Парад фільмаў. Ці ёсць сенсацыі?

№ 7 (376) 01.07.2014 - 30.07.2005 г

Да 90-годдзя беларускага кіно
У савецкі час на лёс кожнага фільма моцна ўплывалі тры фактары: дзяржаўная інстанцыя — заказчык, глядацкая аўдыторыя і ў пэўнай ступені кінематаграфічнае грамадства разам з крытыкамі і кіназнаўцамі. Унутры трыяды існавалі розныя тыпы адносін і сувязяў, таму беларускае кіно мела значны рэзананс у грамадскай свядомасці.

 За апошнія дваццаць з лішкам гадоў гэтыя адносіны зрабіліся больш просталінейнымі, абмежаваліся камунікацыяй, звязанай з рэкламай, касай або свецкай хронікай. У масавай свядомасці сучасны беларускі кінематограф як культурны феномен адсутнічае.

Паколькі набліжаецца 90-гадовы юбілей беларускага кіно, які будзе адзначацца 17 снежня, кіназнаўцы, крытыкі і кінажурналісты вырашылі згадаць лепшыя стужкі айчыннага кінематографа за ўвесь перыяд яго існавання. І расставіць іх «па ранжыры».

У апытанні, вынікі якога тут апублікаваны, удзельнічалі 24 эксперты (іх прозвішчы дадзены ў канцы артыкула). Кожны склаў уласны рэйтынг з 20 ігравых айчынных фільмаў, створаных «Белдзяржкіно» («Савецкая Беларусь») у даваенны час і на студыі «Беларусьфільм» (з 1994 года Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм») у пасляваенны. Кожная стужка атрымлівала пэўную колькасць балаў (вышэйшы — 20, ніжэйшы — 1). Балы падсумоўваліся, у выніку вылічаліся месцы. Апытанне ладзілася ў красавіку — траўні 2014 года. Ідэя належыць былому рэдактару кінастудыі Ізольдзе Кавелашвілі. Кантэнт-аналіз — Алы Бабковай.

Рэйтынг мастацкіх фільмаў
Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм»
(1926—2013)

Усяго ў спісе 77 стужак

месца

назва

сума балаў

1

«Ідзі і глядзі». 1985

(сумесная вытворчасць
«Беларусьфільма» і «Масфільма»)

Рэжысёр Элем Клімаў

360

2

«Чужая бацькаўшчына». 1983

Рэжысёр Валерый Рыбараў

327

3

«Я родам з дзяцінства». 1966

Рэжысёр Віктар Тураў

319

4

«Дзікае паляванне караля Стаха». 1979

Рэжысёр Валерый Рубінчык

316

5

«Праз могілкі». 1964

Рэжысёр Віктар Тураў

297

6

«Вянок санетаў». 1976

Рэжысёр Валерый Рубінчык

287

7

«Знак бяды». 1986

Рэжысёр Міхаіл Пташук

208

8

«Усходні калідор». 1966

Рэжысёр Валянцін Вінаградаў

180

9

«Альпійская балада». 1966

Рэжысёр Барыс Сцяпанаў

145

10

«Горад майстроў». 1965

Рэжысёр Уладзімір Бычкоў

133

11

«Людзі на балоце». 1982

Рэжысёр Віктар Тураў

104

12

«Дзяўчынка шукае бацьку». 1959

Рэжысёр Леў Голуб

96

13

«У жніўні 44-га...». 2000

Рэжысёр Міхаіл Пташук

90

14-15

«Шукальнікі шчасця». 1936

Рэжысёр Уладзімір Корш-Саблін

88

14-15

«Мяне клічуць Арлекіна». 1988

Рэжысёр Валерый Рыбараў

88

16

«Культпаход у тэатр». 1982

Рэжысёр Валерый Рубінчык

85

17-18

«Лясная быль». 1926

Рэжысёр Юрый Тарыч

80

17-18

«Да заўтра». 1929

Рэжысёр Юрый Тарыч

80

19

«Белыя Росы». 1983

Рэжысёр Ігар Дабралюбаў

79

20

«Ваўкі». 2009

Рэжысёр Аляксандр Колбышаў

78

У першай дзясятцы названы лепшыя фільмы 1960—
1980-х — самага плённага часу для беларускай кінакультуры. Гэта вялікая спадчына «шасцідзясятнікаў», што абнавілі наша кінамастацтва, далі моцны імпульс, грамадзянскі і творчы рух якога захоўваўся працяглы перыяд.

У 1994-м, напярэдадні 100-годдзя сусветнага кіно, ЮНЕСКА вырашыла скласці спіс 100 лепшых стужак усіх краін. Праўленне Беларускага саюза кінематаграфістаў вылучыла фільм «Праз могілкі» рэжысёра Віктара Турава, а кіназнаўцы і крытыкі назвалі ў якасці лепшай іншую карціну гэтага ж рэжысёра — «Я родам з дзяцінства». Да гэтага часу абедзве стужкі і лічыліся «самымі-самымі». Цяперашняе апытанне ўнесла карэктывы. На маю думку, яны тлумачацца тым, што па-мастацку больш каштоўным даследчыкамі ўспрымаецца філасофскае асэнсаванне трагедыі беларусаў у часы вайны. Яго рэжысёр Элем Клімаў разам з пісьменнікам Алесем Адамовічам і здолелі ажыццявіць у фільме «Ідзі і глядзі». Гэтая стужка заняла ганаровае першае месца.

На другім месцы «Чужая бацькаўшчына» Валерыя Рыбарава па сцэнарыю Вячаслава Адамчыка. Стужка пра быццё і лёс беларусаў на заходніх землях да вяртання ў савецкую сістэму. Пра што гэта сведчыць? Верагодна, адбілася туга па ўвасабленні нацыянальных тэм, паступова ўзняўся ўзровень нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Былы фільм-пераможца «Я родам з дзяцінства» таксама ўвайшоў у тройку лідараў.

Стужцы «Усходні калідор» спецыялісты аддалі 8-е месца. А вось у 1967-м раззлаваныя члены журы на Занальным кінафестывалі ў Малдавіі сцвярджалі: «Сярод паказаных у Кішынёве карцін адна... “Усходні калідор”... была аднагалосна прызнана антымастацкай з’явай і выведзена журы з твораў, якія падлягалі абмеркаванню». Мінуў час, вопыт савецкага (і беларускага) кіно пашырыў межы адлюстравання трагічных падзей вайны, тым больш ва «Усходнім калідоры» закранаецца тэма Халакосту. Таму ў прафесійным асяроддзі стаўленне да фільма Валянціна Вінаградава змяніліся. Цяпер наўрад ці хто прычэпіць на стужку ярлык «антымастацкая з’ява». Яна — пошук у метафарычнай, несюжэтнай галіне.

Цікава супаставіць рэйтынг крытыкаў і пракатны лёс фільмаў. Напрыклад, 9-10-е месца маюць стужкі «Альпійская балада» і «Горад майстроў», у свой час вельмі папулярныя ў гледачоў. Тут відавочна супадаюць сімпатыі масавай аўдыторыі і мастацтвазнаўцаў. Пра іншыя карціны так сказаць нельга. Нават «Дзікае паляванне караля Стаха» (4-е месца), фільм, які часта згадваецца ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі, не меў той аўдыторыі, якую мелі «Белыя Росы» (36,1 мільёнаў гледачоў у савецкі перыяд) або героіка-прыгодніцкая драма 1958 года «Чырвонае лісце» (33,1 мільёна). Па выніках кінапракату самая запатрабаваная карціна з фільмаў першай дзясяткі — «Ідзі і глядзі» (29,8 мільёна). Дзякуючы перабудовачным працэсам і фестывальнаму рэзанансу фільм меў той пракатны лёс, якога заслугоўваў. Расійскія тэлерэжысёры ўжо выкарыстоўваюць яго эпізоды ў стужках-рэканструкцыях падзей Другой сусветнай вайны.

Яшчэ адзін сімптаматычны вынік тычыцца першай дзясяткі: у ёй няма стужак новага стагоддзя. Толькі 13-е месца аддадзена фільму «У жніўні 44-га...» Міхаіла Пташука, пастаўленаму ў 2000-м. «Ваўкам» Аляксандра Колбышава адведзена 20-е месца. Карціна выклікала павагу кінематаграфістаў.

Што датычыць фільмаў, якія эксперты паставілі на 11-19-я месцы, дык тут сабраліся пракатныя трыумфатары розных дзесяцігоддзяў савецкага часу: «Мяне клічуць Арлекіна» (самы касавы фільм за ўсю гісторыю айчыннага кіно — 41,9 мільёна гледачоў), «Дзяўчынка шукае бацьку» (35,1 мільёна), «Шукальнікі шчасця» (дакладных дадзеных няма, але існуе шмат сведчанняў пра яго поспех не толькі ў СССР, але і ў іншых краінах свету, як і ў дзвюх папярэдніх карцін). Астатнія стужкі гледачы таксама не абыходзілі ўвагай, акрамя фільма «Культпаход у тэатр» (16-е месца), які зрабіўся фаварытам толькі ў кінакрытыкаў.

Калі адзначаць рэжысёра-лідара, то ім трэба лічыць Віктара Турава, тры фільмы якога трапілі ў дваццатку. Творца з пакалення «дзяцей вайны» перамог заснавальніка айчыннага кіно Юрыя Тарыча, які апякаў яго на пачатку шляху. Даваенная стужка Уладзіміра Корш-Сабліна, мастацкага кіраўніка і галоўнага аўтарытэта «Беларусьфільма» з другой паловы 1940-х да пачатку 1970-х, трапіла на 14-15-е месца. Гаворка пра «Шукальнікаў шчасця», камедыю з захапляльнай музыкай Ісака Дунаеўскага і цудоўным акцёрскім ансамблем.

Рэйтынг тэлефільмаў і серыялаў (1967—2013)

Усяго ў спісе 56 стужак

месца

назва

сума балаў

1

«Сведка». 1985

Рэжысёр Валерый Рыбараў

264

2

«Прыгоды Бураціна». 1975

Рэжысёр Леанід Нячаеў

250

3

«Бацькі і дзеці». 1984

Рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў

230

4

«Пра Чырвоны Капялюшык
Працяг старой казкі». 1977.

Рэжысёр Леанід Нячаеў

170

5

«Хам». 1990

Рэжысёр Дзмітрый Зайцаў

148

6

«Апошняе лета дзяцінства». 1974

Рэжысёр Валерый Рубінчык

132

7

«Доўгія вёрсты вайны». 1975

Рэжысёр Аляксандр Карпаў

118

8

«Корцік». 1973

Рэжысёр Мікалай Калінін

105

9

«Жыццё і смерць
двараніна Чартапханава». 1971

Рэжысёр Віктар Тураў

101

10

«Дзяржаўная мяжа». 1980—1987

Рэжысёр Барыс Сцяпанаў

94

11

«Бронзавая птушка». 1974

Рэжысёр Мікалай Калінін

89

12

«Гамлет Шчыгроўскага павета». 1975

Рэжысёр Валерый Рубінчык

83

13

«Фруза». 1981

Рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў

79

14

«Палеская хроніка». 1984

Рэжысёр Віктар Тураў

76

15

«Запіскі юнага ўрача». 1991

Рэжысёр Міхаіл Якжэн

62

16

«Руіны страляюць...». 1971—1972

Рэжысёр Віталь Чацверыкоў

58

17

«Рыжы, сумленны, закаханы». 1984.

Рэжысёр Леанід Нячаеў

53

18

«Казка пра Зорнага хлопчыка». 1983

Рэжысёр Леанід Нячаеў

52

19

«Няспешная вясна». 1990

Рэжысёр Уладзімір Талкачыкаў

43

20

«Вечны муж». 1990

Рэжысёр Яўген Маркоўскі

40

К алі аналізуеш рэйтынг тэлефільмаў і серыялаў, адразу
звяртаеш увагу на даты. У спісах ігравых карцін — творы новага стагоддзя, пастаўленыя Міхаілам Пташуком (2000) і Аляксандрам Колбышавым (2009). У тэлерэйтынгу прысутнічаюць толькі карціны савецкага часу. Па сутнасці, гэта вердыкт экспертаў шматлікай сучаснай тэлепрадукцыі «Беларусьфільма». Вядома, новы час патрабуе арыентацыі кінематаграфістаў на жанры, якія адпавядаюць густам масавага гледача. Але ў нашых пенатах запанаваў мэйнстрым (найперш у ваеннай тэме) з фільмамі-клонамі. З усіх 24-х экспертаў толькі трое згадалі міні-серыял 2010 года — «Усё, што нам трэба» рэжысёра Івана Паўлава. Фільм выклікае сімпатыю тым, што не толькі зарыентаваны на ўдзел зорак, але і мае прафесійную драматургічную прапрацоўку.

Першае месца стужкі «Сведка» Валерыя Рыбарава — адзнака скрупулёзнай і па-мастацку зробленай рэстаўрацыі часу. У фільме дакументальна паказаны падзеі і наступствы першых пасляваенных гадоў, па-майстэрску адноўлена пакутлівае існаванне пакалення, што нарадзілася перад вайной і засталося без бацькоў.

Абедзве дзясяткі спіса выяўляюць галоўныя накірункі айчыннага тэлефільма савецкага часу, гэта экранізацыя рускай класікі і творы для юнага гледача. Здымаць стужкі паводле прозы Івана Тургенева даручалі самым аўтарытэтным рэжысёрам. Таму карціны «Бацькі і дзеці» Вячаслава Нікіфарава і «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» Віктара Турава стаяць адпаведна на 3-м і 9-м месцы. У другую дзясятку трапіў фільм Валерыя Рубінчыка «Гамлет Шчыгроўскага павета». Чацвёртае ўдалае экраннае ўвасабленне Тургенева, карціна «Зацішша» Віталя Чацверыкова, узначальвае трэцюю дзясятку.

У савецкі час тэлефільмы рэспубліканскіх кінастудый ствараліся па замове Дзяржтэлерадыё СССР. Не кожная тэма, прапанаваная «Беларусьфільмам», прымалася, але і не кожны сцэнарый адпавядаў нават сярэднім крытэрыям. Пасля перабудовы кіраўнікі кінаўстаноў і творцы атрымалі больш самастойнасці ў выбары аўтараў-класікаў. Таму на нашай кінастудыі з’явіліся грунтоўныя экранізацыі паводле твораў Элізы Ажэшка («Хам», 5-е месца), Міхаіла Булгакава («Запіскі юнага ўрача», 15-е месца), Івана Буніна («Няспешная вясна», 19-е месца), Фёдара Дастаеўскага («Вечны муж», 20-е месца).

У склад экспертаў уваходзілі спецыялісты старэйшага, сярэдняга і малодшага пакалення (кожная катэгорыя мела траціну галасоў). Самыя высокія балы стужкам Леаніда Нячаева паставілі тыя, хто пазнаёміўся з яго тэлеказкамі яшчэ ў дзяцінстве. Перш за ўсё гаворка аб «Прыгодах Бураціна» (2-е месца). Яны апярэдзілі стужку «Бацькі і дзеці» (3-е месца), большую сімпатыю да якой выказвалі эксперты старэйшага пакалення. У 1980-я гэтая экранізацыя Тургенева мела добрую рэпутацыю не толькі ў інтэлектуальным асяроддзі, але і ў гледачоў розных грамадскіх пластоў, яе стваральнікі па праве былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР.

З прыхільнасцю згадалі эксперты і тры першыя серыі «Дзяржаўнай мяжы», пастаўленыя Барысам Сцяпанавым. З фільмаў пра вайну найбольш высока каціруюцца два тэлефільмы: «Доўгія вёрсты вайны» Аляксандра Карпава паводле твораў Васіля Быкава і «Руіны страляюць...» Віталя Чацверыкова. Што тычыцца персон, то перавага аддадзена Леаніду Нячаеву, фільмы якога ў тэлеспісе фігуруюць чатыры разы.

Рэйтынг дакументальных фільмаў
студыі «Летапіс» (1944—2013)

Усяго ў спісе 109 стужак

месца

назва

сума балаў

1

«У вайны не жаночы твар». 1981—1984 (цыкл з 7-мі фільмаў)

Рэжысёр Віктар Дашук

306

2

«Я з вогненнай вёскі». 1975—1978
(цыкл з 5-ці фільмаў)

Рэжысёр Віктар Дашук

176

3

«Мы жывем на краі». 2002

Рэжысёр Віктар Аслюк

159

4

«Кола». 2002

Рэжысёр Віктар Аслюк

158

5

«Тонежскія бабы». 1977

Рэжысёр Валерый Рыбараў

142

6-7

«Хатынь, 5 км». 1969

Рэжысёр Ігар Калоўскі

129

6-7

«Божа мой». 2004

Рэжысёр Галіна Адамовіч

129

8

«Боль». 1988

Рэжысёр Сяргей Лук’янчыкаў

104

9

«Дзевяноста шостая восень». 1980

Рэжысёр Віктар Дашук

95

10

«Тэатр часоў перабудовы
і галоснасці». 1987

Рэжысёр Аркадзь Рудэрман

90

11

«Драўляны народ». 2011

Рэжысёр Віктар Аслюк

88

12

«Дарога на Курапаты». 1990

Рэжысёр Міхаіл Жданоўскі

83

13

«Завядзёнка». 2005

Рэжысёр Галіна Адамовіч

82

14

«Его зарыли в шар земной». 1989

Рэжысёр Анатоль Алай

73

15

«Con anima» («З душой»). 1992

Рэжысёр Міхаіл Жданоўскі

69

16-17

«Ва ўсе дні». 2008

Рэжысёр Міхаіл Жданоўскі

68

16-17

«Урок даўжынёю ў год» (першы фільм), «Дзеці нашых дзяцей» («Вяртанне
ў 10 “а”», апошні фільм). 1963—1988

(цыкл з 6-ці фільмаў)

Рэжысёры Самуіл Фрыд,
Вадзім Сукманаў, Рычард Ясінскі

68

18

«Кінааматар. Восеньскі сон». 2011

Рэжысёр Вольга Дашук

64

19

«Салдаткі». 1974

Рэжысёр Юрый Марухін

61

20

«Васіль Быкаў. Узыходжанне». 1985

Рэжысёр Віктар Дашук

54

У дакументальным сектары беларускага кіно эксперты
мелі больш шырокі выбар лепшых стужак, бо тут творчы пошук не ведаў «застойных» дзесяцігоддзяў. Дый карцін па колькасці аказалася нашмат болей. Таму сумарныя ацэнкі фільмаў, якія занялі з 1 па 10-е месца, можна назваць выдатнай дзясяткай. Адразу ўражвае факт, што мэтру айчыннай дакументалістыкі Віктару Дашуку (яго цыклы занялі 1-шы і 2-гі радок у ганаровым спісе) «у патыліцу дыхае» вучань яго майстэрні Віктар Аслюк (чые стужкі стаяць на 3-м і 4-м месцы). Можна згадаць пра эстафету пакаленняў, але абодва з бенефіцыянтаў маюць уласны творчы лёс ды адрозніваюцца прафесійнай манерай. Віктар Дашук узяў курс на адлюстраванне чалавека ў трагічных умовах вайны, імкнучыся пазбягаць інтанацыі, якая лічылася публіцыстычнай, але часта ператваралася ў празмерную патэтыку і нават рыторыку. Ён змагаўся за свой шлях у дакументалістыцы і зрабіў тое гранічнае, што дазваляла савецкая эпоха: зафіксаваў сведчанні трагедыі фашысцкай акупацыі і бязлітасную праўду франтавога быцця амазонак Другой сусветнай. Эмацыйную сілу яго стужкам надаюць споведзі герояў і дакладна адабраная ваенная кінахроніка.

Віктар Аслюк прыйшоў у дакументалістыку ў перабудовачны час і адразу заняў важную кінематаграфічную нішу — гістарычны лёс суайчыннікаў. Час больш спрыяў маладому паплечніку Дашука. Аслюк, стужкі якога ведаюць ва ўсім свеце, назірае і вобразна асэнсоўвае далёкую спадчыну і сённяшняе жыццё беларусаў. Побыт нёманскіх вяскоўцаў, якіх мы ўбачылі ў фільме «Мы жывем на краі», з іх пергаментнымі ад сонца і ветру тварамі і рукамі, — гэта вобразна-дакументальнае адлюстраванне этнічных асаблівасцей, якія ўжо зрабіліся нацыянальнай гісторыяй. Як і «Тонежскія бабы» Валерыя Рыбарава (5-е месца), «Божа мой» Галіны Адамовіч (6-7-е месца), «Дзевяноста шостая восень» Віктара Дашука (9-е месца).

Асаблівая рыса фільмаў першай дзясяткі — дзёрзкія выхады іх стваральнікаў за межы тагачасных канонаў. Стужка «Хатынь, 5 км» Ігара Калоўскага (6-7-е месца) «рэабілітавана» амаль праз 20 гадоў. З вялікімі цяжкасцямі сутыкнуўся Сяргей Лук’янчыкаў падчас працы над фільмам «Боль» з цыкла «Наш Афганістан» (8-е месца). Што да публіцыстычна-сатырычнай стужкі, якая завяршае дзясятку, — «Тэатр часоў перабудовы і галоснасці» Аркадзя Рудэрмана, — дык на яе абарону ў свой час паўсталі дзеячы беларускай культуры і Саюзаў кінематаграфістаў СССР і БССР (фільм адстойваў добрае імя Марка Шагала, якое імкнуліся скампраметаваць кіраўнікі-чыноўнікі).

У спісе фільмаў, што занялі з 11-га па 20-е месца, звяртаеш увагу на наяўнасць ажно трох прац Міхаіла Жданоўскага, рэжысёра старэйшага пакалення, — «Дарога на Курапаты» (12), «Con anima» (15) і «Ва ўсе дні» (16-17). Апошняя стужка-назіранне магла б увайсці і ў першую дзясятку.

Высокае месца ў вядомай дакументалісткі Галіны Адамовіч, якая разам з Віктарам Аслюком атрымала столькі міжнародных узнагарод, колькі студыя «Летапіс» не мела за ўсе пасляваенныя дзесяцігоддзі. Яе фільм «Божа мой» заняў 6-7-е месца, але тут магла б апынуцца і «Завядзёнка», якая стаіць на 13-м. У абедзвюх карцінах мы з цікавасцю сочым за людзьмі «з мядзведжых кутоў», іх этнічнай самабытнасцю і паўсядзённым побытам.

У пасляваенны час у авангардзе айчыннай дакументалістыкі ішлі творцы з франтавой біяграфіяй. Аднак у апытанні іх фільмам аддавалі перавагу адзінкі. У прыватнасці, фільм-эпапея «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944, рэжысёры Уладзімір Корш-Саблін і Мікалай Садковіч) замыкае толькі трэцюю дзясятку. Сустракаюцца ў спісах і назвы стужак-партрэтаў шаноўнага Аляксандра Карпава.

У фінальны спіс трапіла карціна Вольгі Дашук «Кінааматар. Восеньскі сон». Дачка і вучаніца знакамітага бацькі, Вольга паступова, ад фільма да фільма, набірала творчую моц, адшуквала нацыянальную каларыстыку ў розных кутках Беларусі. Магчыма, вылучылі яе стужку менавіта за гэтае імкненне.

Увогуле спіс дакументальных фільмаў — не толькі самы доўгі сярод іншых, але і самы супярэчлівы. Адчуваецца жаданне экспертаў «пралабіраваць» менавіта «сваіх» рэжысёраў. Вось чаму агульныя балы пасля першай дзясяткі змяншаюцца і набываюць больш суб’ектыўны характар.

Своеасаблівым рэкардсменам трэба лічыць Віктара Дашука, бо сярод 20-ці фільмаў эксперты назвалі чатыры, створаныя ім у 1970—1980-я гады. Яго стужкі згадваюцца і па-за дваццаткай. Ушанаванне двух цыклаў фільмаў у якасці цяперашніх пераможцаў супала з афіцыйным прызнаннем: у 1985-м Віктар Дашук атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. Ён — адзіны беларускі дакументаліст у пасляваенны перыяд, які мае такую ўзнагароду.

Рэйтынг анімацыйных фільмаў (1972 — 2013)

Усяго ў спісе 47 стужак

месца

назва

сума балаў

1

«Лафертаўская макоўніца». 1986

Рэжысёр Алена Пяткевіч

165

2

«Капрычыа». 1986

Рэжысёр Ігар Волчак

146

3

«Дзяўчынка з запалкамі». 1996

Рэжысёр Ірына Кадзюкова

110

4

«Жыло-было дрэва...». 1996

Рэжысёр Уладзімір Пяткевіч

108

5

«Светлячок і Расінка». 1978

Рэжысёр Юрый Бутырын

101

6

«Прытча пра Каляды». 2000

Рэжысёр Ірына Кадзюкова

91

7

«Легенда пра ледзі Гадзіву». 2004

Рэжысёр Ірына Кадзюкова

80

8

«Песня пра Зубра». 1982

Рэжысёр Алег Белавусаў

74

9

«Дзівосная вячэра на куццю». 1999

Рэжысёр Ірына Кадзюкова

63

10

«Піліпка». 2012

Рэжысёр Таццяна Кубліцкая

47

У адрозненне ад рэйтынгаў ігравых, тэле- і дакументаль-
ных стужак, расклад у гэтай сферы беларускага кінамастацтва нельга лічыць абсалютна дасканалым. Першая прычына: анімацыя ўзнікла значна пазней ды й спісы атрымаліся больш кароткімі (5-10 фільмаў, а не 20, як у іншых відах). У выніку фільмы ацэньвала 14 экспертаў з 24-х. Другая прычына: анімацыяй кваліфікавана займаюцца некалькі мастацтвазнаўцаў. Таму, нягледзячы на даволі прэстыжную дзясятку (большасць з названых карцін маюць фестывальныя ўзнагароды), ганаровы спіс маркіраваны значным уплывам і ўражаннямі асобных спецыялістаў. Справа і ў тым, што дзясятку лепшых анімацыйных фільмаў цяжка вылучыць увогуле, бо слабыя працы гэтага цэху адышлі ў нябыт — іх не згадвалі ў спісах.

На мой погляд, у першай пяцёрцы не хапае поўнаметражнага фільма «Чароўная дудка» Міхаіла Тумелі, створанага сумесна з мастаком Дзмітрыем Сурыновічам у 1998 годзе. Яго сюжэтны падмурак — асяцінскі эпас народа нартаў. Зроблена «Чароўная дудка» незалежнай студыяй «АФ-Цэнтр» разам з маскоўскай кампаніяй «Ф.А.Ф.» Entertainment. Лічу стужку мастацкай падзеяй, творчым подзвігам айчынных кінематаграфістаў. Неаднойчы даводзілася згадваць: незалежнае кіно 1990-х дало найбольшы плён менавіта ў анімацыі. Акрамя «Чароўнай дудкі» Тумелі, тады былі зроблены яшчэ два поўнаметражныя фільмы: «Сын чалавечы» Таццяны Жыткоўскай і «Дэкамерон» Алега Белавусава. «Беларусьфільм» да гэтай пары не адважыўся на поўны метр, у той час калі кінаэкраны запаўняюцца замежнай прадукцыяй у фармаце 3D. З творчым патэнцыялам нашых майстроў — горы можна зрушыць!

У апытанні фільмы, зробленыя на незалежных студыях, вылучаліся асобна. Усе згаданыя поўнаметражныя стужкі стаяць менавіта пад гэтым грыфам. Але паколькі іх адзінкі, то выбару па сутнасці няма. Таму «Чароўная дудка» — фільм-сірата ў беларусьфільмаўскім асяроддзі і вяршыня на тэрыторыі незалежнага кіно.

Па маіх асабістых прыхільнасцях «Прытчу пра Каляды» Ірыны Кадзюковай (мастак Аляксандр Верашчагін), якая мае 6-е месца, я б памяняла са стужкай «Дзяўчынка з запалкамі» гэтага ж рэжысёра (3-е месца). Замест «Песні пра Зубра»
Алега Белавусава, цікавай спробы дакрануцца да літаратурнага помніка эпохі Адраджэння (8-е месца), прапанавала б фільм «Месяц» Алены і Уладзіміра Пяткевічаў. Больш дасканалы ў мастацкім сэнсе, ён мае таксама і нацыянальную афарбоўку. Але «Месяц» у апытанні наогул апынуўся ў трэцяй дзясятцы.

Ёсць яшчэ пэўны суб’ектывізм, з нагоды якога аўтар гэтых нататак магла б паспрачацца з калегамі. Але ўсялякае асобаснае апаніраванне не адмяняе мастацкай значнасці ўсёй дзясяткі. Бо гэта плён таленавітых індывідуальнасцей і адбітак пастаяннага творчага пошуку калектыву анімацыйнай студыі «Беларусьфільма» (пра гэта сведчыць і шматгадовы сумесны праект «Аповесць мінулых гадоў»).

З 1980-х беларуская анімацыя мае высокі аўтарытэт не толькі ў бліжнім замежжы. Яе выдатных майстроў запрашалі і запрашаюць у іншыя краіны, іх фільмы аналізуюць акадэмічныя выданні і дэманструюць вучэбныя ўстановы ў якасці ўзораў анімацыйнага мастацтва. Напрыклад, у манаграфіі расійскага даследчыка Аляксея Арлова «Аніматограф і яго аніма» (1995) разам з імёнамі Юрыя Нарштэйна і Яна Шванкмаера фігуруюць імёны нашых лідараў першай пяцёркі — Уладзімір Пяткевіч, Алена Пяткевіч і Ігар Волчак (у працы ёсць і аналіз фільмаў Таццяны Жыткоўскай і Аляксандра Ленкіна).

У рэйтынгу сімптаматычнае 5-е месца атрымала стужка «Светлячок і Расінка» расіяніна Юрыя Бутырына. Абаяльная гісторыя пра сяброўства, якое пераўтварае свет, робіць яго шчырым і вясёлкавым. Запрошаны на «Беларусьфільм», Бутырын у другой палове 1970-х вучыў нашых пачаткоўцаў таямніцам анімацыі. Адначасова ў сваіх фільмах рэжысёр сцвярджаў адну з ідэй савецкай мультыплікацыі: хараство выратуе свет, а дабрыня можа ўдасканаліць чалавечыя адносіны.

Арыентацыя на гуманістычныя каштоўнасці адчуваецца ў стужках Ірыны Кадзюковай, створаных паводле біблейскіх сюжэтаў, а таксама па матывах сусветных легенд і класічных твораў. Ажно чатыры яе фільмы прысутнічаюць у дзясятцы і ўвасабляюць аўтарскі роздум пра такія катэгорыі, як любоў да бліжняга, ахвяраванне, міласэрнасць, чалавечае братэрства (фільмы з цыкла «Калядныя апавяданні»). Некаторыя свае карціны Кадзюкова стварыла разам з мастачкай Таццянай Кубліцкай, фільм якой «Піліпка» (ужо як рэжысёрская праца) замыкае дзясятку. Працяг духоўнай традыцыі відавочны: Кубліцкая ў казачных павучаннях падтрымлівае веру ў тое, што дабрыня не дае злу распаўсюдзіцца ў свеце.

Стыль, блізкі да сюррэалізму і філасафічнасці, дэманструюць фільмы, названыя на пачатку спіса, — «Лафертаўская макоўніца» Алены Пяткевіч і «Капрычыа» Ігара Волчака. Гэтым «правафланговым» беларускай анімацыі, як і фільму «Жыло-было дрэва...» Уладзіміра Пяткевіча (4-е месца), даўно пастаўлены самыя высокія адзнакі на кінафестывалях і ў працах даследчыкаў. Не разумею толькі аднаго: чаму так скупа і стрымана ставяцца да аніматараў нашы дзяржаўныя ўстановы? Мо ў сувязі з 90-годдзем айчыннага кіно такая завядзёнка будзе парушана і майстрам беларускай мультыплікацыі нарэшце аддадуць належнае?

Эксперты

Наталля Агафонава, кіназнаўца

Ігар Аўдзееў, кіназнаўца

Ала Бабкова, кінакрытык

Марына Белавокая, кіназнаўца

Яўгенія Голікава-Пошка, кіназнаўца

Ірына Дзям’янава, рэдактар фільмаў, сцэнарыст

Ларыса Зайцава, кіназнаўца

Ізольда Кавелашвілі, рэдактар фільмаў, сцэнарыст

Антаніна Карпілава, кіназнаўца

Марыя Касцюковіч, кіназнаўца

Сяргей Кацьер, тэлевядучы, рэжысёр

Анатоль Красінскі, кіназнаўца

Нэлі Крывашэева, кінакрытык

Юлія Ляшко, кінажурналіст, сцэнарыст

Вольга Мядзведзева, кіназнаўца

Людміла Перагудава, кінакрытык, сцэнарыст

Лілія Пінчук, рэдактар фільмаў, сцэнарыст

Генадзь Ратнікаў, кіназнаўца

Людміла Саянкова, кіназнаўца

Антон Сідарэнка, кінакрытык

Ігар Сукманаў, кінакрытык

Ніна Фральцова, кіназнаўца

Таццяна Цюрына, кінакрытык

Галіна Шур, кіназнаўца