Бенефіс майстра

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Адной з самых яркіх падзей харэаграфічнага жыцця краіны стаўся фестываль балета, які прайшоў у кастрычніку ў Палацы Рэспублікі, на галоўнай канцэртнай пляцоўцы краіны. Фестываль прысвячаўся 60-годдзю мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра балета Валянціна Елізар’ева.

 /i/content/pi/mast/5/131/MD-Mushynskaya.jpg

У яго рамках былі паказаны найбольш маштабныя работы балетмайстра мінулых гадоў. Фестываль, які аб’ядноўваў спектаклі сучаснай харэаграфіі (акрамя «Спячай красуні»), доўжыўся 9 вечароў і ўключаў 11 балетаў. Адной з бясспрэчна яркіх падзей свята стаўся паказ «Вясны свяшчэннай» І.Стравінскага. Некалькі гадоў гэтага балета не было на афішы. Вядучыя партыі -- Дзевы-выбранніцы і Мяцежнага юнака -- надзвычай эмацыйна і экспрэсіўна (а таму і пераканаўча) танцавалі В.Гайко і Д.Клімук.
Кульмінацыяй фестывалю быў юбілейны елізар’еўскі вечар, зроблены з размахам, якога даўно не бачылі ні гэтая сцэна, ні беларускі глядач. Прыехала шмат гасцей, знакамітых у свеце танца асоб: харэографы Д.Зайферт (Германія), М.Баярчыкаў і Г.Маёраў (Расія), Сяо Сухуа (Кітай), педагог і гісторык балета Кендзі Усуі (Японія), кіраўнікі балетнай трупы Нацыянальнай оперы Украіны В. Яроменка і літоўскага балета Т.Седунова, знакамітыя балетныя крытыкі В.Уральская і Г.Чаламбіцька. А колькі было даслана віншавальных тэлеграм на адрас В.Елізар’ева! Адзін толькі пералік прозвішчаў іх адпраўшчыкаў -- А.Алонса, М.Сямёнава, М.Плісецкая, Р.Шчадрын, М.Лаўроўскі, М.Барышнікаў, Н.Макарава, Н.Ананіяшвілі, А.Ліепа -- выклікае павагу і захапленне.

 /i/content/pi/mast/5/131/MD-Mushynskaya1.jpg
 Танец сіртакі выконваюць Д.Клімук і В.Елізар’еў.

Праграму бенефісу склалі дзве часткі. У 1-м аддзяленні мы пабачылі вакальна-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на музыку К.Орфа, пастаўленае ў 1983-м. Спектаклю амаль 25. Памятаю: «Карміна», зробленая да 50-годдзя тэатра, выклікала захапленне публікі і... незадаволенасць ідэалагічнага начальства. Маўляў, у юбілейны год можна было б спыніцца і не на Орфе! Даўно няма ні таго дзяржаўнага ладу, ні тых начальнікаў, а «Карміна» па-ранейшаму радуе сваіх прыхільнікаў.
Думаю, для бенефісу Елізар’еў абраў яе невыпадкова. Сінтэз мастацтваў (а ў «Карміна Бурана» ўдзельнічаюць таксама хор і салісты оперы) робіць непараўнальна больш моцнае ўражанне, чым адна харэаграфія, якой бы дасканалай яна ні была. Акрамя таго, ёсць магчымасць паказаць гасцям лепшыя сілы трупы. І сапраўды, выканаўцы вядучых партый -- Л.Кудраўцава (Каханая), А.Краўчанка (Паэт), К.Борчанка (Распусніца), Ю.Кавалёў (Абат) -- пераконвалі яркасцю і пластычнай экспрэсіяй.
У другой палове вечара быў прэзентаваны «Гала-канцэрт зорак сусветнага балета». Гучная назва дзеля піяру -- крок цалкам зразумелы, але, па вялікім рахунку, наконт «сусветнага» ёсць і пэўныя сумненні. На мой погляд, да гэтай нешматлікай катэгорыі можна аднесці артыстаў узроўню М.Цыскарыдзе, Д.Вішневай, У.Лапаткіна. На жаль, у нас няма грошай, каб ім адпаведна заплаціць. Сусветная зорка была, бадай, адна -- Ігар Колб, прэм’ер Марыінкі, выхаванец нашага каледжа. Ён выконваў мініяцюру «Лебедзь» на музыку К.Сен-Санса ў харэаграфіі Р.Паклітару. Апошні -- вучань В.Елізар’ева і балетмайстар канцэптуальнага мыслення. Але тут відавочна «перамудрыў»! Колбу, якога хацелася б убачыць найперш у класіцы, амаль не было чаго танцаваць. Хоць бачыць яго «ўжывую» надзвычай цікава! Як і сачыць за акцёрскім увасабленнем вобраза, блізкага да князя Мышкіна ў фінале «Ідыёта».

 /i/content/pi/mast/5/131/MD-Mushynskaya2.jpg

К.Крэтава. Фрагмент з балета «Каця і прынц Сіяма».

Непараўнальна больш багатым па сэнсе выглядала «Адажыо» П.Чайкоўскага (пастаноўка Р.Паклітару, выкананне Ю.Дзятко і К.Кузняцова), шмат разоў адзначанае на міжнародных конкурсах. Гумар у балеце -- рэч рэдкая, а ў спалучэнні з нечаканай інтэрпрэтацыяй вядомага твора -- яшчэ больш каштоўная.
Наша публіка балетнымі гастралёрамі не распешчана, таму цікавым падалося ўсё. Расію прадстаўлялі Марыінка, пецярбургскі Міхайлаўскі тэатр (былы імя М.Мусаргскага), а таксама «Крамлёўскі балет». Выступілі салісты з Літвы і Украіны. Апошнія паказаліся вельмі ярка -- з іх надзвычай высокім узроўнем тэхнікі, рухавасцю і экспрэсіяй. Уражанне, што ўкраінцы танцуюць удвая хутчэй за нашых. Мо справа ў ментальнасці і паўднёвым тэмпераменце? Імпульсіўнымі і выразнымі падаліся і Н.Мацак у неакласічным «Шляху» на музыку Ж.Маснэ, і дуэт Н.Домрачавай і В.Ішчука, які ўвасобіў «Тарантэлу» ў харэаграфіі Д.Баланчына (па сутнасці, гэта па-дэ-дэ, пабудаванае на нястомных тэмпах алегра і пластыцы менавіта гэтага танца).
Свабодным адчуваннем арыентальнай пластыкі, дасціпнасцю і віртуознасцю прывабілі К.Крэтава і М.Мартынюк з «Крамлёўскага балета» ў фрагменце са спектакля «Каця і прынц Сіяма» (харэаграфія А.Пятрова).
Годным клічнікам у фінале стаў фрагмент з «Грэка Зорбы» (харэаграфія Л.Мясіна), калі Д.Клімук і Ю.Кавалёў, адзін -- лірычны бландзін, другі -- жвавы і камедыйны брунет, спаборнічалі між сабой і з навучэнцамі каледжа ў жвавасці, рухавасці і азарце.
Вядома, галоўным героем вечара зрабіўся сам В.Елізар’еў. Былі паказаны дуэты са спектакляў, якія належаць да найбольш значных мастацкіх дасягненнеў пастаноўшчыка. Яны па-ранейшаму надзіва эратычныя і пачуццёвыя, надзвычай прыгожыя па лініях і кампазіцыі. Тэатр прадставіў лепшых выканаўцаў кожнага дуэта. Рамантычныя, азораныя пачуццём І. і А.Яромкіны -- у «Шчаўкунку»; экспрэсіўныя і экзістэнцыялісцкія М.Вежнавец і М.Радзюш -- у «Кармэн»; дасціпныя і раскаваныя В.Гайко і Д.Клімук -- у «Цілі»; лірыка-трагедыйныя Л.Кудраўцава і А.Краўчанка -- у «Спартаку».
Ну, а эмацыйнымі кульмінацыямі сталіся два выхады Елізар’ева… у якасці танцоўшчыка -- у партыі Драсельмеера ў «Шчаўкунку» і ў фінале «Сіртакаў». Цудоўна, калі такія выдатныя асобы жывуць з намі ў адным часе і прасторы!