Казка для самых маленькіх

№ 5 (374) 01.05.2014 - 31.05.2014 г

«Снежная кветка» Сяргея Казлова
Ігар Казакоў — адзін з найбольш паспяховых маладых беларускіх рэжысёраў. На яго прызавой палічцы стаяць і статуэтка-ўзнагарода Нацыянальнай тэатральнай прэміі за лепшы дзіцячы спектакль — «Чароўны пэндзаль», і «дарослае» Гран-пры «М.art.кантакту» за пастаноўку «Гамлет». Тэатр для Казакова — нібы разгорнуты культурны праект, дзе самыя розныя людзі могуць знайсці для сябе цікавае. Казка «Снежная кветка» — яскравы прыклад працы з вельмі патрабавальнымі гледачамі — дзецьмі.

Ігар Казакоў — адзін з найбольш паспяховых маладых беларускіх рэжысёраў. На яго прызавой палічцы стаяць і статуэтка-ўзнагарода Нацыянальнай тэатральнай прэміі за лепшы дзіцячы спектакль — «Чароўны пэндзаль», і «дарослае» Гран-пры «М.art.кантакту» за пастаноўку «Гамлет». Тэатр для Казакова — нібы разгорнуты культурны праект, дзе самыя розныя людзі могуць знайсці для сябе цікавае. Казка «Снежная кветка» — яскравы прыклад працы з вельмі патрабавальнымі гледачамі — дзецьмі.

...У выходны дзень з раніцы маленькія тэатралы падымаюцца на другі паверх Магілёўскага тэатра лялек. Рэпетыцыйная зала ператварылася ў новую малую сцэну, і яе памер самы лепшы для мэтавай аўдыторыі, узрост якой — два-чатыры гады. У некалькі радоў стаяць крэслы для мам і тат, а перад імі на пухнатых дыванах раскіданы падушкі для дзяцей.

Пачынаецца спектакль. Хтосьці з малых баіцца і не адыходзіць ад крэслаў дарослых. А хтосьці робіць сальта на падушках. Цікава назіраць за бацькамі, якія застылі ў позе «на старт, увага!» і гатовыя ў любую секунду кінуцца ўтаймоўваць сваё дзіця. Але — і ў тым галоўная вартасць спектакля «Снежная кветка» — гэта было якраз і не абавязкова.

На сцэне з’яўляюцца чатыры белыя зайцы. Яны пяюць вясёлую песеньку і намагаюцца разварушыць гледачоў. Гэтая песенька паўтараецца некалькі разоў за спектакль. І калі ў самым пачатку сціпла танцавала некалькі дзяцей, то потым і астатнія зразумелі, што — можна! Песні і танцы, а таксама элементы інтэрактыву прыводзяць нас да гісторыі.

Свята на носе, а Медзведзяня захварэла. Адзінае выратаванне — знайсці кветку «Ілюцік — Усім-усім хораша і ўсім-усім весела». Тут і настае выхад галоўнага героя — Вожыка. З дапамогай парадаў добрых і мудрых дрэў ён знаходзіць незамярзаючую крыніцу, у якой — адлюстраванне неба — запаветная кветка. Нягледзячы на мароз і холад, Вожык скача за ёй і... нічога не адбываецца, не здолеў ён дастаць кветку — яе няма пад вадой. Вожык не ведае, што на марозным паветры ён сам ператвараецца ў сняжынку — снежную кветку. Белы, бязважкі, падсвечаны магічным святлом, ён вяртаецца і выратоўвае сябра. Вожык адтайвае, Медзведзяня папраўляецца, зайцы спяваюць, усе танцуюць і кідаюцца снежкамі з ваты.

Ёсць да пастаноўкі некаторыя заўвагі. Вожык са сваімі песнямі, размовамі з дрэвамі, просьбамі да дзяцей апынуўся вельмі мітуслівым. Мы не былі падрыхтаваныя да яго скачка ў ледзяную ваду і ператварэння ў кветку-зорку. Тое самае тычыцца і песень-танцаў пасярод спектакля: у некаторыя моманты дзецям прапаноўвалі падняцца і патанцаваць, а праз хвіліну на сцэне дзьмуў халодны вецер, і ім лепш было сядзець ціха і слухаць герояў.

І ўсё ж «Снежная кветка» напоўнена прыгожымі і чароўнымі момантамі, якія нагадваюць, што казку напісаў той самы Сяргей Казлоў — аўтар сцэнарыя мультфільма «Вожык у тумане». Напрыклад, палёт Вожыка-сняжынкі — сапраўды момант сакральнага. Дзеткі раптам заміраюць і з адкрытымі ратамі глядзяць на нечакана яркую карцінку, слухаюць бязважкую музыку. Высокія пачуцці ўзнікаюць, калі мы бачым, што, дзякуючы сваім дабрадзейным якасцям і ахвярнасці, герой стаў на прыступку вышэй, але сам ён баіцца і пакутуе, яшчэ не ведаючы гэтага. У Вожыка ў спектаклі з’яўляецца менавіта такая каштоўная і ўнікальная рэфлексія, за якую стужка Юрыя Нарштэйна і ўвайшла ў спісы лепшых з найлепшых анімацыйных твораў.

Глядач ад двух да чатырох гадоў складаны і капрызлівы, перацярпець ці змаўчаць, калі нешта не падабаецца, не зможа. Мамы, частыя госці тэатра лялек, распавялі па сакрэце, што білеты на «Снежную кветку» дастаць амаль немагчыма. І гэта нядзіўна — так шмат у спектаклі клопату і пяшчоты. Недарэмна, калі прыбраць «с» са слова «снежный», застанецца якраз «нежный» — пяшчотны. Такой і атрымалася новая пастаноўка Ігара Казакова для самых маленькіх. Мілая, кранальная, з забаўкамі і філасофіяй ахвярнасці.

Алена ІВАНЮШАНКА