Вектар руху

№ 5 (374) 01.05.2014 - 31.05.2014 г

Другі Мінскі фестываль фатаграфіі
Галоўнымі пляцоўкамі для выстаў і адукацыйнай праграмы форуму сталі Музей гісторыі Мінска і мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, Інстытут журналістыкі БДУ і Цэнтр сучасных мастацтваў. Арганізатарам фестывалю, як і ў першы раз, выступіла Беларускае грамадскае аб’яднанне «Фотамастацтва», якое паказала штогадовую выніковую выставу «Ступені».

У параўнанні з першым, другі фестываль значна пашырыў свае межы — і ў фатаграфіі, і ў геаграфіі. Самае цікавае адбылося там, дзе заставалася непрадказальнасць. Таму і адзначым тэндэнцыі, не характэрныя для беларускіх традыцый, тое, што адкрывае нам нешта новае.

Класікі і наватары

80-годдзю Саюза фотамастакоў Літвы была прысвечана выстава «Літоўская фатаграфія: праз пакаленні», якая прадстаўляла рэтраспектыўны погляд на фатаграфічныя тэндэнцыі краіны — ад даваеннага часу да апошніх дзесяцігоддзяў новага стагоддзя. Экспазіцыя літоўцаў прыйшла на змену беларускім «Ступеням» і прапанавала цалкам іншую мову, за якой стаяць і іншае разуменне фатаграфіі, і іншая культура. Так ці інакш, літоўцам удаецца ствараць візуальную гісторыю сваёй краіны.

Зразумела, што фатаграфію суседзяў беларуская публіка ведае лепш, чым любую іншую на постсавецкай прасторы. Нагадаю, што доўгія гады ў Літве з фатаграфіяй было ўсё ў парадку: падтрымка дзяржструктур, альбомы і прэміі. Сувязі з літоўскімі фатографамі развівалі фотаклуб «Мінск», галерэя «Свет фота» і заслужаны дзеяч культуры Юрый Васільеў асабіста — вынікам чаго сталі персанальныя выставы шматлікіх літоўскіх майстроў. Але і цяпер у Літве адбываюцца цікавыя рэчы: фатографы аналізуюць свае архівы, многае паўстае ў зусім іншым святле. Літаральна ў гэтыя ж дні Нацыянальная мастацкая галерэя ў Вільнюсе паказала адметны сімбіёз: «Месца выяў» і «90 × 60». Гэта цалкам фатаграфічны праект, складзены з чатырох экспазіцый: адбіткі 70—80-х гадоў XX стагоддзя; адпаведныя старонкі газет і часопісаў, дзе яны былі апублікаваны пасля дапрацоўкі рэдактараў; плакаты і афішы, якія анансавалі выставы фатографаў гэтых жа гадоў; і персанальная рэтраспектыва Вітаса Луцкаса. Раскошны праект! Нічога падобнага ў беларускай практыцы працы з фотаархівамі няма.

Мінскі фэст паказаў абагульненую і больш традыцыйную экспазіцыю. Старэйшае пакаленне Антанаса Суткуса пацвердзіла вернасць літоўскай школы глыбока рэалістычнаму, дакументальнаму жанру. Александрас Мацілускас, Рамуальдас Пажэрскіс, пазбавіўшыся ад ідэалагічных штампаў, як быццам іх і не было, сталі класікамі мастацкай фатаграфіі. Наступнае пакаленне — Альгімантас Александравічус, Вільма Самуліонэце ідуць па шляху яшчэ большага паглыблення ў сучасныя рэаліі, не адмаўляючыся пры гэтым ні ад эстэтычных крытэраў, ні ад канцэптуалізацыі.

Канцэптуальны кірунак у чыстым выглядзе прадэманстравалі серыі і майстар-класы Гіціса Скуджынскаса і Альгіса Грышкявічуса — прыхільнікі фатаграфіі ўбачылі сучасныя праекты і, галоўнае, падыходы, нам не ўласцівыя, але папулярныя ў еўрапейскіх краінах. Мабыць, толькі медытатыўная «Цішыня» (2008—2011) Скуджынскаса крыху пазней знойдзе пэўны водгук у праекце «Чалавек на дарозе» Андрэя Дубініна.

Маладых аўтараў у гэтай экспазіцыі магло быць больш. На жаль, на выставе не было твораў Яна Булгака, якога і беларусы, і літоўцы лічаць ключавой постаццю для развіцця сваіх нацыянальных школ фатаграфіі. Гэтыя акалічнасці тлумачацца тым, што разгорнуты і грунтоўны юбілейны праект Саюз фотамастакоў Літвы паказаў у Мінску і ў Цэнтры братоў Люмьер у Маскве адначасова.

Трагедыя Ленінакана

Самай удалай персанальнай выставай фэсту я назвала б «Ленінакан. 25 гадоў праз. Цэнтральны рынак» Вігена Мнаяна. Здавалася б, далёкі і ўжо даўні землятрус. Але, не чытаючы аўтарскага тлумачэння, без усякай папярэдняй падрыхтоўкі глядач адразу трапляе ў атмасферу драматычнай гісторыі, а суперажывання аўтар дамагаецца з першага ж кадра. Праект поўны бязгучнай скрухі, хоць Мнаян не паказвае нам разбурэнняў і пакут. Ён не шукае героя, адмаўляецца ад пафасу і маштабных панарам трагедыі. Як стратэгія ўсё гэта аказалася непатрэбным. Мнаяну цікава Месца, дзе здзейснілася няшчасце, прастора, пустая і ачышчаная ад руін. Яно было сведкай гаротных падзей, а цяпер гэта свайго роду аправа для ўжо нябачнага, даўняга рэпартажу, які, напэўна, адбыўся 25 гадоў назад.

Праект вонкава вельмі просты і лаканічны, але нейкім чынам глядач выяўляе сябе залучаным у хроніку, разглядае крамкі з шыльдамі «Кава», «Мёд», «Мясны пасаж»... На старой частцы рынка амаль няма людзей, і толькі адна дзяўчына ўсміхаецца — яна маладая. Адзіная нота кантрасту з бясконцым смуткам гэтага месца. Чаму я высока ацэньваю «Ленінакан»? Праект вельмі годна злучыў дакумент і канцэпцыю, захаваў стрыманасць візуальнай мовы — формы, і з вычарпальнай выразнасцю напоўніў яе зместам. Прычым сацыяльным, праблемным зместам, але Мнаяну ўдалося падняць яго на ўзровень метафізікі — перад намі не рынак, а месца ахвяры, лабірынты асуджанасці.

Агульнае асабістае

Мае спробы вызначыць, ці ведаем мы ў Мінску ўкраінскую фатаграфію, ні да чаго не прывялі. Акрамя трох праектаў Ігара Гайдая, паказаных у 2010 годзе ў Нацыянальнай бібліятэцы, — «Украінцы. Пачатак трэцяга тысячагоддзя», «Космас украінскага хлеба» і «9+3», — успомніць не было чаго. Хіба — інтэрнэт-знаёмствы, праекты Барыса Міхайлава і Сяргея Браткова на розных біенале. Але ў Беларусі ні Харкаўскую школу, ні Кіеўскую, ні маладую ўкраінскую фатаграфію ў рэальных галерэйных прасторах бачыць не даводзілася.

Чаму я зноў кажу пра гэтыя веды? Ды таму, што на гэты раз Мінскі фестываль склаўся як гісторыя пра сувязі, і гэта актуальна. Агульнасць тэндэнцый, як і розныя вектары руху, заўсёды будуць цікавыя гледачам, якіх на ўсіх выставах было шмат. І што яшчэ больш важна: не толькі глядач, але і само беларускае фотатаварыства атрымлівае аддачу, гэта значыць — карысць ад фэсту для свайго развіцця.

Калі ў будучым годзе ўдасца прыцягнуць да такіх праектаў больш інстытуцый і валанцёраў — студэнтаў, перакладчыкаў, мастакоў самых розных спецыялізацый, — карыснасць фэсту, яго запатрабаванасць у творчым асяроддзі стане вышэйшай.

Але вернемся да ўкраінскай творчай майстэрні «L∞K» з праектам «Наша агульнае асабістае». Разам з малдаўскім «Асцярожным стаўленнем да дробных рэчаў» яны прыўнеслі ў фестываль пэўны элемент нечаканасці.

Экспазіцыя аб’яднала вялікую групу аўтараў, гэта Валерыя Барвінская, Зміцер Бараў, Ігар Бельскі, Лана Янкоўская, Лія Достлева, Мікалай Кажамяка, Вольга Касянюк, Вольга Ткачэнка, Святлана Марозава, Юры Лісоўскі, Юлія Палуніна-Бут; пры ўдзеле Аляксандра Ляпіна, Антона Логава, Івана Багдана, Юліі Сабалеўскай. Аляксандр Ляпін, як заснавальнік групы, вядомы педагог і куратар, правёў майстар-клас. Паводле яго трактоўкі, «L∞K» — гэта не аблічча і не погляд, а цыбуля (лук), гэта значыць — гародніна. Што прадугледжвае гаркату і яркасць смаку. Публічнае і прыватнае шчыльна перасякаюцца, яны ўзаемна цікавыя і значныя, сацыяльнае раствараецца ў інтымным. Думаю, украінскія фатографы сапраўды паказалі востры праект: у аўтараў як быццам зняты нейкі ўзровень абароны, аголенасць пачуццяў бянтэжыць, а ў некаторых выпадках нават прымушае збочыць. Такая, напрыклад, Юлія Палуніна-Бут у «Зацішшы Цмока» і Вольга Ткачэнка ў «Міражы». Нездарма абедзве залы экспазіцыі паказвалі серыі ню, хоць гэта толькі адзін са знакаў агалення. Вядома, не абышлося без фармальных пошукаў, фактур, канцэптуальных накладанняў і інш. Але і «Венера» Валерыі Барвінскай, і «Патанулыя ўспаміны» Ланы Янкоўскай, як і «Постфактум» Антона Логава і Вольгі Касянюк, абсалютна прадуманы ў частцы ўтрымання, падпарадкаваны канцэпцыі, і элементы мовы «арт» у іх апраўданы.

За рамкамі маіх нататак застаюцца маладыя малдаўскія фатографы, ды і беларуская частка фэсту патрабуе больш пільнай увагі экспертаў. Думаецца, як і ў мінулы раз, арганізатары падвядуць вынікі і з натхненнем пачнуць падрыхтоўку да наступнага года. Пажадаць ім можна толькі аптымізму! 

Любоў ГАЎРЫЛЮК