Колькі п’ес і ўсё?

№ 2 (371) 01.02.2014 - 28.02.2014 г

Другая драматургічная лабараторыя
У Цэнтры беларускай драматургіі працягваюцца чыткі п’ес, створаных у межах ІІ драматургічнай лабараторыі. Але ці здолее хто з рэжысёраў гэтым разам пераадолець шлях ад чыткі да паўнавартаснай пастаноўкі?

Пераканацца ў тым, што лабараторыя — важная з’ява для тэатральнага працэсу нашай (і не толькі нашай) краіны, можна, прасачыўшы за хронікай апошніх падзей. Спачатку прыгадаем вынікі І лабараторыі, якая прайшла ў Астрашыцкім Гарадку ў маі 2012 года. Расійскі драматург Міхаіл Дурнянкоў і беларускі рэжысёр, кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка па ўзоры лабараторыі ў падмаскоўнай Яснай Паляне на тыдзень сабралі ў загарадным пансіянаце дзесяць рэжысёраў і драматургаў. Вынікам супрацы сталі тэксты, тры з якіх прагучалі не толькі на пляцоўцы ЦБД, але і ў тэатральнай прасторы. П’еса Андрэя Іванова «Гэта ўсё яна» пра няпростыя віртуальныя і рэальныя стасункі маці і сына ўвайшла ў асноўную праграму Фестывалю маладой драматургіі «Любімаўка» ў Маскве. У гэтую ж праграму патрапілі яшчэ дзве п’есы — «Patris» Віктара Красоўскага, Дзмітрыя Багаслаўскага і Сяргея Анцэлевіча пра тое, што значыць слова «патрыятызм» для сучаснага беларуса, і «Пару дзён і ўсё» Віктара Красоўскага пра тое, як свет унутры нашай галавы суадносіцца з наваколлем (тэкст дапрацаваны падчас ІІ драматургічнай лабараторыі). Да таго ж п’еса «Patris» была пастаўлена і паказана ў межах беларускай праграмы «Тэарт-2013». Яшчэ адзін тэкст — «Знешнія пабочныя», эскіз якога быў створаны падчас правядзення першай лабараторыі, стаў падставай для ўручэння Дзмітрыю Багаслаўскаму адной з самых прэстыжных узнагарод для маладых творцаў — расійскай Незалежнай літаратурнай прэміі «Дэбют».

Падчас ІІ лабараторыі было створана пяць эскізаў. Тры з іх ужо дапрацаваны і прадстаўлены гледачам. У ЦБД прачыталі вышэйзгаданы тэкст Віктара Красоўскага «Пару дзён і ўсё». Тэкст Андрэя Саўчанкі «Бі-Лінгвы» — яшчэ адзін зварот да тэмы беларускай самаідэнтыфікацыі. Тэкст Сяргея Анцэлевіча «Асцярожна, памідоры» — пра крызіс веры і наканаванасць лёсу сучаснага чалавека. Апошні звяртае на сябе асаблівую ўвагу, найперш з-за тэмы. Тэма сённяшніх адносін чалавека і Бога шматгранна распрацавана ў сучаснай расійскай драматургіі. Адзін з самых яскравых прыкладаў — творчасць Івана Вырыпаева (ад ранніх тэкстаў «Ліпень» і «Быццё 2» да аднаго з апошніх — «Іранская канферэнцыя»). Сучасная беларуская драматургія да гэтай тэмы пакуль што толькі падступаецца. Адзін з першых вопытаў — тэкст Сяргея Анцэлевіча. Лабараторны эскіз п’есы быў створаны як спроба іранічнага асэнсавання свядомасці чалавека, апантанага верай. Аднак падчас працы над п’есай іранічных сэнсаў у ёй значна паменшала. А падчас чыткі тэкст увогуле ў пэўнай меры сакралізаваўся з дапамогай гукавога шэрагу, створанага Паўлам Расолькам (дарэчы, гукавое афармленне стала яшчэ і каркасам, рытм якога дапамагаў гледачам успрымаць сцэны, створаныя як плынь свядомасці).

Наперадзе — яшчэ дзве чыткі, якія прэзентуюць тэксты Андрэя Іванова («Страсці па Стэфану, або Крыжовы паход дзяцей») і Анатоля Шпартава («Час ЧЭ»). У межах тыдня Сучаснай беларускай драматургіі ды праекта «Амбівалентнасць» аўтары і арганізатары паспрабавалі прыцягнуць да чытак увагу шараговага гледача: п’есы Андрэя Іванова і Андрэя Саўчанкі былі прачытаныя на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Такім чынам, лабараторыя — гэта не проста кароткае пустэльніцтва з мэтай стварэння тэксту, а адзін з самых важных складнікаў той часткі сучаснага тэатральнага працэсу, дзе праца вядзецца з найноўшымі п’есамі. Крыўдна, праўда, што напоўніцу моц лабараторыі выкарыстоўваецца толькі непасрэднымі яе ўдзельнікамі — драматургамі. Яны выціскаюць па максімуме з магчымасці колькі дзён спакойна займацца тэкстам, потым «абкатаць» яго на чытках і абмеркаваннях, удасканаліць. Для маладых рэжысёраў матывацыі працаваць разам з драматургам над п’есай пасля стварэння папярэдняга эскіза фактычна няма, бо пра магчымасць пастаноўкі гаворка не вядзецца — механізм па-ранейшаму не адладжаны. З’яўленне спектакля «Patris» — выключэнне, спроба Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў звярнуцца да вопыту праектнага тэатра, які, бясспрэчна, уяўляе неабходную ўмову для існавання сучаснай драматургіі (тым больш пры наяўнасці феномена беларускай драматургіі). Аднак праектны тэатр сёння існуе ў нашай краіне «не дзеля, а насуперак». І на пытанне «А што далей?», якое абавязкова паўстае пасля кожнай удалай чыткі, пакуль што не знаходзіцца адказу.