Квадрат на мапе

№ 6 (375) 01.06.2014 - 00.00.0000 г

Выстава Алы Скліфасоўскай-Няхайчык
Мінская мастачка Ала Скліфасоўская-Няхайчык нячаста радуе нас сваёй увагай. Тут, сапраўды, «за дзяржаву робіцца крыўдна», бо перад намі — адзін з самых цікавых сучасных беларускіх творцаў, амаль невядомы беларускаму гледачу. Некалькі год таму час ад часу яе працы можна было сустрэць у праектах Нацыянальнай бібліятэкі.

Гэтыя экспанаванні выглядалі востра і арыгінальна, вабілі гледачоў і спецыялістаў, але не напоўніцу паказвалі патэнцыял аўтаркі. Пра яго можна было толькі здагадвацца, аналізуючы рэшткі мастацкай інфармацыі. Так ільва пазнаюць па кіпцюрах: звесткі пра «персаналкі» Скліфасоўскай-Няхайчык можна адшукаць сярод арт-хронікі маскоўскай «Усходняй» галерэі. Яна заняла чацвёртае месца сярод лепшых праектаў 2010 года на прэстыжным расійскім конкурсе «Прэмія Кандзінскага». Яе мастацтва прадстаўлена на амерыканскім сайце «ART-3000», творы захоўваюцца ў прыватных турэцкіх калекцыях. Таму мінскі праект «В9» — падзея цікавая ўжо фактам свайго з’яўлення.

«В9» — гэта квадрат на геаграфічнай мапе. На мінскай з яго дапамогай можна адшукаць Нававіленскую вуліцу, на віцебскай — прыток Дзвіны, на мапе горада Рыма — вядомы гістарычны помнік. На ўсіх мапах свету, вялікіх і маленькіх, ёсць свой уласны падобны квадрат.

Да квадрата «В9» мы, на жаль, звяртаемся ў самыя драматычныя моманты. Гэта месца, дзе разбіўся самалёт з польскай палітычнай элітай (менавіта гэты канкрэтны квадрат даў назву выставе), з якога паслаў SOS заспеты бурай марскі карабель, дзе пачаў дзейнічаць вулкан і дзе, цалкам верагодна, у гэтае імгненне церпіць бедства чарговая закінутая экспедыцыя. «Падзелім горад на квадраты», — з імпэтам заклікаў нас некалі персанаж вядомай кінакамедыі. Дзівак, ён не ведаў альбо забыўся, што горад на квадраты (адсюль і назва: кварталы) падзелены адпачатку. Гэта зрабілі старажытныя грэкі, вялікія геаметры, у часы сівой класікі. Гэта было геніяльным адкрыццём. А  значна пазней, паводле ўзору антычнага горада, на лагічныя кавалкі падзялілі і сусвет: з дапамогай паралеляў, радыусаў, мерыдыянаў ямчэй арыентавацца ў ім. Свет нібыта наблізіўся да нас. Адбылося нешта накшталт адкрытага той жа антычнасцю спосабу павелічэння выявы: з дапамогай сеткі квадратаў, намаляванай паверх яе.

Таму «В9» — гэта позірк на свет з вышыні. Адтуль ён бачыцца больш вызначаным, больш дакладным. Праблемы, што падаваліся нам выпадковымі і нечаканымі, насамрэч аказваюцца чарадой супадзенняў і заканамернасцей. «Лицом к лицу лица не увидать, большое видится на расстояньи...» Аднекуль зверху і вялікі Эйнштэйн падаецца нам маленечкім, як лясны мураш, але тым больш адчувальнай робіцца веліч яго навуковых адкрыццяў, праз якія мы спрабуем зразумець Сусвет.

Не толькі ў праекце «В9», але і ва ўсёй творчасці Алы Скліфасоўскай-Няхайчык прысутнічае паняцце вышыні. Мастачка настойліва распрацоўвае, даследуе, мадэлюе вобразы палёту і руху. Авангард увёў у мастацтва вобраз авіятара, які, між іншым, стаў адной з ключавых фігур. Чалавецтва тады глядзела на неба з зачараваннем, але Аэрафлот ператварыў яго ў зручную «паветраную прастору», дзе аварый, між іншым, меней, чым на зямлі. Можа, таму мы шмат на што забыліся ў мастацтве. Напрыклад, на тое, што веліч наватарскай культуры — не ў адкрыцці беспрадметнай мовы, не ў простым маляванні квадратаў і прастакутнікаў, а ў дзёрзкасці і сіле парыву ў вышыню. Забыліся на тое, што калужскі летуценнік Цыялкоўскі марыў не проста пра палёты ў бязважкасці, але пра масавае ўваскрашэнне памерлых людзей для новага шчаслівага жыцця, пра далейшае рассяленне ўваскрослых па іншых планетах. Як транспартны сродак, не больш таго, ім задумвалася і ракета.

Але вернемся да авангарда: самотнае лунанне ў невядомасці было вяршыняй тагачаснага радыкальнага наватарскага мыслення. (І таму «Летатлін», які нікуды і ніколі не ўзляцеў, ёсць найвышэйшай трагедыяй авангарда.) Ала Скліфасоўская-Няхайчык працягвае ідэю далей і развівае яе: палёт магчымы толькі ўдвух. Як крылы птушкі альбо мятліка. Менавіта таму ў творах мастачкі — два аднолькавыя героі. Побач ёсць альбо адчуваецца, мяркуецца нехта Другі — гэткі бясконца падобны, блізкі, дарагі. Але — іншы, не ты сам, яшчэ адзін… Гэтая цалкам новая дуальнасць сусвету, заснаваная не як ва ўсходняй культуры — на супрацьпастаўленні, а на блізкай, тоеснай парнасці з’яў, падзей, асоб. Гэта і ёсць галоўнае творчае адкрыццё Алы Скліфасоўскай-Няхайчык. Галоўная тэма яе мастацтва, яго прынцып, рухальная ідэя.

Экспазіцыя праекта ў цэлым выглядала вельмі эфектна і напружана-драматычна. На гэта ўражанне, бясспрэчна, уплывала і сама выставачная прастора: з чорнымі сценамі і падлогай, з высокай белай столлю. У сярэдзіне залы была размешчана інсталяцыя: на чырвоным кубе — вялізны клубок баваўнянай аборыны, а над ім лунае маленькі самалёцік, абернуты той жа аборынай і падвешаны да столі на свядома перарванай нітцы. Творы квадратнай формы, акантаваныя металам (метал падзяляе і паўторы выявы ўнутры асобных прац), выкананы ў падкрэслена нейтральнай, ледзь не дакументальнай манеры: мастачка актыўна выкарыстоўвае фатаграфаванне падчас стварэння вобразаў. Яна пазіцыянуе сябе выключна ў якасці аб’ектыўнага, старонняга назіральніка, але гэта падманная бачнасць: насамрэч аўтарка даследуе. Самае важнае для яе — лагічна пабудаваць вобразны ланцужок. Сваю творчасць Ала Скліфасоўская-Няхайчык вызначае як працу са знакам. Знак — тое, што ўтрымлівае шмат інфармацыі і дазваляе яе лёгка счытваць. У якасці ўзору творца згадвае дарожную сімволіку, а гэта азначае, што яе працы павінны валодаць яркай, вострай выразнасцю. Творчы працэс для яе пачынаецца з пошуку знака — эквівалента з’явы, які потым пераходзіць у сэнс, але напрыканцы ўсяго — зноўку павінен паўстаць знак. «Гэта як гарманальная сістэма ў арганізме чалавека, якая заканчваецца там, дзе пачынаецца». Па сутнасці гэта азначае: дакрануцца, убачыць святло, адхіліцца, усвядоміць сябе.

Перад намі — вельмі дакладна прадуманая, разгорнутая перспектыва ўспрымання і асэнсавання сусвету ў яго цэласнасці. Ала Скліфасоўская-Няхайчык выкарыстоўвае для гэтага розныя мастацкія сродкі. Жывапіс і графіку, рэалістычнае мастацтва і вынаходніцтвы еўрапейскага наватарства. Напрыклад, урокі мастака Хрысто. Згадайма, як апошні працуе з формай: загортвае яе, кіруючыся пачуццем простым, ясным і актуальным. Так, размаўляць аб праблеме можна не агаляючы яе, не прэпарыруючы яе на «мышцы і шкілет». Выявіць праблему можна адхіляючыся ад яе альбо закрываючы яе, як робіць мастачка. Часта яна звяртаецца да вопыту поп-арта, сапраўдная сутнасць якога якраз і складаецца з ураўноўваня ўсіх рэчаў паміж сабой — па прынцыпе бестселера. Калі ёсць твор з пісталетам, абкручаным аборынай, то як працяг — з’яўляецца і далонь у аборыне альбо павучок у клубку... Жорсткасць, нават смерць, адкрытасць да безабароннасці, далікатная пяшчота, крохкасць, рэч у сабе... Перарваны палёт і немагчымасць развітання. Ала Скліфасоўская-Няхайчык і Эндзі Уорхал — асобная размова. Тут і пэўная дэкларацыя друкаванай выявы, і вольнае спалучэнне фатаграфічнай і ручной тэхнік разам. А што ўжо казаць пра ўжыванне эталоннага прыёму поп-арта — паўтору адных і тых жа рэчаў, вобразаў, з’яў, вынайдзенага Уорхалам дзеля нейтралізацыі пачуцця, а значыць — яго аб’ектывізацыі. Тут і адчутая імі двума трагічнасць свету. Больш прыхаваная і надрыўная ў Уорхала — ён баяўся вайны і смерці. І больш адкрытая, на паверхні, але і больш спакойная ў Скліфасоўскай-Няхайчык. Нават яе ўлюбёная дамінацыя спалучэння срэбна-шэрага на чорным у графіцы — невыпадковая. Гэты прыём не проста «пашырае» прастору экспазіцыі (шэры на чорным аддаляе выяву, а белы на чорным, наадварот, набліжае яе). Вынайдзены Уорхалам мастацкі кірунак шануе «кіслотныя» колеры, але сам гуру поп-арта жыў у лофце (вялізным памяшканні з заводскім мінулым, гіганцкімі вокнамі і неадшліфаванымі сценамі), дзе не было і намёку на кідкую стракатасць, а каляровай дамінантай быў якраз чароўны срэбна-шэры. Мастачка заўважае тонкія рэчы.

 

Для прыёмаў Алы характэрны навізна і ізаляванасць вобразаў ад рэчаіснасці. У любым відзе мастацтва гэтая аўтарка стварае таленавітыя і арыгінальныя выявы з адчуваннем асаблівасцей абраных формаў мастацтва. Яе творы выглядаюць вонкава проста, але, тым не менш, аказваюць вельмі моцнае ўздзеянне дзякуючы прадуманым — нечаканым і вольным — псіхалагічным асацыяцыям. Бясспрэчна, яны разлічаны на ўдумлівага і падрыхтаванага гледача. Гэта рыса сучаснай культуры, але і праява дуальнасці натуры мастачкі Алы Скліфасоўскай-Няхайчык — яна марыць сустрэць роўнага суразмоўцу, яна запрашае вас стаць саўдзельнікам творчага працэсу. Адсюль і люстэрка ў экспазіцыі: зірніце, гэта вы, і вы — частка ўсяго.