Чаму тэатр, а не кіно ці музыка? Толькі тэатр гарантуе гледачу належны ўзровень суперажывання і саўдзелу, якіх сёння так не хапае. І менавіта гэтым шляхам мы хочам выхаваць у сярэдняга класа прагу да духоўнага ўдасканалення… Я не магу назваць сябе зацятым тэатралам, але спектаклі Э.Някрошуса ў свой час кранулі неймаверна. І даўно прыйшло разуменне, што беларускі тэатр -- складнік сусветнага. Таму проста неабходна наладжваць міжнародны творчы абмен досведам, без якога немагчыма ўзаемаўзбагачэнне нацыянальных мастацтваў. З гэтай прычыны «Панарама» падаецца тым мастком, які трывала злучыць душы людзей многіх краін. Менавіта фестываль -- выдатная магчымасць дэманстрацыі таго, на якім узроўні мы знаходзімся. Мабыць, ён не вельмі высокі ў параўнанні з еўрапейскім, але якраз усведамленне гэтага і не дазволіць нашым творцам заспакоіцца. Без параўнальнага аналізу няма руху наперад…
"Імгненні рэальнасці" Я.Ёнсана. |
Але ні ў якім разе Белгазпрамбанк не бярэ на сябе ролю крытыка, мастацтвазнаўцы. Любое ўспрыманне -- індывідуальнае. Таму і падкрэсліваем генеральнае партнёрства, а не індывідуальнае спонсарства. Хочам даць магчымасць людзям паглядзець усе фестывальныя пастаноўкі і вырашыць, што добрае, а што кепскае. Любое суперажыванне -- адмоўнае ці станоўчае -- лепш за халодную абыякавасць. Мы ствараем сістэму абуджэння інтарэсу і спадзяемся, што спектаклі «Панарамы» выклічуць рэакцыю. Негатыўную або пазітыўную -- але рэакцыю, а не абыякавасць. Прыза ад Белгазпрамбанка тэатральным калектывам не будзе, прыз будзе Белгазпрамбанку -- калі пра спектаклі пачнуць гаварыць людзі…Не выключаю таго, што праз нейкі час ідэя «Панарамы» можа перастаць падабацца тым, хто яе нарадзіў, але ў такім выпадку мы будзем працягваць рабіць тэатральны фестываль з іншымі людзьмі.
Віктар БАБАРЫКА,
старшыня праўлення Белгазпрамбанка