Сумоўе

№ 3 (372) 01.03.2014 - 31.03.2014 г

Тамара і Уладзімір Васюкі пра малую радзіму і высокую ідэю
Гэтыя два мастакі не проста дзеляць сваю майстэрню — яны існуюць у адзінай творчай прасторы. Пацвярджэннем таму — іх сумесныя выставы, на якіх метафарычная графіка Уладзіміра цудоўна глядзіцца побач з багатымі экспрэсіяй выразнымі аб’ектамі Тамары.

 

У іх мастакоўскіх шляхах і жыццёвых біяграфіях шмат кропак перасячэння. Яны захоплены метамарфозамі. Уладзімір у сваіх графічных аркушах шукае метафары, адточвае малюнак і сімвалічную мову вобразаў. У арт-аб’ектах Тамары адбываецца сінтэз — архаікі і сучаснасці, знака і плоці, скульптурнай формы і керамічнай пасудзіны (бо старажытныя гаршкі часта нагадваюць жаночыя постаці), традыцыйных тэхналогій абвары, задымлення, ангобу і сучаснага вольнага падыходу да формы. За ўсім гэтым — даследаванне літаратуры, праца ў эксперыментальна-творчай лабараторыі і шматлікія этнаграфічныя экспедыцыі. Творчасць гэта ці педагагічная праца — яны аддаюцца справе цалкам (Тамара выкладае ва Універсітэце культуры, а Уладзімір — у Акадэміі мастацтваў). На выхадзе заўсёды ўнікальны прадукт — вучэбная праграма ці твор мастацтва.

/i/content/pi/mast/78/1324/studio_06_opt.jpeg

Тамара Васюк. Маўчанне цішыні. Гліна, абвара. 2007.

Заняткі графікай ці керамікай вымагаюць адпаведных умоў. Як вы сабе ўяўляеце ідэальную прастору для ўласнай творчасці

Тамара Васюк: Ідэальная прастора для творчасці — тая, дзе добра працуецца, а вось у жыцці ідэальных умоў не было ніколі. Калі нават і з’явяцца, то можа знікнуць самае галоўнае — творчы агонь, што кіруе ўсім працэсам.

Нашай майстэрні нам хапае цалкам: нараджэнне твора, то-бок эскізы, макет, уся тая праца, якой неабходна цішыня, адбываецца ў мяне ў гэтым месцы. Майстэрня выходзіць вокнамі на раку Свіслач, можна ўбачыць адсюль цудоўныя захады сонца і нязвыклы для горада блакіт неба, тут адчуваю супакаенне і злагоджанасць.

Вытворчая ж праца патрабуе спецыяльных умоў. Спачатку я стварала керамічныя рэчы ў мастацкім камбінаце, зараз выкладаю спецыяльныя дысцыпліны ва Універсітэце культуры на кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, таму печкай карыстаюся на кафедры. Калі ўзнікае неабходнасць выканаць значны заказ, то еду ў Барысаў на камбінат прыкладнога мастацтва імя Аляксандра Кішчанкі. А ён ужо не такі, як у ранейшыя часы: некалі гэта было ідэальнае творчае месца для прыкладніка. Хоць дарога ад Мінска і назад займала пяць гадзін, але тое таго было варта: майстэрні, гліна, печы — усё, што пажадаеш. Мы мелі там свабоду выбару: рабілі замоўленыя аб’екты ці займаліся чыстымі творчымі эксперыментамі. Там можна было выканаць і вялікі грамадскі заказ — афармленне бібліятэк, дзіцячых садкоў. Мы ўсе сумуем па тых вытворчых магчымасцях, а перш за ўсё шкадуем пра адсутнасць вялікіх комплексных замоў. Дзяржзаказ — гэта гарантыя творчай стабільнасці, таму зараз многія мастакі нашага пакалення настальгічна згадваюць 70—80-я гады мінулага стагоддзя. У самым лепшым выпадку тады можна было сумясціць працу па дамове і ўласную творчую тэму. Так адбылося, калі я рабіла комплекснае афармленне бібліятэкі ў Ляхавічах, там я ўвяла ў інтэр’ер вобраз Еўфрасінні Полацкай.

Шкада, што не паспеў спраўдзіць свае планы Анатоль Анікейчык, які збіраўся ўладкаваць буйны камбінат у Заслаўі, бо такое месца керамістам вельмі неабходна. Сёння творчасць — вялікая раскоша.

/i/content/pi/mast/78/1324/studio_07_opt.jpeg

Тамара Васюк. Прадчуванне. Дымленне, рэдукцыя. 2007.

Мінскі камбінат мае нязначную керамічную базу, але там іншая праблема — няма размежавання творчасці і вытворчасці. Мы, напрыклад, на хлеб надзённы зарабляем выкладчыцкай дзейнасцю, а ёсць мастакі, у якіх няма ніякага заробку. Калі я працавала на афармленні бібліятэк у Баранавічах, Ляхавічах, у мяне з’яўлялася магчымасць апрабаваць уласныя распрацоўкі. Напрыклад, серыю выяў славутых людзей Беларусі. Умовы былі — ідэальныя. А зараз засталася адзіная вартасная творчая база — керамічныя пленэры ў Бабруйску, якія ладзіць Валерый Калтыгін.

Уладзімір Васюк: Мая майстэрня — найлепшае месца для творчасці, але я люблю працаваць тут адзін. Станок мне не патрэбны, малюю алоўкам. Аднак гэтая мая дзейнасць займае ўсё ж шмат прасторы: паўсюль раскладваю літаратуру для чарговай тэмы, чытаю адну энцыклапедыю, другую...

У вас жа метафарычная графіка. Хіба для метафары патрэбны энцыклапедыі?

Уладзімір Васюк: Дык каб да метафары дайсці, трэба перамалоць гару матэрыялу. Сама па сабе яна не з’явіцца.

Тамара Васюк: Дарэчы, хто навучыў нас кожны крок вывяраць фактамі, дык гэта Яўген Кулік, чалавек энцыклапедычных ведаў. Эталонны мастак. Валодзю дапамагаў, і мне таксама, калі заўважыў, што на выяве Еўфрасінні Полацкай не той галаўны ўбор. Запрасіў у майстэрню, пераглядзелі ўсю магчымую літаратуру, якой ён меў шмат.

Графіка — ваш асноўны занятак?

Уладзімір Васюк: Не, шмат чым яшчэ займаюся. Афармленнем кніг, геральдыкай, скульптурай. Для галоўнага корпуса БДУ герб рабіў — папараць на шчыце. Гэта медальерная пластыка, дарэчы, без станка зробленая.

Калі вы вызначаеце сябе як мастака, атрымліваецца шмат паняццяў: графік, жывапісец, скульптар, плакатыст...

Уладзімір Васюк: На жаль, у нас так прынята, што калі ты ў Акадэміі мастацтваў вучыўся на кафедры жывапісу, то ўсё жыццё павінен карціны пісаць. Я — мастак, і таму мне трэба ўмець працаваць і з аб’ёмам, і з жывапісам, і з графікай, і ў рэкламе, напрыклад. Гэтыя навыкі дапамагаюць адзін аднаму: веданне пластыкі паспрыяе лепшаму графічнаму вырашэнню, графіка дазволіць стварыць выразны сілуэт у аб’ёмных рэчах. Нашы творцы, якія з’ехалі за мяжу, заўсёды канстатуюць, што яны мастакі шырокага плана...

Вы — сям’я, а ў мастацтве гэта неабавязкова творчы дуэт. Аднак вы разам выстаўляецеся, вашы працы арганічна спалучаюцца і ў майстэрні, і на выставе. Значыць, ёсць нейкія падставовыя ідэі, на якіх грунтуюцца вашы перакананні.

Тамара Васюк: Так, безумоўна, часам ідэі супадаюць цалкам. Мы нават у сацыяльным плане аднолькавыя: абое з сялянскай сям’і. Некалі мастацтвазнавец Мая Яніцкая назвала нас «паплечнікамі ў сумоўі», і добра, што гэта так. Нас аб’ядноўвае вельмі многае і ў жыцці, і ў творчасці: вясковыя дзеці, родам з Гомельшчыны, нашы бацькі прыйшлі з вайны. Параненыя, але прага да жыцця ў іх была велізарная, таму мы не мелі права быць слабейшымі за іх.

Уладзімір Васюк: Разам вучыліся ў мастацкай вучэльні, яшчэ падчас вучобы ў тэатральна-мастацкім інстытуце працавалі мастакамі-афарміцелямі ў Бібліятэцы імя Леніна, дзе лёс адарыў нас ідэальнымі ўмовамі для працы. Мелі там майстэрню і як супрацоўнікі маглі падаваць тэматычныя заяўкі на кнігі — у нас быў доступ да ўсіх альбомаў па мастацтве, да рэдкай кнігі і нават да закрытага аддзела. А самым істотным для нашага станаўлення было знаёмства з шэрагам мастакоў — рупліўцаў нацыянальнай культуры, сустрэчы ў майстэрнях Уладзіміра Крукоўскага, Міхася Раманюка...

Тамара Васюк: Аднак усе гэтыя кніжкі і размовы не маглі б нічога выхаваць, калі б нейкія рэчы не былі закладзены ад нараджэння.

Ці заспелі вы майстроў па кераміцы ў вясковым побыце? Спрабую зразумець, што прывяло вас на гэту спецыялізацыю ў тэатральна-мастацкі інстытут...

Тамара Васюк: Мне вельмі падабаюцца тыя старыя людзі, што многае памятаюць пра ранейшы час... Асабліва якія на хутарах выраслі... А наступнае вясковае пакаленне — савецкае — нас ужо не разумела. Наша знаёмая паэтка з вялікім нежаданнем ездзіла на малую радзіму, бо яе сарамацілі: «Што ў цябе за прафесія такая?» З мастакамі — тое ж часта адбывалася... Што да ганчарства. У маім дзяцінстве актыўна ўтваралі калгасы і ад усяго традыцыйнага адварочваліся. «Ткацкія станкі — спаліць!» Аднак ні ў каго рука не паднялася паліць ткацкія станкі. Хавалі па гарышчах. «Чарапкі? Гэта ўжо не модна. Каструльку купі!» Ніхто і не хацеў купляць тыя гаршкі. Ехаў аднойчы каля нас ганчар з кірмашу, воз перакуліўся, каня ён забраў, а гаршкі пакінуў: не прадаў — дык і не патрэбныя яны яму. І вось тады я ўпершыню ўбачыла сапраўдную рукатворную кераміку. Ганчары размалёўвалі яе, бо думалі, што калі ўпрыгожаць, дык будуць лепш купляць. Якія посцілкі кідалі на падлогі! Чаму захаваўся стары асяродак у вёсках Неглюбка ці Тарасаўка? Бо жылі там у асноўным стараверы, якія трымалі ў кішэнях па дзве дулі: не слалі посцілкі пад ногі, не знішчалі старыя карцы — гэта такія медныя кубкі.

А ў нас... Згадаць стаўленне да чалавека, калі ён з натоўпу пачынаў вылучацца. Калі я паступала ў вучылішча, дырэктар маёй вясковай школы казаў: «Куды ты, галубачка, надумалася? Так цябе ў Мінску і ждуць, рукі растапырыўшы...» А ў школьныя гады я займалася маляваннем у гарадскім Палацы піянераў. У Гомель з вёскі амаль ніхто не ездзіў, нават аўтобус не хадзіў, і трэба было ўстаць у пяць гадзін, каб патрапіць у горад. Кіраўнік студыі выяўленчага мастацтва Валянцін Пакаташкін (які, уласна кажучы, і блаславіў мяне на гэты няпросты мастакоўскі шлях) даваў мне вызваленне ад школы, а дырэктар тады злаваўся: «Будзеш мерзлую бульбу капаць. Усе гэтыя дзянькі будзеш адпрацоўваць». Таму я такая радая была, што паступіла ў мастацкую вучэльню.

А керамікай стала займацца таму, што яна злучае ўсё, гэта — сінтэтычнае мастацтва. Нават калі малюнак рабіла, найперш думала пра тое, як перадаць прастору. На кераміцы нам пашанцавала: мы былі вучнямі Уладзіміра Угрыновіча. Бо астатнія — Мікалай Бяляеў, Тарас Паражняк — выкладалі кераміку ўвогуле: яны проста не бачылі, куды прыехалі працаваць, і былі ўпэўненыя, што ў Беларусі керамікі да іх наогул і не было.

Для мяне нечакана, што і вы, Уладзімір Уладзіміравіч, вучыліся на кераміцы. Усё паказвае на тое, што ваша адукацыя — графіка ці, прынамсі, прамысловага графіка...

Уладзімір Васюк: Некалькі разоў паступаў на графіку — і не прайшоў, адбор там быў вельмі пільны. Падаў дакументы на кераміку, вырашыўшы, што малюнак, жывапіс і там ёсць, а кампазіцыяй буду авалодваць паралельна са студэнтамі-графікамі. На працягу чатырох год хадзіў на кафедру графікі, вывучаў тэхнікі друку, рабіў ілюстрацыі да прозы і паэзіі.

Тамара Васюк: А ідэйным кіраўніком быў настаўнік вучылішча Леанід Паўлавіч Дубар, які запрасіў Валодзю дапамагчы выканаць заказ на афармленне кнігі Эрнэста Ялугіна «Мсціслаўцаў посах». Ён назваў трэцякурсніка (!) каліграфам і папрасіў папрацаваць над шрыфтамі ў кнізе. На кожны творчы перыяд прыпадалі мудрыя і таленавітыя людзі, якія нас накіроўвалі і спрыялі. Не дырэктар маёй школы і не тыя, што кпілі з нас — маўляў, чаго вы, калгаснікі, у горад прыперліся, вызначалі гэты шлях, а зусім іншая катэгорыя людзей. Калі мы сталі працаваць педагогамі, то бралі за ўзор менавіта Леаніда Паўлавіча.

Уладзімір Васюк: Я пра свае ўплывы раскажу... Якая ў нас на Палессі цудоўная прырода. Зіма заўсёды як зіма — платоў на вуліцы не было відаць. Вясна — сімфонія гукаў: цякуць ручайкі, прылятаюць першыя птушкі. У нашай вёсцы жылі дзяды і бабулі — носьбіты вельмі багатай духоўнай культуры. Пра Бога памяталі і нам, малым, нагадвалі. Дзед па мянушцы Шаткі — увогуле знакавая постаць нашай вёскі. Ён і за духоўніка быў, і за лекара, і маладзейшым настаўнік. Заўважыў, што я замест таго каб у карты іграць ці па садах лазіць, сяджу і ў блакноцік нешта малюю. І тады ён мне кажа: «Давай я табе пачытаю адну кніжку цікавую». І пачаў мне чытаць Біблію. Найбольш ён запомніўся, хоць і другія дзяды былі. А вясковыя жанчыны — гэта ж палескія мадонны.

На сваёй малой радзіме вы засталі з’явы, рэчы, якія знікалі на вашых вачах. Не было такой мэты: захаваць, данесці страчаны голас? Прынамсі, ці ў вашых ёмістасцях — гарлачах, вазах — прысутнічаюць узоры і формы малой радзімы?

Тамара Васюк: Наўпрост — не. Найбольш відавочныя ўплывы — кераміка неаліту. Аднак усе гэтыя рэчы адбіваюцца ў закадзіраванай форме — знакавых выявах, вобразе маці-зямелькі ці арнаментах. Маё глыбокае захапленне — архаіка: яна поўніць сённяшняе жыццё глыбокім сэнсам, я яе разумею і люблю. З гісторыі цывілізацыі мы ведаем гліняныя кнігі, аднак нашы арнаментаваныя пасудзіны таксама захавалі шмат каштоўнай і нават пачуццёвай інфармацыі. Я — навуковы супрацоўнік эксперыментальна-творчай лабараторыі «Традыцыйныя рамёствы Беларусі». Яна працуе пад кіраўніцтвам доктара мастацтвазнаўства Рыгора Шауры і скіравана на аднаўленне, рэканструкцыю і рэтрансляцыю народнай творчасці.

З сярэдзіны васьмідзясятых займаюся аднаўленнем тэхналогіі абварной керамікі. Збіраю не толькі керамічныя вырабы, але і рэшткі гаршкоў, вельмі люблю ганчарства, хоць уласныя працы выконваю ў асноўным у тэхналогіях ручной лепкі. Маю шэраг твораў, якія зрабіла на міжнародных пленэрах «Арт-Жыжаль», што праводзяцца Валерыем Калтыгіным пад Бабруйскам, у тэхніцы раку ці абвары. Там створаны цудоўныя ўмовы для працы мастакоў-керамістаў. Увогуле, для мяне мастацтва керамікі — гэта размова аб вечнасці... А пра вечнасць распавядаць няпроста...

Уладзімір, вы скончылі аддзяленне керамікі і «закрылі тэму»?

Уладзімір Васюк: Я зрабіў вельмі тэхналагічна рызыкоўны дыплом — ансамбль аб’ёмнай пластыкі з фарфору «Алімпіяда-80». Пасля заканчэння ў гэтым матэрыяле больш не працаваў, займаўся плакатам, графікай, мастацкім аздабленнем кнігі, геральдыкай, дызайнам.

На пачатку 1980-х праходзілі мастацкія выставы, прысвечаныя Цётцы, Гусоўскаму, Багдановічу, Купалу, Коласу, да якіх я рабіў плакаты. Атрымалася цэлая серыя вобразаў нашых асветнікаў. Вельмі мне ў гэтай працы дапамагалі Уладзімір Крукоўскі, Міхась Раманюк і Яўген Кулік.

Плакаты рабілі не на замову?

Уладзімір Васюк: Не, хоць усю гэтую серыю якраз і закупілі. Частку — Нацыянальны мастацкі музей. Некаторыя перарабіў у тэхніцы шаўкаграфіі. Калі мае творы віселі ў нядаўняй экспазіцыі «Сто год беларускага плаката», сам здзівіўся, як гэта рукамі можна «вытачыць». Паралельна шмат маляваў, нават удзельнічаў у жывапісных пленэрах. Пачынаючы з 1989 года перайшоў у станковую графіку. Тэмы былі глабальныя — дзяржаўнасць: ад Рагвалода і Рагнеды.

Што да малой радзімы, то, безумоўна, усё адтуль: рэгіянальнае ў маіх працах перарастае ў нацыянальнае. Паданні, што з дзяцінства памятаю... На апошняй выставе паказаў «Судны дзень». Сабраліся продкі і пытаюць у нас, што мы зрабілі, што пакінулі сваім нашчадкам. Вось твор з апошніх: жанчыны ў намітках сапраўды падобныя да калон — іанічных, карынфскіх. Кампазіцыя, што цяпер у мяне на мальберце: «Збіральніцы святла». Таксама вобраз продкаў. Святло — гэта тое, што назапашана ў духоўным жыцці: ад Еўфрасінні Полацкай да Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава.

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва