Тысяча гадоў...

№ 6 (375) 01.06.2014 - 00.00.0000 г

Пасляслоўі да выставы
Праект «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі» быў прааналізаваны ў папярэднім нумары часопіса, але мы вырашылі вярнуцца да яго яшчэ раз. І папрасілі нашых аўтараў падагульніць вынікі выставы і адказаць на некаторыя пытанні. Ці адэкватныя і паўнавартасныя былі формы і кантэкст экспанавання, адбор артэфактаў? Ці паўплывае на мастацтвазнаўчую навуку, на грамадскую думку такі прадстаўнічы збор нацыянальных рарытэтаў?

Падсумаванне ці перагляд?

 

Выстава Нацыянальнага мастацкага музея падсумоўвае нашы веды пра тысячагадовы шлях развіцця, веды, якія структурываваліся амаль сто гадоў (першы слоўнік беларускіх мастакоў быў выдадзены ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя). Экспазіцыя сабрала значныя рарытэты з музеяў Беларусі і ўспрымаецца своеасаблівым усебеларускім музеем нацыянальнага мастацтва, залатым запасам краіны.

«Дзесяць стагоддзяў…» — вынік збіральніцкай і навуковай працы музеяў і розных акадэмічных інстытуцый Беларусі, у першую чаргу — Цэнтра даследавання беларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук. Выстава дае магчымасць сказаць, што падведзена рыса апісальнаму вывучэнню нашага мастацтва і пачынаецца новы этап, які закрые лакуны айчыннай культуры.

Канцэпцыю пісаў Уладзімір Шчасны, чалавек, які на асабістым досведзе дыпламата і прадстаўніка Беларусі па справах ЮНЭСКА ўсведамляе велізарную запатрабаванасць Заходняй Еўропы і Расіі ў ведах пра нашу культуру — для іх мы дагэтуль terra incognita. Калі я рыхтавала кнігу «Беларусы Масквы. ХVІІ стагоддзе», сутыкнулася з гэтым. Напрыклад, маскоўскія навукоўцы не верылі ў тое, што творы пры рускім царскім двары выконваліся майстрамі беларускімі, а не заходнееўрапейскімі, добра разумеючы, што гэтая з’ява аднекуль прыйшла ў іх культуру і ўкаранялася ў ёй яшчэ наступныя сто гадоў.

Счасны абапіраўся на трохтомнік па гісторыі мастацтва Барыса Лазукі, ён жа ў сваю чаргу — на фундаментальную шматтомную працу навукоўцаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН 1987—1994 гадоў «Гісторыя беларускага мастацтва» і шматлікія публікацыі апошніх гадоў. «Дзесяць стагоддзяў…» in situ («на месцы, ужывую») заснавана на гэтых кнігах. Яна вынік, і вынік уражальны.

Звернемся да мастацкіх помнікаў. Дарэчы, у выставачнай прасторы вялікую ролю адыгрываюць дэманстраваныя на камп’ютарных маніторах фільмы пра старажытныя храмы, дваранскія сядзібы (Алег Лукашэвіч, Аляксандр Аляксееў) і рэдкія кадры кінахронікі 1920—1950-х. Першая зала экспазіцыі напоўнена каштоўнымі, невялікімі па памерах прадметамі: гэта каменныя і металічныя іконкі, упрыгожванні і старадаўнія грашовыя знакі ў выглядзе зліткаў срэбра. Добрае асвятленне дае магчымасць разгледзець абразок са стэатыту, на якім увасоблены імператар Канстанцін і яго маці — імператрыца Алена. Рука імператара паставіла подпіс пад указам, які зрабіў хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй у ІV стагоддзі, а Алена, паводле падання, знайшла крыж, на якім пакутаваў Выратавальнік. Гэтыя дзве важныя для еўрапейскай хрысціянскай культуры асобы выяўлены сіметрычна адносна васьміканцовага крыжа. Мастак падрабязна выразае мініяцюрную сцэну прадстаяння святых, здаецца, што камень растае, ахінаючы постаці Канстанціна і Алены. Ніякая рэпрадукцыя не перадасць гэтай лёгкасці працы майстра. Нам цікавыя падрабязнасці і дэталі імператарскага ўбору, аздобленага па падоле і плячах каштоўнымі камянямі, кароны са скроневымі падвескамі, характэрнымі для стылю візантыйскага двара. Так, гэта твор адной з самых вытанчаных культур сярэднявечча — візантыйскай. Як гэта заўсёды бывае з артэфактамі з нашых зямель, у ім перапляліся і непарыўна злучыліся Усход і Захад: па меркаванні аўтарытэтнага спецыяліста ў візантыйскай дробнай пластыцы Васіля Пуцко, гэты абразок быў выкананы з візантыйскага ўзору Х стагоддзя раманскім майстрам (гэта значыць скульптарам раманскага перыяду мастацтва Заходняй Еўропы) у ХІІ стагоддзі. Для яго вывучэння патрабуецца высокая кваліфікацыя, і сам твор яшчэ доўга будзе прадметам неаслабнай цікавасці даследчыкаў.

У цэнтры першай жа залы стаіць драўляная Царская брама ХVІІІ стагоддзя. Яна больш за два з паловай метры ў вышыню, але вытанчанасць разьбы прымушае нас падысці бліжэй і любавацца кожнай дэталлю рэльефнай паверхні, упрыгожанай з неверагоднай разнастайнасцю. Здзіўляе мноства завіткоў, грабеньчыкаў, кветак і арнаменту, адзін элемент амаль не сустракаецца ў разьбяных творах і нават не мае вызначанай назвы, яго можна параўнаць з бягучым воскам расплаўленай свечкі. Разьбяр, як сапраўдны маэстра, паказвае магчымасць успрымання матэрыялу за межамі яго фізічнай формы: дрэва здаецца цякучым, мігатлівым золатам. У шчыльна запоўненым арнаментам палатне фасада Царскай брамы яшчэ застаецца месца для жывапісных сцэн: Звеставанне, чатыры Евангелісты і тры святыя. Гэты помнік вывучаўся Андрэем Ярашэвічам, адным з выбітных знаўцаў беларускай сакральнай скульптуры.

Побач з такой маэстрыяй абсалютна натуральна выглядае складаная разьба ХVІІ стагоддзя з іканастаса Нікалаеўскай царквы горада Магілёва, адзінае сведчанне таго ўзлёту беларускай культуры, што сваёй пышнасцю скарыла двор рускага цара Аляксея Міхайлавіча.

Традыцыі разьбы ХVІІ—ХVІІІ стагоддзяў відавочныя ў двух Царскіх брамах ХІХ стагоддзя, адна з іх выканана з дрэва, а іншая, з тым жа ўменнем «плесці» арнамент, — з... саломы. Гэта не адразу разумееш, але асаблівы залаціста-жоўты колер паверхні і яе геаметрычная структура прымушаюць зрабіць гэта адкрыццё.

І сімвалічным працягам тэмы беларускага культуртрэгерства, то-бок сітуацыі, калі Беларусь выконвала свайго роду асветніцкую функцыю ў суседніх дзяржаў, з’яўляецца кніга «Жазло праўлення» Сімяона Полацкага. Выдадзеная ў 1667 годзе ў Маскве, яна стала своеасаблівым праграмным дакументам Вялікага Маскоўскага сабора.

Другая зала прысвечана Рэнесансу і барока. Інтэлектуалізм культуры Адраджэння прадстаўлены найперш кніжнай прадукцыяй: перакладамі Францішка Скарыны, радзівілаўскай мапай Вялікага Княства Літоўскага, панарамнымі відамі беларускіх гарадоў, Статутам 1588 года, вялікім дзяржаўным законам, за подпісам канцлера Льва Сапегі.

У той жа зале знакамітыя і знакавыя рарытэты беларускай культуры барока ХVІІІ стагоддзя: слуцкія паясы, урэцкае шкло і свержанскі фаянс. Яны таксама былі на тэрыторыі Беларусі, хоць заўсёды здавалася, што ўжо і следу ў нас не засталося ад гэтых твораў знакамітай радзівілаўскай мануфактуры. Прывезці на выставу ўрэцкае шкло і свержанскі фаянс было цяжка: яны захоўваліся ў малавядомых для шырокай публікі месцах — касцёле і археалагічным музеі. Жырандоль урэцкага шкла — адзіны экспанат такога роду, які варта параўноўваць з падобнымі вырабамі на асобнай выставе. Гэта, мабыць, стане самастойным буйным праектам мастацкага музея, бо арганізацыя такіх выстаў, як «Слуцкія паясы», «Партрэты даўніх уладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага», «Мастакі Парыжскай школы», — наўпроставае вяртанне нацыянальных шэдэўраў у культурнае поле нашай краіны.

Барлінныя абразы другой залы вылучаюцца маэстрыяй, асабліва дзве іконы з іканастаса Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра. Адзін з аўтараў настолькі тонка карыстаецца колерам, што звяртае нас да лепшых традыцый каралеўскага французскага мастацтва часоў Вато і Бушэ. А самі кампазіцыі з выявамі апосталаў на ўвесь рост яшчэ раз прымушаюць успомніць пра рэнесансныя асновы культуры барока: яны непасрэдна нагадваюць нам пра манументалізм і веліч мастацтва італьянскага Адраджэння.

У зале Рэнесансу і барока ўпершыню ясна чытаецца некалькі новых аспектаў беларускага мастацтвазнаўства: так, напрыклад, агульнаканфесійнае стылістычнае цэлае, калі ў адзіным іконаграфічным і мастацкім ключы напісаны абразы для праваслаўных, уніятаў, каталікоў і стараабрадцаў. Вядома, канфесійныя адрозненні застаюцца, але ў наяўнасці адзінства хрысціянскай мастацкай культуры да ХVІІІ стагоддзя. Прычым можна назіраць значнае пашырэнне гэтага кантэксту: для сінагагальнага Арон кадэша разьбяры выкарыстоўвалі традыцыю скразной разьбы, якая была вядомая ў беларускіх хрысціянскіх храмах ХVІ—ХІХ стагоддзяў. Гэтыя адкрыцці выставы дазваляюць фармуляваць новыя праблемы для вывучэння беларускага мастацтва, значна паглыбляючы яго змест.

Трэцяя зала была афарбавана светлым, настальгічным настроем: у ёй пераважалі партрэты. Як ні дзіўна, партрэты і інтэр’еры перадаюць атмасферу даўніх дваранскіх гнёздаў Беларусі. Прыцягваюць увагу дзве камерныя выявы з Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Раманава пэндзля невядомага мастака: маладой жанчыны і мужчыны з дзіцем на каленах. Героі глядзяць на нас поглядам такіх жывых вачэй, якія ўмеў пісаць малавядомы, але выдатны беларускі мастак ХІХ стагоддзя Фёдар Тулаў (жыў у Прапойску-Слаўгарадзе).

Выстава ўздымае пытанні даследвання і пошуку новых аўтараў беларускага мастацтва ХІХ стагоддзя. Уменню маляваць тады надавалася вялікае значэнне, таму што лічылася, што «яно спрыяе развіццю паняццяў пра вытанчанае, густ, розум і таленту». У беларускім краі жывапісцаў вучылі ў Полацкай і Віленскай акадэміях, выпускнікі ехалі далей у Санкт-Пецярбург, Вену... Таму павінна была скласціся і быць прадстаўленай сваімі творамі цэлая плеяда мастакоў. Статыстыка 1830—1863 гадоў для Вільні такая: на 50-60 тысяч жыхароў каля 1000 чалавек можна аднесці да прафесійнай інтэлігенцыі, з іх прыкладна каля 100 былі актыўнымі мастакамі. Што мы ведаем пра творы і жыцці мастакоў беларускіх гарадоў ХІХ стагоддзя? У гэтым асяроддзі даследчыкі даўно вылучаюць класіка беларускага жывапісу ХІХ стагоддзя Івана Фаміча Хруцкага (вялікую выставу якога таксама, дарэчы, рабіў Нацыянальны мастацкі музей).

Абсалютна бліскучай часткай выставы стала прэзентацыя мастацтва апошніх дзесяцігоддзяў ХІХ — першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя. Прадстаўлены розныя школы, мастакі, якія ўражваюць непасрэднай і чыстай цягай да творчасці, як быццам сапраўды ў грамадстве адкрылася непераадольная «воля да мастацтва». Вяршыняй такога ўздыму стаў парыжскі «Вулей» маладых мастакоў. Іх запал і сіла бачныя на карцінах. Дастаткова паглядзець на пейзаж і партрэт пэндзля Хаіма Суціна ў экспазіцыі. Падыдзіце да гэтых прац — і адчуеце дыханне творчага агню і імпэту майстра. Побач з Суціным працы яго мінскага настаўніка Якава Кругера, вялікая выстава якога была арганізавана Мастацкім музеем у 2000 годзе. Якое багацце фактур, тэхнічных прыёмаў, волі ў мадэліроўцы формы! На выставе ты атрымліваў асалоду ад добрага жывапісу, часам спыняючыся ад здзіўлення, таму што такога ўзроўню прац вядомых мастакоў, здаецца, табе яшчэ не ўдавалася бачыць. Сапраўды, Мастацкі музей і музеі нашай краіны шчодра адкрылі свае запаснікі.

Самай складанай задачай быў паказ мастацтва ХХ стагоддзя. Акцэнт быў зроблены на школах і выбітных творах. Адзначу двух майстроў, у якіх адчуваецца дух і кліч эпохі і роднай зямлі: Пётру Сергіевіча і яго «Шляхам жыцця» (1934) і Віталя Цвірку з «Блакітным днём» (1980). У Сергіевіча складаная кампазіцыя: мы бачым герояў са спіны, яны сыходзяць углыб палатна па дарозе, якая набліжаецца да перавалу. Здаецца, зямны шар рухаецца ў рытме поступу іх босых ног. Хораша і сурова вакол: зямля як бы падтрымлівае людзей, надаючы ім мужнасці. Карціна надзвычай мастацкая і адначасова маральна-павучальная. Гэта шэдэўр творчасці Сергіевіча, які, прыехаўшы вучыцца ў Вільню, усё сваё жыццё правёў у гэтым горадзе. «Блакітны дзень» Цвіркі — гімн някідкай прыгажосці беларускай зямлі. Аўтар паказвае нам тое выключнае светла-блакітнае свячэнне прыроды, якое можа выказаць і заўважыць толькі мастак. Ён адкрывае яго на пярэднім плане, а затым адводзіць наш погляд у бязмежныя абшары, дзе адценні колеру манументалізуюцца і гучаць суцэльнымі магутнымі акордамі. Музыка зямлі не перакладаецца на словы, але яе магчыма адчуць у фарбах.

Такім чынам, выстава паказала нам вялікую колькасць моцных і знакавых артэфактаў. Сабраныя разам, яны прымусілі па-новаму паглядзець на гісторыю беларускай культуры і мастацтва, а значыць, і адыграюць значную ролю на пачатку новага этапа іх вывучэння.

Вольга БАЖЭНАВА

Ахапіць неахопнае

 

«Дзесяць стагоддзяў...» — грандыёзны і самы значны за гады незалежнасці выставачны праект, які паказвае мастацтва Беларусі знітаваным з сусветным, жывым і бесперапынным працэсам. Cярод гледачоў і крытыкаў экспазіцыя атрымала папулярнасць перадусім дзякуючы сваёй унікальнасці: было сабрана каля паўтысячы экспанатаў, наладжана мультымедыйнае абсталяванне, зроблены эксплікацыі і аўдыягіды, выдадзены каталог на трох мовах — падобнага ў беларускіх музеях ніколі не было. Многія рарытэты адмыслова да выставы былі грунтоўна паноўлены і адрэстаўраваны. Нават славутыя, шматкроць рэпрадукаваныя творы са сталай экспазіцыі мастацкага музея заззялі па-іншаму.

З’явілася магчымасць убачыць эксклюзіўныя артэфакты з розных музеяў краіны, карпаратыўных і прыватных калекцый. Напрыклад, «Партрэт Тамаша Зана» пэндзля Валенція Ваньковіча — адзіная прыжыццёвая выява філамата і адзіны твор Ваньковіча ў Беларусі. Рэдка паказваліся карціны Марка Шагала, Хаіма Суціна, Абрама Маневіча, «Віцебск» і «Акно» Паўла Южыка, творы Надзеі Хадасевіч і Уладзіслава Страмінскага. Багата абразоў і рэліквій, сярод іх — унікальныя старадрукі, напрыклад, выдадзеная Мікалаем Радзівілам Чорным «Брэсцкая Біблія» — сведчанне нашай культурнай суб’ектнасці ў часы Рэфармацыі, або ўнікальнае «Жазло праўлення» Сімяона Полацкага. Таксама былі выстаўлены іудзейскія і мусульманскія прадметы культу.

Галоўнае — нам прадэманстравалі зусім новы культурны дыскурс, версію таго, на чым мы мусім грунтаваць сваю ідэнтычнасць і якія каштоўнасці перадаваць наступнай генерацыі. Выставачны эксперымент паставіў перад намі, гледачамі, пытанні, якіх з’явілася больш, чым было. Што ёсць нашай класікай і да якой ступені колішняя сістэма яе кадыфікацыі адпавядае сучаснасці? Што выпадае з нашай увагі і ў якой форме адбываецца канструяванне нацыянальнай гісторыі культуры?

Першыя залы, у ззянні золата і срэбра, пераўзышлі чаканні шараговай публікі. Апроч старажытных скарбаў, тут можна было ўбачыць абразы і скульптуры са збораў музеяў Гродна, Полацка, Гомеля, Віцебска, Веткі. Гэта сапраўдныя цуды для знаўцаў. Аднак большасць з іх на цэтліках была неатрыбутаванай, нават не пазначаны мясцовасці, адкуль паходзяць гэтыя рэчы. Не было інфармацыі пра храмы, для якіх гэтыя рэліквіі былі створаныя. Канфесійная прыналежнасць нашага старажытнага мастацтва — ключавы момант для аналізу стылістычных асаблівасцей, культурнай канвергенцыі і ўзаемаўплываў.

Самай цэласнай стала зграбная і элегантна аформленая экспазіцыя шляхецкай культуры ХІХ стагоддзя. Экспанаты апелявалі і да літаратурнай, і да музычнай традыцыі. У наступных раздзелах пытанні да арганізатараў толькі нарасталі... Літаральна яшчэ гадоў 25 таму датычнасць да беларускай культуры Суціна, Шагала ды іншых сусветна знаных аўтараў, выхадцаў з Беларусі, нават не абмяркоўвалася: вядомы апокрыф пра тое, што Шагалу адмовілі ў стварэнні яго музея ў Віцебску. Да апошняга часу ў Беларусі не было твораў Шагала. На гэтай выставе яны ёсць. Мы пагадзіліся, што Шагал, Суцін, Царфін — феномен нашай культуры. Доўгачаканае знаёмства з «Евай» Суціна ці «Гадзіннікам на палаючым небе» Шагала! Упершыню большасць гледачоў можа ўбачыць творы Пінхуса Крэменя ды Міхаіла Кікоіна, чые школьныя гады прайшлі ў Мінску. Тут жа і праца настаўніка Кікоіна і Суціна Якава Кругера — партрэт Янкі Купалы. Тут і драматычны «Аўтапартрэт з музай і смерцю» Юдаля Пэна, стваральніка віцебскай мастацкай школы. Невыпадкова іх творчасць прадстаўлена на выставе асобным блокам. Але менавіта тут узнікае прыкрае пачуццё пэўнай скамечанасці, празмернай шчыльнасці. Як і ў залі з кавярняй, дзе размясціліся некалькі абсалютна невядомых гледачу беларускіх кінаплакатаў 1920—1930-х і мастацкае шкло ХХ стагоддзя. Рэчы, бясспрэчна, цікавыя, але экспанаваныя неналежным чынам. Выклікалі пытанні і прынцыпы арганізацыі выставачнай прасторы: асобныя шэдэўры варта было выстаўляць так, каб глядач мог адысці ад твора хоць бы на тры крокі. Няясна, чаму чатыры працы Язэпа Драздовіча памясцілі ў розных раздзелах — «Інсітнае мастацтва», «Школа Трутнева» і «Мастакі з Заходняй Беларусі». І чаму Драздовіч прадстаўлены толькі гэтымі творамі? Чаму наогул няма геніяльных прац Міхася Сеўрука і Антона Карніцкага?

Яшчэ больш пытанняў, звязаных з адсутнасцю многіх класікаў, паўстае на галерэі, дзе сабраны экспанаты за апошнія 100 гадоў — ад Філіповіча і Станюты, Селешчука і Альшэўскага да Цэслера з Войчанкам. Працы згрупаваныя тэматычна: «Метамарфозы» (канструктывізм, супрэматызм, мадэрнізм), мастакі Заходняй Беларусі, мастакі і вайна, выкладчыкі і выпускнікі Тэатральна-мастацкага інстытута, гістарычны рамантызм, постмадэрнізм. Мы бачым пару работ Дучыца ў раздзеле «Мастакі і Вялікая Айчынная вайна», але няма Мазалёва і Шыбнёва. У раздзеле «Віцебскі мастацкі тэхнікум» ёсць творы Глебава, Волкава, Зайцава ды Бембеля, але няма Ціхановіча і Каржанеўскага. Бачым Паплаўскага, Кішчанку, старэйшага Селіханава ў раздзеле «Выкладчыкі і выпускнікі Тэатральна-мастацкага інстытута», хоць Сяргей Селіханаў мае да яго вельмі ўскоснае дачыненне. Не знайшлося месца для такіх адметных мастакоў, як Віктар Маркавец, Алесь Марачкін, Міхась Рагалевіч, Андрэй Задорын, Сяргей Цімохаў...

Вельмі сціпла паказана графіка — ад Алексантэры Ахола-Вало да Алены Лось. Нацыянальная школа графікі 1970-х—1980-х — як найвялікшы беларускі ўнёсак у тагачаснае сусветнае мастацтва — мусіла быць прадстаўлена належным чынам. Гэтаму жанру фатальна не шанцуе ў нашых музеях, хоць менавіта графічнымі шэдэўрамі мы маглі годна прэзентаваць наш мастацкі даробак мінулага стагоддзя. Калі знайшлося месца для ўнікальных старадрукаў, чаму не выставіць колькі шэдэўраў кніжнай графікі ХХ стагоддзя?

Гэта бянтэжыць, улічваючы прэтэнцыёзнасць праекта, закладзеную ўжо ў назве. У ёй, з аднаго боку, канстатуецца факт існавання беларускага мастацтва як феномена, з іншага — акцэнтуецца, што гэты феномен мае тысячагадовую гісторыю. У гэтым сэнсе менавіта дакладнасць і навуковасць былі б важкім інструментарыем для аргументацыі. Ва ўмовах, калі амбітны праект ускладае на сябе ролю запоўніць пустку школьнай адукацыі ў сферы беларускага мастацтва, гэта было істотна.

Творы Кашкурэвіча ды Цэслера, Малея ды Вашкевіча ў раздзеле «Постмадэрнізм» выглядаюць лагічна, але дзе астатнія постмадэрністы — Вольга Сазыкіна, Тамара Сакалова, Сяргей Кірушчанка, Сяргей Бабарэка, Ігар Цішын і многія іншыя? Не былі прадстаўлены і творы генерацыі, што з 1990-х працуе за мяжою: Наталлі Залознай, Рамана Заслонава, Алены Кітаевай... І графіка маладых творцаў мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў. Зусім не прэзентавана беларуская фатаграфія, не зважаючы на тое значнае месца, што яна займала ў агульнасавецкім, а цяпер і ў міжнародным мастацкім кантэксце.

 

Выглядае, што тое, чаго мы НЕ ЎБАЧЫЛІ, ёсць вынікам густаў арганізатараў. І ўсё ж «Дзесяць стагоддзяў…» ужо паспрыяла стварэнню новай сістэмы каардынат, у якой будуць ацэньвацца і вызначацца культурныя каштоўнасці розных перыядаў. Дарэчы, гэтая выстава магла б застацца тут стала, балазе значную частку экспазіцыі складаюць артэфакты з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея, што гадамі знаходзяцца ў запасніках. Нават для тых 500 экспанатаў, якія прадстаўлены зараз, бракуе прасторы: паўтара паверха, відавочна, недастаткова. Аднак ніводная выстава не ў стане ахапіць усю гісторыю беларускага мастацтва. Пагатоў, не патрафіць густам усіх наведнікаў! Лішні доказ банальнай ісціны пра немагчымасць ахапіць неахопнае. І напамін пра тое, што мы жывем ужо ў ХХІ стагоддзі, што змушае нас пераглядаць наноў наш каласальны нацыянальны даробак і магчымасці яго рэпрэзентацыі.

Сяргей ХАРЭЎСКІ