Досвед (не)праблемнай камунікацыі

№ 7 (376) 01.07.2014 - 30.07.2005 г

Выставачна-адукацыйны праект «Алфавіт»
Найноўшае мастацтва — як у Беларусі, так і ў іншых краінах Еўропы або Амерыкі — непазбежна апынаецца ў зоне праблемнай камунікацыі. Сучасныя аўтары часта існуюць у межах закрытай супольнасці прафесіяналаў, а глядач мае цьмянае ўяўленне пра іх жыццё і творчасць.

 Аднак менавіта такога гледача — непадрыхтаванага, але дапытлівага — варта запрашаць да ўзаемадзеяння, тым самым уступаючы ў зону праблемнай камунікацыі свядома.

Сёння з’яўляецца ўсё больш праектаў, якія ставяць мэтай папулярызацыю найноўшага арта. Выставы экспануюцца за межамі сталіцы ў розных гарадах, такім чынам пашыраецца сэнсавае і геаграфічнае паняцце сучаснага беларускага мастацтва. Праект «Алфавіт» (куратары Міхаіл Гулiн, Таццяна Кандраценка, Вольга Рыбчынская, Ганна Самарская) таксама выбудоўвае вопыт узаемадзеяння, адказваючы на пытанні: «Што ёсць сучаснае мастацтва ў Беларусі, праз якіх мастакоў яно ідэнтыфікуецца, якія тэмы ўздымае?» «Алфавіт» аб’ядноўвае, папулярызуе і прасоўвае імёны, паняцці (на думку куратараў — вызначальныя для сённяшніх працэсаў), тэрміны і кірунак нашага найноўшага арта. Праект стварае матрыцу, дзе аб’ядноўваюцца два сусветы — мастака і гледача, запрашае апошняга заняць актыўную пазіцыю і ўступіць у дыялог з аўтарам і творам праз пасрэдніцтва куратараў, тэксты і лекцыйныя праграмы.

Выстава ў гомельскай Карціннай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі будавалася на сумяшчэнні двух элементаў: мастацкага твора і невялікіх тэкстаў-анатацый да яго. У праекце прымала ўдзел больш за дваццаць мастакоў — прадстаўнікоў розных пакаленняў і розных стылістычных і ідэйных кірункаў. Сярод іх: Анры Анро, Сяргей Бабарэка, Аляксандр Барташэвіч, група «Бергамот», Андрэй Бусел, Жана Гладко, Сяргей Грыневіч, Міхаіл Гулін, Сяргей Ждановіч, Сяргей Кірушчанка, Таццяна Кандраценка, Уладзімір Кандрусевіч, Аляксей Лунёў, Аляксандр Некрашэвіч, Уладзімір Парфянок, Арцём Рыбчынскі, Ігар Саўчанка, Канстанцін Селіханаў, Антаніна Слабодчыкава, Ганна Сакалова, Тамара Сакалова, Ігар Цішын, Алесь Фалей, Сяргей Шабохін, Яўген Шадко. Экспазіцыя складалася з чатырох раздзелаў: канцэптуалізм, фатаграфія, жывапіс, інсталяцыя.

У канцэптуалізме раўнавага ў стварэнні мастацкага аб’екта парушаецца на карысць ідэі, а роля матэрыяльнага складніка паніжаецца — канцэпцыя дамінуе над рэалізацыяй. Адзін з тэарэтыкаў гэтага кірунку, амерыканскі мастак Джозэф Кошут пісаў: «Мастацтва ёсць сілай ідэі, але не матэрыялу». А на «Выставе-маніфесце» 1969 года ў Нью-Ёрку было дэкларавана, што «матэрыяльная прысутнасць работ — дадатак да каталога». Аб’ектам канцэптуальнага мастацтва можа быць прадмет, з’ява, сам творчы працэс, які рэалізуецца ў форме тэкстаў, фотаздымкаў, рознага роду схем, відэа...

У серыі работ Ігара Саўчанкі на першы план выходзіць тэкст: выяўленчы складнік нівеліраваны, застаецца след вобраза. Праект створаны з 1992 па 1994 гады і знамянуе паступовы адыход ад фатаграфічнай выявы, «крайняга пункта фатаграфіі». У пэўнай ступені гэтыя працы з’яўляюцца пераходнымі: яны прадвяшчаюць постфатаграфічны этап. У дадзеным выпадку гледачу адводзіцца роля су-аўтара, яму прапануецца ўзнавіць выяву, кіруючыся подпісамі да твораў.

Арт-аб’ект Сяргея Бабарэкі «La rivoluzione siamo noi» («Рэвалюцыя — гэта мы») складаецца з прадметаў: рамкі, знойдзенай на паддашку, выразанай з часопіса фатаграфіі нямецкага канцэптуаліста Юзафа Бойса. З аднаго боку, работа сведчыць пра захапленне аўтара гэтай культавай постаццю — стваральнікам новай мастацкай мовы і галоўным тэарэтыкам постмадэрнізму. З іншага — парафразам працы самога Бойса — перформансу-дыялогу з мастаком і тэарэтыкам Рэната Гутуза «La rivoluzione siamo noi» (1972).

Наступны раздзел — інсталяцыі — прадстаўлены праектам «Vibrations #» Арцёма Рыбчынскага. Аўтар узнаўляе твор, раней зроблены ім у Радзівілаўскiм парку польскага горада Бяла-Падляска. Фігура з падкрэслена роўнай траекторыяй ледзь мігціць днём — і ўсё мацней праяўляецца з надыходам ночы. У светлавой інсталяцыі мастак праз узаемадзеянне з ландшафтам прапануе сваю інтэрпрэтацыю рытмаў і мадэляў успрымання гістарычнай публічнай прасторы. Катэгорыя часу з’яўляецца цэнтральнай у кантэксце плыні з мінулага ў сучаснасць, унутры якой адбываюцца працэсы існавання. Гэтая інсталяцыя знаходзіцца ў фарватары паміж паблік-артам і лэнд-артам, бо лэнд-арт прадугледжвае маніпуляцыю мастака з прыродным ландшафтам пры мінімальнай колькасці штучных элементаў, а паблік-арт праблематызуе прастору.

Адна з формаў існавання творцы ў публічнай прасторы — мастацтва акцыянізму. Акцыі Міхаіла Гуліна «Я — не...» (Мінск, Варшава, 2008), што зводзяцца да відэадакументацыі шпацыраў аўтара па горадзе з шыльдай, на якой напісана «Я — не гей», «Я — не партызан», «Я — не тэрарыст», «Я — не яўрэй», звернуты да выяўлення і крытыкі сацыяльных клішэ і траўматычных для грамадства тэм.

Формы ўзаемадзеяння мастака з гарадскім асяроддзем могуць быць рознымі: стрыт-арт, графіці, скульптура, дызайн, перформанс... У прыватнасці, стрыт-арт збівае звыклыя рытмы гараджаніна і пракладае новыя маршруты. Андрэй Бусел у сваім праекце здзяйсняе адваротнае: змяшчае вобразы высокага мастацтва — шэдэўры Рэнесансу — на сцены паўразбураных будынкаў.

Фатаграфія як сучасная арт-практыка пазнаецца праз некалькі праяў: прамая, маніпулятыўная і phоto-based art. Самай вядомай формай з’яўляецца прамая фатаграфія (straight photography), калі аб’ект фатаграфавання падаецца без умяшанняў. Гэта і дакументальная фатаграфія, у якой адсутнічае пастаноўка да моманту здымкі. Маніпулятыўная (manipulated, fabricated, arranged, staged) фатаграфія мяркуе наўмыснае ўмяшанне ў працэс стварэння на любым з этапаў: ад генеравання фатаграфаванай рэальнасці да працэсаў апрацоўкі і самога друку. Усё большую папулярнасць набывае тэрмін photo-based art — кірунак, які дапускае фізічную адсутнасць адбітка.

У аснове прац Яўгена Шадко «Уцёкі» і «У асляпляльна белых калідорах» ляжыць фатаграфічны здымак (аўтапартрэт) — след, які потым паўтараецца, а яго абрысы адгадваюцца ў жывапіснай частцы работы. Прастора, што ствараецца аўтарам на палатне, вызвалена ад другарадных удакладненняў, уласцівых фатаграфічнаму вобразу. Фатаграфічны адбітак прысутнічае ў якасці следу рэальнасці. Фатаграфія выяўляе сябе як мова, якая імкнецца да замяшчэння рэальнасці: фотавобраз паказвае на лінію паміж быццём і не-быццём і дазваляе нам, гледачам, выявіць прорву паміж рэальнасцю жыцця і рэальнасцю мастацкага выказвання.

У творах жа Уладзіміра Парфянка «Lucida momenta» (1995) фатаграфіі з’яўляюцца сродкам, здольным не толькі зафіксаваць момант існавання аб’екта ў прасторы, але і выбудаваць сувязі і магчымасць «пракрасціся ўнутр самога сябе» (Надзея Кароткіна).

Самым папулярным на выставе стаў жывапіс. Выкарыстоўваючы пластычны элемент — краты, Сяргей Кірушчанка ставіць мэтай узаемадзеянне і татальную змену экспазіцыйнай прасторы пры дапамозе жывапіснага палатна.

Калажы Антаніны Слабодчыкавай грунтуюцца на асновах поп-арту і дадаізму. Кожная з работ нясе выразна сфармуляванае пасланне, якое скіроўвае нас да гендарнай тэматыкі.

Такім чынам, камунікацыю з гледачом «Алфавіт» разгортвае праз фрагменты выказванняў мастакоў і суправаджальныя тэксты. Каментарыі распавядаюць пра кантэкст стварэння работы, аўтарскую ідэю. І тут важна не трапіць у крайнасці: забаўляльнае vs. звышэлiтарнае. Праграма, выбудаваная ў лекцыйна-дыскусійным фармаце, была заклікана выявіць ключавыя напрамкі і паняцці сучаснага мастацтва.

Азіраючыся на вопыт суседніх краін, у прыватнасці — Расіі, і тыя працэсы, якія яны ўжо перажылі (пік масавай зацікаўленасці сучасным мастацтвам, сыход ад медыйнасці і арыентацыі на прэстыж у супрацьвагу сапраўднаму духу калекцыянавання), важна змадэляваць свой шлях, зрабіць уласныя памылкі, паспрабаваць усім разам — мастакам, куратарам і гледачам — здабыць досвед адпаведных стасункаў. Куратар Віктар Мiзiанa ў інтэрв’ю пра выстаўку «Немагчымая супольнасць» сцвярджаў, што камунікацыя з’яўляецца «вышэйшай каштоўнасцю» і «менавіта праблемная камунікацыя найбольш прадуктыўная».

Вольга РЫБЧЫНСКАЯ,
Ганна САМАРСКАЯ