Паміж прыходам і развітаннем

№ 3 (372) 01.03.2014 - 31.03.2014 г

Фотаінсталяцыя «Дзень добры і бывай» Гарадская мастацкая галерэя твораў Леаніда Шчамялёва
Тэма памяці — памяць гэта асобнага чалавека ці родавая — даўно прысутнічае ў Галерэі Шчамялёва як матывацыя для стварэння мастацкіх праектаў. Чарговым арт-даследаваннем у гэтым шэрагу стала спецыяльна створаная для залы зменных выстаў фотаінсталяцыя Ганны Балаш і Аляксея Андрэева.

 

Выстава «Дзень добры і бывай» сімвалічна захапіла мяжу паміж 2013-м і 2014 гадамі. Адна з аўтараў праекта, вядомая мастачка і стваральніца шматлікіх культурных ініцыятыў Ганна Балаш так патлумачыла назву: «“Добры дзень” кажуць чалавеку, які ўваходзіць у свет. “Бывай” — таму, хто пакідае яго. “Бывай” — гэта пажаданне і просьба. Гэта значыць “прабач”. Жыццё месціцца паміж гэтых двух слоў». Іншы «цэнтравы» чалавек на сталічным культурным полі — фотамастак і эсэіст, галоўны рэдактар часопіса «Монолог» Аляксей Андрэеў, суаўтар Ганны ў гэтым і многіх іншых праектах, дапоўніў яе тлумачэнне: «Мы проста глядзелі на тых, каго мы любім. І няма большай радасці. І большага болю».

Разглядаючы гэтую архітэктурную ў нейкім сэнсе канструкцыю, разумееш з асаблівай вастрынёй: пры ўсёй дынаміцы перамен на працягу амаль чвэрці стагоддзя, што прамінулі з моманту здабыцця Беларуссю самастойнасці, адной з асноўных праблем яе развіцця застаецца праблема самаідэнтыфікацыі — дзяржаўнай, нацыянальнай, культурнай, сацыяльнай (і, зразумела, асабістай, індывідуальнай — як асновы ўсіх названых).

Праблему выяўляе нават нязначнае паглыбленне ў тую ці іншую сферу культуры сучаснай Беларусі — няхай гэта будзе архітэктура, музыка, літаратура, выяўленчае мастацтва ці contemporary art. І тут таксама, як ва ўсіх без выключэння краінах, што ўтварыліся пасля распаду СССР, праблема самаідэнтыфікацыі — гэта ў велізарнай ступені праблема адносін да паняццяў памяці і яе мадыфікацый — такіх як памяць асобы, памяць сям’і, роду, месца, сацыяльнай групы і, як вынік — памяць народа, этнасу, нацыі. Адпаведна, гэта і праблема форм выражэння памянёнага стаўлення, так бы мовіць — фарматаў выказвання.

Для тых, хто назірае за мастацкім жыццём, яно дае досыць матэрыялу для высновы, што самарэфлексія на тэму памяці — індывідуальнай, радавой ці карпаратыўнай (ёсць і такі жанр) — у Беларусі па-ранейшаму найбольш цікавая ў форме менавіта арт-выказванняў. Арт-даследаванні, якімі па сутнасці з’яўляюцца многія беларускія мастацкія праекты і куратарскія практыкі, на мой погляд, істотна апярэджваюць традыцыйныя па форме навуковыя пошукі — ва ўсякім выпадку, у дачыненні да аператыўнай артыкуляцыі «праблемных зон», а таксама трансфармацыі моў апісання.

Ганна Балаш і Аляксей Андрэеў ва ўласнасузіральным праекце «Дзень добры і бывай» даследавалі «сухі астатак» свайго жыцця — прыкладна паўвекавога ў кожнага. Іх жаданне пазбавіць памяць ад лішняга, непатрэбнага, зжытага было сапраўдным і настойлівым. Вынік арт-даследавання... Ёсць рэчы, якія не выкідаюцца. Нават калі хочацца. Гэта некаторыя ўспаміны. Гэта дзяцінства. Гэта бацькі, продкі... Дзеці. Першае каханне. А таксама другое і трэцяе... Апошняе. Гэта сябры, якія на ўсё жыццё. Або не на ўсё. Гэта хвіліны захаплення ці моцнага страху. Сувязі паміж людзьмі і прадметамі. А таксама іх разрывы...

Фармат мастацкай акцыі, калі закранута тэма памяці — ці тое выстава традыцыйных формаў, ці інсталяцыйны эксперымент, — мяркуе сумяшчэнне прыёмаў мастацкага сінтэзу і даследчых падыходаў: пашукаць у сямейным альбоме і праявіць фотаплёнкі часоў мамінага юнацтва — гэта па сутнасці тое ж самае, што папрацаваць з дакументамі ў дзяржархівах... Толькі вынік крыху іншы. Воля мастака не толькі стварае з дапамогай падрыхтаваных інфармацыйна-дакументальных матэрыялаў сэнсавы канструкт, але і правакуе эмацыйную ўцягнутасць, пашырэнне свядомасці і ўспрымання, раскрыццё філасофскіх, метафізічных, эстэтычных і іншых аспектаў тэмы памяці, якія ляжаць за межамі агульнапрынятых, звыклых навуковых метадаў і форм. Але ў рэшце рэшт менавіта акт суперажывання стварае матывацыю для далейшай працы ў тэме памяці і для самога аўтара, і для перцыпіента аўтарскага паведамлення, то-бок гледача.

Сэнсавая архітэктура экспазіцыйнай прасторы ў праекце «Дзень добры і бывай» — гэта адзінства, як і належыць архітэктуры. Асобныя фатаграфіі, асобныя прадметы, надпісы і гукі (а саўндтрэк вельмі важны ў агульнай задуме Балаш і Андрэева) — гэта проста асобныя цаглінкі, але разглядаць і ўспрымаць пабудаваны дойлідамі будынак трэба цэласна. Гэта для так званага простага гледача не зусім проста. Нязвыкла, таму што, безумоўна, патрабуе некаторых намаганняў.

У прасторы выставы «Дзень добры і бывай» гледачу прапаноўвалася пэўным чынам сфакусавацца, настроіцца і паспрабаваць разгледзець нешта падобнае на нябачныя лазерныя прамяні сігналізацыі, якія злучаюць персанажаў і іх выявы, галасы і фактуры, інтэрвалы і пераходы, літары і ноты... Добраахвотна зваліцца ў нябачнае павуцінне перасякальных сілавых ніцяў. Таму ўвесь гэты комплекс называецца не «фотавыстава», а «фотаінсталяцыя»: фармат інсталяцыі робіць актыўнай саму прастору. Інсталяцыя складаецца з трох частак: музыканты класічнай арыентацыі, напэўна, згадалі б санатную форму.

Гэтак жа, як і ўвесь праект, назва «Дзень добры і бывай» — з нябачнымі над- і падтэкстамі. Як ужо было сказана, паводле трактоўкі аўтараў, развітацца — гэта перш за ўсё папросіць прабачэння. Менавіта так трэба расставацца з чым бы там ні было — адкрываюць нам аўтары вынікі свайго арт-даследавання. І тады раны зажывуць, разрывы зрастуцца, швы знікнуць, расстанне ператворыцца ў сустрэчу, а «прабач» — у «дзень добры».

У якасці рэзюмэ варта канстатаваць, што працэс вяртання дакументу, рэчы, фатаграфіі і іншым «матэрыялам памяці» каштоўнасці праз наданне ім статусу арт-аб’екта, акумуляцыя іх у арт-праекты прафесійнымі мастакамі, куратарамі і іншымі спецыялістамі паспрыялі павышэнню грамадскай цікавасці да тэмы памяці.

Таццяна БЕМБЕЛЬ