Уладзімір РЫЛАТКА: "Месца ў тэатральным сусвеце"

№ 10 (295) 01.10.2007 - 31.10.2007 г

Кожны фестываль павінен быць з’явай -- як у мастацтве, так і ў грамадскім жыцці. Кожны мастацкі форум павінен быць даступным шырокім колам грамадства, шырока асвятляцца ў СМІ, найперш тэлебачаннем. Каштоўнасць фестывалю ўзрастае, калі на яго прыязджаюць творчыя сілы з розных краін. Гэта дае спажыву для роздуму і спрыяе развіццю культуры ўвогуле. І беларускай, у прыватнасці...

 /i/content/pi/mast/6/135/Rylatka1.jpg
Вельмі няпростая задача, каб кожны форум аўтарытэтна і годна прадстаўляў беларускую культуру ў свеце. Бо яго правядзенне звязана і з матэрыяльнымі выдаткамі, і з новымі арганізацыйнымі падыходамі. Напрыклад, каб трапіць у сусветны графік фестывальнага і гастрольнага руху, падрыхтоўку да буйнога форуму трэба пачынаць за 2-3 гады.
Уласна тэатральных фестываляў у нашай краіне не надта шмат. І «Белая Вежа», і «Славянскія тэатральныя сустрэчы» не проста захаваліся, а вельмі паспяхова развіваюцца. Асабліва -- «Белая Вежа». У Брэсце мы бачым надзвычай шырокае прадстаўніцтва тэатральных калектываў і дзяржаў. У «Белай Вежы» ёсць і драматычная праграма, і лялечная. У горад над Бугам тэатры лялек з’язджаюцца з усяго свету. Лялечнікі -- асаблівая катэгорыя артыстаў, надзвычай адданых сваёй справе. Ёсць на «Белай Вежы» і накірунак спектакляў музычных... Значыць, фестываль развінае крылы і ў сэнсе жанравай разнастайнасці, і ў плане прыцягнення міжнародных артыстычных сіл.
Але нічым нельга замяніць тэатральны фестываль у сталіцы краіны! Некалькі гадоў таму адбылася «Панарама». Потым на яе месца прыйшлі іншыя тэатральныя форумы. Адзін з іх -- арганізаваны вядомым рускім артыстам Мікалаем Бурляевым, другі -- Фестываль фестываляў Саюзнай дзяржавы. Яны таксама цікавыя, у кожнага ёсць свая адметная, спецыфічная праграма.Ды нам заўжды хацелася мець уласны, беларускі фестываль, які аказаўся б сталічным па ўзроўні і напоўненасці. Каб ён уплываў на густы і мастацкае развіццё тэатральнай публікі ў Мінску. На маю думку, апошняя перакормлена антрэпрызай, якая фарміруе ўсё ж дастаткова вузкае ўяўленне пра тэатр. Па сутнасці, антрэпрызны тэатр выхоўвае не гледача, а тэатральнага абывацеля.Тэатр -- магутны сродак. І заўзятыя гледачы, якія часта ходзяць у тэатр, інтэлігенцыя, дый не толькі яна, набываюць больш глыбокае ўяўленне пра філасофію жыцця і пра філасофію чалавечых узаемаадносін. Тэатр канцэнтруе ў сабе ўсе віды мастацтва. Ён выхоўвае і музычны слых, і візуальную культуру, і пачуццё густу. І, нарэшце, няма нічога даражэйшага за тое суперажыванне, якое адчувае глядач у зале.
Буйныя тэатральныя форумы сведчаць, якім можа быць сучасны тэатр, як ён развіваецца, якія тэндэнцыя найбольш цікавыя і плённыя. Сапраўднага тэатрала фестываль заўжды захапляе.
 /i/content/pi/mast/6/135/Rylatka2.jpg
 "Вішнёвы сад" А.Чэхава. Міжнародны фонд імя К.Станіслаўскага (Масква, Расія).

Думаю, што правядзенне такіх тэатральных святаў, як «Панарама», спрыяе і нашым тэатрам. Мінск багаты сваёй сцэнічнай культурай. Тэатраў сёння шмат, яны прапаноўваюць розныя творы, жанры, накірункі і манеры. Тут выхоўваецца тэатральная моладзь. Тут сфарміравана эліта, якая стварае аўру тэатральнай культуры краіны.
Адным словам, нам быў вельмі патрэбны сталічны фестываль. І «Панарама» зрабілася такой з’явай. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ладзіць яго разам з Мінскім гарвыканкамам. Мінскія тэатралы вельмі добра ставяцца да фестывалю, разумеюць, што ён неабходны гораду.
Сёлетняя «Панарама» складаецца з дзвюх частак. Акрамя спектакляў, якія будуць іграцца на розных пляцоўках, ёсць і свая «разыначка» -- праект «Оn-line», у якім разыгрываюцца бліц-спектаклі. Драматург імгненна сачыняе (альбо дасачыняе) сваю п’есу, рэжысёр за сціслы тэрмін ставіць, а акцёры хутка або імгненна разыгрываюць. Мінулым разам такі праект выклікаў вялікую цікавасць -- як бліц-турніры буйнога шахматыста. Наогул праекты «Оn-line» сведчаць, што тэатру даступныя ўсе тэмы і сродкі выразнасці, што ён можа быць самым розным і нечаканым.
«Панарама-2007» дастаткова прадстаўнічая, яна пачынаецца 26 кастрычніка і заканчваецца 10 лістапада. І ўсе дні будуць запоўнены тэатральнымі адкрыццямі, паказамі, падзеямі, сустрэчамі.
У выбары беларускіх спектакляў мы абапіраліся на меркаванні крытыкаў, экспертаў. У выніку дыскусій выбралі пэўныя назвы. Хацелася, каб і гледачы, і крытыкі, і акцёры, якія да нас прыедуць з іншых краін, адчулі непаўторны водар беларускай драматургіі. Каб было відаць, што яна ёсць, прычым -- у розных пакаленнях. Лічу, што на апошняй «Панараме» беларуская драматургія будзе прадстаўлена шырока і годна.
Вельмі важна, каб тэатральная крытыка і тэатральная прэса іншых краін, якія мала ведаюць беларускі тэатр, маглі ўбачыць, даць ацэнку, правесці крытычны аналіз. Каб прафесійныя крытыкі маглі пагутарыць з рэжысёрамі, трупай, каб такі дыялог ператварыўся ў рэшце рэшт у своеасаблівы майстар-клас. Некалі было трывалай традыцыяй, што прэм’еры разбіраліся крытыкай дэталёва. Адметнасць усіх буйных фестываляў (у тым ліку і «Белай Вежы», і «Панарамы») -- абмеркаванне спектакляў, «круглыя сталы» і г.д., куды мы запрашаем крытыкаў, мастацтвазнаўцаў, культуролагаў, якія добра ведаюць сусветную тэатральную культуру.
Падчас падрыхтоўкі фестывалю Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь дапамагло Федэральнае агенцтва па культуры і кінематаграфіі Расійскай Федэрацыі і непасрэдна яго кіраўнік Міхаіл Швыдкой. Яно прафінансавала прыезд найцікавых расійскіх спектакляў. Масква ўжо даўно зрабілася своеасаблівай тэатральнай Мекай, якая ўбірае ў сябе ўвесь сусветны досвед. Напрыклад, мы ўбачым спектаклі Маскоўскага мастацкага тэатра імя А.Чэхава -- сапраўды мхатаўскія пастаноўкі, выклічуць асаблівую цікавасць яшчэ і таму, што славуты тэатр вельмі даўно прыязджаў да нас на гастролі. Мхатаўцы прывозілі «Вішнёвы сад», калі яшчэ быў жывы А.Яфрэмаў.
Адным з найбольш важных момантаў апошняй «Панарамы», несумненна, будзе яе закрыццё, калі Студыя тэатральнага мастацтва С.Жэнавача пакажа «Гульцоў» М.Гогаля. Сёння гэта адзін з найбольш прэстыжных спектакляў, а Жэнавач лічыцца адным з буйнейшых расійскіх і еўрапейскіх рэжысёраў, які часта ўдзельнічае са сваімі пастаноўкамі ў замежных фестывалях. І мхатаўцы, і С.Жэнавач правядуць майстар-класы са студэнтамі Акадэміі мастацтваў.
На «Панараму» мяркуюць прыехаць усе нашы суседзі -- буйнейшыя тэатры з паўнавартаснымі спектаклямі, якія, на іх погляд, вызначаюць сучасную культуру менавіта гэтага калектыву, а магчыма, і ўсёй нацыі.
Думаю, што ўбачанае на фестывалі дасць і гледачам, і крытыкам матэрыял для роздуму -- пра драматургію, праблемы рэжысуры і акцёрскага майстэрства, пра інтэрпрэтацыю класікі. Тэатральны форум дасць шырокую панараму тэатральнай культуры.
Падрыхтоўкай фестывалю вельмі карпатліва і падрабязна займаўся Купалаўскі тэатр. «Панарама» -- фестываль наш, агульны, але ён шмат у чым і Купалаўскі, бо непасрэдныя перамовы з калектывамі, якія прыязджаюць, -- клопат гэтага тэатра. Радуе, што купалаўцы наладзілі праз гэта шмат новых тэатральных сувязей і кантактаў.
Будзем рыхтавацца да наступнай «Панарамы», якая хутчэй за ўсё пройдзе праз два гады. Хацелася б падчас правядзення наступнага фестывалю прадоўжыць лінію, звязаную з беларускай драматургіяй. А значыць -- паказаць новыя і моцныя беларускія спектаклі, якія з’явяцца за гэты час. Таму што на фестывалі яны выклікаюць асаблівую цікавасць.
Думаю, нашым крытыкам, тэатральным дзеячам трэба часцей трапляць на фестывалі за межамі краіны, бо выдаткі тут невялікія. Усе тэатральныя форумы запрашаюць кваліфікаваных крытыкаў і журналістаў. Такія кантакты трэба ўсяляк вітаць, бо заўжды ёсць небяспека апусціцца да местачковага мыслення, самалюбавання і ўзаемных усхваленняў. Трэба, каб і акцёры, і рэжысёры, і крытыкі мелі магчымасць далучацца да сусветнага працэсу.
Скончу тым, бадай, з чаго пачынаў. Падчас фестывалю вельмі важна, каб глядач убачыў не толькі асобныя спектаклі, але імкнуўся ахапіць яго цалкам: паглядзеў і спектаклі гасцей, і нашы пастаноўкі, і такім чынам выразна ўявіў месца беларускай тэатральнай культуры ў сусветным тэатральным працэсе.

Уладзімір РЫЛАТКА,
першы намеснік Міністра культуры
Рэспублікі Беларусь