Па трафарэце, без шаблонаў

№ 3 (372) 01.03.2014 - 31.03.2014 г

Праект «Стрыт-арт», Варшава — Тбілісі
Сталага мастака-графіка Віктара Кшыштапорскага і маладога журналіста Габрыэля Кайзера аб’яднала цікавасць да стрыт-арту як формы свабоднай творчасці.

Звыклы фармат для экспазіцый такога кшталту ў галерэі — прэзентацыя фотафіксацый, каталога выяў і, магчыма, відэа. Аўтары праекта пайшлі іншым шляхам. Яны «палявалі» на адбіткі шаблонаў у дзвюх вельмі розных сталіцах: Габрыэль — у Варшаве, Віктар — у Тбілісі, дзе ён выкладаў у мясцовай Акадэміі мастацтваў. Дарэчы, калекцыя трафарэтаў, сабраная Габрыэлем Кайзерам у гарадах Польшчы, налічвае каля 4 800 асобнікаў. Выявы фатаграфаваліся, потым іх апрацоўвалі ў камп’ютарных праграмах для фотарэдагавання, раздрукоўвалі і выразалі, каб зрабіць адбіткі на імправізаваных сценах з пап’е-машэ, фактура якіх нагадвае сапраўдныя гарадскія муры.

На выставе было прадстаўлена каля 60 трафарэтаў-стэнсілаў, якія падаліся аўтарам найбольш цікавымі па форме і змесце. Так адбылася невялічкая інтэрвенцыя сапраўднага мастацтва вуліц Варшавы і Тбілісі ў белыя сцены мінскага Музея сучаснага мастацтва. Адзначым, што гэта не першы праект МСМ, звязаны з вулічным мастацтвам. Раней у музеі праходзіла выстава беларускага стрыт-артыста Андрэя Бусла, адбыліся сустрэчы са знакамітымі расійскімі вулічнымі мастакамі Кірылам Хто і Цімафеем Радзей, прайшлі майстар-класы па стрыт-арце ад групы «Signal».

Складана ўявіць сабе сучасную гарадскую еўрапейскую вуліцу без стрыт-арту. У кнізе «Сімвалічны абмен і смерць» Жан Бадрыяр разважае пра бяз’якасную прастору горада, «гарадское цела без органаў», што напаўняецца жыццём менавіта праз рознакаляровыя графіці, надпісы-тэгі на гарадскіх сценах — прадвеснікі сучаснага стрыт-арту, аўтары якіх быццам падаюць знак гараджанам: «Я ёсць! Мяне клічуць вось так!» Бадрыяр называе горад палігонам знакаў і сродкаў масавай інфармацыі, гета спажыўцоў і рэкламы, што «суадносіцца са святам: без яе гарадская прастора была б панурай». Але насамрэч рэклама «нават горш за тыя сцены, якія яе нясуць», бо ўяўляе з сябе толькі «халодную ажыўленасць, сімулякр заклікальнасці і цеплыні, яна нікому не падае знаку, не можа быць падхоплена аўтаномным ці калектыўным прачытаннем…» «Ніхто не пытае людзей, падабаецца ім рэклама ці не, — кажа спадар Кшыштапорскі, — але яна з’яўляецца — і ўсё. І калі можна вешаць яркую безгустоўную рэкламу, мэта якой выключна камерцыйная, чаму нельга размяшчаць на вуліцах творы стрыт-арту?»

Вулічнае мастацтва мае розныя формы выяўлення, у тым ліку скульптуры, інсталяцыі, насценныя роспісы-муралі, але адна з самых яскравых — трафарэтныя малюнкі-стэнсілы. У іх уся сутнасць стрыт-арту: хуткасць рэакцыі вулічнага мастака на падзею, нечаканасць месца, дзе будзе змешчаны адбітак трафарэту, і даступнасць для ахвотных паспрабаваць паўтарыць самастойна. Трафарэты лёгка капіраваць, іх выкарыстанне не вымагае амаль ніякіх фінансавых укладанняў. Прыцягальнасць шаблону і ў тым, што ён не патрабуе ад аўтара нейкіх асаблівых мастацкіх здольнасцей — толькі дасціпнасць і акуратнасць. Паводле Барыса Гройса, функцыя мастацтва не ў тым, каб прадставіць сябе ацэнцы і погляду гледача, яго мэта — актуалізаваць і прадставіць погляду гледача ўсё, акрамя сябе. Гэта канцэпцыя ідэальна кладзецца на стрыт-арт, аўтары якога, за вельмі рэдкімі выключэннямі, застаюцца ананімнымі. Стрыт-арт як форма канцэптуальнага мастацтва абыходзіцца без трансляцыі глыбокіх унутраных перажыванняў — ён абуджае ўвагу, шакуе і прымушае жыць больш усвядомлена. Стрыт-арт трапна называюць гонза-журналістыкай ад мастацтва: вулічны творца насамрэч нагадвае рэпарцёра, што рэфлексуе з нагоды сітуацыі, у якую глыбока пагружаны, і на высокім драйве, з чорным гумарам транслюе свой асабісты вопыт і эмоцыі.

«Стрыт-арт наднацыянальны, ён не мае межаў і зразумелы не толькі мясцовым жыхарам, але і замежнікам», — нібыта падкрэсліваюць аўтары праекта і абіраюць для дэманстрацыі выявы, у якіх лёгка ўгадваюцца «зоркі» (Твігі, Чарлі Чаплін, Альфрэд Хічкок) і вядомыя мастацкія творы («Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» Яна Вермеера) або тым ці іншым чынам абыгрываюцца маскультавыя персанажы кшталту клоўна Рональда МакДональда. Нездарма стрыт-арт называюць новым гарадскім фальклорам, у якім захоўваюцца і тыражуюцца вобразы масавай культуры. Але — «галоўнае — трымаць сябе ў руках і не ўпадаць у постмадэрнізм…», як заклікае з дваровай сцяны ананімны вулічны мастак. Бясконцае тыражаванне вобразаў маскульту ў стрыт-арце ўжо страчвае сваю вастрыню і становіцца чымсьці накшталт «агульнага месца» — гэта з’ява парадзіруецца ў знакамітым дакументальным фільме пра Бэнксі «Выхад праз сувенірную краму».

Менавіта таму асаблівую цікавасць на выставе выклікалі тыя трафарэты, якія былі цесна звязаны з гісторыяй і культурай пэўнай краіны, яе палітычнымі дзеячамі, героямі і ліхадзеямі, культавымі персанажамі ці нават сацыяльнымі праблемамі. На жаль, увогуле такія трафарэты сустракаюцца не вельмі часта. Чапляе ўвагу выява Міхаіла Саакашвілі, які кажа: «I’m not a Nigger» (аднойчы грузінскі прэзідэнт раскрытыкаваў працу памежнікаў за залішне пільны агляд такім чынам: «Ці мы негры? Тады чаму паводзім сябе як дзікуны?»). Сярод варшаўскіх трафарэтаў можна вылучыць, напрыклад, візарунак ксяндза Ежы Папялушкі, забітага ў 1984 годзе супрацоўнікамі Службы бяспекі МУС Польскай Народнай Рэспублікі, або выяву фатографа Варшаўскага паўстання 1944 года Яўгеніюша Лакайскага. Змест трафарэтаў-правакацый (кшталту «Бедныя крадуць» на варшаўскіх мурах) прымушае задумацца над сутнасцю зашыфраванага паслання. Віктар Кшыштапорскі адзначае, што на польскі стрыт-арт вялікі ўплыў зрабіла знакамітая школа нацыянальнага плаката. Плакат як графічны заклік або запрашэнне таксама знаходзіцца на вуліцы, мае шырокую аўдыторыю, ён агульнадаступны, а яго сцісласць, лаканічнасць формы і зместу дазваляюць у адным малюнку альбо надпісе раскрыць ідэйную сутнасць грамадскай з’явы ці твора.

Галоўнай праблемай айчыннага стрыт-арту называюць тое, што існуе ён у асноўным у выглядзе фота- і відэадакументацый, бо вулічныя мастакі вымушаны весці няспынную барацьбу з камунальнымі службамі, якую часцей за ўсё прайграюць. Трафарэты «жывуць» літаральна дзве-тры гадзіны, зрэдку камусьці шанцуе больш — на тыдні, месяцы і нават гады, але творы гэтыя змяшчаюцца на сценах закінутых будынкаў і пазбаўлены масавай увагі з боку жыхароў горада. Ды толькі сутнасць стрыт-арту — менавіта ў яго жыцці на вуліцы, у рэакцыі гледачоў, якія не мяркуюць убачыць малюнак на гарадской сцяне. І ўсё ж такі вулічнае мастацтва нельга знішчыць — яно пастаянна нараджаецца наноў. Калі адны трафарэты знікаюць — з’яўляюцца іншыя. Аўтар праекта Віктар Кшыштапорскі сцвярджае, што праблема замалёўкі трафарэтаў камунальнікамі — паўсюдная. Напрыклад, у Тбілісі шмат маленькіх вуліц і завулкаў, і трафарэты там захоўваюцца доўга, прытым, што на галоўных вуліцах іх амаль няма… Муніцыпальным уладам стыхійны стрыт-арт не падабаецца — яны лічаць гэта хуліганствам. Але і гараджане, і ўлады паступова прызвычайваюцца. Трэба проста пачакаць. Галоўнае — памятаць, што самае важнае для вулічнага мастака — павага да дамоў і сцен: трафарэты лепш размяшчаць у такіх месцах, дзе яны не перашкаджаюць, а толькі ўпрыгожваюць і акцэнтуюць прастору горада. 

 

Аўтар: Алена КАВАЛЕНКА
галоўны рэдактар