Кавалачак раю на шчасце

№ 2 (371) 01.02.2014 - 28.02.2014 г

Маляваныя дываны Алены Кіш
Выстава маляваных дываноў Алены Кіш сталася нагодай згадаць творчасць унікальнага майстра. Цудоўна тое, што ў экспазіцыі можна было пабачыць два адрэстаўраваныя творы Алены: да гэтага спрычыніліся спецыялісты Нацыянальнага мастацкага музея, а сродкі выдзелены Беларускім народным банкам, пры ініцыятыве і фінансавай падтрымцы якога і ладзілася выстава «На шчасце»

Мастачка стварала дзівосныя метафары раю. Стылістыка яе дываноў мае ўсе прыкметы мадэрна — кірунку еўрапейскага мастацтва мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў. Сустрэча і ўзаемапранікненне высокай і народнай культур адбылася таму, што мадэрн не толькі пераняў ад рамантызму цікавасць да фальклору і казкі, але і пабудаваў сваю сістэму формаўтварэння, якая шмат у чым аказалася блізкай да мовы народнага мастацтва. Менавіта эпоха мадэрна падрыхтавала эстэтычнае адкрыццё феномена наіўнага мастацтва, якое адпавядала постімпрэсіяністычным тэндэнцыям развіцця еўрапейскага жывапісу і стала самастойнай плынню культуры ХХ стагоддзя.

Дываны Алены Кіш былі напісаны ў 1930—1940-я гады, час, калі мадэрновая стылістыка ў высокім мастацтве ўжо страціла сваю актуальнасць, але праз разнастайныя друкаваныя ўзоры масавай культуры была засвоена народнай творчасцю. Сацыёлагі сцвярджаюць, што патрэбны пяцідзесяцігадовы тэрмін, каб адкрыцці высокай культуры сталі запатрабаванымі шырокімі масамі насельніцтва. Прыкладна такі тэрмін палягае паміж часам стварэння англійскім мастаком Джэймсам Уістлерам інтэр’ера «Паўлінавага пакоя» (1877) і з’яўленнем моды на маляваныя дываны з павамі ды львамі ў местачковым і вясковым асяроддзі (1930-я гады).

Эпоха мадэрна вярнула ў грамадскія і прыватныя інтэр’еры дэкаратыўны жывапіс, народжаны не без уплыву далёкаўсходняй культуры з яе вытанчанай лінейна-дэкаратыўнай стылістыкай і кветкава-анімалістычнай іканаграфіяй. Захапленне японскай гравюрай і шоўкавымі шырмамі, якое напаткала англічан і французаў, узбагаціла еўрапейскую традыцыю дэкарацыі пакояў тканымі габеленамі і сутнасна трансфармавала станковы жывапіс у бок насценнага пано. Практычна ўсе мастакі еўрапейскага сімвалізму перайшлі ад перспектыўнай глыбіні да першапланавага альбо панарамнага выяўлення прасторы, дзе плоскасць палатна, гнуткая лінія і гучная каляровая пляма сталі асноўнымі сродкамі стварэння мастацкага вобраза. Экзатычная ўсходняя ды паўднёвая прырода спалучылася з еўрапейскай марай пра «натуральнае жыццё» чалавека ў гармоніі з навакольным асяроддзем і сфарміравала асаблівую іканаграфію «страчанага раю». Ідылічныя вобразы «залатога веку» складаюць аснову таіцянскага жывапісу Поля Гагена і, пачынаючы з Анры Русо, фарміруюць паэтыку наіўнага мастацтва.

Непасрэднымі стваральнікамі жанру маляванага дывана трэба лічыць гарадскіх маляроў — мастакоў крамнай шыльды, дэкарацый фотаатэлье і немудрагелістых сюжэтаў насценных роспісаў цырульняў, лазняў ды сталовак у малых гарадах, мястэчках і вёсках. Пасля скасавання цэхавай сістэмы і арцельна-рамеснай кааперацыі яны пераўтварыліся ў вандроўных мастакоў і сталі носьбітамі традыцыі «ідэальнай красы» маляванага дывана. Сюжэты жывапіснай класікі ў іх творчасці падвяргаліся рэдукцыі, спалучаліся з архетыпамі народнага светаўспрымання і набывалі новыя сэнсы. Такім чынам матывы экзатычных паваў, рахманых ільвоў ды гарэзлівых ланяў разам з рэнесанснымі Венерамі, рамантычнымі русалкамі ды наядамі патрапілі на сцены рабочых кватэр і сялянскіх хат. У мастацкім сэнсе іх творы не прэтэндавалі на музейную вартасць, але праз пэўны час яны набылі гісторыка-культурную каштоўнасць. Безумоўна, у гэтым жанры прысутнічае вялікая колькасць кічавых вобразаў, якія сфарміраваліся падчас эпохі мадэрна ў акадэмічна-салонным жывапісе і праз друкаваную прадукцыю распаўсюдзіліся ў гарадскім рамесным асяродку. Аднак сярод вялікага кола ананімных аўтараў маляванага дывана раз-пораз аказваліся творцы, чый талент выцягваў з кічавага смецця ўлюбёныя народам вобразы і праз мастацкае пераўтварэнне ўздымаў іх да вяршынь высокага артыстызму. Такімі шэдэўрамі народнага дэкаратыўнага жывапісу з’яўляюцца дываны Алены Кіш.

На жаль, невядома, дзе Алена Кіш навучылася маляваць дываны. Магчыма, нейкія навыкі яна засвоіла ад свайго майстравога бацькі альбо праз назіранне за працай вандроўнага мастака. Пра наяўнасць рамеснага вопыту сведчаць некалькі прыкмет. Перш за ўсё гэта выкарыстанне трафарэтнай тэхналогіі, дзякуючы якой дываны Алены Кіш варыятыўна аднаўляюць адны і тыя ж ідэаграмы расліннай арнаментыкі, вобразаў чалавека і жывёл. Такая тэхналогія арганічная для народнага мастацтва. Варыятыўнасць спалучэння ўстойлівых ідэаграм-метафар адпавядае самой сутнасці фальклорнай творчасці, якая існуе і развіваецца за кошт паўтораў распаўсюджаных матываў з пэўнымі зменамі і дапаўненнямі.

Навучання патрабуе і вытанчаная ўзорыстасць форм, уласцівая яе дыванам. Дэкаратыўная арнаменталізацыя дываноў мастачкі мае хваліста-віхравую прыроду, што адпавядае эстэтыцы мадэрна. Гэта выяўляецца ў гнуткіх лініях расліннага бардзюра, у пукатых формах кветак і ў графічнай фактуры поўсці анімалістычных вобразаў. Зялёная галінка абрамлення з адыходзячымі ў розныя бакі парасткамі, на якія нанізаны дробныя і буйныя кветкі, вянком аплятае сярэднік і сваім матывам цвіцення ўлучае ў кампазіцыю метафару раю. Нават прамая белая лінія, якая абрамляе сярэднік дывана, выгінаецца ў цэнтры, часам надзімаецца паўсферай у кутах і ўтварае дадатковую прастору для раскідзістага голля бярозы («Ліст да каханага»). Узнікае вобраз расцягнутага палатна, што разгортвае карціну казачнага жыцця, пульсуе яркімі фарбамі. Абрысам распластанага ландшафту і ўсім формам уласцівы дынамічныя хуткія лініі, што прыўносіць у дываны адчуванне напружанага жыцця дзікай прыроды.

Іканаграфія вобразаў раю беларускай мастачкі спалучае элементы трапічнай і мясцовай прыроды. Гэта вельмі нагадвае экзатычныя краявіды Анры Русо, які пісаў прыгажунь на фоне паўднёвых краявідаў, падгледжаных у карцінах французскіх акадэмікаў, альбо на вуліцах Парыжа. Фантастычныя джунглі паўставалі на карцінах Русо пасля наведвання ім гарадскога батанічнага саду. Свайму біёграфу Арсену Аляксандру мастак пісаў: «Не ведаю, ці падабаецца гэта Вам, як мне, але калі я трапляю ў аранжарэю і бачу там рэдкія расліны з экзатычных краін, то думаю, што мне сніцца сон. І я пачынаю адчуваць сябе іншым чалавекам».

Цуд сну альбо казкі прысутнічае і на дыване «Рай» Алены Кіш, дзе таямнічая поўня асвятляе пышную расліннасць і насцярожаных звяроў, якія не мігаючы глядзяць з палатна. Уваход у гэты рай, як і належыць міфу, сцерагуць грывастыя львы, змешчаныя на першым плане паабапал танюткай пальмы, а над імі завіслі белыя арлы з чырвонымі кіпцюрамі і дзюбамі, ды ў самым куце пад месяцам заціх высакародны алень з залатымі рогамі.

Сімволіка гэтых вобразаў звязана са старажытнымі сакральнымі культамі, аднак падчас эпохі мадэрна іх значэнні рэдуцыраваліся і перайшлі ў паўсядзённасць як узор магутнасці, красы і казкі. Сімволіка вобраза льва вельмі разнастайная, аднак паўсюдна ён лічыцца царом звяроў і гаспадаром прыроды. У старажытнасці існавала павер’е, нібыта леў можа доўга глядзець на сонца і спаць з расплюшчанымі вачыма, што стала асновай для выбару яго ў якасці сімвала пільнасці. Арол надзелены надзвычайнай сілай і вастрынёй зроку, ён вытрымлівае яркае сонечнае святло і таму лічыцца царом птушак. Залатарогі алень увасабляе вобраз сонечнага боства, рогі якога ідэнтычны дрэву жыцця, ён звязаны з культам урадлівасці і адносіцца да тых сімвалічных выяў, якія дазваляюць прасачыць тры светы: водны, зямны і нябесны. Пэўна, таму Алена Кіш надзяляла аленя трыма залатымі рогамі.

Усе вобразы выяўлены праз абагульненую стылізаваную форму і аплікатыўна накладаюцца на плоскі блакітны фон з багатай расліннай арнаментыкай. Папараць і пальмы сваімі пругкімі, скіраванымі ў розныя бакі лістамі так шчыльна запаўняюць прастору і распіраюць белую рамку, што, здаецца, вось-вось узарвуць яе межы. Замест падзеі мы бачым сімвалічнае выяўленне сумы загадкавых сімвалаў, якія разам даюць дэкаратыўна-метафарычнае раскрыццё тэмы спрадвечнага свету — тэмы раю. Прысутнасць розных персанажаў у адной прасторы мае не столькі наратыўнае, колькі дэкаратыўна-пластычнае значэнне. Таму яны не сумаштабныя адзін аднаму, а падпарадкаваны дэкаратыўна-колеравым мэтам. Разам яны ўтвараюць карціну дзівоснай мроі, сну.

На дыванах «У райскім садзе» і «Ліст да каханага» мастачка стварае казачную карціну з перавагай вобразаў тутэйшай прыроды. На беразе ракі пасля паводкі мы бачым пад цяністымі кронамі бяроз невялікую сядзібу і людзей на вадзе ў лодцы. Вакол лодкі плаваюць лебедзі, а сярод трыснягу на тонкіх нагах шпацыруе бусел. Мастачка не забывае змясціць у гэты «беларускі рай» афрыканскіх ільвоў, якія гуляюць на полі з жоўтымі дзьмухаўцамі і дбайна прыглядаюць за парадкам. Іх гіпербалічна вялікія постаці прыўносяць у краявід пачуццё цуду, надзвычайнай з’явы. Перад намі сапраўдны райскі куток, дзе людзі і звяры жывуць у любасці і даверы адно да аднаго. Белая поўня, што спынілася на самай верхняй кропцы небасхілу, нібы сведчыць пра росквіт магутных сіл прыроды, што абудзіліся да жыцця. Паводле народных вераванняў, падчас поўні вітальныя сілы прыроды набываюць найвялікшую моц.

У сваіх дыванах мастачка пазначае цэнтр выявай дрэва альбо лодкі, аднак кампазіцыя трымаецца не на сіметрыі, а на прынцыпе дынамічнай раўнавагі і мае альбо дыяганальнае развіццё («У райскім садзе»), альбо парадкава-гарызантальнае («Рай»), альбо больш складанае, якое спалучае два папярэднія рашэнні («Дзева на водах»). Пры аплікатыўна-варыятыўнай пабудове кампазіцыі вялікае значэнне мае рытм спалучэння ідэаграм. Мастачка адчувае яго вельмі тонка, усе элементы збалансаваныя паміж сабой, што стварае вельмі жывую, напоўненую рухам і жыццём карціну.

Выявы мастачка піша плоскасна шырокай плямай гучнага колеру. Лінейная выразнасць контураў постацей жывёл і раслін, абведзеных чорным, што нагадвае клуазанісцкую сістэму ў французскім жывапісе часу мадэрна, робіць іх надзвычай экспрэсіўнымі. Унутраная прастора колеравай плямы пракрэсліваецца лініямі і набывае характар арнамента. Постаці львоў упрыгожваюцца завіткамі поўсці ды шырокімі складкамі скуры, драпежныя птушкі нібы кальчугай пакрытыя пёрамі. Нават простая штрыхоўка кароткімі паралельнымі мазкамі вадзяной плыні альбо зарослага травой берага нагадвае арнамент. Рытмізаваны паўтор белых лілей на запруджанай рацэ і жоўтых дзьмухаўцоў на зялёным беразе пераўтварае іх прастору ў народную вышыванку.

Мадэрновая прырода дываноў Кіш пераканальна раскрываецца ў прыродных арнаментах. Стылізацыя прыродных форм на дыванах мастачкі звязана з натурным вобразам: кроны іглістых сосен раскрэсліваюцца паралельнымі хвалістымі лініямі, магутныя ствалы дуба агортваюцца пукатымі лістамі («Дзева на водах»). Галінкі бяроз абвешаны кучаравымі зялёнымі гронкамі («Ліст да каханага»), стромкія таполі ўвасабляюцца ў выглядзе вялікага выцягнутага ліста. Свавольны малюнак засохлых галінак бярозы («У райскім садзе») мае гульнявы арабескавы характар. Раслінныя ідэаграмы Алены Кіш дэманструюць характэрны для мадэрна саюз натурнасці і ўмоўнай дэкаратыўнасці. У яе стылізаваных выявах прысутнічае высокая ступень сінтэзу абагульненай формы і экспрэсіўнай выразнасці сілуэта.

Народны творца, працуючы над вобразам, заўсёды спрашчае малюнак, шырока абагульняе форму, сінтэзуе яе. Адна альбо некалькі постацей пераўтвараюцца ў пластычны сімвал, ідэаграму, якая нясе пэўную інфармацыю. Народная ідэаграма прадстаўляе вобраз пераважна анфас альбо ў профіль. Можа быць і спалучэнне двух і болей вымярэнняў у адной плоскасці, што сведчыць пра смеласць аўтара, бо шматракурсныя выявы даюць больш інфармацыі. Алена Кіш асабліва любіла ўжываць складаныя ідэаграмы з двухпрофільным выяўленнем, калі галава і ногі разгорнуты ў розныя бакі. Спалучаныя постаці львоў увогуле здзіўляюць вынаходлівасцю мастачкі, якая змагла плоскасна выявіць прасторавыя ракурсныя развароты. Неабходныя для гэтага элементы святлоценявой мадэліроўкі яна замяняе арнаментальным малюнкам поўсці, а ў зацененых месцах патаўшчае лінію і нават спалучае яе з плямай. Лодку з персанажамі яна малюе адначасова зверху і ў профіль. Усе гэтыя прыёмы разам з высока ўзнятай лініяй гарызонту даюць магчымасць гледачу ўспрымаць франтальна скіраваную на яго кампазіцыю і адчуваць прастору.

У дыванах «У райскім садзе» і «Ліст да каханага» прысутнічае матыў плавання ў лодцы па рацэ. Яго сімволіка, безумоўна, узыходзіць да старажытнага сюжэта плавання сонца альбо сонечнага бога ў лодцы па сусветным акіяне з тым, каб аднавіць свае сілы і адрадзіцца да новага жыцця. У межах дывановай паэтыкі гэтая сімволіка рэдукуецца да ідыліі святочнага баўлення часу, што дапаўняе тэму райскай асалоды. Дыван «Ліст да каханага» ўтрымлівае і пэўную драму, якая раскрываецца праз паэтычныя метафары. На рацэ ў атачэнні вадзяных лілей і белых лебедзяў плавае лодка з дзвюма дзяўчынамі і хлопцам, што заведама нясе інтрыгу, бо адна з дзяўчат лішняя. Не дзіўна, што дзяўчына ў ружовай сукенцы намалявана другі раз на беразе ракі з паштовым канвертам, які перадае птушцы. Пра што напісана ў лісце да каханага, можна здагадацца па другой метафарычнай ідэаграме: над дзяўчынай намаляваны арол з лісой у кіпцюрах. Паводле арлінай сімволікі, яго выява са здабычай — гэта знак перамогі высокага над нізкім, справядлівасці над падманам. Ліса, якую нясе арол, сімвалізуе хітрасць, любоўную інтрыгу.

Змест дывана «Дзева на водах» найбольш драматычны і разам з тым — філасафічны, бо спалучае ў адзіную карціну свету два супрацьлеглыя вобразы, якія паводле стану пейзажу можна прачытаць як раніца і вечар на возеры, паводле сімвалічнага зместу — як супастаўленне юнацтва і старасці ці, больш абагульнена, — жыцця і смерці.

З правага баку мастачка малюе маладую дзяўчыну, якая ідзе па вадзе і нібы тэатральныя кулісы рассоўвае зараслі чароту. Яе падобнае на цуд з’яўленне прыкмецілі птушкі: яны селі шчыльнымі шэрагамі на высокіх сцяблінах чароту і вітаюць прыгажуню спевамі. Возера расквечана вадзянымі лілеямі, сімвалам чысціні і жаноцкасці. А паперадзе дзевы плывуць два белыя лебедзі. На рэнесансных карцінах калясніцу Венеры звычайна вязуць два альбо чатыры лебедзі. На дыване Алены Кіш мы таксама назіраем карціну трыумфу маладой дзяўчыны, якая нібы ўвасабляе красу прыроды і жыцця.

На левым баку дывана пануе змрок. Суровы азёрны краявід з трыма соснамі на беразе і самотнай жанчынай у лодцы напоўнены трывогай і неспакоем. На фоне цёмнага навальнічнага неба разгойдваюцца высокія сосны, кроны якіх нібы закліканы абвяшчаць бяду. Хваёвыя дрэвы ўтрымліваюць сімволіку смерці і вечнасці, бо сасна ніколі не дае парасткаў пасля таго, як яе ссякуць. Бела-жоўтыя маланкі разрываюць нябесную прастору і сваім віхлястым малюнкам надаюць краявіду трагічную экспрэсію. У гэтым шчымлівым пейзажы матыў пераправы на лодцы прачытваецца як вандраванне душы ў замагільны свет, як фінальная карціна жыцця.

Гэтыя дзве эмацыянальна розныя карціны спалучае вада — метафара няспыннай плыні часу і быцця. Яна лёгка перацякае з аднаго краявіду ў другі і, нягледзячы на розны ўзровень гарызонту, яднае іх у адзіную прастору. Міжволі згадваецца значэнне вады як першаасновы ўсяго існага — той сімвалічны змест замацаваўся за ёй яшчэ ў біблейскія часы. Алена Кіш скарыстала яе ў якасці кампазіцыйнага прыёму і адначасова абагульняючага мастацкага вобраза, што гаворыць не толькі пра надзвычайны талент аўтара, але і пра дасведчанасць, з якой задуманы і выкананы гэты твор. Мастачка стварыла дасканалы па форме і змесце аповед, у якім ідылічнае і трагічнае паяднаны. Пры такой высокай ступені сінтэзу вобразаў і сэнсаў сама форма дывана набывае характар метафары жыцця, яго разгортвання і прадстаяння.

Матыў перацякання форм уласцівы для мастацтва мадэрна. У той час было пашырана стылізаванае разуменне прасторы: яна разгортвалася не ў глыбіню, а паралельна плоскасці. Дапамагае прывязаць прастору да плоскасці выразны лінейны контур. На дыване «Дзева на водах» гэта асабліва заўважна ў левай частцы кампазіцыі, дзе ўсе выявы маюць выразную лінейную форму. Стромкія ствалы сосен увасоблены чырвонай і жоўтай лініямі, кантраст якіх падтрымлівае дэкаратыўную гучнасць дывана і адначасова прыўносіць у кампазіцыю трывогу. Зададзены імі вертыкальны рытм пераходзіць у экспрэсію прадметна не матываваных ліній, якія гнуткімі стужкамі завісаюць у небе. Іх можна ўспрымаць як след маланкі ці абрысы аблокаў, але галоўная кампазіцыйная роля, адведзеная ім, — арнаментальнае структураванне прасторы, наданне ёй цэласнасці. Алена Кіш здолела спалучыць натурныя матывы і высокую ступень іх мастацкай стылізацыі, дзе ўсе выявы ўспрымаюцца як адзіны ўзор, адзіны вобраз свету.

Сціплыя звесткі пра жыццё Алены Кіш разам з дзівоснымі «райскімі» карцінамі на створаных ёю дыванах сфарміравалі атмасферу таемнасці вакол гэтай жанчыны. Дываны нібы прадказваюць у прыхаваным выглядзе смерць самой мастачкі (яна ўтапілася ў рацэ). Зашыфраванасць лёсу ва ўласных творах дае падставу для нараджэння характэрнага для часу мадэрна іміджу мастака, які ахвяруе жыццём дзеля творчасці.

Дываны Алены Кіш і яе асоба яскрава раскрываюць паэтыку небяспечнай красы і няўмольнага року.

Людміла ВАКАР