Пасланні да неба

№ 3 (372) 01.03.2014 - 31.03.2014 г

Выстава бабіцкай іконы
Выстава іканапісу, што экспанавалася ў Нацыянальным музеі пад назвай «Бог сялянскі і хрысціянскі», стала сумесным праектам Нацыянальнага мастацкага музея, Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава, Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея. Разам з тым, гэтая выстава — аўтарскі праект калектыву Веткаўскага музея.

У экспазіцыі было паказана 38 абразоў самых разнастайных сюжэтаў (такіх як «Каранаванне Божай Маці», «Цуд Георгія пра змія») бабіцкай школы іканапісу (ХVІІІ—ХХ стагоддзі), якія захоўваюцца ў фондах Веткаўскага і Чачэрскага музеяў, тканыя ручнікі бабіцкай традыцыі ткацтва, а таксама — прадметы быту і этнаграфічныя запісы, зробленыя падчас экспедыцыйных паездак. Абразы паходзяць з вёсак Бабічы, Покаць, Нісімкавічы, Валосавічы ды іншых населеных пунктаў Чачэрскага раёна, вёсак Навілаўка, Фёдараўка ды іншых Веткаўскага раёна. Многія з іх былі адрэстаўраваны супрацоўнікамі Веткаўскага музея.

Этнаграфічныя комплексы, што дэманстраваліся на выставе, дапамагаюць уявіць асяродак, у якім існавалі і былі створаны іконы, а таксама духоўнае жыццё нашых продкаў. Напрыклад, комплекс, які расказвае аб старадаўнім праваслаўным абрадзе пераносу іконы-«Свячы», прадстаўлены дзвюма рытуальнымі «свечамі», для якіх шылі спецыяльнае адзенне, тканымі ручнікамі, а таксама трыма іконамі на бажніцы, фотаздымкамі, на якіх мы бачым моманты пераносу іконы-Свячы ў вёсцы Матнявічы Чачэрскага раёна ў 2011 годзе. Тут жа — аўтэнтычны тэкст, які распавядае пра сэнс і асаблівасці правядзення абраду.

У Веткаўскім музеі спрабуюць раскрыць мову канкрэтных тэкстаў-пасланняў, што дасылаліся жанчынамі-ткаллямі паганскім боствам, першапродкам, хрысціянскім святым. Дасылаліся дзеля таго, каб зберагчы ці ўратаваць жыццё. Мы бачым гэтыя знакі (узоры) на тканых ручніках, тканым убранстве дома, і не толькі.

Беларуская тэрміналогія ткацтва — гэта амаль некрануты неруш традыцыйных міфалагічных уяўленняў. Назвы ўзораў, тэрміны ткацтва, занатаваныя супрацоўнікамі музея (пераважна ў Веткаўскім, Чачэрскім, Добрушскім раёнах), пераконваюць: нашы продкі адкрывалі першароднасць свету прыкладна так, як гэта рабіў першы чалавек на Зямлі — Адам. Тканыя палотны ў прасторы традыцыйнай культуры паўстаюць найперш як матэрыялізаваныя паэтычныя тэксты. Таму на выставе ў адным з этнаграфічных комплексаў, побач з абразамі Зосімы і Савація — апекуноў пчалярства, мы бачым ручнік з узорам «вуллейкі накрытыя».

Веткаўскі рэгіён адметны некалькімі традыцыямі ткацтва. На 1960 — 1980-я гады прыпадае росквіт неглюбскай традыцыі. У Неглюбцы ткуць і цяпер, але нямногія. У вёсках гэта праца амаль забытая. Бывае, не так проста адшукаць жанчыну, якая магла б узгадаць назву ўзору на ручніку. Народныя традыцыі ткацтва сыходзяць на нашых вачах, як Атлантыда... Апошнія словы можна аднесці да вёскі Бабічы Чачэрскага раёна, традыцыя ткацтва якой згасла зусім нядаўна. Між тым, Бабічы ў 1970—1980-я гады славіліся тым, што тут ткаліся самыя прыгожыя ў параўнанні з навакольнымі вёскамі браныя ручнікі, посцілкі-закладанкі. У гэты час у Бабічах працавала ткацкая майстэрня — філіял Чачэрскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Свае ручнікі ўспрымаліся як адно цэлае з іконамі, якія нараджаліся тут жа, у Бабічах. Пра гэта міжволі думаеш, калі трапляеш на выстаўку, дзе так адчувальны зварот чалавека да Бога праз мову арнамента ручнікоў, праз ушанаванне абразоў.

Упершыню ў гістарычных дакументах вёска Бабічы Чачэрскага раёна згадваецца ў 1483 годзе. Цікавая найбольш верагодная версія паходжання назвы вёскі. «Часта маладзіцы прасілі жанчыну, у якой ужо і твар зморшчыўся, бы ралля, каб яна бабіла ў іх дзяцей. Але жанчына ўсё адпіралася, бо, ведама, яна баялася, што, як родзіцца ў яе дзіця, то яго будуць зваць бабічам ды пасміхацца», — так гаворыцца ў адной беларускай казцы. Гэтая казка мае шчаслівы працяг: аднойчы праз акно ў хату заляцеў клубок агню (ці не шаравая маланка? — Л.Р.), жанчына з гэтага зацяжарала і нарадзіла асілка, які рос не па днях, а па гадзінах... А ў вёсцы Верхлічы Краснагорскага раёна, што на Браншчыне, памятаюць людзей з такім прозвішчам: «У 1930-я гады нас судзілі за “Стралу”. Быў з Ялоўкі Сяргей Белазор. Пры ім так было. Бабіч Мікалай Андрэевіч быў старшынёй. На Радуніцу засцілаюць могілкі. Ён як ускочыў на кладбішча! Скацеркі рваў. Нас ганялі страшна. Каб далі “Стралу” прапець?! Пакуль Сталін быў, у нас дужа плоха было. Страшна было ў трыццатых гадах. У нас пяць чалавек адправілі ў Сібір. Адзін вярнуўся — Бабіч Герасім Іванавіч. Яго ў трыццаць шостым забралі. Забралі за тое, што прыйшоў з крэстам. Як у Міколку служыў, яму крэст далі». (Па словах Параскевы Грыбанавай, 1920 г.н.)

Бабічане прывязаны да сваёй зямлі, якая, не ў крыўду сказана, не надта ўрадлівая ў параўнанні з зямлёй бліжэйшых вёсак — Навілаўкі, Покаці, Фёдараўкі. Але трымаюцца за яе моцна. Старыя назвы вуліц — нібыта назвы абласцей: Халяўшчына, Падабедаўшчына, Кардоўшчына, Міхалкоўшчына, Астапеншчына, Збірамішчына... Аб працавітасці, кемлівасці бабічан складаюцца легенды. Сумесная праца, агульныя святы: «На Ражджяство дзелалі казу — з саломы плялі пляцёнкамі. Рогі казе дзелалі. Шубу выварочвалі, рукавы, ногі і хвост дзелалі. Казу падымалі за хвост: “А ты, ваданос, падымі казу за хвост!” Зорку рабілі з картошкі, красілі. Маскі былі. На каждай вуліцы дзелалі зорку, збіраліся к цэнтру». (Па словах Марыі Маркоўскай, вёска Бабічы.)

«Кракавяк», «полька», «падыспанец» — усім у Бабічах, у навакольных паселішчах вядомы гэтыя танцы. Масніцы ходзяць ходырам ад скокаў, тупату ног на радзінах, вяселлях, зямля гудзе ад радасці. Шчасце — адно на ўсіх, як і бяда.

У 1970—1980-я гады Бабічы займалі ці не першае месца ў раёне па колькасці вяселляў. Нараджаліся і цяпер нараджаюцца дзеткі. У Бабіцкай сярэдняй школе ёсць добры школьны музей, створаны дырэктарам, Аляксеем Маркоўскім, настаўнікамі і вучнямі, які можна было б назваць музеем гісторыі вёскі. У нашы дні частымі гасцямі разнастайных святаў, фестываляў бываюць мясцовы фальклорны калектыў «Лёс» і дзіцячы калектыў. Падлеткі, якія граюць на гармоніку, могуць выканаць каля сарака музычных найгрышаў, хлопчыкі і дзяўчынкі здольныя станцаваць так, як гэта ўмелі рабіць іх дзяды-прадзеды.

Бабічан лучаць праца, песні, павага і любоў да свайго мінулага, да свайго мастацтва.

Прасторны, светлы дом сям’і Гераковых месціўся непадалёк ад Бабіч — у тагачасным пасёлку Новы Мікольск. Пазней, у 1970—1990-х гадах, такія дамы-святліцы былі пабудаваны і ў Бабічах. Акуратныя падворкі каля сядзіб, у кожным палісадніку — кветнікі: вяргіні, астры, кусты белага, цёмна-ліловага бэзу. Продкі Гераковых — мясцовыя знакамітыя іканапісцы-«багамазы». Усе яны жылі некаторы час у Бабічах, пісалі іконы для жыхароў навакольных вёсак, для цэркваў, найбольш, магчыма, для Святадухаўскай царквы, якая праіснавала да пачатку 1940-х гадоў у вёсцы Фёдараўка Веткаўскага раёна. У 1910-я гады Фёдараўка была фальваркам у Покацкай воласці. У прыход гэтай царквы ўваходзілі Бабічы, Покаць, Навілаўка, Сяліцкая, хутар Іванаўскі.

Добра памятаюць у Бабічах аб Гераковых, умеюць распавесці з гумарам: «Уладзімір, Гаўрыла, Іван, Трахім... Граматныя людзі былі. Вучоныя. Іван тут жыў, на горцы, возлі рэчачкі. Выбраўся на Пустынькі (пасёлак, які існаваў раней у Чачэрскім раёне, знаходзіўся у 3-4 км ад Бабіч. — Л.Р.) перад самай вайной, за год да вайны. Вярбоўка была. Паехаў у Фінляндыю ці ў Карэлію. Трахім Геракоў, яго брат, жыў на месці Лукомскага... Трахім у Гомелі пахаронены. Дзед Гаўрыіла, бацька іх, пісаў іконы, і яго дзед пісаў іконы. Прырода ў іх такая была. Дзед Гаўрыіла ўсё пісаў Міколку. А ўсяк ругаіцца, калі піша, а тады кукіш выставіць: “На табе, Міколка касы!” Хазяйства дзяржалі, коні, каровы... Усі работалі. Гераковы самі дзелалі багоў для Фёдараўскай царквы. Гаўрыла тут пахаронены, у Бабічах, на старым кладбішчы, там, дзе цяпер дзецкі садзік... І на Карме ў Сяргея Геракова ікона была — Мікола. Зялёная краска, як на іконе ў Наталлі. На іконе ўнізу вуллі стаялі. Усё любілі Раство пісаць. Раство ў Бабічах прыстольны празнік быў».

Абліччы святых — мужчын і жанчын — на бабіцкіх абразах нагадваюць партрэты, што найчасцей паказаны на цёмным фоне. Відаць, старэйшыя ў родзе Гераковых іканапісцы добра ведалі асаблівасці тагачаснага іканапісу Італіі. Была магчымасць вучыцца майстэрству ў італьянскіх мастакоў, якія ў ХVІІІ стагоддзі па запрашэнні графа Чарнышова распісвалі касцёлы і цэрквы ў горадзе Чачэрску. Больш як 20 кіламетраў шляху і цяпер раздзяляюць Бабічы і Чачэрск.

Покуці ў вясковых дамах напоўнены чырванню ружаў, макаў на вышытых ручніках, падзорах. Тканых жа ручнікоў ужо амаль не ўбачыш... Некаторыя з іх захоўваюцца ў Веткаўскім, Чачэрскім музеях.

Хвалямі на тканых ручніках коцяцца «юрочкі». Двойчы, тройчы паўтораны ўстойлівыя «балонкі» (падобныя ўзоры ёсць на дзяржаўным флагу Беларусі). Шырокая чырвоная «вольная» паласа (незатканая, без узораў) праходзіць праз «разбітыя сэрцы». Гэты ўзор нагадвае кветку «разбітае сэрца», пра якую з вялікай пяшчотай пісаў Уладзімір Караткевіч: «“Разбітае сэрца”, паўкруг сцябла з нізкаю маленькіх ружовых сэрцаек, на кожным з якіх вісіць унізе белая кропля... Я нідзе больш не сустракаў цябе, маленькая кветка, і таму для мяне ты такі ж самы сімвал бацькаўшчыны, зямлі майго кахання і труны маіх дзядоў, як бусел, як зубр, як сінія вейкі пралескі-любкі... Я цягнуся да цябе, простая расліна нашых кветнікаў, жывая мая душа, сэрца маё...» (Паводле верша ў прозе «Разбітае сэрца»). Дарэчы, гэтыя дзве назвы: «балонкі» («балоначкі») і «разбітае сэрца» запісаны ад Ганны Бусаўцовай у вёсцы Нісімкавічы, дзе ў канцы ХIХ стагоддзя настаўнічала прабабуля Уладзіміра Караткевіча. Іншыя ўзоры на ручніках: дробныя крыжыкі на белым фоне — «рабінка». І далей: «лодачкі-чаўначкі», «палосачкі ў костачку», «розачкі», «рожа», «лесвічкі», «паляначкі», «драбнічкі», «канапелькі», «дзераза»... — так называлі ткачыхі свае ўзоры, усё гэта — тэрміны бабіцкай традыцыі ткацтва. Ручнікі з падобнымі ўзорамі ткаліся ў навакольных вёсках і пасёлках: Нісімкавічах, Фёдараўцы, Залессі, Покаці, на Гайку, Макаўі, у Валосавічах, Узнясенску, Глыбочыцы, Каменцы, Будзішчы і ў Чачэрску.

Праз тэрміналогію ткацтва выяўляецца пэўны светапогляд. «Вольная паласа» — гэта адначасова і «вогненная вада». «А была яшчэ і “зямля” на рушніку, такі рушнік ткала мая бабуля ў Антонаўцы», — сказала Марыя Гутар, жыхарка вёскі Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна, паглядзеўшы на адзін з ручнікоў бабіцкай традыцыі ткацтва ў экспазіцыі Веткаўскага музея. Вёска Казацкія Балсуны знаходзіцца на памежжы Веткаўскага і Чачэрскага раёнаў, непадалёк ад вёскі Будзішча Чачэрскага раёна.

Чалавек, нібы дрэва, з гадамі «ўрастае» ў сваю зямлю і «ўзрастае» на ёй. Яна для яго — блізкая, родная, выратавальная. І таму ручнік, абаронца роду, гэта яшчэ і ўнікальная геаграфічна-ментальная карта, на якой можна распазнаць сваю «Новую зямлю» і самога сябе, напрыклад, у коле-ромбе вертыкальнага ланцужка на ўзорным канцы ручніка: «Тут мой захад, і тут — усход» (Алесь Разанаў).

І калі ў Кітаі на працягу многіх стагоддзяў развіваўся і ўмацоўваўся ідэал прыгажосці — ствараліся сады і паркі з асаблівым ландшафтам (як ні дзіўна, гэтым займаліся паэты, мастакі, пісьменнікі, імператары, філосафы; мастацтва, паэзія, філасофія тут зліваліся ў адно цэлае), то ў Беларусі такім, разгорнутым нібы сад перад Сусветам, ідэалам прыгажосці з’яўляюцца ручнікі, на якіх «мыслямі ўзоры клаліся» (з вясельнай песні ХІХ стагоддзя): у іх знаходзяць выражэнне традыцыйныя погляды, мастацкія густы многіх пакаленняў. «Саджаць» — так кажуць неглюбскія ткачыхі аб нанясенні ўзораў пры тканні. «Ручнік — гэта адзёжка для Бога», — найперш у такім сэнсе ўспрымаюцца ў наш час гэтыя адметныя тканіны. На тканых бабіцкіх ручніках часта можна ўбачыць ромбы, квадраты — «чатырохрожкі», «пяцірожкі» — сімвалы зямлі, якая для бабічан уяўляецца зямным раем. Такія (ды іншыя) ручнікі тут часта называюць «набожнікамі», «абразнікамі», падкрэсліваючы іх сувязь з абразамі, з Богам.

Бог заўсёды недзе побач з чалавекам, трэба толькі памятаць пра гэта кожнае імгненне.

«Выстаўка “Бог сялянскі і хрысціянскі” — сапраўдная з’ява ў культурным жыцці Мінска, — кажа Алесь Шаўчук, сябра праваслаўнага Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія. — Шкада, што такія падзеі часта застаюцца незаўважанымі большасцю мінчан. У гэтыя дні многія людзі прыходзяць у Дом міласэрнасці, каб дакрануцца да Святых Дароў. Чаму б гэтым паломнікам не дакрануцца да Цудаў роднай зямлі — нашых абразоў?»

«На Беларусі Бог жыве», — прамовіў некалі наш знакаміты пісьменнік Уладзімір Караткевіч. На некаторых іконах, што паходзяць з Бабіч, Ісус Хрыстос мае сялянскае аблічча. Ён — блізкі людзям, як блізкая і Маці Марыя. Пра яе з’яўленне аднойчы расказала Ганна Бусаўцова, жыхарка вёскі Нісімкавічы: «Там абабкі ў нас стаяць. Я — зір: с абабка вышла жэншчына, с абабка, с левага боку. Я стала й стаю: ці мне назад іціць, ці мне што дзелаць? Я стаяла, стаяла, хацела й перахрысціцца, да думамі перахрысцілась, думамі. Ні наклала ні хрэста, а думамі. Яна выйшла, сюды так... Вісокая. Тонінькая-тонінькая Яна. Ножкі тые малінькіе, тонінькіе. Віх, неяк — віх, падымалась. Паднялась, паднялась! Паднялась і паляцела. Паляцела на ўсход сонца. У нас там завецца — Асіннік і Падглей. Так яна — між етага пасёлку і Падглея... І паляцела, і паляцела. Я ўсё стаяла, стаяла, пакуль яе не стала відна. Спаднічка такая разаватая была. Шырачэнная-шырачэнная! У кліннячка, відна, пашыта, ці што. А Яна — тонінькая, Мацер Божжая».

Ларыса РАМАНАВА