Час для пазлаў
Мая серыя прымеркавана да 90-годдзя смерці Леніна. Так склалася, што Ленін так ці інакш прысутнічаў у маім жыцці, жыцці ўсіх маіх аднагодкаў. Мы былі акцябратамі, піянерамі... Мая дачка аднойчы прыйшла са школы і спыталася: «Мама, чаму ты мне не сказала, што ў мяне ёсць дзядуля — Ленін?» Я мінчанка, і калі іду па сваім горадзе, бачу, колькі ў нас засталося слядоў савецкай спадчыны. Таму, калі ў Мінск прыехаў з майстар-класам вядомы расійскі фатограф Андрэй Чэжын і набыў тут велізарны фанерны ордэн Леніна — значок са сваёй гісторыяй, які некалі, верагодна, вісеў на дошцы гонару, — то ў мяне адразу нарадзілася ідэя новай серыі. Андрэй, такім чынам, проста дапамог мне раскрыць тэму, што даўно выспявала.
Атрыманыя фатаграфіі я разрэзала ў выглядзе пазлаў. Такі прыём невыпадковы: складаную тэму лягчэй раскрыць у форме гульні, іроніі ці самаіроніі, такім чынам пазначыўшы больш глыбокія і важныя рэчы. Напрыклад, тэму памяці. У Мінску можна часта ўбачыць жанчыну, якая ходзіць па вуліцах з чырвоным савецкім сцягам, значыць, ёсць яшчэ людзі — прыхільнікі старых ідэалаў. Што такое «Ленін» і ўся гэтая частка гісторыі? У Савецкім Саюзе людзі жылі па запаветах Ільіча, то-бок рэалізоўвалі, не да канца разумеючы, чужыя ідэі. Многія пад чужымі лозунгамі ды ідэямі пражылі ўсё сваё жыццё: нашы бабулі, дзядулі, бацькі... Жартам або ўсур’ёз — для мяне важна звярнуць на тое ўвагу, даць імпульс, каб тэма загучала.
Акрамя таго, калі мы разважаем пра час жыцця (а гэта тэма, заяўленая куратарам), то яно таксама складаецца з фрагментаў, дэталей — як гульня, пазл, які можа атрымацца або не. Трэба пашукаць, падабраць адпаведны фрагмент. Цэлае — гэта сукупнасць частак. Часам гэтыя часткі прадвызначаны, а часам гэта наш выбар, тое, з чаго мы будзем будаваць сваё цэлае. Тое тычыцца і гісторыі аднаго чалавека, і гісторыі ў цэлым: яна паўстае з фрагментаў.
Калі мы разрэзалі фатаграфіі на пазлы, усе фрагменты выпадкова рассыпаліся і змяшаліся. Давялося ўсё збіраць ізноў, і гэта аказалася няпроста. У пэўны момант сітуацыя падалася безнадзейнай, і я падумала: усё, як у жыцці. Часам ты губляешся і не разумееш, ці тое ты робіш, ці туды ідзеш. Але потым усё складваецца ў адзіную карцінку, і добра, калі яна цябе не расчароўвае. Вельмі важна вырашыць для сябе, у імя чаго прыкладаюцца гэтыя высілкі. Галоўнае — каб вынік адпавядаў чаканням.
Марына Бацюкова.