Поліфанія памяці

№ 5 (374) 01.05.2014 - 31.05.2014 г

Вялікая Айчынная ў творах беларускіх кампазітараў
Традыцыйная для нашай культуры тэматычная прастора, звязаная з трагедыяй вайны і патрыятычным подзвігам, з абаронай гуманістычных каштоўнасцей, ва ўсе часы прываблівала творцаў. І на тэрыторыі мастацтва, бадай, самым праўдзівым носьбітам людской неабыякавасці, уражлівым люстрункам настрояў душы, магутным «рэтранслятарам» і захавальнікам эмацыянальнай памяці была і застаецца музыка. Вядома, абсалютная шчырасць намераў і памкненняў не гарантуе кампазітару поспех, не засцерагае ад банальнасці і другаснасці. Надта ж няпроста працаваць з ваеннай тэмай: адкрытая, даступная для ўсіх, яна выпрабоўвае арыгінальнасць таленту, самастойнасць творчага мыслення, узровень прафесійнай культуры.

«Гарачы след» класікаў

Багатая спадчына засталася ад нашых кампазітараў старэйшага пакалення. Іх творчасць перажыла самы першы, непасрэдны эмацыянальны ўдар жорсткіх 1940-х, з гадамі яны зноў і зноў асэнсоўвалі, узнаўлялі ў гукавых вобразах тую невычэрпную горыч, што пазначана страшным словам «вайна», той суровы аптымізм, светлую надзею і пераможны дух, што несла кожнаму сэрцу вера ў хуткае вызваленне ад варожай навалы.

У хатнім архіве сярод старых нататнікаў і даўніх запісаў я знайшла забытыя нотныя старонкі. Варта было прабегчы вачамі харавую партыю — і нібы загучалі падпісаныя па складах пад радкамі знаёмай мелодыі Купалавы строфы: «Пар-ты-за-ны-ы, пар-ты-за-ны, бе-ла-ру-у-скі-і-я сы-ны...» Як чарадзейны пароль, яны адмыкалі мінулае, вярталі ў дашкольнае маленства, незабыўным спадарожнікам якога было радыё на сцяне. Помню, як, нібы ад унутраных штуршкоў, драўляная «скрыначка з музыкай» уздрыгвала ад пругкага рытму зычных харавых галасоў, падтрыманых аркестрам, што раз-пораз паўтаралі дынамічны, імклівы і запамінальны матыў. Так, праз уразлівую эмацыянальную памяць увайшла ў маю музычную падсвядомасць кантата «Беларускім партызанам». Наш класік Анатоль Багатыроў стварыў яе ў трагічным 1942-м на верш Янкі Купалы, а ў 1960-х уключаная ў нацыянальную класіку вакальна-сімфанічная кампазіцыя зрабілася «хітом» радыёканцэртаў.

Кантата «Ленінградцы», напісаная майстрам таксама падчас эвакуацыі на тэкст Джамбула Джабаева, была выканана ў Маскве 1942-га пад кіраўніцтвам легендарнага дырыжора Мікалая Галаванава. А сярод пазнейшых опусаў Анатоля Багатырова вылучылася «Бітва за Беларусь» (1985) — араторыя на вершы Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Аркадзя Куляшова: унікальны музычны мемарыял у гонар барацьбы і вызвалення беларускага народа, у знак усеагульнай Вялікай Перамогі над гітлераўскім фашызмам. Дастаткова прыгадаць раздзелы «Бітвы за Беларусь», каб уявіць маштаб вакальна-сімфанічнай партытуры, кантрасты музычнай драматургіі, напружаную, канфліктную дынаміку яе развіцця: «Беларусь», «Апоўдні ў нядзелю», «Камсамольскі білет», «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына», «Ліст з палону», «Бітва», «Над брацкай магілай», фінальны харал Памяці. Такой значнай манументальнай працай патрыярх айчыннай кампазітарскай школы папоўніў беларускую музыку ў традыцыйнай для яе тэматычнай сферы.

Легендарная «Алеся»

Падзеі вайны сілкавалі партызанскі фальклор (яго збіраннем і даследаваннем займаліся ў свой час Генадзь Цітовіч, Лідзія Мухарынская), уплывалі на стварэнне прафесійнымі аўтарамі праграмных інструментальных і аркестравых п’ес, надзённых песень. «Па гарачых слядах» працавалі Мікалай Аладаў, Васіль Залатароў, Анатоль Багатыроў, Рыгор Пукст, Ісак Любан, Самуіл Палонскі. У 1942 годзе паэт Анатоль Вялюгін пад уражаннем ад сольных выступленняў Ларысы Александроўскай перад франтавікамі прысвяціў спявачцы верш «Перапёлачка», і Яўген Цікоцкі ўвасобіў яго радкі ў аднайменнай вакальнай баладзе. Але сапраўдным творчым подзвігам Цікоцкага сталася яго супольная з паэтам Петрусём Броўкам праца над операй «Алеся». Напісаная цягам 1942—1943 гадоў, яна была пастаўлена ў Мінску неўзабаве пасля вызвалення. Над прэм’ерай, якая адбылася ў снежні 1944-га, працавалі дырыжор Марк Шнейдэрман, рэжысёр Барыс Пакроўскі («той самы!»), мастак Сяргей Нікалаеў і, вядома ж, сузор’е выканаўцаў з незабыўнай Александроўскай. «Алеся» ўвайшла ў гісторыю як першая опера на тэму з жыцця беларускіх партызан часу Вялікай Айчыннай. За сваё паспяховае сцэнічнае жыццё зведала тры рэдакцыі, некалькі пастановак з рознымі выканальніцкімі складамі, ператваралася ў «Дзяўчыну з Палесся» (лібрэта Петруся Броўкі ды Яўгена Рамановіча) і, яшчэ раз абноўленая ў 1967-м, вярнулася ў рэпертуар пад сваёй першай назвай. Цяпер «Алеся» — легенда, пра якую не-не ды нагадае музычны фрагмент у канцэртным выкананні.

Водгулле перажытага

У другой палове ХХ стагоддзя да тэмы Вялікай Айчыннай звяртаўся практычна кожны беларускі кампазітар. Сярод іх тыя, для каго асаблівым, уласным болем азываўся ўспамін пра ўсё, што здарылася з роднай краінай і народам.

Уладзімір Алоўнікаў быў адным з нямногіх кампазітараў, хто прайшоў праз франтавое пекла. Здаў у кансерваторыі выпускныя экзамены — і на вайну. Добраахвотнікам. Служыў у артылерыі. Застаўся жывы і сустрэў салют Перамогі. Пісаў камерна-інструментальныя, аркестравыя творы, пранікнёную вакальную лірыку. Стварыў цыкл цудоўных і некалі папулярных песень пра беларускіх герояў: Мікалая Гастэлу, Веру Харужую, Канстанціна Заслонава, Льва Даватара ды іншых, прысвяціў кантату Марату Казею. Пакінуў у спадчыну ўсім пакаленням беларусаў лірыка-патрыятычны шэдэўр на верш Алеся Бачылы «Радзіма мая дарагая».

Дзякуючы музыцы Алоўнікава набыла крылы «Лясная песня» Адама Русака («Ой, бярозы ды сосны...»). Яе ведалі ўсе, спявалі нават за бяседным сталом і яшчэ пры жыцці Алоўнікава ды Русака лічылі партызанскім фальклорам. Але нарадзілася іх «беларуская народная песня» ў 1950-м. Да таго ж аўтары і ў партызанах не былі. Ужо ў канцы 1980-х Уладзімір Уладзіміравіч зноў звярнуўся да ваеннай тэмы і напісаў, насуперак жанравым стэрэатыпам, сімфонію-араторыю «Партызанскія песні» на вершы беларускіх паэтаў-партызанаў.

Праславіўся Алоўнікаў як песеннік. Але няўжо гэта замінае сённяшнім дырыжорам пацікавіцца яго сімфанічнай творчасцю? Незаслужана забытыя старонкі — вобразна яркія канцэртныя п’есы для аркестра: паэма «Партызанская быль», сюіта «Песні міру», бліскучы эскіз «Куранты Брэсцкай крэпасці».

Барыс Пянчук, у свой час галоўны дырыжор галоўнага аркестра Узброеных Сіл Беларусі, — вось хто ведаў і шанаваў музыку Алоўнікава! Барыс Міхайлавіч сам быў ветэранам Вялікай Айчыннай. Дарогі службы прывялі яго ў Беларусь, з якою Пянчук, ураджэнец Краснадарскага краю, па-сапраўднаму зрадніўся. Ён рупіўся пра развіццё духавой аркестравай музыкі ў нашай краіне. Напісаў нямала твораў, прасякнутых меласам лірыка-патрыятычных і героіка-эпічных песень Уладзіміра Алоўнікава, Яўгена Глебава, Нестара Сакалоўскага, Юрыя Семянякі, Ігара Лучанка, Леаніда Захлеўнага... Яскравыя сюіты, бадзёрыя маршы Барыса Пенчука на тэмы беларускіх кампазітараў і сёння ўпрыгожваюць рэпертуар айчынных духавых аркестраў, гучаць падчас вайсковых парадаў і канцэртаў пад адкрытым небам.

Класік нашай песні, шчыры меладыст, лепшыя творы якога быццам выйшлі з глыбіняў народнай душы, Юрый Семяняка таксама прайшоў дарогамі вайны (быў мабілізаваны 18-гадовым юнаком у жніўні 44-га). Знакавае месца ў яго творчасці займала тэма Радзімы. І ў шматгранным, поліфанічным увасабленні гэтай тэмы выразна гучаць матывы незабыўнага мінулага. Прыкладам — кантата «Памяці Канстанціна Заслонава» на словы Міколы Алтухова, харавая паэма-рэквіем «Хатынскія званы» паводле Алеся Бачылы, шматлікія камерныя вакальныя творы і песні на вершы Петруся Броўкі, Максіма Танка, Уладзіміра Карызны, Яўгеніі Янішчыц, Юрася Свіркі.

Зразумела, патрыятычная і антываенная тэматыка была пад увагай і тых кампазітараў, якія на пачатку Другой сусветнай вайны, ратуючыся ад гітлераўскага генацыду, перайшлі на савецкую тэрыторыю. Леў Абеліёвіч, Эдзі Тырманд, Генрых Вагнер — для іх Беларусь стала новай радзімай. Дарэчы, Вагнер адзначаў 3 ліпеня не толькі як знамянальную дату, векапомную для ўсёй краіны, але і як вялікае асабістае свята. Чаму?

У 1939 годзе ён, ураджэнец польскага горада Жырардава, студэнт-піяніст Варшаўскай кансерваторыі, мусіў пакінуць радзіму, навек развітаўшыся са сваімі блізкімі, ды шукаць прытулку па той бок мяжы. Беларусь не проста прытуліла 17-гадовага бежанца, а замяніла для яго родны дом, дала магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю па дзвюх музычных спецыяльнасцях, знайсці сямейнае шчасце, займацца педагогікай, дасягнуць творчых поспехаў, заслужыць афіцыйнае прызнанне і неафіцыйны тытул класіка беларускай музыкі ХХ стагоддзя.

Вайна дагнала Генрыха Вагнера і на новай радзіме, але гады расстання з ёю суправаджаліся вялікім творчым энтузіязмам ды верай у хуткую перамогу над акупантамі. Кампазітар ахвотна дзяліўся ўспамінамі. Любіў расказваць, як, знаходзячыся ў эвакуацыі, працаваў канцэртмайстрам у Душанбэ, як спрычыніўся да дзейнасці франтавога тэатра, створанага ў 1943 годзе, супрацоўнічаў з легендарнымі артыстамі Георгіем Менглетам, Леанідам Уцёсавым, з беларускай брыгадай па канцэртным абслугоўванні савецкіх байцоў. І марыў пра вяртанне ў Мінск. 2 ліпеня 1944-га музыканту споўнілася 22 гады. А наступны дзень прынёс вестку пра вызваленне сталіцы Беларусі.

Творчасць Генрыха Вагнера ахоплівае даволі шырокае кола тэм і вобразаў, самыя глыбокія асабістыя перажыванні натхнялі кампазітара на антываенны пафас. Водгулле перажытага напаўняе вакальна-сімфанічныя паэмы Генрыха Вагнера «Вечна жывыя» для жаночага хору без слоў і сімфанічнага аркестра, «Героям Брэста» на вершы Рыгора Барадуліна, «Чытаючы Васіля Быкава» для сімфанічнага аркестра, мецца-сапрана і дзіцячага голасу; оперу «Сцежкаю жыцця»; музыку да спектакляў «Марат Казей», «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці», да мастацкага фільма «Паланез Агінскага».

Іскрынкі Вечнага агню

Праз 30-40 гадоў пасля заканчэння вайны цікавасць творцаў да яе тэматыкі, здаецца, дасягнула кульмінацыі. Яшчэ не страцілі працаздольнасць кампазітары-старэйшыны; дасягнула сталасці пакаленне іх «музычных дзяцей»; заяўлялі пра сябе і маладыя таленты. Саюз кампазітараў вырас колькасна, дзейнасць яго была заўважная. Беларускімі прэм’ерамі адкрывалі сезоны, фестывалі, прэстыжныя гастролі, прымяркоўвалі іх да знамянальных дзён 9 мая і 3 ліпеня. Усё гэта, безумоўна, матывавала кампазітараў на пошук новых падыходаў да ваеннай тэмы. Побач з тымі, хто наўпрост сутыкнуўся з вайной, узгадаваліся дзеці ваеннага ліхалецця, поруч былі ўжо і тыя, хто, нарадзіўшыся ў першае мірнае дзесяцігоддзе, нёс у сабе гарачыя іскрынкі вечнага агню памяці.

Галоўнае афіцыйнае свята мінскага лета і памятная дата Перамогі давалі асаблівы творчы імпульс у юбілейныя гады. Памятаю год 1984-ы, чарговы з’езд Саюза кампазітараў Беларусі. У канцэртных і музычна-тэатральных праграмах — відавочныя прыярытэты: творы, натхнёныя памяццю пра Вялікую Айчынную вайну і напоўненыя гуманістычным, антымілітарысцкім зместам. «Партызанскія песні» Алоўнікава, гераічная музычная камедыя «Судны час» Рыгора Суруса паводле п’есы Андрэя Макаёнка «Трыбунал», балет Уладзіміра Кандрусевіча «Крылы памяці» (роздум пра лёс беларускай маці, у якой вайна забрала пяцярых сыноў). Яўген Глебаў, стваральнік слыннага балета «Альпійская балада» паводле аповесці Васіля Быкава, праз сваю Пятую сімфонію («Да свету») падзяліўся рамантычна-трапяткім светаўспрыманнем жыцця і трывогай за лёс чалавецтва.

Нечакана прагучаў рэквіем Людмілы Шлег «Памятайце» (па матывах кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі...»). Памяць пра дзеда, спаленага фашыстамі ў адной з такіх вёсак, свой страх перад жахамі вайны і заклік да пільнасці, боль усіх мацярынскіх трагедый і смутак Маці-радзімы кампазітар увасобіла ў эксперыментальнай музычнай форме, спалучыўшы канон пахавальнага лацінскага харала, беларускі народны мелас, жаночы вакал, сольныя рэчытацыі віяланчэляў і голас чытальніцы.

Эмацыянальна-інтэлектуальны свет антываеннай оперы Сяргея Картэса «Матухна Кураж» (паводле Бертольда Брэхта) мы адкрывалі неспадзяваным чынам. На сцэне нашага Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета яна ніколі не ставілася, але паглядзець прэм’еру твора беларускага кампазітара ездзілі ў суседнюю Літву. А калі ў Мінску гастраляваў Вялікі тэатр з Кішынёва, убачылі малдаўскую пастаноўку оперы Картэса — пад назвай «Маркітантка».

Знаходкай для нацыянальнага мастацтва, якая атрымала ўхвалу музыкантаў і слухачоў (у тым ліку ў Венгрыі, Расіі, у шматнацыянальнай аўдыторыі на ХІІ Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў), стаўся напісаны ў 1984 годзе твор Уладзіміра Дарохіна для камернага аркестра — сюіта «Мемарыял» (Entrata, Toccata, Sarabanda, «Карагод»). Нешараговая кампазіцыя, прысвечаная загінулым за вызваленне Беларусі, па ўзроўні тэматычнага развіцця і абагульнення вобразаў, па драматызме і духоўнай вышыні — роўная сімфоніі. «Мемарыял» неаднойчы гучаў у Мінску. Асабліва ўразіў тых, каму пашчасціла слухаць яго ў інтэрпрэтацыі маэстра Віталя Катаева, у незвычайным акустычным асяроддзі другога паверха колішняга Дома кіно, які месціўся ў сценах Чырвонага касцёла і час ад часу ператвараўся ў пляцоўку для музычных імпрэз. Пэўна, сённяшнія дырыжоры, якія зрабілі ці не «настольнай партытурай» уверцюру Чайкоўскага «1812 год» (з адноўленым пасля савецкай цэнзуры гучаннем тэмы імперскага гімна «Боже, царя храни») або адкрываюць для нас прэм’еры замежных аўтараў, прысвечаныя ахвярам жудаснага тэракту 11 верасня ў ЗША, проста не ведаюць пра існаванне твора, здатнага годна ўвайсці ў гукасвет сучаснай Беларусі, якая штогод адзначае святую дату свайго вызвалення і незалежнасці.

Набывалі прызнанне «ваенныя» песні Леаніда Захлеўнага, Эдуарда Зарыцкага, Валерыя Іванова, Эдуарда Ханка. А Ігара Лучанка ў 1980-я ўжо называлі класікам жанру. Ён таксама не цураўся эксперыменту, і новы твор, задуманы як песенны цыкл на вершы савецкіх паэтаў, быў ажыццёўлены ў жанры паэмы для саліста, чытальніка, сімфанічнага аркестра і аргана — «Вайна не патрэбна» (1983).

Самы гучны і палемічны розгалас у Беларусі, якая святкавала 40-годдзе вызвалення, выклікала прэм’ера ансамбля «Песняры» — новая аўтарская работа Уладзіміра Мулявіна «Праз усю вайну», які стварыў 17 песень і балад на вершы Янкі Купалы, Аляксандра Твардоўскага, Рыгора Барадуліна, Сяргея Гудзенкі, Эдзі Агняцвет, іншых беларускіх і расійскіх паэтаў. Сцэнарый незвычайнага спектакля напісаў Валянцін Тарас. Па-мастацку лагічна (можна сказаць, «храналагічна»), узнаўляючы на сцэне інтанацыю часу, вяла гледачоў за песняю песня — вяла праз усю вайну. Ад першых крокаў навабранца. Праз «акопную праўду», крывавы вір перадавой. Праз партызанскія дарогі, дым хатынскіх комінаў. Праз любы сэрцу беларускі краявід. Да першага тоста за Перамогу...

А сёння?

Мы жывём у абноўленай краіне. Мяняецца свет вакол нас, мяняемся самі. Музыка ўсё больш залежыць ад рынку, быццам нейкі матэрыяльны прадукт. А кампазітары застаюцца мастакамі. Дзмітрый Смольскі, Андрэй Мдывані, Кім Цесакоў, Рыгор Сурус, Віктар Войцік, Галіна Гарэлава, Вячаслаў Кузняцоў... Усе пакаленні неабыякавыя да тэмы гістарычнай памяці. Апошнім часам яны асэнсоўваюць і шматвяковы досвед папярэднікаў, і актуальныя ідэі патрыятызму, антыглабалізму, процістаяння новым узброеным выклікам, тэрарыстычным пагрозам, падзяляючы пратэст супраць тыраніі, фізічнага гвалту і духоўнага зняволення чалавека. Звяртаюцца да фальклору старадаўніх ліцвінскіх ваяроў, да тэкстаў Святога Пісання, да сусветнай мастацкай літаратуры. Да сваіх традыцый.

Кампазітар Алена Атрашкевіч і паэт Васіль Жуковіч стварылі цыкл харавых песень пра вайну «Дзень вызвалення». Аліна Безенсон уключыла ў аўтарскія зборнікі сваё «Трывожнае танга». Хор мінскіх школьнікаў «Красавік» прэзентаваў апрацоўку хрэстаматыйнага запісу Генадзя Цітовіча «Iз далекiх iз краёў йшлі салдацікі дамоў». Марына Марозава прычынілася да музычнай асновы праграмы «Памяць сэрца», створанай харэографам Валянцінай Гаявой і паказанай ансамблем «Харошкі» 22 чэрвеня 2011 года ў сталічнай філармоніі. У праграме ўдзельнікаў сёлетняга акадэмічнага Рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў імя Шаляпіна было нямала беларускіх патрыятычных песень, у тым ліку — пра Хатынь. Конкурснае праслухоўванне прыпала якраз на 22 сакавіка, дзень памяці хатынскай трагедыі...

Тым часам Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі на чале з Міхаілам Фінбергам распачаў гастрольны тур па гарадах Міншчыны, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў. Новая праграма «За нашу Перамогу!» складаецца не толькі з самых вядомых песень ваенных гадоў. Ёсць тут і забытыя мелодыі ў сучасных апрацоўках.

Чакаць «юбілейнага зарападу» нацыянальных прэм’ер у музыцы акадэмічнай? Не варта. Наракаць на фінансавыя праблемы — таксама. Успомнім: творы беларускіх кампазітараў знаходзілі аўдыторыю заўсёды. Было б што і каму выконваць… 

Святлана БЕРАСЦЕНЬ