Віцебскі кентаўр

№ 5 (374) 01.05.2014 - 31.05.2014 г

Сяргей Кухто — адзінокі сярод людзей
На жаль, жыццё і творчы лёс Сяргея Кухто змяшчаюцца ў некалькіх радках біяграфіі: нарадзіўся ў 1959 годзе ў Віцебску, скончыў Мінскую мастацкую вучэльню імя Глебава. З сярэдзіны 1990-х гадоў шмат працаваў, але ў выставах удзельнічаў не часта. А ў лістападзе 1999-га Сяргея Кухто не стала...

Першая персанальная выстава мастака адбылася толькі праз год пасля яго смерці і была сабрана з твораў, што ў той час ужо знаходзіліся ў прыватных калекцыях. На ёй было каля 30 жывапісных палотнаў, большасць з якіх віцебскія гледачы ўбачылі ўпершыню. У цэнтры мемарыяльнай экспазіцыі на мальберце стаяў апошні незавершаны твор (пазней кампазіцыя атрымала назву «З Блокам»), які Сяргей Кухто планаваў паказаць на чарговай рэспубліканскай выставе ў Мінску.

Успамінаючы дзяцінства і вытокі свайго шляху ў мастацтва, Кухто пісаў: «Памятаю, як мы з маці стаялі каля вакна, і яна мне намалявала жарабё, настолькі добра, што мне здалося, вось-вось яно заскача на сваіх доўгіх нагах. Я быў захоплены». Пазней, ужо падчас вучобы ў школе, ён вельмі любіў вандраваць. Закідваў партфель у снег і ішоў гуляць па старым горадзе і віцебскіх ярах. Марыў стаць мастаком. Да пятнаццаці гадоў назбіралася тоўстая тэчка з уласнымі малюнкамі, большасць якіх складалі накіды і замалёўкі коней.

Потым была Мінская мастацкая вучэльня імя Глебава. Сярод настаўнікаў Кухто часта ўзгадваў Кіма Шастоўскага, які асабліва паўплываў на яго.

Падчас вучобы Сяргей шмат часу праводзіў у бібліятэцы, за чытаннем кніг па мастацтве. Аналізаваў тэхніку і тэхналогію жывапісу, асаблівасці творчай манеры асобных мастакоў, эксперыментаваў з асновай, грунтамі, фарбамі. Вывучаў і капіраваў творы славутых заходнееўрапейскіх мастакоў — Жэрыко, Рубенса, Энгра. Зацікавіўся міфалогіяй. У дзевятнаццаць гадоў малады мастак склаў сур’ёзны план самаадукацыі, здаецца, ён дакладна ведаў, чаго хоча дамагчыся ў жыцці. А марыў Сяргей пра дасканаласць, пры гэтым, як сапраўдны творца, здаецца, зусім не верыў у магчымасць яе дасягнення.

Потым была служба ў войску на Далёкім Усходзе, дзе займацца любімай справай не было ніякай магчымасці. Захапляўся чытаннем твораў сусветнай класікі, у тым ліку беларускай, зрэдку маляваў, дасылаючы працы дадому. «Вярнуся — буду працаваць дзе заўгодна, толькі б мець магчымасць гадзін пяць пісаць, — адзначаў Сяргей у лістах да каханай. — Я вельмі баюся, што не змагу зрабіць хоць бы маленькую, але сур’ёзную карцінку ў сваім жыцці...»

Напрыканцы 1970-х Сяргей Кухто напіша: «Хачу намаляваць кентаўра са сваім тварам і целам...» Гэта быў пачатак стварэння ўласнай міфалогіі. Вобраз кентаўра, які складаўся на працягу многіх стагоддзяў, мастак нібы прымяраў на сябе, адчуваў блізкасць і падабенства з гэтым персанажам, якога Хорхэ Луіс Борхес у сваёй «Кнізе выдуманых істотаў» назваў «самым гарманічным стварэннем фантастычнай заалогіі». Пазней кентаўр на палотнах мастака будзе паўставаць то ганарлівым Напалеонам, то іранічным Арлекінам, то прасталюдзінам Палканам.

Безумоўна, Сяргей Кухто быў не першы, хто ўбачыў у моцных, цягавітых кентаўрах магчымасць увасаблення не столькі схільнасці да гвалту, колькі мудрасці, разважлівасці, еднасці з прыродай і адметнай жыццёвай філасофіі. Мастакі і скульптары розных краін звярталіся да вобразаў гэтых дзікіх і неўтаймаваных варвараў, падуладных цялесным пачуццям, да сцэн кентаўрамахіі.

Здаецца, у асобе міфічнай істоты Сяргея Кухто асабліва прыцягваў канфлікт, закладзены ў самой сутнасці кентаўра: злучэнне мужчынскай салярнай сілы (вобраз каня) і высокага духа чалавека. Разам з тым у віцебскага мастака кентаўры не падобныя ні да класічных выяў, ні да аналагічных персанажаў большасці сучасных творцаў. Сяргей Кухто падкрэслена індывідуальны, у яго палотнах няма ні дзікай пачуццёвасці, ні паказной дэманстрацыі атлетычнай маскулатуры, ні шалёнага эратызму, ні папулярнай для постмадэрнісцкай эпохі стылістыцы «фэнтэзі», у межах якой адбывалася ідэалізацыя і містыфікацыя сучаснага вобраза кентаўра.

Сваімі раннімі творамі Сяргей Кухто быў незадаволены, яму здавалася, што ў іх не хапала адчування матэрыяльнасці, майстэрства. У адным з лістоў 1981 года ён піша: «...На душы маёй нейкая завеса, якая прытупляе маю пачуццёвасць...» Ад гэтага перыяду творчасці амаль нічога не засталося, толькі некалькі фотаздымкаў. Зрывы ў 1980-я гады для мастака нярэдкія: «Я цяпер перажываю цяжкі час, сур’ёзна перастаю верыць у тое, што займаюся патрэбнай справай, перастаю верыць у сябе... Як рэалізатар я пасрэдны...» Разам з тым Сяргея не пакідае адчуванне, што яму проста патрэбна ўдача.

Пераважная большасць вядомых нам жывапісных кампазіцый створана Кухто ў перыяд 1992—1999 гадоў. Некаторыя з сюжэтаў яго палотнаў і замалёвак паўтараюцца, але інтэрпрэтуюцца інакш. Сяргей Кухто не пісаў дакладных копій сваіх карцін, не тыражаваў удала знойдзеныя сюжэты. Але тэмы і вобразы, якія яго асабліва хвалявалі, нярэдка ператвараў у цэлыя серыі.

У вялікай кагорце кентаўраў выбар Сяргея Кухто ў першую чаргу прыпаў на Хірона — самага з іх мудрага і высакароднага, адметнага сваёй дабрынёй, цудоўна адукаванага ў розных галінах. Але ўвагу мастака прыцягнулі зусім не драматычныя абставіны лёсу Хірона (паранены, але бессмяротны кентаўр вандраваў па свеце без надзеі на збаўленне!). Мастак звяртаецца да вобраза Ахіла, якога кентаўр навучаў атлетыцы, гульні на кіфары і спевам, паказвае Хірона разам з юнымі і спрытнымі спартанкамі, вядомымі сваёй прыгажосцю па ўсёй Грэцыі, пасылае яго ў краіну гіпербарэяў (куды час ад часу накіроўваўся і сам Апалон!), дзе жыве адораны народ, паўсядзённае жыццё якога суправаджаецца песнямі, танцамі, музыкай і вечнай радасцю, народ, якому невядомы разлады і хваробы, дзе смерць прыходзіць толькі ад перасычэння жыццём...

Блізкую да класічнай трактоўку міфалагічных сюжэтаў можна ўбачыць у такіх творах Кухто, як «Нэс і Дэяніра» (1992), «Развітальны танец німфы перад старым сацірам (Бабіна лета)» (1996), «Нерэй з дочкамі» (1998).

Міфалагічная гісторыя, у якой кентаўр Нэс, што перавозіў праз раку Эвен нявесту Геракла Дэяніру, хапае яе і кідаецца наўцёк, добра вядомая. Але ў міфе, які дайшоў да нас дзякуючы трагедыі Сафокла, не паведамляецца, што сталася прычынай таго ўчынку Нэса: ці то жаданне адпомсціць Гераклу за прычыненае яго племені зло, ці то сапраўдны моцны запал да гэтай жанчыны. Так ці інакш, гісторыя заканчваецца трагічна — Геракл пранізвае грудзі кентаўра дзідай. Але ў Сяргея Кухто гісторыя Нэса паўстае ў іншым ракурсе, чым яна вядома нам па творах мастакоў папярэдніх эпох — Гвідо Рэні, Пітэра Пауля Рубенса, Барталамэуса Шпрангера, Арнольда Бёкліна. У віцебскага мастака няма такога папулярнага ў класікаў драматычнага напружання ў развіцці сюжэта, хоць персанажы і развернуты адзін да аднаго. Аголеная Дэяніра з адвернутым ад гледача тварам і распушчанымі валасамі спакойна сядзіць на спіне прысеўшага каля дрэва кентаўра на фоне вячэрняга неба, асветленага апошнімі праменямі сонца.

Блізасць да традыцыйнага міфалагічнага кантэксту вылучае і кампазіцыю «Нерэй з дочкамі» (1998). Адзін з найбольш шанаваных у старажытнагрэчаскай міфалогіі багоў воднай стыхіі, Нерэй і на палатне Кухто паўстае магутным, мудрым і добрым старцам рахманага нораву, які пяшчотна калыша на руках дачку. За спінай Нерэя ў вадзе плёскаюцца яшчэ некалькі яго прыгожых дачок — нерэід ці марскіх німф. Нерэіды і Нерэй паказаны на фоне рачулкі, у якой адлюстроўваюцца вершаліны дрэў.

Створаны Сяргеем Кухто міфалагічны свет быў ужо далёка не антычным. Міфы напоўніліся новымі сэнсамі. Аднак, нягледзячы на вольную інтэрпрэтацыю, вобразы Кухто не пазбаўлены сакральнасці. Творца імкнуўся максімальна глыбока спасцігнуць свайго героя і паўсюль шукаў яго. Уважліва ўчытваўся ў радкі рамана «Кентаўр» Джона Апдайка, дзе мінулае і сучаснае загадкава пераплецены.

Ужо ў кампазіцыі «Кентаўр», а пазней у «Арлекіне з драўляным мячом» і «У канцы зімы» мастак паказвае кентаўра апранутым як Арлекін. Адзенне гэтага персанажа камедыі дель артэ, аздобленае ўзорам у форме ромбаў, стала ў мастацтве сімвалам адпаведнага настрою. Спалучэнне касцюма Арлекіна з трохвуголкай ці двухрогім капелюшом (бікорнам), што былі папулярнымі галаўнымі ўборамі ў афіцэраў еўрапейскага, рускага і нават амерыканскага войска з канца XVIII стагоддзя, выразна падкрэслівае асаблівы настрой героя, да адлюстравання якога ў сваіх жывапісных творах некалі набліжаліся Поль Сезан і Пабла Пікаса. У некаторых кентаўраў Кухто двухвуголка апранута кутом наперад — нібы падкрэсліваючы, што яе ўладальнік — чын імператарскай світы.

Сяргей Кухто перасяліў свайго кентаўра з гор і лясных гушчароў грэчаскай Фесаліі на віцебскую зямлю, на ўзгоркі, паміж якімі нясуць свае воды Віцьба, Дзвіна і Лучоса. Невыпадкова ў яго з’яўляецца і роднасны кентаўру выразна славянскі тып — Палкан. Спачатку мастак паказвае яго ў трохвуголцы і нават швэдры, а потым — у зімовым кажуху, шапцы-вушанцы. У гэтых палотнах Палкан то задумліва ўглядаецца ў далячынь, то палюе, адпачывае, слухае птушак... У яго постаці адчуваецца стрыманасць, што падкрэсліваецца і асяроддзем: глыбокі снег, у які пагружаны магутныя капыты кентаўра, замаруджвае хаду.

Кентаўр Сяргея Кухто — вандроўнік, перад ім раскрываюцца неабсяжныя прасторы. У некалькіх творах на другім плане паказаны ратуша і фрагменты забудовы Віцебска.

У творах мастака часта з’яўляўся вобраз пераправы — як сімвал пераадолення перашкод, пераходу праз раку жыцця. Ці не найбольш выразная з іх «Пераправа», у якой верхні абрэз кампазіцыі праходзіць літаральна па лініі лба кентаўра, падкрэсліваючы яго магутны рух на гледача па заснежаным лёдзе ракі. На яго спіне нібы трывалая апора і надзея на выратаванне — тоўстая бярозавая жардзіна, якую кентаўр трымае раскінутымі ў розныя бакі рукамі.

Адзінота кентаўра відавочная, але нярэдка побач з ім з’яўляецца сяброўка-спадарожніца. У большасці такіх кампазіцый прачытваецца паэтычны настрой, які перадаецца ці праз галінкі вярбы з пухнатымі суквеццямі, што ляжаць на каленях у дзяўчыны («Апошні лёд»), ці праз пяшчотную захутанасць постаці ў плед («Крыгаход», «Люты», «Каля ракі вясной»), ці праз букецік бэзу і святочную кашулю, што падкрэслівае паўфігуру кентаўра («Цудоўная правінцыялка»), ці праз вытанчанасць позы самой спадарожніцы, якая спакойна сядзіць на кентаўравай спіне, паставіўшы аголеныя ступні ног на магутнае, пакрытае поўсцю капыта («Прывал (з аголенай)»). Кульмінацыяй падобных паэтычных інтанацый можна лічыць палатно «Вясёлка» (1997), дзе «дыялог» паміж двума персанажамі прадстаўлены праз дынамічныя і адначасова вытанчаныя позы як кентаўра, так і дзяўчыны каля яго.

І канешне ж, прыгаданая ўжо кампазіцыя «З Блокам» (1999) — сапраўдная эпітафія, дзе вобразны настрой карціны стварае кожны элемент: і падняты каўнер паліто, і погляд кентаўра (аўтапартрэт Кухто), скіраваны некуды ў далячынь, і правая рука, што ўпэўнена пакладзена ў кішэнь, і вобраз маленькай дзяўчынкі на яго спіне (партрэт дачкі), якая прыціскае да грудзей букецік аранжава-жоўтых кляновых лістоў.

Ёсць у Сяргея Кухто яшчэ некалькі кампазіцый, у якіх жаночыя вобразы атрымліваюць іншую трактоўку. У такіх палотнах, як «Возера» і «Возера Лосвіда», аголеныя і паўаголеныя выявы жанчын, увасобленыя побач з выявамі коней, адбіваюцца ў нерухомым люстэрку паверхні вады. Тэма мацярынства падаецца тут праз вобразы дзяўчыны-падлетка і маленькага кентаўра, што схаваўся за маці.

У кожнай працы мастак адштурхоўваўся ад натуры, шукаў патрэбны прататып. Увесь светлавы дзень ён звычайна працаваў у майстэрні, нярэдка не адчыняючы дзверы сябрам і блізкім, што прыходзілі да яго. Твораў, напісаных у летнюю пару, няшмат. Нярэдка ён спыняўся і адварочваў працу да сцяны, чакаючы патрэбнага надвор’я ці пары года.

Адметная рыса кампазіцый Сяргея Кухто — карпатлівая праца над асобнымі элементамі карціны. Матэрыяльнасць у яго палотнах даведзена да ілюзіянізму, візуальныя ўражанні ад якога часам не ў стане перадаць нават фотаздымак. Гэтаму садзейнічала і якасная падрыхтоўка асновы, палатна, на якім звычайна выконваліся жывапісныя кампазіцыі. Ёсць у мастака і творы, напісаныя на кавалках тэксталіту з медным пакрыццём. Усе элементы сваіх карцін — рэчы, тканіны, кажухі, шапкі, швэдры, ракавінкі, люстэрка, клетку для птушкі, кветкі — мастак звычайна маляваў з натуры. Перад тым як напісаць пейзажны матыў, спускаўся да ракі ці ў яр і назіраў, запамінаючы каларыстычныя суадносіны снега, неба, дрэў, каб потым вярнуцца ў майстэрню і працаваць там па памяці. Мастак быў крытычным у дачыненні зробленага. На шматлікіх рабочых паперках допісы — «зрабіць стрыманей, больш вытанчана, прадметна, больш матэрыяльна...» Ён зноў і зноў вяртаўся да сваіх палотнаў — змяняў, папраўляў, дапісваў.

Асаблівасць большасці кампазіцый Сяргея Кухто — ракурс погляду на кентаўра: заўжды крыху знізу — тым самым падкрэсліваўся яго ганарлівы характар, велічнасць постаці. Кентаўры не вылучаліся знешняй прыгажосцю, магчыма, таму ў Кухто мы не бачым іх твараў... Вызначыць адзіную сюжэтную лінію кожнага твора немагчыма, даволі часта гэта — частка аўтарскай міфалогіі. Кухто быў яскравым прадстаўніком постмадэрнізму з яго спецыфічнай з’явай — неаміфалагізмам. Кампазіцыі мастака пабудаваны паводле аўтарскіх міфалагічных мадэлей, з трансфармацыямі прасторы і часу.

Адна з наведвальніц выставы Кухто ў Полацку напісала ў кнізе водгукаў: «Вельмі няпроста быць кентаўрам, калі вакол цябе адны людзі». Сяргею Кухто нейкі час гэта ўсё ж удавалася... Сёння большасць твораў мастака разышлася па розных калекцыях. Немалая частка іх за межамі Беларусі — у Галандыі, ЗША, Ізраілі, Расіі, Чэхіі. У беларускіх музеях твораў Сяргея Кухто амаль няма. 

Міхась ЦЫБУЛЬСКІ