Віктар БАБАРЫКА: "Дэфіцыт суперажывання"

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Наш банк -- генеральны партнёр «Панарамы». Што папярэднічала гэтаму рашэнню? Канкрэтызацыя банкаўскай місіі. Яшчэ колькі гадоў таму мы, нацэленыя на работу з недзяржаўным сектарам эканомікі, прыйшлі да высновы: Белгазпрамбанк павінен садзейнічаць фармаванню ў рэспубліцы сярэдняга класа. Таму турбуемся не толькі пра эканамічны складнік. Адчуваем да ўсяго і нашу невымерную сацыяльную адказнасць перад грамадствам. Маю на ўвазе і дабрачынныя праграмы, і дапамогу ў развіцці культуры і мастацтва.

 /i/content/pi/mast/6/138/Babaryka1.jpg
І тут бачыліся два шляхі: канкрэтная дапамога канкрэтнаму суб’екту альбо пабудова пэўнай сістэмы. Натуральна, дапамагчы ўсім немагчыма, а таму патрэбны менавіта сістэмны падыход, сістэма, якая б самаразвівалася і генерыравала вырашэнне ўсіх праблем. Так узнікла ідэя падтрымкі тэатральнага фестывалю, пазіцыяніравання Беларусі не толькі як краіны, дзе ёсць унікальны Купалаўскі тэатр, але і як адкрытай для дыялога дзяржавы, дзе заўжды шанаваліся міжнародныя тэатральныя традыцыі.
Чаму тэатр, а не кіно ці музыка? Толькі тэатр гарантуе гледачу належны ўзровень суперажывання і саўдзелу, якіх сёння так не хапае. І менавіта гэтым шляхам мы хочам выхаваць у сярэдняга класа прагу да духоўнага ўдасканалення… Я не магу назваць сябе зацятым тэатралам, але спектаклі Э.Някрошуса ў свой час кранулі неймаверна. І даўно прыйшло разуменне, што беларускі тэатр -- складнік сусветнага. Таму проста неабходна наладжваць міжнародны творчы абмен досведам, без якога немагчыма ўзаемаўзбагачэнне нацыянальных мастацтваў. З гэтай прычыны «Панарама» падаецца тым мастком, які трывала злучыць душы людзей многіх краін. Менавіта фестываль -- выдатная магчымасць дэманстрацыі таго, на якім узроўні мы знаходзімся. Мабыць, ён не вельмі высокі ў параўнанні з еўрапейскім, але якраз усведамленне гэтага і не дазволіць нашым творцам заспакоіцца. Без параўнальнага аналізу няма руху наперад…
 /i/content/pi/mast/6/138/Babaryka2.jpg

 "Імгненні  рэальнасці" Я.Ёнсана.
Тэатр N-Studio (Стакгольм, Швецыя).


Але ні ў якім разе Белгазпрамбанк не бярэ на сябе ролю крытыка, мастацтвазнаўцы. Любое ўспрыманне -- індывідуальнае. Таму і падкрэсліваем генеральнае партнёрства, а не індывідуальнае спонсарства. Хочам даць магчымасць людзям паглядзець усе фестывальныя пастаноўкі і вырашыць, што добрае, а што кепскае. Любое суперажыванне -- адмоўнае ці станоўчае -- лепш за халодную абыякавасць. Мы ствараем сістэму абуджэння інтарэсу і спадзяемся, што спектаклі «Панарамы» выклічуць рэакцыю. Негатыўную або пазітыўную -- але рэакцыю, а не абыякавасць. Прыза ад Белгазпрамбанка тэатральным калектывам не будзе, прыз будзе Белгазпрамбанку -- калі пра спектаклі пачнуць гаварыць людзі…Не выключаю таго, што праз нейкі час ідэя «Панарамы» можа перастаць падабацца тым, хто яе нарадзіў, але ў такім выпадку мы будзем працягваць рабіць тэатральны фестываль з іншымі людзьмі.

Віктар БАБАРЫКА,
старшыня праўлення Белгазпрамбанка