Дзеці як харэографы

№ 6 (375) 01.06.2014 - 00.00.0000 г

Праект «Пачатак» Беларускай харэаграфічнай гімназіі-каледжа
У свой час пабачыла шмат справаздачных канцэртаў Беларускага харэаграфічнага каледжа. Звычайна яны ладзіліся вясной, напрыканцы навучальнага года. На іх заўжды прыходзілі з ахвотай салісты балета, аматары танца, бо ім цікава: каго выпускаюць, ці ёсць зоркі, хто прыйдзе ў трупу? За чыёй творчасцю варта сачыць?

Але ў пэўны момант праграмы пачалі паўтарацца. І да бясконцасці! Усё тыя ж «Сувораўцы», «Кікімара», варыяцыі з «Карсара». І на заканчэнне — абавязковае Гран-па з «Дон Кіхота»! Як бы ты ні любіў гэты балет, але пасля 101 прагляду нараджаюцца надта супярэчлівыя эмоцыі...

Здавалася, сітуацыю немагчыма выратаваць і вярнуць каледжу інтарэс гледача і грамадскасці. Бо «Дон Кіхот» вечны! Але нечакана высветлілася: расклад змяніць проста. Варта ўвесці выкладанне сучаснага танца — ён здольны абудзіць фантазію і творчы пачатак у дзецях. Што і зрабіла новы мастацкі кіраўнік каледжа вядомая балерына Інэса Душкевіч. Летась на сцэне каледжа была паказана праграма, складзеная з нумароў сучаснай харэаграфіі. Пятнаццаць мініяцюр, пастаўленых дзецьмі. Яны — харэографы, аднакласнікі — выканаўцы. Той праект пераўзышоў усе чаканні. Здзівіў, азадачыў. І прымусіў чакаць працягу.

Сёлетні праект атрымаў назву «Пачатак» і прэзентаваўся як агляд сучаснай харэаграфіі. Відаць, падобная дзейнасць спадабалася юным пастаноўшчыкам. Бо праграма павялічылася ажно ўдвая. Амаль кожны раз здзіўляў выбар музычнай асновы (ён вызначае тэму, вобраз, танальнасць). Пучыні. П’яцола. Джаз. Музыка з фільма «Аватар». Песні ваенных гадоў. Мала хто абіраў у якасці пластычнай мовы ўласна класічны танец (і пуанты). Відаць, што традыцыі «басаножкі» Дункан бліжэй юным харэографам. Часцей паўставала неакласіка. Або сінтэз яе з танцам сучасным, эстрадным. З элементамі гімнастыкі і спорту.

У мініяцюрах, пастаўленых юнымі артыстамі, разгортваўся прывабны свет дзяцінства і вольнай фантазіі. Таму сімвалічнай успрымалася назва кранальнага нумара «Вясновая кветка», прыдуманага і ўвасобленага Марыяй Шыцікавай. Як ні дзіўна, хапала не толькі сольных ці дуэтных кампазіцый, але і масавых. Уменне будаваць змену ліній і малюнкаў у калектыўным танцы — патрэбная якасць!

Як вучаць юных піяністаў ці мастакоў, зразумець можна. Але навучыць сачыняць танец — задача больш складаная. Авалоданне балетмайстарскімі прыёмамі магчымае толькі праз спасціжэнне танцавальнай лексікі. Зразумела, дзіцячую харэаграфічную творчасць трэба ўспрымаць як першыя спробы, накіды, замалёўкі. Але хапала і яркіх пластычных вобразаў (напрыклад, «Лясная німфа»), калі пластычны малюнак развіваўся якраз у адпаведанасці з заяўленай тэмай. Пачалі нумарамі юных пастаноўшчыкаў, далей паказваліся мініяцюры больш сталых. Адпаведна ідылія дзяцінства, свет казачнасці паступова знікалі пад уплывам драматызму дарослых перажыванняў (як у мініяцюры «Боль»). У шэрагу нумароў шчыра і нетрафарэтна аказалася вырашана тэма Вялікай Айчыннай («Синий платочек», пастаўлены Лізаветай Венска, і «Дзяўчынка, якая прайшла вайну» з харэаграфіяй Арыны Еўдакімавай).

Яшчэ адзін блок праекта — мініяцюры прафесійных харэографаў, увасобленыя навучэнцамі каледжа. Яны паказваліся ў фінале і ўспрымаліся як найбольш моцныя. Нумары «З таго часу, як я адна» (харэаграфія Канстанціна Кузняцова і Юліі Дзятко) і «Лістапад успамінаў» (мініяцюра Дзмітрыя Залескага) прываблівалі свежым прачытаннем тэмы. «Лістапад...» — пра нечаканае знікненне першых крохкіх і кранальных пачуццяў. Белая папера — гэта і лістота дрэва, і дождж, і аркушы, на якіх былі некалі напісаны пяшчотныя словы. Залескі пацвярджае ўменне ўвасобіць у пластыцы мноства адценняў эмоцый і сэнсу.

Самымі важкімі падаліся нумары балетмайстраў, якія навучаюцца ў Валянціна Елізар’ева. У «Сірэне», пастаўленай Сяргеем Мікелем, усё спрыяла стварэнню вобраза таямнічага і загадкавага — музычная аснова, дзе гарманічна ядналіся спевы і гукі ўдарных, выразнасць і экспрэсіўнасць цела, незвычайны сцэнічны касцюм. Так, гэта сірэна, якая вабіць і вядзе да пагібелі, але ці шчаслівая сама?

Яшчэ больш глыбокай падалася мініяцюра Юліі Мельнічук «Тая, што прыходзіць кожную ноч у твае сны». Пачуўшы назву, іранічна ўздыхаеш: а-а, зноў пра каханне! Але ж не. Постаць, што з’явілася на сцэне, — не Каханая, а... Кашчавая. Смерць. Нечакана прывабнае ўвасабленне зла. Пра гэта нагадвае і яе клюка — зусім як у феі Карабос у «Спячай красуні». Перад намі сучаснае, а таму экспрэсіўнае пераасэнсаванне харэаграфіі Пеціпа. Невыпадкова мініяцюра Юліі атрымала першы прыз у Берліне, на міжнародным фестывалі «Залаты Алімп». Германія — адзін з сусветных цэнтраў сучаснага танца. Думаю, там ёсць з чаго выбіраць!

А наяўнасць такіх праектаў, як «Пачатак», дапамагае адначасова вырашыць мноства праблем. Агульнавядома: у кулуарах і падчас інтэрв’ю артысты балета скардзяцца: «Няма новай харэаграфіі! Няма з чым ехаць на конкурсы!» У сваю чаргу балетмайстры не ведаюць, дзе знайсці артыстаў, каб эксперыментаваць і ствараць новыя нумары. Юныя пастаноўшчыкі развіваюць уласную фантазію і пластычныя здольнасці. Інакш кажучы, выйграюць усе. Таму, калі ёсць «Пачатак», павінен быць і працяг... 

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі