Канцэрт для Кучынскага з аркестрам

№ 3 (372) 01.03.2014 - 31.03.2014 г

Згадваючы выдатнага майстра
Адметны праект быў прэзентаваны ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Ён прысвячаўся 75-годдзю Эдуарда Кучынскага, прафесара, скрыпічнага педагога. Эдуард Віктаравіч узгадаваў не адну зорку ў сольным скрыпічным выканальніцтве. Кучынскі памёр летась, напрыканцы верасня. І юбілей адзначылі, на жаль, ужо без яго.

У той філарманічны вечар многае сведчыла аб безумоўным прызнанні педагога. Перапоўненая зала, у якой сабралася музычная эліта. Пераважалі выканаўцы, дзеючыя і будучыя, сталыя і юныя. Велізарны канцэрт слухалі засяроджана. Уразіла шыкоўная праграма. Як заўважыла вядучая, музыказнаўца Іна Зубрыч, на працягу аднаго вечара рэдка гучаць адразу два-тры падобныя сачыненні, а тут спрэс шэдэўры! Творы для скрыпкі з аркестрам Эрнэста Шасона, Каміля Сен-Санса, Генрыка Вяняўскага, Марыса Равэля, Пабла Сарасатэ. Вучні Кучынскага — Арцём Шышкоў, Улада Беражная, Павел Бацян — ігралі з Дзяржаўным сімфанічным аркестрам філармоніі.

Эдуард Віктаравіч доўгі час працаваў у Акадэміі музыкі і ў гімназіі-каледжы пры ёй. Пазней толькі ў гімназіі. Таму пераемнасць існавала, не трэба было аддаваць вучняў, як кажуць, «у чужыя рукі». У многіх выхаванцаў засталося адчуванне сям’і, дзе цёпла, душэўна, акрылена.

У кожнага з салістаў ёсць імя, шлейф гісторый і міфаў. Уласная, адметная манера выканання, музычная мова, індывідуальныя тэмбры. Але ўсім уласціва раскаванасць і віртуознасць. Невыпадкова вядучая згадвала словы Эдуарда Віктаравіча, што галоўнае ў музыцы — не ў нотах, а ў тым, што паміж імі.

Арцём Шышкоў саліраваў у лірычнай паэме Шасона і геніяльнай рапсодыі «Цыганка» Равэля, творы, у якім скрыпач здолеў далікатна перадаць уплыў фальклору. На маю думку, выканальніцкай манеры музыканта ўласціва засяроджанасць і паглыбленасць у аўру сачынення. Тонкае адчуванне стылістыкі кампазітара. Чуласць ва ўзаемаадносінах з аркестрам.

Арцём — самы тытулаваны і вядомы вучань Кучынскага. Яго творчыя поспехі ў свой час справакавалі пакупку некалькіх рарытэтных скрыпак, якія, вядома, павінны быць у айчыннай Акадэміі музыкі. Сёння Шышкоў, першая скрыпка Lipkind Quartet, лаўрэат конкурсаў імя Вяняўскага ў Польшчы і каралевы Лізаветы ў Бельгіі, належыць да сусветнай выканальніцкай эліты.

Зрэшты, як і Улада Беражная. Цяпер маладая скрыпачка ўдасканальвае майстэрства ў Германіі, але на радзіме яе высока цэняць. Калі падчас закрыцця Міжнароднага конкурсу піяністаў у Мінску адбылася прэзентацыя першай у краіне калекцыйнай скрыпкі Андрэа Гварнеры, права сыграць на інструменце атрымала менавіта Улада. Выкананая Беражной разам з аркестрам Канцэртная фантазія Сарасатэ на тэмы оперы Бізэ «Кармэн» прымушала яшчэ раз пераканацца: геніяльны твор заўжды мае каласальную энергетыку! Эмацыйную, гукавую, духоўную. Яна вабіць і натхняе не толькі тэатры, але таксама кампазітараў і інструменталістаў. Таму фантазіі на тэмы «Кармэн» узнікалі і будуць узнікаць. Карункава-віртуозна і разам з тым тэмпераментна ўвасобленыя ўверцюра, тэмы арый, аркестравых пройгрышаў стваралі нечаканае ўражанне, што пры такім выкананні разнастайныя галасы салістаў і хору быццам бы не надта і патрэбныя! Бо скрыпка і аркестр здолелі ўвасобіць усё, што імкнуўся сказаць Бізэ.

Калі імёны Шышкова і Беражной добра вядомыя меламанам, дык імя Паўла Бацяна ў нечым новае. Больш як тры гады таму, у Ерэване, на VI Адкрытых маладзёжных Дэльфійскіх гульнях краін — удзельніц СНД, ён, студэнт Акадэміі музыкі, атрымаў бронзавы медаль у сваёй намінацыі. Цяпер Павел — першая скрыпка Мінскага струннага квартэта. «Інтрадукцыя і ронда капрычыоза» Сен-Санса, віртуозны, насычаны эфектамі твор, дзе Бацян саліраваў, — сачыненне вядомае, увасобленае безліч разоў. Тым не менш ігра радавала свежасцю, адточанасцю штрыхоў. Моцнае ўражанне пакінуў фінал праекта, калі прагучала «Навара» Сарасатэ для дзвюх (у дадзеным выпадку для трох) скрыпак з аркестрам.

Пры канцы сакавіка ў вялікай зале філармоніі адбыўся яшчэ адзін канцэрт памяці Эдуарда Кучынскага. З тым жа складам удзельнікаў, але іншай праграмай. Падобныя праекты лепш за ўзнёслыя словы пераконваюць юных музыкантаў: заняткі скрыпкай — справа перспектыўная і прэстыжная, а шматгадовае навучанне мае сэнс, калі існуе шанец яркай міжнароднай кар’еры. А галоўнае, нечакана высвятляецца, што ў нас ёсць не толькі асобныя таленавітыя выканаўцы, але і асобная скрыпічная школа! Як існуе яна ў галіне оперных спеваў, фартэпіяннага і цымбальнага выканальніцтва. Пагадзіцеся, што стварэнне школы, як і ўсталяванне традыцыі, патрабуе сапраўды фантастычных намаганняў.

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі