Дні, сляды, увасабленні...

№ 7 (376) 01.07.2014 - 30.07.2005 г

Дзве выставы Валянціны Шобы
Творца адкрыла свае выставы адразу на дзвюх гарадскіх пляцоўках. Экспазіцыя ў Галерэі Тызенгаўза «Тая, што чакае цябе» выяўляе мастакоўскія інтэрпрэтацыі жаночага вобраза. Персанажы Шобы часам супярэчлівыя — паводле стаўлення да навакольнага свету і свайго абранніка, аднак натуральныя ў сваім унутраным імкненні да шчасця і гармоніі з усім існым.

Постацей шмат: задумлівых і ганарлівых, тужлівых і ўзнёслых, іх яднае вытанчаная душа, непрадказальная і самотная, што існуе ў прадчуванні незвычайнага кахання, выключнай падзеі, духоўнага адкрыцця.

Гэтыя працы звязаны з папярэдняй серыяй Валянціны «Каралевы», дзе лёгка ўяўляеш, як велічныя жанчыны ператвараюцца для свайго каханага ў маленькіх непрыкметных Папялушак. Героі «Той, што чакае цябе» таксама хаваюцца за абліччамі-маскамі, патрэбнымі жанчыне ў крытычную хвіліну, сапраўдную ж яе душу ніхто не ў стане спазнаць, магчыма, нават яна сама.

Праект Валянціны Шобы, аб’яднаны адзінай эстэтычнай канцэпцыяй, атрымаў працяг у Гарадской выставачнай зале экспазіцыяй «365 дзён». У гэтай серыі твораў падкрэслена жаночыя перажыванні арганічна трансфармуюцца ў дыялектычныя развагі пра сутнасную напоўненасць асобнага дня і цэлага года жыцця. Аўтарскія мініяцюры — своеасаблівы мастакоўскі нататнік, дзе сабраны непасрэдныя ўражанні ад пражытага і пераасэнсаванага. Вобразныя ўвасабленні жыццёвых рэалій цесна звязаны з дарагімі сэрцу мясцінамі, са значнымі падзеямі і постацямі: выявы дачкі, знаёмых — каго сустрэла Валянціна, з кім мінуў год, а таксама шматлікія віды з вокнаў тых пакояў, дзе было цёпла, утульна, шчасліва, куды хочацца вярнуцца.

Настальгічнымі настроямі прасякнуты абразкі з замалёўкамі старых пабудоў, якія яна ўбачыла з вакна дома Збігнева Тарэбкі, польскага мастака і выдаўца, а таксама туманныя горныя вяршыні з гатэля ў Аўстрыі ці звыклыя някідкія куточкі прыроды, зафіксаваныя падчас пленэраў. Асаблівай увагі заслужыў руды свойскі кот Збігнева, да якога яна звяртаецца не раз.

Найбольш поўна прадстаўлены красавік з яго веснавымі клопатамі і надзеямі, месяц, у якім нарадзілася Шоба. Адметны для сябе дзень яна надзяліла большай экспрэсіяй колераў, бо ён мае гранічнае духоўнае напаўненне: радасць ад прысутнасці блізкіх людзей, падтрымкі сяброў і добрых слоў, адчування роднаснага яднання з любімым Гродна, тымі вежамі з майстэрнямі мастакоў, дзе ва ўтульным дворыку адзначаюцца святы. Адзін дзень гэтага месяца быў надзвычай трагічным: не стала мілай жыццярадаснай дзяўчыны — дачкі сяброў, якая перад вяселлем чамусьці вырашыла падправіць рысы свайго твару і не прачнулася пасля наркозу ў мінскай клініцы. Узрушэнне было такім моцным, што Валянціна прапусціла гэты дзень у сваім календары, зрабіла яго пустым, а наступны пазначыла безвыходнай тугой, сугучнай безабароннасці чалавека перад абліччам смерці. Іншыя дні, розныя паводле настрою і акцэнтаў, працягваюць споведзь мастачкі, як працягваецца і само жыццё. У кожным моманце нябачна прысутнічае асоба мужа, вядомага скульптара Уладзіміра Панцялеева, які з’яўляецца тым маральным апірышчам, якое нібы і не заўважаецца, але без яго немагчымы свабодны палёт жаночых фантазій і жаданняў.

Для таго, каб азірнуцца разам з Валянцінай назад, у мінулы год, трэба вельмі пільна ўгледзецца ў кожную работу, знайсці кантэкстуальна ледзь заўважныя, але істотныя дэталі, якія Шоба па-майстэрску ўводзіць у кампазіцыю дзеля выразнасці сэнсаў. У вобразны лад твораў уключаны напісаныя ад рукі літаратурныя тэксты — пераважна на паспарту, дзе літары не толькі ствараюць своеасаблівае візуальнае абрамленне выяўленчай часткі, але і выклікаюць жаданне ўчытацца ў даволі складаны для ўспрымання ўрыўкавы аповед. Такі выяўленча-канструкцыйны прыём аўтар ужывала і ў сваіх папярэдніх праектах. Сёння гэта паэтычна-філасофскія развагі самой мастачкі і словы-цытаты з твораў любімых пісьменнікаў.

Адмысловая аўтарская тэхніка выканання заснавана на выкарыстанні звыклых, але па-майстэрску спалучаных гуашы, тэмперы, пастэлі. З іх дапамогай, адштурхнуўшыся ад непасрэдных зямных уражанняў, мастачка стварае ўмоўную прастору, дзе вобразы вабяць то мяккай сузіральнасцю, то спакойнай прасветленасцю, то жорсткай самотай. Валянціна Шоба паслядоўна, па частках, мадэлюе асабісты камерны віртуальны прытулак, у якім спалучае рэальнасць і мару, пачуццёвае і духоўнае, дазваляе дакрануцца да гэтага інтымнага, трапяткога свету кожнаму, увайсці — толькі абраным. Жывая графічная лінія-гравіроўка пад фарбавай тоўшчай, што быццам акумулюе ў сабе знакавую дамінанту вобразнасці, надае пластычнай арганізацыі аркуша вытанчанасць.

Для сваіх невялікіх па памерах твораў Шоба знаходзіць аптымальную форму квадрата — сімвала ўнутранай ураўнаважанасці і строгага элемента вышэйшага парадку светабудовы. Гэтыя квадраты мастачка кампануе блокамі, як бы адсякаючы асобныя фрагменты і перыяды пройдзенага жыцця. Светапоглядны пасыл выяўляецца перадусім праз каларыстыку, кожны блок твораў акцэнтуецца асобным танальным вырашэннем. Вылучаецца чорна-белы: адсутнасць выяў на плоскасцях квадратаў-дзён падкрэслівае ўнутраную псіхалагічную немагчымасць Валянціны занатаваць уражанні ад падзей дня адразу, у той жа момант.

Як лагічна мяняецца плынь нашага жыцця з яе ўзлётамі і падзеннямі, так і аўтар рэзка пераходзіць ад чорна-белых эмоцый да чыстай і радаснай вясёлкі — шматколернага ўвасаблення аптымізму. Празрыстая вясёлка — любімая з дзяцінства — загадкавы сімвал, які непасрэдна звязвае нашы зямныя і нябесныя памкненні, што сягаюць да сфер вышэйшых і там знаходзяць духоўныя ўзоры, не кранутыя будзённым брудам. У той магічнай вышыні Валянціна зноў і зноў вандруе на сваіх любімых коніках — смешных, свойскіх, рамантычных, настойлівых у жаданні давезці сваю гаспадыню да вызначанай мэты. Яны разам лунаюць у прасторы пад срэбным месяцам, які ўзыходзіць у таемнай цемры на небасхіле, даючы надзею на пачатак заўтрашняй раніцы. І адбываецца ўсведамленне каштоўнасці кожнага пражытага імгнення.

Ствараючы штодзённы мастацкі каляндар, Валянціна Шоба зрабіла спробу зафіксаваць след сучаснікаў у неабсяжнай глыбіні часу...

Марына ЗАГІДУЛІНА