Алег Хадоска

№ 5 (374) 01.05.2014 - 31.05.2014 г

Прыхільнік класікі і постмадэрну
У кожным відзе мастацтва ёсць асобы, чые творы, новыя і ранейшыя, вызначаюць магчымы прафесійны ўзровень. На пэўнай культурнай тэрыторыі, у пэўнай краіне. Вызначаюць планку, да якой многія могуць і не дацягнуцца. Творчасць Алега Хадоскі цікавая тым, што кампазітар здатны такой прывіднай, няўлоўнай, ілюзорнай субстанцыяй, як музыка, перадаць светаадчуванне сучаснага чалавека.

Для беларускай рэальнасці нават крыху дзіўна, калі аўтар аднолькава паспяхова ўвасабляе свае ідэі ў розных акадэмічных жанрах: у музыцы сімфанічнай, харавой, опернай, балетнай, у творах для драматычнага тэатра і кіно. Нязвыкла і тое, што за сваю Першую сімфонію яшчэ зусім малады Алег Хадоска атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі (не памятаю аналагічных прыкладаў за апошнія 20-30 гадоў). А за музыку да купалаўскага спектакля «Не мой» быў адзначаны Першай нацыянальнай тэатральнай прэміяй.

Кампазітар запатрабаваны. Музычныя калектывы і тэатры імкнуцца супрацоўнічаць з ім, бо ведаюць: вынік атрымаецца годны. Хадоска «выдасць» максімум таго, на што здатны. Ён не схільны да багемнага ладу жыцця. З аднаго боку, тыповы інтраверт, паглыблены ў свае творы і працэс сачынення музыкі. Ведае сабе цану і мастацкі кошт таго, што піша. Але з другога — абсалютна не «забранзавелы». Лёгкі ў стасунках. Смяшлівы і дасціпны. Уражанне, што яму проста няма часу пускаць пыл у вочы і займацца самарэкламай. Чалавек, які ў творах і ў жыцці мысліць глыбока і не банальна.

Памятаю, як у 1998 годзе ў Белдзяржфілармоніі, у праграме «Мінскай вясны» адбылася прэм’ера вашай Першай сімфоніі, твора маштабнага і нечаканага для маладога кампазітара. Здаецца, такімі сачыненнямі ў нас ніхто не дэбютаваў. У той час вы з’яўляліся таксама аўтарам Другой і Трэцяй сімфоній, але гэтыя творы не былі выкананы. Як складваліся вашы стасункі з сімфанічнай музыкай у наступныя гады?

— За гэтыя гады прагучала Трэцяя сімфонія (праўда, толькі аднойчы). Была напісана Чацвёртая. Лёс апошняга твора склаўся больш удала: яе выканалі практычна ўсе беларускія калектывы.

Першая сімфонія прысвячалася Чайкоўскаму, Трэцяя стваралася пад уплывам творчасці Франсуа Віёна. У Чацвёртай сімфоніі ёсць прысвячэнне?

— Яна называецца «Белая Русь» і прысвечана Анатолю Багатырову, майму настаўніку ў Акадэміі музыкі. Сімфонія мае падзагаловак — «антырэмікс». Чаму? У Ігара Лучанка ёсць песня «Если бы камни могли говорить...». Сапраўды, калі б яны маглі размаўляць, мы шмат пра што даведаліся б. Я падумаў, што існуе субстанцыя, якая можа весці дыялог са слухачом. Гэта музыка. І ўзнікла ідэя — узяць беларускую музыку розных эпох і праз яе прасачыць, як змянялася духоўная сутнасць нацыі, тое, як мяняліся мы. «Рэмікс» — гэта калі бяруцца песні і робіцца, скажам так, дыскатэчны варыянт твора. А тут я абіраў вядомыя ў свой час мелодыі...

З музыкі акадэмічнай ці папулярнай?

— Знаменны распеў увасоблены не самім творам, а маёй стылізацыяй. Прысутнічае і кантавая культура. Рамантызм заяўлены тэмай з оперы «Фаўст» Антонія Генрыха Радзівіла, мінулае стагоддзе — творамі Ісака Любана («Бывайце здаровы»), Ігара Лучанка («Майскі вальс»), Эдуарда Ханка («Вы шуміце, бярозы»).

А ў выніку не мог атрымацца твор, стракаты па стылі?

— Мелодыі розных аўтараў усё-такі яднае агульная думка. У сімфоніі ёсць роздум галоўнага героя пра тое, што з намі адбываецца. Асноўны клопат быў у тым, каб ХХ стагоддзе не выглядала карыкатурна...

Так, супастаўленне знаменнага распеву і папулярнай песні можа аказацца не на карысць апошняй...

— Але ж самыя папулярныя творы — люстэрка, у якім адбіваецца наша сутнасць. У музыцы Лучанка і Ханка геніяльна ўвасоблены дух эпохі. Таму былі абраныя менавіта гэтыя песні. Чацвёртую сімфонію я напісаў у 2000-м. Літаральна праз тыдзень-два дырыжор Анатоль Лапуноў і аркестр Белтэлерадыёкампаніі ўзялі яе ў работу. Быў зроблены запіс, думаю, гэта лепшае выкананне. Для мяне гэты час аказаўся вельмі плённым. Калі дырыжор высока цэніць твае сачыненні, новыя творы адразу ж запісваюцца.

Прэм’ера вашай наступнай сімфоніі, Пятай, адбылася летась у Кіеве. Цікава, а чаму не ў Мінску? І як ваша партытура трапіла ў кіеўскі аркестр?

— Ва Украінскую акадэмію музыкі я прыехаў на стажыроўку. Невялікую: два тыдні. Сустрэўся з даўнім сябрам, кампазітарам Іванам Тараненкам. Ён распавёў, што ў Кіеве ладзіцца адметны фестываль. Ён доўжыцца тыдзень, на ім гучыць выключна сучасная музыка. І дзяржава выдзеліла вялікія сродкі для гэтага фэсту.

Калі нашы кампазітары прачытаюць гэтыя радкі, іх душа затрымціць ад хвалявання, шкадавання і лёгкай зайздрасці. Бо ў нас аналагічны фестываль існаваў у 1990-я, а потым знік. Ці рэальна яго адрадзіць, ніхто не ведае...

— Канцэрты фестывалю ішлі паралельна на розных пляцоўках. Былі прадстаўлены розныя жанры. Прычым у адным канцэрце прагучалі тры сачыненні ўкраінскіх кампазітараў, мая сімфонія і опус швейцарскага аўтара — дастаткова складаныя творы. У Кіеве вялікая зала філармоніі знаходзіцца ў будынку былога Дваранскага сходу. Зала крыху меншая па памерах за нашу філармонію, мае вельмі добрую акустыку. У Кіеўскай філармоніі працуе шыкоўны аркестр! За дзве рэпетыцыі (адна з іх была генеральная) зрабілі сімфонію. Усе мае сачыненні, напісаныя для аркестра, — тэатральныя. Таму перад выкананнем узнікла думка: чаму б на гэтую музыку не паставіць балет? Яго назва «Сем смяротных грахоў».

Якая працягласць партытуры?

— Палова гадзіны гучання.

Чаму вас закранула гэтая тэма? Як прыйшлі да такой назвы? Відавочна, што яна ўплывае на структуру твора, сэнс, стыль...

— Дзіўна, але ўсе мае няцотныя сімфоніі звязаны з іншымі відамі мастацтва. Штуршком да напісаныя Першай быў фільм «Пакаянне» Тэнгіза Абуладзэ. Трэцяя звязана з паэзіяй Франсуа Віёна. А вось нараджэнне Пятай было справакавана жывапісам Босха. Спачатку думаў пра Гою. Мне падабаюцца абодва творцы, бо яны мастакі-філосафы. Але ў рэшце рэшт спыніўся на жывапісе Босха. У адной з яго ранніх прац, «Стальніцы» (па-руску «Столешницы»), будучы стыль мастака ўгадваецца дастаткова выразна. Я імкнуўся адлюстраваць у музыцы яго іранічны погляд на свет. Таму пры нібыта страшнай назве сімфонія (і балет) дастаткова лёгкія...

Я ўжо ўявіла: некага будуць ганьбіць, ушчуваць, развенчваць! А на сцэне пабачым колы пекла з грэшнікамі...

— Калі грахі былі б такія жахлівыя, дык ніхто б не грашыў! (Смяецца.) Яны ж прывабныя на самой справе! Спачатку я не думаў пра балет, але ў музыцы прысутнічалі вобразы грахоў. Пачынаючы з Чацвёртай сімфоніі, у маіх творах меліся цытаты. І ў «Грахах» выкарыстоўваюцца чужыя музычныя тэмы. Іх няшмат, яны ўжываюцца як сімвалы. Падчас характарыстыкі гневу гучыць Бетховен: раптам урываецца тэма з яго ронда «Лютасць з нагоды згубленага гроша». Чалавек, знаёмы з сусветнай музычнай культурай, гэты твор пазнае. У характарыстыцы зайздрасці, зразумела, узяў тэму Сальеры...

З оперы Рымскага-Корсакава?

— Не. З сачыненняў самога Сальеры. Хоць не думаю, што атручэнне Моцарта было насамрэч. Музыка «Сямі грахоў» вытрымана ў духу постмадэрну, тут прысутнічаюць розныя стылі. У тым ліку амаль рэстаранная музыка 1930-х гадоў, калі хацелася абмаляваць такі грэх, як абжорства. У якасці харэографаў выступаюць Канстанцін Кузняцоў і Юлія Дзятко. З гэтымі пастаноўшчыкамі ў нас ужо ёсць сумесны спектакль «Зала чакання», увасоблены на эксперыментальнай сцэне Опернага. Над «Сямю грахамі» разам з намі працуе таленавіты мастак Ілья Падкапаеў. Склаўся невялікі творчы калектыў, у якім мы адзін аднаго добра адчуваем і разумеем.

Балет плануецца для эксперыментальнай сцэны? Асабліва, калі ўлічыць нешматлікасць герояў...

— Спачатку планавалі, што будзе 10 персанажаў — сем грахоў, Смерць і Юнак з Дзяўчынай. Потым разам з харэографамі вырашылі: патрэбны і масавыя сцэны. Ёсць згаданыя героі — і ёсць іх двайнікі, або люстэркавыя адбіткі. Ёсць грэх як сутнасць, а ёсць грэх як чалавек, носьбіт такіх уласцівасцей.

Не хацелі б і «Залу», і «Сем грахоў» пабачыць на вялікай сцэне?

— Нам абяцалі, што так будзе. А як атрымаецца, не магу сказаць. Дзятко і Кузняцоў як харэографы пакуль што не пачалі ставіць. Яны гатовыя распачаць у любы момант, але няма прынцыповага рашэння кіраўніцтва тэатра. Яно паглядзела эскізы, паслухала музыку. Звычайна прыношу ў тэатр дэма-версію. Гэтак рабіў і для «Залы чакання», у выніку пад запіс і танцавалі. Хоць меркавалася, што будзе жывы аркестр. Але не склалася. Спадзяюся, што з «Сямі смяротных грахоў» атрымаецца відовішчны спектакль.

Хацела распытаць пра оперу «Чорны манах», якую вы напісалі паводле аповесці Чэхава. Здзівілася, як можна стварыць оперу на празаічны тэкст і такі нечаканы сюжэт!

— Опера аднаактовая. Лібрэта маё, зробленае на аснове тэксту пісьменніка. Чатыры дзейныя асобы...

Цікава, як размеркаваны галасы? Бо ў гэтым ёсць момант інтэрпрэтацыі...

— Галоўны герой, Андрэй, — тэнар. Таццяна, яго жонка, — сапрана. Яе бацька — барытон. Чорны манах — бас.

У гучанні высокіх галасоў заўжды прысутнічае ахвярнасць, а ў нізкіх — элемент інфернальнасці. Вы не баіцеся брацца за тэмы, дзе прысутнічае містыка, з героем адбываюцца непапраўныя зрухі, а ў фінале ён вар’яцее? Трэба ж нейкім чынам перадаць у музыцы блізкі псіхалагічны стан...

— Не баюся.

Ведаю, «Чорны манах» быў замовай Варонежскага тэатра оперы і балета. Прэм’ера адбылася?

— Пакуль не. Тэатр быў зацікаўлены, але здарыўся фінансавы крызіс, і пакуль усё адкладзена да лепшых часоў.

А нашаму Тэатру оперы і балета не прапаноўвалі?

— Паказваў. Музычны матэрыял спадабаўся. Партытура была напісана для вялікага сімфанічнага аркестра. Але паколькі ў Мінску пастаноўку меркавалі для залы Александроўскай, дык прапанавалі перарабіць на камерны склад, не больш за 18 музыкантаў. За месяц пераінструментаваў. Такім чынам, два варыянты партытуры ёсць. Дзейных асоб мала, пастаноўка не патрабуе складаных дэкарацый. Гэта не дарагі праект, але лёс спектакля пакуль не вызначаны.

Так, вострая патрэба грамадства ў творах сучасных кампазітараў ёсць. Тым больш у камернай зале тэатра пачалі актыўна ставіцца аднаактовыя оперы, і «Чорны манах» таксама мог бы выклікаць не малы рэзананс. Характэрна: маскоўскія музычныя крытыкі пісалі, што камерныя спектаклі — ці не самае цікавае з паказанага ў снежні 2013 года падчас опернага форуму. Іншае пытанне. Ці хапае часу хадзіць на канцэрты? Што апошнім часам здзівіла ці ўзрушыла?

— Выпраўляюся рэдка. Каб не засмучацца. Класічныя творы, замежныя ці рускія, можна паслухаць у запісе. Такіх запісаў, нават першакласных, у інтэрнэце хапае. Часам яны лепшыя, чым непасрэднае выкананне. На мой погляд, стаўленне да сучаснай нацыянальнай музыкі змянілася. Я ўжо згадваў імя Анатоля Лапунова. Калі ён займаўся партытурай, запісваў твор, дык рабіў гэта шчыра, прыкладаў максімум намаганняў. А цяпер часам чуеш, што «халтура» гучыць са сцэны. Бывае, кампазітар у шоку ад таго, як аркестр выканаў яго твор. Здараецца, дырыжор не хоча выходзіць да аркестра, бо рэпеціруюць сачыненне адны музыканты, на канцэрт прыходзяць іншыя... Таму шкада ўласнага часу.

А якія прэм’еры айчыннай музыкі прагучалі за апошні сезон? У Оперным паглядзеў балет «Вітаўт» з музыкай Вячаслава Кузняцова. Раней хоць бы сезон у філармоніі адкрывалі сачыненнямі айчынных кампазітараў, напрыклад, творамі Дзмітрыя Смольскага ці Галіны Гарэлавай. Цяпер і таго няма, прэм’еры здараюцца ўсё радзей... Аркестры больш зацікаўлены, каб падабацца публіцы. У канцэрце можа прагучаць некалькі твораў беларускіх аўтараў, але асобныя часткі сімфоніі. А хіба такім чынам можна мець уяўленне пра канцэпцыю?..

А з тэатральных уражанняў апошняга часу штось «зачапіла»?

— Балет «Шэсць танцаў» з харэаграфіяй Іржы Кіліяна.

Сапраўды, вельмі смешна і віртуозна!

— Справа не ў тым, што смешна, а ў тым, як зроблена. Таленавіта, нечакана, вытанчана. Такія пастаноўкі натхняюць...

Шмат гадоў таму вы распавядалі пра творцаў, якія з’яўляюцца для вас неаспрэчнымі аўтарытэтамі ў музыцы. Перадусім называлі імёны Пятра Чайкоўскага, Гіі Канчэлі і Альфрэда Шнітке. Іерархія каштоўнасцей змянілася?

— Не, засталася ранейшай. Кожны з гэтых аўтараў — кампазітар-філосаф. Некалі Яўген Еўтушэнка сказаў: «Поэт в России больше, чем поэт...» Згаданыя асобы болей, чым кампазітары.

Некалькі пытанняў пра тэмп сачынення музыкі. Напэўна, працуеце, як Пётр Ільіч, — планамерна і дзень у дзень.

— Калі ёсць заказ...

Дзве дзеі балета «Папялушка» для пастаноўкі ў Латвійскім тэатры оперы і балета вы напісалі за два месяцы (прычым адразу партытуру). Пралог і пачатак 1-й дзеі няскончанай оперы «Шляхціц Завальня» — за месяц. Цяпер працуеце над мюзіклам «Скрыпач на даху» для Музычнага тэатра і за два месяцы зрабілі клавір...

— Ужо і партытура гатовая.

Калі рухаецеся ў такім тэмпе, а ў выніку атрымліваюцца высокакласныя творы, дык вы — геній!

— Усім кажу, што я — чалавек лянівы. Гультай. І напружвацца не люблю. Таму працую хутка. І шмат... Каб хутчэй зрабіць і адпачываць. (Смяецца.) Праўда, акрамя сачынення музыкі маю яшчэ тры месцы працы. У Акадэміі музыкі выкладаю кампазіцыю, інструментоўку і чытанне партытур. У Мінскім каледжы мастацтваў навучаю сачыненню музыкі і аранжыроўцы. У БДУ культуры і мастацтваў працую на харавой кафедры. Час ад часу сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа, якім кіруе Рыгор Сарока, заказвае інструментоўкі. Калектыў вельмі прыстойны па музычным узроўні, шмат гастралюе, запрашае адметных выканаўцаў. Падабаецца, як працуе Сарока, асоба артыстычная. На такіх энтузіястах мастацтва і трымаецца.

Выпадкова даведалася, што нядаўна вам споўнілася 50 гадоў. Як быццам і вынікі падводзіць рана. Але папярэднія — можна...

— (З усмешкай.) Значыць, з катэгорыі маладых перайшоў у катэгорыю сталых...

Ці задаволены тым, што паспелі зрабіць?

— Напісана дзве оперы («Цень» — паводле Шварца і «Чорны манах»), тры балеты («Папялушка», «Зала…» і «Сем грахоў»), буйныя харавыя сачыненні, пяць сімфоній. Але не магу сказаць, што рэалізаваў сябе цалкам.

Дзіўна, што значныя творы, пакуль не ўвасобленыя на сцэне, не ахалоджваюць імпэт. Калі ўлічыць, колькі з напісанага не пастаўлена, думаю, вас часта наведвае пачуццё незадаволенасці...

— Калі «Чорны манах» існуе як завершаны твор, дык раней ці пазней ён набудзе сцэнічную інтэрпрэтацыю. Мо ў нас, мо ў Расіі. Але больш мяне хвалюе і турбуе тое, што не напісана. Таму будзем працаваць далей... 

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі