Латэнтны танец

№ 2 (371) 01.02.2014 - 28.02.2014 г

XXVI Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі
Апошні па часе форум у Віцебску засведчыў, што contemporary dance, які на пачатку 1990-х лічыўся з’явай маргінальнай і быў вядомы вузкаму колу апантаных, сёння стаў легітымным і нават модным. Пра сваю далучанасць да сучаснага танца цяпер заяўляе ледзь не кожны калектыў, чыя дзейнасць выходзіць за рамкі акадэмічнага і народна-сцэнічнага кірункаў. Своеасаблівым індыкатарам пошукаў айчынных харэографаў у гэтай галіне стаў нацыянальны конкурс у межах IFMC.

Праграма шасці фестывальных дзён аказалася маштабнай і шчодрай на падзеі. Толькі ўявіце: фотавыставы, прэс-канферэнцыі і дыскусіі, тэарэтычныя і практычныя майстар-класы, гасцявыя канцэрты, якія прайшлі ў розных гарадах, конкурсныя паказы, творчыя сустрэчы і прэзентацыі кніжных выданняў. У гэтым сэнсе IFMC можна назваць сапраўднай «школай», унікальным не толькі для Беларусі адукацыйным форумам у сферы сучаснага танца (нагадаю, што падобныя фестывалі ў краінах былога Саюза пачалі з’яўляцца амаль на дзесяцігоддзе пазней).

Падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю форуму, адбылася прэзентацыя дзвюх адметных кніг. Адна з іх — выдадзеная ў Маскве калектыўная манаграфія «Сучасны танец постсавецкай прасторы» (аўтар-складальнік Кацярына Васеніна), на старонках якой знайшла адлюстраванне і гісторыя айчыннага эксперыментальнага пластычнага руху. Беларускае ж выданне — «Танцавальны лабірынт» — было прымеркавана менавіта да IFMC і прысвечана 25-годдзю фестывалю. У зборнік увайшлі артыкулы вядомых айчынных і замежных крытыкаў, а таксама шматлікія фотаздымкі, якія візуальна ўзнаўляюць гісторыю форуму.

Не расчаравалі гасцявыя паказы, сярод якіх цяжка вызначыць лепшы, бо ўсе яны былі вельмі адметныя. Сапраўдны фурор выклікалі «Шэсць танцаў» у пастаноўцы класіка сучаснай харэаграфіі Іржы Кіліяна і бліскучым выкананні салістаў нашага Нацыянальнага тэатра оперы і балета. Спектаклем «Рамэа і Джульета», які ў Віцебску не бачылі з 1997 года, парадаваў фестывальную публіку калектыў «Балет Яўгена Панфілава» (Перм). Сур’ёзны роздум-прыпавесць пра чалавечы лёс прапанаваў у спектаклі «Цэрберы» ізраільскі харэограф Ёрам Кармі, чыя танцавальная кампанія «Fresco» завітала на IFMC упершыню. У візуальна-манахромным, мінімалістычным па пастановачных прыёмах, медытатыўным па тэмпарытме спектаклі балетмайстар стварыў нечаканы, некананічны вобраз легендарнай міфічнай істоты. Цэрбер, ролю якога выконвалі дзве балерыны і танцоўшчык у масках, паўставаў не манструознай пачварай, а вельмі падобным да людзей стварэннем.

Узрушэннем для многіх стаў спектакль «Едакі» Тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі пад кіраўніцтвам Ірыны Афонінай і Ігара Шэгая (Масква). Пастаноўка, створаная харэографам Кацярынай Кісловай сумесна з танцоўшчыкамі і ўганараваная «Залатой маскай», уразіла строгай, аскетычнай прастатой мастацкага вырашэння, у якім не было ні пастановачных эфектаў, ні моднага «псеўдаінтэлектуалізму», ні меладраматычных калізій. Адпраўной кропкай для стварэння балета стаў жывапіс Вінсента Ван Гога. Аднак спектакль атрымаўся не пра творчасць знакамітага постімпрэсіяніста, а хутчэй пра тое шчымлівае пачуццё трагічнасці, крохкасці чалавечага лёсу, якое мастак адлюстраваў у сваіх карцінах і ўвасобіў уласным жыццём. Вангогаўская тэма тут прысутнічала ненавязліва, паўнамёкам, угадвалася ў асобных знаках-вобразах (зерне, сланечнікі, кола, вароны), а таксама ў каларыстычным вырашэнні — змрочным, амаль беспрасветным, з перавагай цёмна-зялёнай і чорна-карычневай колеравай гамы, якая адсылала да ранніх твораў мастака і, у прыватнасці, да «Едакоў бульбы».

Пяць танцоўшчыкаў увесь час знаходзяцца на сцэне. Іх жыццё — бясконцы рух па замкнёным коле: праца, вячэра, што пераходзіць у папойку, сон — і зноў праца. Будзённыя справы часам перапыняюцца выбухамі агрэсіі, калі героі пачынаюць ашалела калашмаціць усё наўкола. Яны малоцяць кулакамі па падлозе, па стале, ярасна грукочуць у сцяну, бязлітасна, у чатыры пары рук, б’юць свайго сябра... У імкненні пераадолець пякельнае кола паўсядзённасці яны адчайна, з апошніх сіл караскаюцца ўгору. Дапамагаюць у гэтым вялізныя трохаршынныя дошкі. Гэта і стол, і непрабівальная сцяна, і хісткі масток, і сімвал духоўнай вертыкалі, недасяжнай для герояў. А ў фінале з гэтых дошак скалоцяць труну, каб гвалтоўна загнаць у яе свайго сябра. Астатнія ж сядуць на вечка і будуць ляніва сплёўваць шалупінне ад семак... Апошнія мізансцэны спектакля не становяцца святлом у канцы тунэля: у сучасным, «вывіхнутым» свеце чалавечае жыццё не мае аніякай каштоўнасці.

Сінтэз выразных сродкаў балетнага тэатра і прыёмаў contemporary art уяўляў сабой спектакль «Эгапойнт», пастаўлены прыма-балерынай Берлінскага дзяржаўнага балета Наталляй Сайдаковай для класічнай групы Камернага балета «Масква». Гіганцкі рухомы металічны трохвугольнік, падвешаны над сцэнай, пераўтвараў яе ў кінетычную інсталяцыю, а дыскрэтны тэмпарытм, геаметрычна вывераныя мізансцэны, графічныя лініі пластычных малюнкаў, лексіка, пабудаваная на дэканструкцыі класічных па, і шалёная хуткасць выканання гэтых па прымушалі ўзгадаць пастановачныя эксперыменты сусветна вядомых Уільяма Фарсайта і Уэйна Макгрэгара.

Цэнтральная падзея фестывалю — нацыянальны конкурс сучаснай харэаграфіі — пакінула шмат пытанняў. Вядома, можна толькі парадавацца таму, што папулярнасць contemporary dance ў Беларусі расце і ўсё больш харэографаў выказваюць да яго цікавасць: конкурс стаўся шматлюдным і багатым на новыя імёны. Было пададзена 20 з лішкам заявак на ўдзел, у выніку абралі 13 калектываў, прычым упершыню за ўсю гісторыю IFMC былі ахоплены ўсе вобласці Беларусі. Тым не менш нацыянальная панарама пастановак аказалася далёка не поўнай. Большасць вядомых калектываў — тыя, хто мае ўласнае аблічча, салідны мастацкі досвед і працягвае плённа працаваць у галіне сучаснага танца, — ні ў конкурснай, ні ў гасцявой праграме прадстаўлены не былі. Зразумела, што многія з тых, хто ўжо неаднаразова ўдзельнічаў у фестывалі і станавіўся яго лаўрэатам, на конкурс не імкнуцца. Жаданне арганізатараў у гасцявых канцэртах паказаць перш за ўсё замежныя калектывы цалкам справядлівае, бо дазваляе прадэманстраваць розныя танцавальныя школы і кірункі, іншы спосаб мастацкага мыслення і безліч аўтарскіх падыходаў. Разам з тым лепшае з сённяшніх здабыткаў айчыннай сучаснай харэаграфіі за рэдкім выключэннем застаецца па-за межамі IFMC. Дык можа варта ў канцэртную праграму фестывалю ўключыць і беларускі блок, у якім прэзентаваліся б самыя адметныя работы знаных калектываў? Тым больш, калі гаворка ідзе пра нацыянальны конкурс? Упэўнена, што твораў хапіла б не на адно аддзяленне! У Віцебску дагэтуль не бачылі цудоўную мініяцюру Дзмітрыя Куракулава «Гэты вечны, крохкі рай», якая была прадстаўлена і высока ацэнена на Міжнародным конкурсе артыстаў балета ў Джэксане (ЗША). Прэм’ера спектакля «Bred надзённы» — актуальнага па тэматыцы, арыгінальнага па пастановачных прыёмах — адбылася нядаўна ў танцтэатры «D.O.Z.SK.I.» Дзмітрыя Залескага.

Што ж да конкурсу, то паказаныя на ім работы зноўку буйным планам пацвердзілі тэндэнцыю, пра якую даводзілася пісаць неаднаразова: добрую тэхнічную форму дэманстравалі амаль усе, а вось ідэй, асэнсаванасці (не кажучы пра арыгінальнасць) аўтарскага выказвання відавочна бракавала. Прычым на ўсіх узроўнях: і ў сцэнічным афармленні, і ў выбары тэмы, і ў выкарыстанні музыкі, і ў лексічным вырашэнні. Замест філасофскіх абагульненняў, асэнсавання хвалюючых праблем — інфантылізм і банальнасць, зведзеныя да меладраматычных калізій і няўцямных рэфлексій «пра сваё». Замест пошуку новай харэаграфічнай лексікі — «серыйныя танцы», стандартны набор рухаў, які вандруе з твора ў твор. Замест арыгінальнай музыкі, якая б развівала і ўзбагачала думку харэографа, стварала адпаведную атмасферу, — поп-хіты, якія адразу пераводзілі нумар у эстрадна-папсовы фармат. Так і хацелася спытаць: дык пры чым тут сучасны танец?

Парадаксальна, але падобныя работы не толькі прайшлі папярэдні адбор, але і атрымалі ўзнагароды, што можа дэзарыентаваць маладых пастаноўшчыкаў, скіраваць іх у адпаведны бок творчых пошукаў. Так, мыльнаоперныя жарсці віравалі ў кампазіцыі «Звычайная гісторыя» Таццяны Аксёнавай (гурт сучаснай харэаграфіі «Розныя твары», Мінск), адзначанай прэміяй у намінацыі «Харэаграфічная мініяцюра». Бытавыя «разборкі» на мяжы з пошласцю прадставіў Кірыл Балтрукоў у мініяцюры «Першая спроба» (праект «сінONіМЫ», Мінск). Нумар, не падтрыманы журы, тым не менш атрымаў спецпрэмію Цэнтра культуры «Віцебск».

На шчасце, былі і выключэнні. Сярод нямногіх — праект Сяргея Мікелі «BGAMCompany» (Мінск). Уганараваны дуэт «Знойдзеныя і страчаныя» прыцягваў арыгінальнасцю танцавальнага малюнка, пабудаванага на дыскрэтнасці ліній і скульптурнай акцэнтуацыі поз, сур’ёзнасцю вобразна-канцэптуальнай задумы і містычнасцю атмасферы, што стваралася музыкай. Перамогу маладога харэографа можна назваць заканамернай: ураджэнец Віцебска, ён танцаваў у студыі Дыяны Юрчанка, а цяпер вучыцца на балетмайстра ў Акадэміі музыкі па класе Валянціна Елізар’ева і з’яўляецца артыстам тэатра «D.O.Z.SK.I.». Канцэптуальная змястоўнасць, што адсылала да тыбецкай «Кнігі мёртвых», навізна лексічных і кампазіцыйна-драматургічных прыёмаў вылучалі аднаактовы балет «Бардо» Вольгі Скварцовай («SKVO’sDanceCompany», Мінск), адзначаны спецпрэміяй «За выканальніцкае майстэрства». Недаацэненым з-за хібаў выканання аказаўся спектакль «Пін-код» Дзмітрыя Куракулава (гурт сучаснай харэаграфіі «ТАД», Гродна), адзначаны мноствам творчых знаходак: іх хапіла б на ўсіх удзельнікаў.

Віцебскі фэст гэтым разам выявіў вострую неабходнасць перамен на ўсіх узроўнях — ад мастацкай палітыкі да крытэрыяў адбору конкурсных работ. Бо тое, што адбываецца на форуме ў апошнія гады, усё больш і больш нагадвае… фестываль эстраднага танца «Белы сабака», з якога пачынаў і які, здавалася б, даўно перарос IFMC.