Алхімія станаў

№ 4 (373) 01.04.2014 - 01.01.2005 г

Кацярына Сумарава пра вандроўкі і самавыяўленне
Кацярына Сумарава — прадстаўніца мастакоўскай дынастыі. Яе бацька Васіль Сумараў — вядомы жывапісец і педагог. Дачка, атрымаўшы ў спадчыну майстэрства і талент, пакрочыла ў мастацтва ўласным шляхам. Яе выяўленчая мова цалкам адметная, экспрэсіўная і адначасова структуралізаваная — паводле законаў палатна і свету.

/i/content/pi/mast/79/1340/m_08_opt.jpeg

Панарама дажджу. Алей. 2013.

Вы разам з сястрой выраслі ў мастакоўскай сям’і. Абедзве пайшлі шляхам бацькі. Ці быў шанс у такіх умовах не стаць мастаком?

— Апроч таго, што хадзіла маляваць да бацькі ў студыю, наведвала тэатральны гурток, які вяла мая маці. Потым, калі я ўжо стала на шлях выяўленчага мастацтва, згадваючы гэту сітуацыю, зразумела — магчыма, магла быць і актрысай. Прынамсі, калі наведвала студэнцкія спектаклі ў Акадэміі мастацтваў, працэс акцёрскай ігры вельмі ўзрушваў.

Верагодна, творчы складнік быў у вашай натуры ад пачатку і мог праявіцца ў любой сферы...

— Гіпатэтычна я ведала, што ёсць іншыя прафесіі — касманаўты, будаўнікі, але ж на практыцы ўсе былі мастакамі! З нараджэння жыла ў мастакоўскім доме, на лецішчы — тыя ж самыя асобы. У госці да нас прыходзілі, ізноў — мастакі!

Як вы дзеліце гэту майстэрню з бацькам і сястрой?

— Раней прастора была перагароджана, але нядаўна мы вырашылі зрабіць лофт. Я перайшла да вялікіх фарматаў, патрэбна месца для адыходу. Мы з бацькам і сястрой працуем па розных графіках. З вясны да восені тата на лецішчы, на эцюдах. Да таго ж я не прывязаная да дзённага святла, магу і люблю працаваць па вечарах, часам і па начах.

Ці важна для вас меркаванне, ацэнка бацькі?

— Цешыць, калі бацька вылучае нейкія творы. Ён цудоўна адчувае мастацтва, і не толькі рэалістычнае. Яго ацэнка — лакмусавая паперка. Але ж я чакаю яе толькі тады, калі пастаўлю свой роспіс у куце.

Калі мне нешта раяць падчас працы, такое можа мяне паралізаваць, і ў выніку — загублены твор!

Вы называеце сябе пейзажыстам?

— Не, працую ў розных жанрах.

А калі працуеце над сваімі суб’ектыўнымі краявідамі, пачуваеце сябе пейзажыстам?

— Не, я так не сказала б. Бо пішу не чыстыя краявіды, а душэўныя станы, якія выяўляюцца сродкамі гэтага жанру.

Як вы прыйшлі да ўласнай формулы краявіду?

— Бацька з дзяцінства вельмі сур’ёзна з намі працаваў. Вольнай хвіліны не было... Сачыў за якасцю адукацыі — і падчас навучання ў каледжы мастацтваў iмя Ахрэмчыка, і ў Акадэміі мастацтваў. Школу мы атрымалі акадэмічную, класічную. Нацюрморты, партрэты, летам — пленэры.

Пасля першага курса Акадэміі мы паехалі ў Слабодку, гэта такая своеасаблівая мастакоўская Мекка, там праходзяць акадэмічныя пленэры. Ландшафты Браслаўшчыны адкрыліся мне зусім у іншым, нечаканым ракурсе. Камяні, геалагічныя ледавіковыя разломы, сеціва азёр — усё гэта вельмі натхняла, было відаць сляды, якія час і падзеі пакінулі на паверхні гэтых ландшафтаў. Там я пачала стылізаваць форму, адкрываць не толькі вонкавы выгляд краявіду, але і тое, што закладзена ўнутры.

Насенне ўпала ў плённую глебу. Ад таго часу, калі выходзіла на пленэры, ужо не пісала літаральныя краявіды, здаралася, нават прыносіла ў майстэрню зусім абстрагаваныя ад натуры працы. Прырода ператваралася ў эмацыйны канцэнтрат.

Паралельна ў мяне развівалася антычная тэматыка, Antik, як я яе называла. Гэта былі фігуратыўныя, з прывязкай да антычных міфаў і антычнай скульптуры, кампазіцыйныя працы. І працягвала б я так і далей, каб у нейкі момант не адчула, што тое ёсць нечым другасным. Заўсёды я мусіла мець нейкі ілюстратыўны матэрыял ці тэксты — міфы, якія я перакладала на мастакоўскую мову, вобразы антычных герояў. Гэта, канешне, не быў плагіят (вялізны пласт мастацтва, прынамсі ўсё заходнееўрапейскае мастацтва базавалася на антычнай традыцыі, азіралася на яе і выкарыстоўвала ўстойлівыя каноны), але маё сумленне казала адваротнае. А вось калі рабіла свае краявіды, нават натура мне была непатрэбна, толькі — палатно, фарбы і я сам-насам. Ад гэтага атрымлівала сапраўдную асалоду. Увасабляла свой уласны свет, будавала яго сама — і пластычна, і настраёва. Маім адзіным канонам была свабода! Так яно і пайшло.

І зараз я вельмі рада, што, калі працую, застаюся сабой, ніхто мяне не параўнае ні з якім іншым мастаком. Магчыма, творцы, чый стыль падобны да майго, дзесьці ёсць, бо думкі лунаюць у паветры. Аднак сённяшні мой перыяд — зусім іншая гісторыя, чым антычны цыкл, які быў у нейкім сэнсе дэжа вю.

Вы нядаўна выклалі на фэйсбуку фотаздымкі, дзе ўвасобіліся вашы пакуты перад белым палатном...

— Не так даўно я вярнулася з арт-рэзідэнцыі ў Абу-Дабі, дзе цэлы месяц вельмі эмацыйна і плённа працавала. Па вяртанні ў мяне мусіла быць планавая выстава, на якой я меркавала паказаць свае работы за 2013 год. Але прыйшла вар’яцкая думка прадэманстраваць цалкам новыя творы і зрабіць своеасаблівую справаздачу аб працы ў Эміратах. І за дзесяць дзён я зрабіла сем карцін, даволі вялікіх памераў. Гэта былі мае ўражанні пасля рэзідэнцыі. Новыя ракурсы, якія я там адкрыла.

З чым можна параўнаць тыя далёкія краявіды?

— Дзівосныя месцы! Шмат новых твораў з’явілася пасля вандроўкі ў пустыню... Прыйшло асаблівае натхненне. Я адчула ў пустыні рытмы майго ўласнага існавання, майго цела, маіх прац. Галавакружнае адчуванне таго, што існуе такое ідэальнае па пластыцы месца! Яшчэ, напрыклад, мяне вельмі ўразілі мой палёт і прызямленне ў Абу-Дабі ўначы. З таго нарадзілася цэлая серыя. Але ўсё ж такі наведванне пустыні, што абапал аазіса Ліва, для мяне стала натхняльнай падзеяй нумар адзін!

Вяртаючыся да белага палатна... Пасля творчых узлётаў, натуральна, прыйшоў энергетычны вакуум. А наперадзе новы праект, які чакае рэалізацыі! Вось на фэйсбуку і адлюстраваны момант маёй эмацыйнай перазагрузкі.

Усё ж — белае палатно, што на ім з’яўляецца спачатку? Ад чаго развіваецца твор?

— Усё пачынаецца з колерава насычанай лініі, якая задае пластычны і настраёвы тон. Ідэя звычайна ўжо ёсць, часам яна саспела і застаецца яе выплюхнуць, часам у канчатковым выглядзе фармулюецца падчас працы. Эскізы калі і складаюцца, дык толькі ў галаве. У творах з «суб’ектыўнымі краявідамі» эскіз наогул не патрэбны — там чыстая экспрэсія і важны першы імпульс. Гэта свайго роду акцыянізм.

Зразумела, што пейзажы ў вас абстрагаваныя, але ці існуе нейкая тыпалогія — еўрапейскі пейзаж, усходні, беларускі?.. Вы іх як-небудзь класіфікуеце, даследуеце, інтэрпрэтуеце?

— Не, паводле геаграфічнага прынцыпу яны ніяк не падзяляюцца.

Значыць, суб’ектыўныя пейзажы — гэта нешта прыватнае? Ці наадварот — вывядзенне пэўнай формулы?

— Гэта — прыватны дзённік, дзе фіксуюцца мае думкі і пачуцці, і расшыфраваць гэты дзённік магу толькі я сама. Заўсёды гэта мае ўнутраныя станы, перажыванні, хваляванні. Узбуджальнікам твораў ёсць жыццё вакол мяне. Карціны — рэфлексія на навакольны свет, што гучыць дысанансам ці ва ўнісон маім пачуццям і прынцыпам. Я кампаную і ўтвараю форму цалкам інтуітыўна. Кампазіцыя і пластыка ў маім выпадку вырашаюцца на ўзроўні падсвядомасці. І, канешне, галоўная мэта — удыхнуць у твор жыццё.

У любым стане можна пачаць працу?

— Натхненне з’яўляецца не кожны дзень. Ёсць час, калі я проста раблю сваю справу. І калі ў пэўны момант, на трэцяй гадзіне працы, да мяне нешта прыйдзе, то такія «прыходы» вельмі каштоўныя. Аднак для гэтага неабходна ў патрэбны момант знаходзіцца ў майстэрні, каб нічога не прапусціць...

А імпульсам да твора могуць быць і радасць, і сустрэча, і каханне, і абурэнне... Ёсць работы, якія дакладна звязаны з пэўнымі падзеямі. Напрыклад, шэраг прац розных гадоў яднаецца пад назвай «Анатомія дажджу». Яны зроблены пад уплывам моцнага кахання. Серыя «Памежны стан» — рэакцыя на жыццёвыя падзеі, на час, які прыгнятаў. Гэта не толькі стан прыроды, але і станы чалавечай псіхікі, стан краіны, бо мы ў літаральным сэнсе знаходзімся на культурным памежжы.

Я прадстаўляю вынік маёй духоўнай працы гледачу, аднак кожны трактуе яго па-свойму. Для мяне натуральная такая сітуацыя. Я ўкладаю ў твор адну эмоцыю, а глядач часта знаходзіць зусім іншую. Мы ўсе розныя.

Вашы шматлікія падарожжы прыводзяць да з’яўлення новых серый работ?

— Апошнім часам я сапраўды шмат вандрую па сімпозіумах, пленэрах, рэзідэнцыях ці проста бяру ўдзел у выставах за мяжой. Усё гэта спрыяе нараджэнню свежых ідэй: ты апынаешся ў новым свеце, цябе акаляюць іншыя людзі і краявіды. Вынік залежыць ад тыпу паездкі. На пэўных сімпозіумах ёсць тэма: прымаючы ўмовы, ты пагаджаешся зрабіць твор, які будзе адпавядаць запатрабаванням арганізатараў. Натуральна, я не перапускаю свае прынцыпы, стыль застаецца, і часам такія «сэнсавыя інтэрвенцыі» прыводзяць да новых ідэй і адкрыццяў. Гэта адназначна карысны досвед...

Апошняя вандроўка была ў Абу-Дабі, вы пісалі, што гэта ідэальнае для вас месца...

— Так, я спынялася ў рэзідэнцыі ў Арабскіх Эміратах, установа называецца Abu Dhabi Art Hub. Велізарны цэнтр, дзе усё задавольвае патрэбы мастакоў. Ёсць выдатная выставачная прастора, месца для працы і жыцця і, што таксама важна, магчымасць сустрэч з людзьмі з розных кантынентаў. Art Hub актыўна супрацоўнічае з мастакамі з усяго свету. Кожны месяц новая краіна прадстаўляе сваіх творцаў у рэзідэнцыі. Прыязджаюць звычайна 4-6 чалавек. Гэтым разам былі мастакі з Македоніі, Сербіі, Харватыі і Беларусі. Існуе Art Hub ужо год і вельмі інтэнсіўна развіваецца. Зараз пачынае працаваць спецыяльная рэзідэнцыяльная праграма, тэрмінам на тры месяцы. Ужо не ў сталіцы, а пасярод пустыні, дзе пабудаваны аазіс, разлічаны на 30 мастакоў з розных краін (Liwa Art Hub).

Можа, у Абу-Дабі ёсць амбіцыі стаць адной з культурных сталіц свету?

— Пэўна так, яны на шляху... Гэта Кландайк для вялікіх мастацкіх праектаў. Выбітныя архітэктары рэалізуюць там самыя амбіцыйныя планы. Зараз вядзецца будаўніцтва так званага культурнага раёна Абу-Дабі. Там будуць знаходзіцца філіялы такіх музеяў, як Музей Гугенхайма, Луўр. І ў сваю чаргу Abu Dhabi Art Hub робіць вялікую справу ў прасоўванні сучаснага мастацтва ў сваім рэгіёне. Не трэба забываць, што ААЭ — маладая краіна. Яна бурна развіваецца ва ўсіх сферах, у тым ліку пачынае заахвочваць да супрацоўніцтва і мастакоў! Гэта вельмі добра. Я пратаптала туды сцежку і ўпэўнена, што іншыя беларускія творцы там яшчэ з’явяцца.

Вернемся ўсё ж да асабістай творчасці. Акрамя вандровак, што фарміравала вашу мастакоўскую сутнасць? Якія мастакі паўплывалі?

— У школе я любіла Магрыта ды Далі, гэта, бадай, адзіны прыклад уплыву. Але ж сюррэалістам, як бачыце, не стала. Далей былі толькі густоўныя перавагі адных мастакоў над іншымі. Магу згадаць імёны Рыхтэра, Кіфера, Бэкана, Роткі, Вундэрліха. Сярод улюбёных скульптараў — Мур, Мітарай, Джакамеці, Бранкузі.

Пасля абароны дыплома я апынулася на стажыроўцы ў Акадэміі мастацтваў у горадзе Карара ў Італіі. Абсалютным аўтарытэтам там быў Амар Гальяне. Гэта мастак даволі вядомы ў свеце. Мне пашчасціла некалькі разоў з ім сустракацца, размаўляць. Ён ухваліў і маю антычную тэму, але ў суб’ектыўным краявідзе ўбачыў большы плён для развіцця. Магчыма, і гэты станоўчы водгук таксама дабавіў пэўнасці ў выбары кірунку.

Што да апошніх адкрыццяў — гэта архітэктар Заха Хадзід, чые будынкі — творы высокага мастацтва. Пластыка яе прац ідэальна кладзецца на мой эстэтычны густ.

Ці далучаеце вы свае пошукі да якой-небудзь плыні?

— Мне не падабаецца, калі мастакоў ставяць у рамкі, сартуюць іх паводле «ізмаў». Творца — мяккі матэрыял, ён пастаянна рухаецца, трансфармуецца. Безумоўна, для мастака важна заняць сваю нішу — з асабістым метадам, адметнай пластычнай мовай, уласнай тэмай. Аднак нельга бясконца эксплуатаваць знаходкі. Пры гэтым змены не мусяць быць рэвалюцыйнымі. Я за эвалюцыю: для мяне гэта больш натуральна. Мне здаецца часам, што свае трансфармацыі толькі я сама магу заўважыць і адчуць. За апошнія гады ў мяне відавочна з’явіліся актыўны эмацыянальны колер і большая свабода пластычнага руху, што дазваляе з большай глыбінёй выяўляць філасофскі і настраёвы аспекты твораў. Змяняюся плаўна, бо няма такой мэты — змяніцца. Ёсць мэта — самавыявіцца.

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва