Час і месца
Праект быў паказаны ў пэўным кантэксце залы музея, для мяне гэты факт важны. Гэта не проста развешаныя на сценах графічныя творы, а суцэльная інсталяцыя. Работы я ўспрымаю не як від выяўленчага мастацтва, а працую з імі як з аб’ектамі, што самі з’яўляюцца мэсіджамі. Мая інтэнцыя першапачаткова была такая: зрабіць для канкрэтнага месца інсталяцыю з работ за канкрэтны перыяд. Важным элементам у экспазіцыі таксама з’яўляецца відэа.
Наведвальнікі ўспрымалі выставу перш за ўсё як вобраз-карцінку. Яна лаканічная па выказванні, эстэтычная і прыгожая. Яе медытатыўнасць запрашае спыніцца, задумацца пра сваё. Тут важна, наколькі глядач зможа пранікнуцца пасылам аўтара, яго індывідуальным рытмам. Калі першы пасыл ад аўтара з’яўляецца тут экзістэнцыяльным і дзесьці нават эзатэрычным, то ў другім куратару было важна змясціць аўтарскі мэсідж у сацыяльна-культуралагічны кантэкст, у публічнасць. На мой погляд, гэта атрымалася ўжо з самага пачатку, пачынаючы з мантажу і адкрыцця выставы.
Вольга Рыбчынская.
Запісы
ўнутранага рытму
Праект з’явіўся ў 1997 годзе ў Швейцарыі, калі я знаходзілася ў арт-рэзідэнцыі. Вынікам стала мастацкая выстава. Ідэя нарадзілася там, таму што мяне суправаджалі цішыня, адасобленасць — сітуацыя самазакаханасці, выношвання сябе ў цішы. З такой сітуацыі, па сутнасці, рытмы дыхання і з’явіліся.
Далей праект развіваўся на працягу дастаткова доўгага часу, выстаўляўся ў Германіі, Польшчы, Галандыі і некалькі разоў у Беларусі.
Гэта запіс рытму дыхання. Рытмічны шэраг з’яўляецца не адразу. Хвілін за дваццаць трэба намацаць унутраную вібрацыю: адбываецца паслядоўнае вядзенне лініі, то-бок рука працуе як пантограф. Унутраны рытм на самай справе дастаткова ёмісты. Ёсць сусветныя вібрацыі, такія як прылівы-адлівы, змены дня і ночы, квадраў месяца, але існуе ў кожнага з нас і ўнутраны рытм: ціск крыві, пульс, дыханне.
Рытм дыхання з’яўляецца асновай усяго, як першая літара ў алфавіце.
Гэта пісьменна і ў мастацкім плане, таму што ў выяўленчай мове існуюць толькі тры сімвалічныя літары — лінія, кропка і пляма. З іх нараджаецца ўсё візуальнае, і лінія тут апынаецца ў цудоўнай сувязі з рытмам дыхання. Апошні ажыўляе матэрыю як такую. Як першы ўдых. Удыхнуў і прыйшоў у гэта жыццё. Намацваць рытм дыхання стала для мяне цікавым досведам. Рытмы розных людзей не падобныя адзін да аднаго — як адбіткі пальцаў, як генетычны код. Гэта абсалютна аўтарскае...
Праз лінію (рух рукі) я перадаю свой стан… Гэта яшчэ і дакументацыя. Мая сяброўка сказала: «Як ты цікава намалявала дыханне». На самай справе — не малюнак, а запіс, і ў гэтым розніца. Калі я перарываюся, пазначаю час (дату), потым працягваю. Гэта досыць цяжкая, напружаная праца. Часам было так, што я амаль не спынялася цэлыя суткі. Кожны раз рытм атрымліваецца іншым. Гэта залежыць ад часу і месца, што таксама вельмі важна. Дзесьці ты адчуваеш сябе гарманічна і добра, дзесьці — не. Такім чынам, праект будзе пастаянна працягвацца, думаю, да апошняга ўдыху.
Дзве працы былі зроблены спецыяльна для гэтай выставы, за тыдзень-два да адкрыцця: каб пазначыць час і месца. У экспазіцыі прадстаўлены работы ад пачатку 1997 года да сённяшняга дня.
Вольга Сазыкіна.