Ідэя прывезці менавіта гэту пастаноўку з’явілася пасля тэлефоннай размовы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы Паўла Латушкі і мастацкага кіраўніка Купалаўскага Мікалая Пінігіна.
— Гэты праект мы з пасольствам рыхтавалі год, — распавядае рэжысёр. — Ініцыятыва сыходзіла ад Паўла Паўлавіча, які хацеў паказаць спектакль нашага тэатра ў Парыжы. Вось толькі які абраць? Кажу: «Збіраюся рабіць “Пана Тадэвуша”» — «Добра». Праз нейкі час Латушка перазваніў: «А ты ведаеш, што ў 2014-м спаўняецца 180 год з таго часу, як Міцкевіч выдаў у Парыжы “Пана Тадэвуша”?» Я не ведаў. А гэта сапраўды быў знак.
У першы ж дзень па прыездзе ў французскую сталіцу акцёры Купалаўскага разам са сваім мастацкім кіраўніком, Паслом і супрацоўнікамі пасольства ўсклалі кветкі да ўсталяванага на ўзбярэжжы Сены помніка паэту.
— Гэтая акцыя стала сімвалічнай, набыла ўнутраны сэнс, — кажа Пінігін. — Мы прывезлі Міцкевічу ў Парыж прывітанне з радзімы, на якую ён ніколі не вярнуўся і па якой сумаваў усё жыццё. Увогуле з Міцкевічам у мяне дзіўная гісторыя. У пятым класе я займаўся ў фотагуртку пры Палацы піянераў, мы фатаграфавалі розныя мясціны Беларусі. І першае месца, куды патрапілі, — Навагрудак. Потым, калі працаваў у Санкт-Пецярбургу, першае, на што звярнуў увагу падчас шпацыру па горадзе, — мемарыяльная шыльда з надпісам «У гэтым доме жыў Адам Міцкевіч». Потым пасыпалася: гуляючы па Львове, выпадкова выйшаў да помніка Міцкевічу, тое самае адбылося і ў Вільнюсе... І вось, нарэшце, на ўзбярэжжы Сены. Містыка. Ён прымусіў мяне зрабіць спектакль. Ён. Міцкевіч. Я да гэтага не маю дачынення...
Сярод галоўных праблем, з якімі сутыкнуліся арганізатары, — знайсці беларускія і французскія кампаніі-спонсары, што дапамаглі б у рэалізацыі праекта. Ніводнага рубля з бюджэтных грошай выдаткавана не было. Яшчэ адна задача — абраць пляцоўку: давялося агледзець каля дзесяці парыжскіх тэатраў. Многія адмовіліся, бо памеры іх сцэн не адпавядалі памерам дэкарацый «Пана Тадэвуша». Станоўчыя перамовы прайшлі з тэатрам МС93, што спецыялізуецца якраз на паказе пастановак з Расіі ды іншых замежных краін: на яго сцэне ішлі спектаклі МХАТа, Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Яўгена Вахтангава, Малога драматычнага тэатра — Тэатра Еўропы... Аднак са складанасцямі сутыкнуліся купалаўцы. Як кажа Мікалай Пінігін, «беларускія лапці паламаліся ў Польшчы»: на два дні спазнілася фура, што везла дэкарацыі, — іх давялося манціраваць усяго за восем гадзін. Усё было зроблена спехам, таму, на жаль, без тэхнічных памылак падчас паказу не абышлося.
Але ў выніку выступленне купалаўцаў было сустрэта дзесяціхвіліннымі авацыямі і крыкамі «Брава!». На прэм’еры прысутнічалі Пасол і супрацоўнікі пасольства, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў і іншых дзяржаўных устаноў Францыі, дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага ў Парыжы, а таксама французскія дзеячы культуры, студэнты-славісты і беларусы, якія жывуць у Парыжы і сталічным рэгіёне краіны. Зала на 800 месцаў была запоўнена амаль цалкам.
Паказ тэатральнай пастаноўкі прайшоў пад ганаровым патранатам ЮНЕСКА: постаць Адама Міцкевіча аб’яднала беларускі, літоўскі і польскі народы, а яго паэма, перакладзеная на 33 мовы свету, стала з’явай сусветнай літаратуры. Дарэчы, першы пераклад быў зроблены на нямецкую, другі — на французскую, а трэці — на беларускую. Для сцэнічнага ўвасаблення на беларускай мове быў выкарыстаны пераклад Язэпа Семяжона, а для французскіх субтытраў — пераклад Рабера Буржуа.
— Гэтая пастаноўка каштоўная менавіта тым, наколькі кантэкстуальна дакладна яна спрацавала ў Парыжы, — разважае Мікалай Пінігін. — Да прыкладу, дамінанта дэкарацый «Пана Тадэвуша» — Трыумфальная арка. І можна сабе ўявіць, які эфект гэта стварае ў Парыжы, дзе стаіць рэальная Трыумфальная арка. Яна для французаў — жывая гісторыя, пастаўлена ў гонар напалеонаўскіх войнаў... Усё сышлося. І тым, хто прысутнічаў на спектаклі, было цікава. Бачна, што людзі знудзіліся па простым, ясным тэатры, тэатры не фармальным. Не скажу, што мы пакарылі Парыж — у такім горадзе не бывае адзінай культурнай падзеі, якая робіцца знакавай, там за хвіліну дзесяць «бомбаў» падае. Але ў гэты вечар у гэтым месцы мы мелі поспех.
...Захопленыя глядацкія водгукі ў смс, тэлефанаваннях, паведамленнях на фэйсбуку і нават паштовых лістах паступалі на адрас Пасольства цягам тыдня пасля прэм’еры. Спадзяемся, франка-беларуская тэатральная падзея дасць імпульс для стварэння новых праектаў, якія годна прэзентуюць беларускую культуру еўрапейскаму гледачу.