Валерый РАЕЎСКІ: "Шырока расчыняем дзверы"

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Мы, дзеячы беларускага тэатра, часцей за ўсё чэзнем у адсутнасці зносін адно з адным. Таму і мэта Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Панарама» -- адзіная. Прынамсі, ягоныя арганізатары ўсё робяць для таго, каб у нас была магчымасць і сябе паказаць, і на ўсё лепшае ў тых, хто прыехаў да нас, паглядзець.

 /i/content/pi/mast/6/136/Raeuski1.jpg
Дзякуючы Міністэрству культуры, гораду, сябрам тэатра мы шырока расчыняем свае дзверы! У аснову канцэпцыі «Панарамы» пакладзены агляд. «Панарама» -- гэта шырокі агляд разнастайнай тэатральнай прасторы, і таму ў яе афішы творы розных сцэнічных стыляў і накірункаў. Побач са спектаклем «Майстар і Маргарыта» ОКТ/Вільнюскага гарадскога тэатра і таленавітага Оскараса Каршуноваса, які заўсёды дакладна ведае, да чаго імкнецца, скрупулёзна і экспрэсіўна разлічвае сцэнічны час, віртуозна валодае пастановачнымі метафарамі, -- вытанчаная пластычная партытура «Саламіі» Аляксандра Білазуба і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Івана Франко. І апошні спектакль Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы «Сны аб Беларусі» з цікава і таленавіта вынайдзенай сцэнічнай прасторай, якая аб’ядноўвае літаральна ўсё з «касмічнага» пункту гледжання.
«Панарама» якраз і дазваляе нам часцей правяраць свае ўзаемадачыненні з метафарычным тэатрам. Бо ў сучасным тэатры метафара значыць вельмі шмат. Можна крыху па-іншаму зірнуць на слоўнае развіццё падзеі, на прыроду энергетычных і сэнсавых выкідаў сцэнічных твораў. А потым, убачыўшы спектаклі блізкіх і далёкіх суседзяў, сказаць сабе, што часам не варта наноў вынаходзіць веласіпед. Увогуле наша асноўная мэта -- далучыцца да міжнароднага фестывальнага руху і ўвайсці ў міжнародны тэатральны працэс, і гэта дасягальна.
 /i/content/pi/mast/6/136/Raeuski2.jpg

 "Эрык XIV" А.Стрындберга.
Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы.


Самы каштоўны досвед, які дае нам «Панарама», -- мастацкі. Важна зразумець, куды рухаецца сучасны тэатр, і калі мы адстаём -- неабходна ведаць чаму. На мой погляд, драматычны тэатр сёння стаміўся ад слоў. Свет стаміўся ад слоў. Таму і адкрыць глыбіню ў сучаснай драматургіі надзвычай цяжка. Ды толькі ніводзін тэатр у свеце не здатны адасобіцца ад праблем рэчаіснасці. Рэжысёры знайшлі спосаб выяўляць іх праз рух, пластыку, жэсты. Пластыка на сцэне часам аказваецца больш выразнай, больш змястоўнай, чым слова. Лепшыя спектаклі прыцягваюць увагу пластычнымі вырашэннямі. Тэатр зноў цікавы менавіта сваёй сінтэтычнай прыродай, калі на сцэне таленавіта і натуральна спалучаюцца драма, балет, псіхалагічная глыбіня, адкрыты брэхтаўскі зварот ў залу... Менавіта магутны сінтэз сцэнічных сродкаў вяртае і раскрывае спрадвечную прыроду гэтага віду мастацтва.
Праграму «Панарамы» мы фарміравалі зыходзячы з тэндэнцый і кірункаў, у якіх развіваецца сучасны тэатр. Хоць нашы магчымасці і жаданні -- зусім не адно і тое. Не сакрэт, што на многія пачынанні не хапае грошай, а высокае мастацтва ва ўсім свеце -- дарагое. Але мы пачынаем «Панараму». І дзякаваць Богу, што ёсць мудрыя, тонкія людзі, якім падабаецца наша спроба ўзляцець і якія падтрымліваюць нашы памкненні.
Цягам многіх дзесяцігоддзяў у Купалаўскім тэатры працавалі таленавітыя акцёры, з’яўляліся выдатныя спектаклі, якія маглі ўразіць свет, але мы іх нікуды не вывезлі. Так склаліся гістарычныя абставіны. Але сёння мы расчыняем свае дзверы, бо разумеем, як важна тым, хто займаецца мастацтвам, своечасова адчуць яго запатрабаванасць.
Існуе жыццёвая неабходнасць у фестывалях І мы запрашаем іншыя тэатры да сябе.

Валерый РАЕЎСКІ,
мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы