Алена Пяткевіч

№ 3 (372) 01.03.2014 - 31.03.2014 г

Казкі лёсу
Не сакрэт, што лепшай часткай сучаснага беларускага кіно з’яўляецца так званы малы фармат — дакументальныя і анімацыйныя стужкі. Алена Пяткевіч вылучаецца сярод майстроў айчыннай мультыплікацыі імклівай прагай творчасці і адначасова — сціпласцю.

Між тым рэжысёр мае поўнае права ганарыцца багатай калекцыяй самых значных узнагарод міжнародных фестываляў у Анэсі (Францыя), Аберхаўзэне (Германія), Ташкенце (Узбекістан), Маскве, Суздалі (Расія), Кіеве (Украіна). У 2013-м яна атрымала прыз «Залаты арол» — найвышэйшую прэмію Нацыянальнай акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук Расіі ў намінацыі «Лепшы анімацыйны фільм» за мультыплікацыйную карціну «І. С. Бах». Падчас нашай размовы я імкнулася зразумець, на якой глебе выспявае такі значны мастацкі талент.

— Я жыла ў Гродне — цяпер яго называюць горадам каралёў, а тады ён успрымаўся як правінцыя. Але там існавала своеасаблівая атмасфера — старадаўняя архітэктура, лес, рака, туманы. З пяці гадоў — гэта важны факт маёй біяграфіі — я хадзіла ў секцыю плыўцоў. Басейна не было, таму плавалі ў Нёмане.

Там жа вельмі хуткая плынь!

— Трэніроўкі ладзіліся з красавіка па кастрычнік. Разам з трэнерам заплывалі да сярэдзіны ракі і плылі свае кіламетры пад мастамі. Вы не ўяўляеце, якое гэта пачуццё! Ад жорсткай ракі засталіся самыя вострыя і дзіўныя ўражанні. Мой бацька — гадзіннікавых спраў майстар — жыў у Расіі. Для мяне гэта была трагедыя, я заўсёды чакала, што ён вернецца і знойдзе мяне, але бацькам мне стаў Нёман. Ён выхаваў мой характар. Менавіта дзяцінства паўплывала на ўсё жыццё. Мама вельмі хацела, каб я займалася музыкай, і я вучылася іграць на скрыпцы, на фартэпіяна, спявала. Да гэтага дадайце кросы, гульню ў футбол, лыжы…

Напэўна, мастацтву было цяжка спрачацца са спортам...

— У рэшце рэшт спорт перамог. Але я часта наведвала маленькі Дом-музей Элізы Ажэшка, дзе праводзіла шмат гадзін і чытала кнігі пра людзей творчасці. Там былі рыпучыя масніцы, асаблівая атмасфера, там з’явілася захапленне Мікеланджэла. Неўзабаве я стала ляпіць з пластыліну сваіх сяброў, пісьменнікаў, напрыклад, Талстога. Малявала ўсіх персанажаў рамана «Мёртвыя душы». Пачала пісаць апавяданні і вершы. І заўсёды шмат чытала. Лічу, што кінематаграфісту неабходна чытаць Дастаеўскага ці Джойса — гэта фенаменальныя вобразы, мантаж, буйныя і агульныя планы.

І, нарэшце, архітэктура, якая стала вашай першай прафесіяй. Дарэчы, сярод аніматараў шмат архітэктараў, напрыклад, беларус Міхаіл Тумеля, расіяне Аляксей Шалманаў і Аляксей Туркус.

— Мне пашанцавала, што я скончыла архітэктурны факультэт. Гэта ўніверсальная адукацыя, якая дапамагае і цяпер, бо ўключае работу з графікай, дае адчуванне прасторы, аб’ёму. Калі я працавала ў «Мінскпраекце», у нас было хобі — глядзець мультыплікацыйныя фільмы, у прыватнасці фільмы Фёдара Хітрука. Вось так паволі ў мяне пайшоў рух у анімацыю. Нарэшце я сабрала свае апавяданні, малюнкі, лялькі і паехала ў Маскву, але спазнілася на прыёмныя экзамены ў Інстытут кінематаграфіі. Мяне пашкадавалі і падказалі, як знайсці Хітрука. Я патэлефанавала: «Фёдар Савельевіч, я Лена Марчанка, архітэктар з Мінска. Вельмі люблю анімацыю». Вось гэта «люблю анімацыю» вырашыла ўсё. Ён прапанаваў прыехаць на наступны набор і параіў звярнуцца да Алега Белавусава ў Мінску. Напэўна, так і павінна было здарыцца, бо за наступныя два гады я прайшла ўсе стадыі працы над анімацыйным фільмам — кантуроўку, прамалёўку, заліўку, мультыплікат — і зрабіла некалькі заказных работ. Потым паступіла на маскоўскія Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў.

Вядома, што аддзяленне рэжысуры анімацыйнага кіно на Вышэйшых курсах ў 1980-я гады было надзвычай моцнае.

— Я трапіла ў майстэрню Фёдара Хітрука і Юрыя Нарштэйна. На курсе вучыліся Аляксандр Кайданоўскі, Іван Дыхавічны, Алег Цяпцоў, сцэнарыстка Надзея Кажушаная, рэжысёр-аніматар Наталля Арлова. На лекцыях славутай Паолы Волкавай вялізная зала была бітком набітая, сядзелі на падлозе. Лекцыі чытаў таксама Сяргей Салаўёў. Вядома, рэжысуры навучыць нельга. Але майстры стваралі дзівосную атмасферу. Педагогі па анімацыі літаральна завіхаліся вакол нас — напрыклад, Уладзімір Пекар, які цаніў кожны наш малюнак. Я чалавек замкнёны — і раптам столькі сапраўдных тытанаў.

Пад ціскам такіх аўтарытэтаў, напэўна, цяжка захаваць асабісты погляд…

— Не, яны дапамагалі. Нізкі паклон усім маім майстрам. Яны не проста вучылі — разам з імі мы пражылі вельмі глыбокае жыццё. Партрэт Хітрука ўвесь час са мной. Ён мой духоўны дзядуля. Навучанне на курсах было залатым перыядам майго жыцця. Яго неверагоднае цяпло дапамагае да гэтага часу. Асяроддзе давала такі ўздым, што хацелася зрабіць нешта незвычайнае, асабліва пасля практыкі ў Нарштэйна на «Шынялі». Таму і з’явілася сыпучая тэхніка. Спачатку «ганялі» соль, потым каву. На дыплом я заявіла дзіцячую тэму, дзе дзяўчынка трапляе ў перакулены свет. Але раптам Уладзімір Пяткевіч, які таксама вучыўся на курсах, вырашыў у якасці сваёй дыпломнай работы здымаць фільм «Ноч» па Андрэю Платонаву, у яго прозе адчуваліся філасофія і сапраўдная моц. Анімацыя — і Платонаў?! Так ніхто не мысліў у той час. Мы з Пяткевічам зрабілі з кавы першы кадр яго стужкі. Потым ён з Аляксандрам Пятровым працаваў з фарбаваным пяском.

Той самы Аляксандр Пятроў — уладальнік «Оскара» за стужку «Стары і мора»?

— Так. Памятаю, Пяткевіч здаваў дыплом, фільм «Ноч». Ён так уразіў, што мы ачмурэлі. Хітрук прапанаваў мне змяніць тэму. Паехала я дадому. Пайшла ў Ленінку і звярнулася да твораў Аляксандра Адоеўскага, якога чытала яшчэ ў дзяцінстве. А потым знайшла Антонія Пагарэльскага. Не ведаю, што мяне кранула ў яго «Лафертаўскай макоўніцы», — хутчэй за ўсё, нейкая містычная атмасфера.

Ведаю, што падчас здымак вас падтрымаў Алег Белавусаў — легенда беларускай анімацыі, тагачасны мастацкі кіраўнік студыі мультфільмаў.

— Дыпломная стваралася на «Беларусьфільме». Наогул паважаю нашу студыю за рызыку, за тое, што давярае сваім творчым работнікам. У рэшце рэшт малюнак атрымаўся неверагодны, нематэрыяльны — гэта адметнасць пяску і вынік уздзеяння святла. Справа ў тым, што святло ідзе знізу і дае каласальную энергію. Люблю пясок менавіта за гэта. Мне вельмі пашанцавала, што са мной працавалі Уладзімір Пяткевіч, Міхаіл Тумеля, Вольга Каршакевіч. Потым я з хваляваннем паказала матэрыял Нарштэйну — вы не ўяўляеце, якое гэта было шчасце, калі ён ускочыў і запляскаў у далоні.

Памятаю прэм’еру 1986 года ў Чырвоным касцёле і яркае ўражанне ад стужкі «Лафертаўская макоўніца» — адчуванне таямнічай прасторы, нейкага рэмбрантаўскага каларыту. Ніхто нават не зразумеў, як зроблены гэты цуд. Тады моцна прагучала і стужка «Капрычыа» Ігара Волчака. Адбыўся сапраўдны прарыў у нашай анімацыі! Ваша пакаленне можна назваць «васьмідзясятнікамі» — па аналогіі са з’явай «шасцідзясятніцтва», якая адбылася ў ігравым кіно. Менавіта тады з’явіліся і новыя тэхналогіі, у прыватнасці, складаны і вытанчаны пясковы жывапіс. Напэўна, пясок — ваша любімая тэхніка?

— Так, нездарма я перадала яе дачцэ. Але цяпер да гэтай тэхнікі не звяртаюся. Таму што патрэбны адданыя людзі, якія будуць з табой і дзень, і ноч. А дачка здымае пясочнае кіно і навучае гэтай тэхналогіі многіх людзей, дае майстар-класы па ўсім свеце. Калі ў перакладцы шмат слаёў, то тут адзін пласт, але ён патрабуе вялікай канцэнтрацыі.

Алена, вы — сапраўдны наватар і эксперыментатар. Акрамя пяску, вы ўпершыню на студыі выкарысталі камп’ютарныя тэхналогіі ў стужцы «Песенька для канарэйкі».

— Гэта быў эксперымент, вялікая рызыка, мы не ведалі яшчэ, што такое камп’ютар. Да гэтага на студыі панаваў цэлулоід. Адбываліся сапраўдныя баталіі! Работа па-свойму цікавая, дарэчы, яна прайшла ў пазаконкурсную праграму фестывалю ў Анэсі. Потым узнікла стужка «Чароўная крама» — таксама эксперымент, перакладка з дапамогай камп’ютара. Мы рабілі маляваны мультыплікат, потым загружалі яго ў камп’ютар, і Яўген Надточай дапрацоўваў усё там. А ў стужцы «І.С.Бах» з цыкла «Казкі старога піяніна» мы нават часткова выкарыстоўвалі фармат 3D. Эксперымент з дапамогай камп’ютара дазволіў зрабіць 20 фонаў, гэта амаль непрыкметна...

...але дае адчуванне аб’ёмнасці гарадскога ландшафту і інтэр’ераў. Я нават працірала вочы, калі глядзела стужку.

— Мне шанцуе на мастакоў і аніматараў, я іх вельмі люблю — гэта Валерый Казлоў, Віталь Баброўскі, Ганна Лысятава, Ларыса Арлова. Сярод маладых — Аляксандра Міхайлава, Алена Арцюхова, Максім Герасіменка. Вольга Каршакевіч дапрацоўвае ўсіх персанажаў, выводзіць на агульны стыль стужкі. Я літаральна нуль без такіх майстроў. Напрыклад, «Месяц» мы рабілі з Юрыем Якавенкам, цудоўным мастаком, графікам, афартыстам. Дарэчы, менавіта ў «Месяцы» атрымалася правесці беларускую тэму.

Ваш «Месяц» паказаў, што фальклор можна ўвасобіць не толькі знешнімі сродкамі — вопраткай, саламянай ці глінянай фактурай, але і праз тэмпарытм, колер, архетыпы. Так, з беларускага фальклору прыйшоў вобраз народнага музыкі — адзін з галоўных архетыпаў беларускай культуры. Атрымалася драматычная прыпавесць, якая заклікае да разваг пра розныя жыццёвыя шляхі, паказаныя праз лёсы двух братоў.

— «Месяц» для мяне — самы беларускі фільм. Ён створаны па аднайменнай беларускай казцы. Была цудоўная праца з акцёрамі, у тым ліку з Георгіем Січкаром, які разам з сынам чытаў выдатны тэкст, напісаны Міхаілам Шэлехавым. Любімая частка работы — запіс сінхронных шумоў. Нейкая містыка адбывалася ў цёмнай зале, дзе два чараўнікі нешта рабілі з кроплямі вады, з падпаленымі газетамі. Уявіце: калі адзін брат узлятае, то ўзмах крылаў суправаджаецца гукамі гарэння паперы ў руках. І, вядома, музыка Віктара Капыцько дадала карціне аб’ёмнасці, сэнсава ўзбагаціла яе. Наогул роўных Капыцько ў сферы анімацыі няма. Гэта кампазітар сапраўды кінематаграфічны, ніхто так не працуе, як ён. Фільм атрымаў прыз Ралана Быкава на Міжнародным кінафестывалі дзіцячага кіно ў Маскве. На жаль, у Беларусі ён неяк згубіўся…

У вашых фільмах існуюць вобразы неба, агню, месяца, свечкі. Я вызначыла гэтую тэму як шлях да святла. Нават светлячкі ў «Казках лесу» дапамагаюць някемліваму коніку знайсці дарогу да роднага агню. І паступова казка пра прыгоды маленькай істоты набывае рысы прыпавесці пра пошукі сэнсу жыцця.

— На «Казках лесу» са мной працавалі студэнты другога курса Акадэміі мастацтваў. Тут дэбютавала і мая дачка. Я разумела, што ў стужцы «Бах» павінны быць нейкія незвычайныя вобразы, аўтарскі погляд на кампазітара. Разумееце, кінематограф — гэта мастацтва перажыванняў і пачуццяў. Я заўжды любіла паэзію нямецкіх рамантыкаў, таму мой погляд на Іагана Себасцьяна — гэта погляд рамантыка.

У выніку атрымаўся не біяграфічны фільм, а хутчэй эмацыйная біяграфія славутага кампазітара.

— Так. І выбар быў невыпадковы. Усё звязана з дзяцінствам. Выдатна, калі яго перажыванні не знікаюць. Вось такая згадка была звязана з гэтым творцам. Я чытала пра Баха яшчэ ў Адоеўскага — адтуль сцэна, калі ён ноччу перапісвае ноты. Мая малодшая дачка, музычны крытык, калі даведалася пра будучы анімацыйны фільм пад назвай «Бах», дык захвалявалася: «Мама, Бах — бог. Нельга гэты вобраз вырашаць праз анімацыю! Гэта святое…» Але гэта маё самае моцнае перажыванне ў дзяцінстве, дзе была вялікая пласцінка з музыкай Баха, з Флейтавым канцэртам.

У вашых карцінах выразна акрэсліваецца тэма нямецкай культуры. Мне здаецца, што ў «Баху» і ў стужцы «Беласнежка і Алацвецік», створанай паводле казкі братоў Грым, нават агульная стылістыка — лаканічная, мінімалістычная, яна імкнецца да графікі.

— У нечым гэта ўплыў эстонскай анімацыі, у прыватнасці славутага Прыйта Пярна. У свой час яго стужка «Зялёнае медзведзяня» мяне вельмі ўразіла. «Беласнежка і Алацвецік» былі любімай казкай маіх дачок. Хацелася ў гуку, зімовых пейзажах, галінцы рабіны перадаць нейкую душэўнасць. Магчыма, камусьці не падабаецца гэтая сентыментальнасць, але цяпер яе вельмі не хапае. Нават мядзведзя я ўяўляла з чалавечым характарам. Таму, напэўна, ён атрымаўся незвычайны, маўклівы. А мёртвая цішыня, калі ўсе гукі зніклі, перадае глыбіні чалавечай душы. Але пасля паўзы ажываюць птушкі, ажываюць пачуцці, і ў свет прыходзяць чараўнічасць і каханне.

Казка і прыпавесць, бадай, галоўныя жанры для вас. Менавіта яны ўвасабляюць сэнсавую глыбіню і неабмежаваныя магчымасці чарадзейства.

— Кожны свой фільм раблю са шчырымі пачуццямі. Цяпер скончыла другую стужку паводле братоў Грым — у дзяцінстве гэта казка падавалася самай жудаснай. Але назва: «Страшэнная казка» — дазваляе пераасэнсаваць сюжэт пра людаедку з гумарам і цеплынёй.

Вось гэтак жа Таццяна Кубліцкая пераасэнсавала казку «Піліпка», дзе Баба-Яга атрымалася цалкам сімпатычная.

— Я і сваім студэнтам кажу: імкніцеся чымсьці здзівіць, стварайце дзівоснае! Калі даеш мастаку незвычайнае заданне, сама сумняваешся, ці атрымаецца ў яго. Вольга Каршакевіч, мая калега, аднойчы абурылася: «Ты што, вар’ятка? Як гэта зрабіць?» І раптам — вось яно. Адна з лепшых сцэн у «Чароўнай краме», калі пад капелюшом узнікае незвычайнае святло, ці калі сняжынка падае на далонь, як яйка на патэльню. У «Баху» атрымалася фантастычная сцэна, калі коўдра на маленькім Іагане быццам раствараецца і пераўтвараецца ў туман, куды бяжыць хлопчык. Часам здзіўляюся рэакцыі гледачоў: як быццам так і трэба! Я столькі думаю, перажываю, а на экране ўсё гэта выглядае цалкам натуральна. Але часам пытаюцца адносна «Баха»: чаму такія стылізаваныя дрэвы, чаму дождж, чаму ўзнікае выява рыбы? Бо гэта незвычайныя, родавыя дрэвы. Бо гэта неверагодны Нёман, дзе плывеш, глядзіш на паверхню вады і чуеш шум кропель.

Сёння, калі беларускай анімацыі ўжо больш за 40 гадоў, можна казаць, што яна існуе як цэласная мастацкая з’ява. Пра гэта сведчаць і шматлікія ўзнагароды на аўтарытэтных конкурсах і фестывалях. Кожны паказ айчынных стужак за мяжою Беларусі робіцца падзеяй. Гэта можна сказаць пра леташнюю дэманстрацыю вашай аўтарскай праграмы ў Фларэнцыі — у межах 35-га Міжнароднага кінафестывалю «Жанчыны ў кіно».

— Вядома, такая падзея дадае ўпэўненасці. Але заўсёды памятаю, што нашы майстры — Пяткевіч, Волчак, Тумеля, Кадзюкова — паказвалі свае стужкі на розных фестывалях. Дадам, што трапіць у Фларэнцыю было маёй дзіцячай марай. Тое, што я ўбачыла Мікеланджэла (а ён у горадзе літаральна ўсюды), — сапраўдны падарунак. Узнагарода за гады творчасці…

Ваша дынастыя адна з самых вядомых у сучаснай анімацыі. У карцінах, створаных Уладзімірам Пяткевічам і вамі, асабісты ўнёсак кожнага з удзельнікаў вызначыць цяжка. Нават калі вы працуеце паасобку, вашы фільмы эмацыйна пераклікаюцца. Алена, ці дапамагае ў працы сямейны пачатак?

— Усе нашы сумесныя фільмы — гэта ўнікальныя ідэі і жалезная воля Пяткевіча, ён калос. А я — заўсёды трэцяя. Пасля яго і дачкі. Малодшая дачка вучыцца ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі. Яна іграе ў фолк-групе амаль на ўсіх інструментах, а таксама піша музыку да фільмаў мамы і таты. Наогул жыццё складваецца так, што я не адчуваю сябе гаспадыняй лёсу, мяне вядзе нейкая сіла. Але лёс досыць цяжкі, таму што быць жанчынай сярод калосаў вельмі складана.

Антаніна КАРПІЛАВА