, падручнікаў па інтэрактыўным тэатры няма. Час ад часу можна трапіць на пэўны майстар-клас. Сёлета ў Санкт-Пецярбургу па ініцыятыве знакамітага вулічнага тэатра маскі «Вандруючыя лялькі спадара Пяжо» ладзіўся семінар «Адкрытая інтэрактыўная імправізацыя. Экстравертны тэатр». Там тэатразнаўцы, псіхолагі і інтэрактыўныя трупы (у тым ліку беларускі калектыў «Мусташ») упершыню паспрабавалі стварыць слоўнік тэрмінаў і класіфікацыю паняццяў інтэрактыўнага тэатра. Гэтага не дастаткова, таму так важна на форуме ў адным месцы ўбачыць розныя мадэлі ўзаемадзеяння.

Тэатр узаемадзеяння «Мусташ» на мінскім фэсце паказаў прэм’еру «Паштавікі». Акцёры ў абліччах паштальёнаў разносілі гледачам лісты, паштоўкі і пасылкі. Пад канец выступу ўсе жадаючыя мелі магчымасць напісаць каму-небудзь ліст. Цягам форуму «Паштавікі» зматывавалі людзей падпісаць 57 паштовак і 13 лістоў. Незвычайны інтэрактыў прапанаваў народны тэатр «Кола» з Віцебска. Іх «Форум-стрыт» — вулічная версія форум-тэатра. Асабліва нечаканымі былі першыя хвіліны тэатральнага «падману», калі без усялякай аб’явы дзяўчынка-актрыса пачала нешта гучна крычаць на плошчы. Дзея развівалася, і мінакі здагадаліся, што гэта спектакль. Цікава, на вуліцы гледачы адразу ўцямілі правілы існавання форум-тэатра: калі вы не пагаджаецеся з паводзінамі герояў, можаце крыкнуць «стоп», замяніць аднаго з артыстаў і выказаць уласнае рашэнне праблемы.

Элементы інтэрактыву прысутнічалі і ў вулічным праекце эксперыментальнага тэатра «Галава-нага». «Спектакль пра Гарыча», адрасаваны падлеткам, — рэальныя гісторыі акцёраў пра ўласнае дзяцінства і чытанне кніг пра Гары Потэра. Амаль у кожнай сцэне гледачам прапаноўвалі актыўны ўдзел: гульню, размеркаванне на магічны факультэт ці спробу пакаштаваць маміну кашу. Малады інтэрактыўны «Тэатр 42» прэзентаваў некалькі ідэй: у адным спектаклі артысты паспрабавалі зрабіць аркестр з вялікага натоўпу; у іншым — дзяўчынкі ў вобразах Пэпі Доўгайпанчохі ладзілі гульні з гледачамі. Хапала інтэрактыву і ў гасцей з Санкт-Пецярбурга: творчае аб’яднанне «Карнавальчык» прывезла спектакль «Гулянне-любаванне».

Зразумела, ніводны фестываль вулічнага мастацтва не абмінуць сцэнічныя творы, у якіх ярка выяўлена візуальная частка. Так беларускі «ІнЖэст» выступіў з перформансам «Aliens» («Чужыя»), у якім дзейнічалі іншапланецяне на хадулях. Таксама на хадулях шпацыравалі прывабныя вінтажныя зомбі ў спектаклі тэатра «Сё» з Санкт-Пецярбурга. Эксперыментальная трупа «Eye» паказала прэм’еру «Дон Кіхот», падчас якой у паветра ўзнялася вялікая колькасць мукі. Прыгожым і ўтульным спектаклем-пантамімай «Маручэла» паўдзельнічаў у мінскім форуме тэатр «Nikoli» з Кракава. Спектакль натхнёны старымі кінастужкамі і прасякнуты настальгіяй.

Удзельнікі фэсту засведчылі: публіка сёлета была вельмі адкрытай і здольнай да авантур. Некалькі гадоў таму мінскі глядач быў вельмі сціплым і мог толькі ціха пасмейвацца. Цяпер жа нашы людзі адчуваюць сябе больш спакойна і ўпэўнена, яны нарэшце не пужаюцца позіркаў акцёраў «вочы-ў-вочы», не збягаюць пасля прапановы выйсці ў цэнтр плошчы. Магчыма, у гэтым дапамог і фестываль вулічных мастацтваў «Grand teatro», які праходзіў разам з форумам тэатраў. Шматлікія жывыя статуі, аніматары, танцоры ажыўлялі публіку, рыхтавалі яе. Зрабіла сваё і адчуванне свята, выкліканае вялікай колькасцю замежных заўзятараў Чэмпіянату свету па хакеі.

Асаблівым госцем на фэсце была Фларыяна Габер, прафесійны крытык, аўтар некалькіх манаграфій па гісторыі вулічнага мастацтва Францыі. У Мінску яна прачытала лекцыю пра стан сучаснага вулічнага мастацтва Еўропы, дала якасныя парады арганізатарам і тэатрам. А таксама сабрала матэрыял для наступнага артыкула ў часопісе «Stradda» Французскай нацыянальнай асацыяцыі вулічных мастацтваў, дзе ўжо змяшчалася інфармацыя і пра першы фестываль.

Сёлета форум быў вельмі ўдалы для выступоўцаў і гледачоў, а для арганізатараў, зразумела, нялёгкім. Цяпер фестываль нагадвае дзіця, якое падае вялікія надзеі і лічыцца перспектыўным. Таму яго трэба ўсхваляць і прымушаць верыць ва ўласныя сілы. Менавіта так і рабіла на ўсіх сустрэчах Фларыяна Габер. Паводле яе слоў, кожны фэст вулічных мастацтваў павінен прайсці пэўныя ступені развіцця, у тым ліку адукацыю публікі, пошук калектываў якаснага ўзроўню і, зразумела, фінансавую і арганізацыйную падтрымку грамадства і дзяржавы. У гэтым годзе некалькі прыступак, безумоўна, былі адолены...

Алена Іванюшанка