Парнас ля вуліцы Парніковай

№ 4 (373) 01.04.2014 - 01.01.2005 г

Досвед самаідэнтыфікацыі
Знакаміты польскі кінарэжысёр і грамадскі дзеяч Кшыштаф Занусі ў адной са сваіх публічных лекцый даў вызначэнне эліты. Вызначальнай прыкметай эліты, паводле Занусі, з’яўляецца галоўным чынам пачуццё асабістай маральнай і прафесійнай адказнасці за тое, што адбываецца вакол.

Адказнасць гэтая (калі мы гаворым пра эліту культуры) выяўляецца праз прызму ўласных заняткаў — ці тое будзе музыка, кіно, жывапіс, паэзія, архітэктура, філасофія, мастацтвазнаўства, лінгвістыка, ці нешта яшчэ. Эліта — ацэньваючая супольнасць. Тыя, якія кажуць, што вось гэта добра, а тое кепска. І тлумачаць чаму. Прызнаючы апрыёры права на існаванне іншых меркаванняў. Форма, у якой такая адзнака даецца, — 
таксама частка культуры.

Выставачны праект «Парнат 84-11Б», які прайшоў з вялікім рэзанансам у Нацыянальным гістарычным музеі, — гэта досвед самаўсведамлення і самаідэнтыфікацыі групы мастакоў у адносінах да сваіх культурных вытокаў. Мерапрыемства было распрацавана да дробязей: ад папярэдняй даследчай і пошукавай работы да PR-кампаніі, што распачалася за месяц да вернісажу, ад канцэпцыі і прасторавага вырашэння да дызайн-аксесуараў, ад праграмы інтэрактыўных мерапрыемстваў да паралельна арганізаванай актыўнасці ў сацыяльных сетках.

На слэнгу беларускай арт-супольнасці Парнат — гэта спецыяльная навучальная ўстанова, дзе ўжо больш за паўвека рыхтуюць прафесійных мастакоў і музыкаў. Лічбы і серыйныя параметры ў назве выставы «Парнат 84-11Б» азначаюць аддзяленне і год выпуску: 11 «Б», 1984. Менавіта выпуск далёкага 1984 года стаў ініцыятарам праекта, які аддаў даніну сваёй школе.

Праект абнадзейваў нязвыклай «пазашкольнай» актыўнасцю ўдзельнікаў. Замест таго каб інфантыльна чакаць, пакуль прыйдзе настаўнік і паставіць добрую адзнаку ў дзённіку (маўляў, усе такія разумныя і таленавітыя!), замест таго каб чарговы раз у Дзень выпускніка памінаць пад старымі фікусамі сваю памерлую юнацкасць, аднакласнікі аб’ядналіся для стварэння сумеснай мастацкай выставы. І, як бы заадно, праз фармат музейнай мегаінсталяцыі замахнуліся на асэнсаванне гэтай вялікай з’явы: Парнат.

Праект быў фармальна выбудаваны як групавая выстава вельмі непадобных па кірунках сваёй працы аўтараў, у рознай ступені вядомых шырокай публіцы, што ў дадзеным выпадку ўсё роўна. Галоўнае тут іншае. А менавіта — калектыўная рэфлексія на тэму Парната, таго месца, адкуль выйшлі ў свет не толькі мастакі гэтага праекта, але і значная частка культурнай эліты Беларусі.

Былыя аднакласнікі, а зараз сталыя прафесіяналы ў самым росквіце творчых сіл: Руслан Вашкевіч, Пётр Пархімовіч, Таццяна Крупская, Алег Усціновіч, Аляксандр Жукаў, Сяргей Расолька, Віктар Санько, Ала Урублеўская, Таццяна Зазуля — гэтая палова зорнага выпуску 84-11Б рыхтавала і адкрывала выставу, хоць некаторым з іх давялося пераадолець доўгі шлях, у тым ліку і з замежжа. Некаторыя прысутнічалі на адкрыцці толькі творамі-экспанатамі, таму што ў той жа дзень прадстаўлялі Беларусь на сусветных арт-прасторах: гэта Юрый Якавенка, адзін з вядучых графікаў свайго пакалення, які адкрываў выставу ў Аўстрыі, і Ілона Касабука, што прымала ўдзел у Міжнародным біенале ў Арабскіх Эміратах. Праз творы і інфармацыю ў спецвыпуску газеты «ПАРНАТ 84-11Б» удзельнікамі праекта былі таксама Дзмітрый Галуцкі, Уладзімір Старушэнка, Андрэй Сіцько, Валерый Таргонскі. І Леанід Афанасенка, які сышоў у іншы свет у 2008-м. Як было паабяцана ў прэс-рэлізе, усім на выставе знайшліся «і час, і месца...»

Месца знайшлося не толькі ўсім, але і ўсяму: жывапіс, станковая графіка, каліграфія, дызайн адзення, кніжны дызайн, праекты каванай мэблі і разьбярскіх вырабаў, постары, ілюстрацыі, малюнкі з археалагічных экспедыцый, фота і відэа, схемы і макеты, цытаты і коміксы, саўндтрэкі і жывыя музычныя выступленні... Постаці і лёсы...

Гэты разнастайны, нават стракаты матэрыял быў грунтоўна апрацаваны, асэнсаваны і структурызаваны ў экспазіцыі, якая складалася з трох узаемазлучаных частак:

1) своеасаблівы школьны прагляд прац выпускнікоў аднаго пэўнага класа мастацкага аддзялення (знайшлася нават дыпломная кампазіцыя Пятра Пархімовіча, якая вяртала нас у пачатак 1980-х — перыяд зорнай славы мінскага «Дынама»);

2) дакументальная частка выставы: архіўныя фатаграфіі, асабістыя рэчы, самаробны ігравы фільм і г.д.;

3) калектыўная версія рэканструкцыі памяці праз узнаўленне сімвалічных «парнат-аб’ектаў» з суправаджальнымі тэкстамі.

Выразна і пераканаўча артыкуляваць, што такое парнацкая самаідэнтыфікацыя — задача амаль немагчымая, але паспрабаваць яе намацаць, абапіраючыся на пытальнікі і ўважлівыя, сумленныя адказы, напэўна, варта. Чаму ў сферы нацыянальнага мастацтва і культуры ўсё так, як ёсць, і ніяк інакш? Адкуль у большасці «парнацкіх» гэткая бязмежная, амаль рэлігійная пашана і адданасць мастацтву? Што даў Парнат усім гэтым маленькім хлопчыкам і дзяўчынкам? Што ён у іх адняў замест гэтага? Ці каштавала яно таго? Ці ёсць зваротная сувязь? Што і як аддаюць гэтыя людзі потым сваёй культуры і сваёй краіне? Як, навошта і кім ствараецца і падтрымліваецца сфера мастацтва ў нас? Спробы знайсці адказы на гэтыя пытанні былі распачаты падчас працы экспазіцыі «Парнат 84-11Б», падчас лекцыі-дыялога «Тэорыя і практыкі штодзённасці», якую правяла даследчык Ганна Вашчынчук, а таксама пры правядзенні «круглага стала».

Вяртаючыся да пачатку. Напачатку было Слова. Этымалогія слова «парнат» загадкавая. Ніхто не можа згадаць, калі і як з’явілася гэта назва, доўгі час забароненая начальствам і педагогамі самой школы (выстава «Парнат 84-11Б», дарэчы, упершыню легітымізавала назву ў публічнай інфармацыйнай прасторы). З аднаго боку, Парнат — гэта зборны канструкт, складзены, верагодна, са слова «інтэрнат» і назвы вуліцы — «Парніковая». З іншага боку, тут можна пачуць і сэнсавае рэха назвы святой гары Парнас. Крытычна настроенае вуха, праўда, счытвае і іншыя фанетычныя варыянты, але гэта ўжо асабістая справа кожнага.

Каб адразу зняць напружанне з нагоды нібыта нясціплага самавызначэння «эліта», якое гучала і падчас самой выставы, і ў дыскусіях «круглага стала», што завяршыў каскад інтэрактыўных мерапрыемстваў, варта сказаць, што Парнат першапачаткова, яшчэ ў савецкі час, быў задуманы менавіта як элітная школа. Тады ў афіцыйных дакументах гэты гадавальнік талентаў фігураваў як Рэспубліканская школа-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Восіпавіча Ахрэмчыка.

Дзеля чаго ў той час стваралася элітная школа рэспубліканскага значэння, ля вытокаў якой стаялі такія значныя ў беларускім мастацтве постаці, як Леанід Шчамялёў, Сяргей Каткоў, Іван Ахрэмчык і іх аднадумцы? Нягледзячы на платнасць навучання для бацькоў абраных вучняў, гэта было дарагое для дзяржавы пачынанне. Майстры-мастакі лічылі неабходным стварэнне такой школы, з улікам таго, што Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут ужо дзейнічаў. Яму патрабаваліся падрыхтаваныя абітурыенты, якіх вучылі з дзіцячых гадоў. Мастакі адстойвалі магчымасць бесперапыннасці выхавання прафесіяналаў, неабходнага для развіцця нацыянальнага мастацтва.

Ва ўлады, якая падтрымала гэту ініцыятыву, была свая рацыя. Сучасная генерацыя Парната ці вельмі мала, ці зусім нічога не ведае пра тое, што ў савецкі час выдаткі на фарміраванне культурнай эліты былі часткай вялікай, з размахам пастаўленай дзяржаўнай сістэмы падрыхтоўкі кадраў ідэалагічнага фронту. Адбор лепшага насення і экзэмпляраў — класічны прынцып селекцыі, вядомы і ў сельскай гаспадарцы, і ў жывёлагадоўлі, і ў спорце. На ідэалогію ў СССР сродкаў не шкадавалі, таму і якасць прафесійнай падрыхтоўкі ў мастацкай установе была ў тых умовах максімальна высокая.

Са здабыццём Беларуссю незалежнасці старая ідэалогія сышла, а ўзровень, традыцыі і методыкі прафесійнай падрыхтоўкі засталіся. Гэты складнік унікальнай каштоўнасці школы захаваны да нашага часу, хоць зберагчы яго было няпроста ў перыяд сацыяльных, эканамічных, палітычных і культурных трансфармацый мяжы тысячагоддзяў. З моманту ўтварэння Парната, заснаванага на базе звычайнага інтэрната для дзяцей-сірот, змяніліся пакаленні і эпохі, БССР ператварылася ў Беларусь, свет перажыў камп’ютарную рэвалюцыю, а таксама шмат іншых, не заўсёды аксамітавых рэвалюцый, ужо і Школа-інтэрнат даўно завецца Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам мастацтваў, але гэта незвычайнае месца на карце горада па-ранейшаму ўсе ведаюць як Парнат. Размешчаны ўбаку ад цэнтра горада, на скрыжаванні вуліц Макаёнка і Парніковай, ён бесперабойна выдае па два выпускі ў год: 11 «А» — музыканты, 11 «Б» — мастакі. У выніку няма ніводнай краіны ў свеце — ад Бразіліі да Аўстраліі, ад Ісландыі да ПАР — куды не ступіла б нага выпускніка гэтай мінскай закрытай спецшколы.

Патрэба адрэфлексаваць феномен Парната «знутры» наспела даўно: афіцыйныя юбілейныя мерапрыемствы, якія дэманструюць уражальныя дасягненні вучняў, не даюць адказаў на шматлікія пытанні, актуальныя ў «кухні» культуры. Выстава «Парнат 84-11Б» — першая самастойная, дарослая спроба асэнсавання самімі выпускнікамі (многія з якіх, дарэчы, аддалі туды і сваіх дзяцей): што ўяўляе сабой іх alma mater? Праект «Парнат 84-11Б» — важны якасны скачок, пераход ад вуснага фальклорнага фармату і замкнёнасці карпаратыўнай традыцыі ў фармат прафесійны і публічны. Відавочна, супольнасць, якая сама сябе ацэньвае, саспела да гэтага. Чаму таго не адбывалася раней? Паўнавартасная рэалізацыя падобнай задачы магчыма толькі пры адначасовым поглядзе звонку і знутры, а аналітыкаў з такой унікальнай аглядальнай пазіцыяй, на жаль, няма... Збольшага таму і паўстаў «Парнат 84-11Б»: «Усё даводзіцца рабіць самому...».

У якасці рэзюмэ хацелася б прывесці эпізод з нашумелай серыі раманаў Джоан Роўлінг пра Хогвартс — элітную школу магаў і чараўнікоў. Гары Потэр, галоўны герой і вучань гэтай школы, трапляе аднойчы ў небяспечную і цяжкую сітуацыю: побач няма ні настаўнікаў, ні сяброў, усё кепска, страшна і безнадзейна. Але ў крытычны апошні момант юны чараўнік бачыць святло на іншым беразе цёмнага возера, каля якога 
ён ужо памкнуўся па-геройску загінуць, — святло, якое разганяе цемру і жудасных істот. Хтосьці дапамог яму — нейкая невядомая сіла, якая дала правільны арыенцір у імзе. Праз пару гадоў Гары даведваецца, што гэтай сілай быў ён сам — дзякуючы пятлі ў часе. Больш сталы, моцны, прафесійна падрыхтаваны, ён дапамог самому сабе двухгадовай даўнасці — маленькаму і самотнаму на цёмным беразе. У выставачным праекце «Парнат 84-11Б» шырокая, шматстайная, слаўная творчымі здзяйсненнямі супольнасць мастакоў і музыкаў бліснула агнём маяка на іншы бераг возера не толькі самім сабе — 30-гадовай (а таксама 40-, 20-, 10-гадовай і іншай) даўнасці, але і цяперашняй генерацыі Парната і паважанаму грамадству.

«Батон»

Скульптурнае выкананне — Аляксандр Жукаў. Дрэва, разьба.

«Не хлебам адзіным...» У кантэксце жыцця Парната гэта сцвярджэнне патрабуе тлумачэння. Залацісты Батон для выхаванца закрытай спецшколы стаў такой жа сімвалічнай «абарончай» субстанцыяй, якой быў Тлушч для Ёзэфа Бойса. Уся астатняя ежа ў Парнате была дазавана, а батона заўсёды было шмат. Ён быў увасабленнем ідэі багацця і свабоды — у першую чаргу свабоды паесці, калі захочацца, таму што яго можна было браць са сталовай з сабой у запас. Гарачыя батоны прывозілі прама з хлебазавода і раскладвалі ў асобным пакоі — у кніжныя шафы. Кніжныя шафы, поўныя хлеба... Батон стаў і знакам ежы духоўнай. Немалаважны аспект: батон быў удзельнікам прафесійнага жыцця мастакоў — яго далікатнае белае цела выкарыстоўвалі для змякчэння тону алоўкавых штудый у адпаведнасці з даўняй традыцыяй акадэмічнай школы.

«Пасылка з яблыкамі»

Яблыкі з хаты бацькоў ці бабулі-дзядулі прыходзілі ў Парнат у пасылках, на якіх хімічным алоўкам было напісана «Бясцэнная». Для парнатаўца сэнс гэтага слова быў процілеглым таму, які ўкладвала ў яго паштовае ведамства: яблыкі з пакінутага эдэму — ці гэта пахкая антонаўка, ці салодкая «каштэля» — былі каштоўным сведчаннем любові, а не казённага аплачанага клопату (кошт знаходжання дзіцяці ў Парнаце складаў 45 рублёў у месяц, што было немалымі грашыма па тых часах, асабліва калі зарплата ці пенсія былі па 90 і нават 60–70 рублёў), і парой — віны. Пад «эдэмам» тут варта разумець зусім не бацькоўскую хату, якая далёка не ва ўсіх была падобна да раю. Наадварот, тады дзяцей часта аддавалі ў Парнат менавіта таму, што складаныя сямейныя акалічнасці і ўмовы не дазвалялі ўтрымліваць і выхоўваць дзіця дома. У Парнаце дзіця было гарантавана накормлена, дагледжана і навучана рамяству. Сіротам былі палёгкі па аплаце. Ім пасылак з яблыкамі не слалі, але ўвосень любы парнатавец мог здабыць іх сам, здзейсніўшы начны налёт на сад Станцыі юных натуралістаў ці іншы, размешчаны па вуліцы Парніковай. Страчаным эдэмам для любога парнатаўца было простае жыццё са зразумелымі ўстаноўкамі і каштоўнасцямі: хата, сям’я, дабрабыт. Дакрананне да мастацтва, хай і гвалтоўнае, усё змяняе, і назад дарогі, як правіла, не было.

«Змена пасцельнай бялізны»

Аднойчы забраны з сям’і, з хаты (музыкаў бралі зусім маленькімі — у 1-ы клас, мастакоў пазней — у 5-ы), парнатавец атрымліваў галоўную ўстаноўку жыцця: стаць прафесіяналам. З гэтага моманту яму засцілала, мыла, выбірала пасцель не мама і не бабуля, а школа. Як у рамане Марка Твэна, на прасцінах, што пахлі пральняй, «не было ніводнай плямкі, якую Гекльберы Фін мог бы прыціснуць да сэрца як старога сябра». Пачаць усё з белага чыстага аркуша/прасціны, абнуліцца і нарадзіцца нанова — для выхаванца Парната гэта не проста рабочы момант, а адпрацаваны гадамі прафесійны навык і пабытовы рэфлекс. Змена пасцельнай бялізны ў Парнаце як набор прадметаў — гэта прасціна + падкоўдранік + навалачка + ручнік махровы (для твару) + ручнік вафельны (для ног) + прыложкавая шторка + пікейнае покрыва («капа»). Як рэгулярна паўтаральная падзея, цырымонія, працэс — гэта аддача скручанай у вузел бялізны, прасякнутай снамі, марамі, крыўдамі, слязьмі, і атрыманне свежага камплекту, цалкам адмытага ад нечых слёз, летуценняў, крыўд і сноў. Выдавала чыстую і прымала брудную кастэлянка, у назве пасады якой (ад «castle» — замак) рамантычна чуліся водгукі Сярэднявечча, Рэнесансу, барока і нават класіцызму. Але — ці была для парнатаўца школа хутчэй Таўэрам і Бастыліяй, ці ж усё-ткі Версалем і Царскім Сялом (гледзячы адкуль ён патрапіў у Парнат) — ён застаецца салдатам поспеху і валацугам, заўсёды гатовым пачаць з белага аркуша/прасціны.

«Крэсла раскладное» (прадстаўлена Алай Урублеўскай)

Такія музейныя аб’екты, як Вусы Чапаева, звычайна выклікаюць у парнатаўца толькі саркастычную ўсмешку. Фетышызм наогул для яго не характэрны — па-першае, з-за спартанскіх прынцыпаў выхавання, а па-другое, таму што вучань мастацкага аддзялення Парната змалку прывыкаў сыходзіць ад рэальнага прадмета да яго выявы, да яго візуалізаванай ідэі... Прысутнасць у парнацкіх майстэрнях вялікага ценю Платона была не меней адчувальнай (хоць і не дэкларуемай), чым прысутнасць кірпатага гіпсавага Сакрата, які па-філасофску сузіраў усё новыя і новыя класы, што пакаленне за пакаленнем малявалі яго гузаваты лоб. Ды і без Сакрата пасля кожнай постпрагляднай прыборкі было ясна: усё мінае і ні пра што не варта шкадаваць, трэба проста ўзяць новае палатно і пражыць на ім чарговае новае жыццё. Але абрынданае фарбай раскладное крэсла, спадарожнік пленэрных выездаў і калектыўных летніх практык, выклікае тахікардыю нават у суровага, з засіверанай душой ветэрана Парната.

«Прыложкавая тумбачка»

Прыложкавая Тумбачка — важная частка мінімалістычнага побыту парнацкай чалавекаадзінкі. Гэта ўмоўна асабістая прастора складалася з двух аддзяленняў і часам, калі пашанцуе, шуфляды (адсюль парнацкае слоўца «шуфлядзь» — «сківіца», а з ім і адпаведныя выразы накшталт: «У мяне шуфлядзь адпала» для перадачы крайняй ступені здзіўлення, па асацыяцыі з выпадкамі, калі шуфляда туга высоўвалася і выпадала, рассыпаючы на падлогу прадказальнае змесціва: грабянец, зубную шчотку і, што было асабліва прыемна, зубны парашок). Пражытковы мінімум рэчаў быў цалкам спартанскім: акрамя пералічанага, там маглі быць кніга, змена бялізны, шкарпэткі («сыры» ці «сыркі» па-парнацку), ненадоўга — нават штосьці з ежы. Невялікі памер Тумбачкі і адсутнасць замка ў яе дзверцах не дазвалялі парнатаўцу мець гарантавана абароненыя сакрэты. Тумбачка была мяжой паміж асабістай прасторай і соцыумам, які гэтую прастору цвёрда кантраляваў. Менавіта карыстаючыся Тумбачкай, чалавек, які рос у Парнаце, шмат у чым вызначаўся ў сваіх стасунках з грамадствам.

«Парафінавая садавіна»

Парафінавыя мадэлі пладоў зямлі — салодкія перцы, яблыкі-грушы, цытрусавыя — нароўні з навучальнымі гіпсамі і батонамі былі галоўнымі героямі нацюрмортных пастановак у Парнаце. Пасля недаўгавечнага восеньскага багацця кветкава-пладовай натуры яркія парафінавыя муляжы гародніны і садавіны ўсю доўгую, пераважна шэрую гарадскую зіму захоўвалі для юных мастакоў закансерваваны клер. Парнатаўцы вучыліся адрозніваць у капіраваных у парафіне разнастайных прыродных формах шар, конус і цыліндр і спазнавалі важныя рэчы: 1) імітацыя можа быць вельмі майстэрскай, але парафін неядомы; 2) натура, яе выявы і яе муляж — розныя рэчы. На працягу некалькіх гадоў навучання парнатавец з алоўкам ці пэндзлем у руцэ гэтулькі разоў медытуе над размаляваным парафінам, што выходзіць са школы цалкам падрыхтаваным да ўспрымання такіх абстрактных паняццяў, як ілюзія, імітацыя, бачнасць, мая... Што часам пашырае арэал распаўсюджання парнацкіх да такіх геаграфічна аддаленых ад вуліц Парніковай і Макаёнка прастораў, як Мексіка і Тыбет.

«Ванна»

Пах і выгляд волкай гліны ці шамоту ў эмаляванай Ванне, напаўразваленыя галовы і агалёнкі з апошняга прагляду, якія тонуць у шэрай і шэра-карычневай глейкай масе, павольнае іх вяртанне ў першапачатковы стан — абавязковы элемент атмасферы скульптурных майстэрняў, што займалі ў Парнаце першы паверх мастацкага корпуса. Кругазварот гліны ў Парнаце быў такі ж сезонна рытмічны, як кругазварот іншых рэчываў у прыродзе — ад чвэрці да чвэрці, ад прагляду да прагляду. Першасны хаос глінянай масы патэнцыйна ўтрымліваў усе мажлівыя формы, і Ванна была калыскай гэтых формаў. Акты іх нараджэння былі парнацкай штодзённасцю, спавітыя поліэтыленам стварэнні чакалі ў майстэрнях прыходу сваіх маленькіх дэміургаў. Але зяпа Ванны выразна пахла і свежай магілай, без слоў і без сантыментаў далучаючы дзяцей да няпростых рэчаў: 1) «Прах вяртаецца ў прах...» — рэальны закон; 2) пераадолець яго і ўдыхнуць у мёртвую гліну жыццё дадзена не кожнаму, таму што ў мастацтве роўнасці няма. Але надзея памірае апошняй: запаветная літарка «Ф» («узята ў Фонд») на лепшых вучнёўскіх працах пасля абходу камісіі азначала, што містэрыя атрымалася, камячок праху выратаваны і больш не вернецца ва ўлонне Ванны.

«Гіпс+Батон»

Белае і Залатое. Гіпс і Батон. У парнацкіх майстэрнях яны заўсёды былі разам: апроч адмысловай ролі мякішу як самага далікатнага карэктуючага сродку для малюнка, батон нароўні з гіпсавымі мадэлямі быў аб’ектам навучальнага малявання з натуры, часцей за ўсё як элемент нацюрмортаў. Гіпсавыя вуха, нос, вока, вусны мікеланджэлаўскага Давіда, як і іншыя гіпсы — гэта знак веры ў Парнаце. Белыя маякі-арыенціры, расстаўленыя на шляхах юнага мастака, мелі дзіўныя, нязвыклыя назвы і імёны: аканф, экаршэ, Сакрат, Гатхамелата, Вальтэр... Куды паказвалі гэтыя маякі? Куды вялі гэтыя парталы? Забраны з сям’і 
і з натуральнага асяроддзя юны паслушнік гадамі маляваў Давіда ва ўсіх відах 
і ракурсах, цалкам і па частках, але, як правіла, нашмат пазней пазнаваў, чым жа правініўся забіты выдатным Давідам Галіяф і пры чым тут Псалмы. Але — малюючае вока ўрэшце ды ўбачыць... Афіны, Рым, Фларэнцыя, Венецыя, Парыж — іх цьмяныя абрысы праступалі ў змярканні за вокнамі майстэрняў...

«Кубік-Рубік»

Кубік-Рубік стаў часткай парнацкага побыту не толькі па агульнай для ўсяго насельніцтва СССР прычыне (як вартасная альтэрнатыва футболу і настольнаму тэнісу), легендарны і звышпапулярны ў пачатку 1980-х канструктар-пасьянс быў не проста гульнёй, забаўкай, аддушынай, кавалкам асабістага часу, сыходам у віртуал, псіхатэрапіяй, раскошай індывідуаліста ў казарменна-манастырскім распарадку. Не! Для парнатаўца кубік быў прадметам сімвалічным і нават магічным. Белы гіпсавы куб малявалі найперш на мастацкім аддзяленні ў 5-м класе як адну з асноўных форм нашага свету. Нічога яшчэ не ведаючы ні пра кубізм і Сезана, ні пра іншыя вымярэнні і трансфармацыі, парнатавец адчуваў, што Кубік-Рубік — цудоўнае ўвасабленне дынамічнай гармоні свету, дзе ўсё яднаецца з усім у стройным кубічным адзінстве, толькі трэба намацаць прынцып спалучэння. Па сутнасці, мастак займаецца гэтым усё жыццё.

Таццяна БЕМБЕЛЬ