Феномен лёгкага дыхання

№ 1 (370) 01.01.2014 - 31.01.2014 г

Гранды еўрапейскага тэатра. Себасцьян Нюблінг
Себасцьян Нюблінг (1960), адзін з самых папулярных рэжысёраў нямецкамоўнай прасторы, ганараваны мноствам прэмій і запатрабаваны сёння на самых буйных сцэнічных пляцоўках Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі.

Вядома, што прадвеснік канцэптуальнага мастацтва ХХ стагоддзя Марсэль Дзюшан пажадаў, каб на ягонай магіле было напісана: «Заўсёды паміраюць іншыя». Менавіта гэта фраза накрэслена на дэкарацыі спектакля «Цёмны прыцягальны свет». Ён быў пастаўлены Себасцьянам Нюблінгам у 2006 годзе ў мюнхенскім Камерным тэатры і як лепшы нямецкамоўны спектакль года паказаны на Берлінскім фестывалі.

Сама п’еса маладога аўстрыйскага аўтара Хэндля Клаўса належыць да сучаснага абсурдызму. Там прысутнічаюць тры героі: неўрастэнічны ўладальнік кватэры, дзяўчына-кватарантка і яе маці. Дзяўчына паведамляе гаспадару, што накіроўваецца ў Перу (хоць насамрэч пераязджае да сваёй маці), і між іншым намякае на забойства ўласнага мужа. Потым выходзіць маці, якая танчыць, гаворыць на самыя нечаканыя тэмы і паведамляе, што яе дачка загінула. Ды неўзабаве з’яўляецца жывая і здаровая дзяўчына, і ўсе разам пачынаюць вырашаць актуальную на дадзены момант праблему... стэрылізацыі коткі.

Здаецца, стварыць з такога матэрыялу якасны спектакль — невырашальная задача. Аднак Нюблінгу яна аказалася па сілах. Спектакль ідзе на вялізнай сцэне з рухомымі драўлянымі панэлямі, ствараецца адчуванне раскошы ў стылі 1950-х гадоў. Героі мімаволі танчаць пад гукі басановы і адначасова лёгка, не задумваючыся, вярзуць розную лухту. Здаецца, ні яны самі, ні рэжысёр не ўспрымаюць усяго гэтага ўсур’ёз. Гундзі Элерт, Вібке Пульс і Ёхан Нох разыгрываюць сумбурную п’есу як брадвейскі хіт, і яна напаўняецца іроніяй і бляскам — менавіта так, як хацеў Себасцьян Нюблінг.

Праз год дзёрзкі рэжысёр паказаў на «Тэатэрформен» сваю новую, на гэты раз базельскую, пастаноўку: ён спалучыў оперу Генры Пёрсэла «Дыдона і Энэй» з аднайменнай трагедыяй Крыстофера Марло. Ды яшчэ дадаў італьянскія шлягеры. Атрымалася цудоўнае відовішча, баляванне для ўсіх органаў пачуццяў. Юпітэр гатаваў на сцэне духмяныя стравы, юны Ганімед, неаддзельны ад ноўтбука, выступаў у якасці дыск-жакея, а старая Венера займалася зводніцтвам. Спевы, скокі, багатая ежа — усё па-сапраўднаму... Радасная і непрыхаваная тэатральнасць...

Так, з пачуццём гумару ў Нюблінга ўсё добра (зрэшты, як і з пачуццём меры і стылю). Насамрэч, чаму трагедыю абавязкова трэба ставіць з забойнай сур’ёзнасцю? У штутгарцкім тэатры «Кардонка» вырашылі давесці супрацьлеглае: Себасцьян Нюблінг паставіў монаспектакль «Салодкі Гамлет» з акцёрам Даніэлем Валем.

Спектакль ідзе гадзіну. Сур’ёзны малады чалавек у працэсе чаяпіцця імкнецца пераказаць нам п’есу Шэкспіра. Дакладней, ён піў гарбату, і тут яго напаткала гэтае жаданне. У яго ёсць стол, крэсла, тэрмас, кубак, цукар-пясок і пакецікі з заваркай. А яшчэ лямпа на шнуры. Так што можна пачынаць. Пры наяўнасці таленту.

Прасцей простага: калі Афелія тоне, можна прасыпаць заварку на стол, а цукар выкарыстаць і як наркотык, і як атруту ў фінальнай сцэне з Клаўдзіем. Праўда, у акцёра яшчэ ў наяўнасці пластыкавы чэрап Ёрыка. Як высветлілася, гэтага дастаткова, каб адарваць позірк ад сцэны было немагчыма.

Прытым трагедыя Шэкспіра не проста пераказана, яна паказана і пражыта акцёрам ( і намі) з усёй моцай страсці.

Ад малой формы — да вялікай, гэта для рэжысёра натуральны пераход. Падзеяй Зальцбургскага фестывалю-2009 зрабілася выкананне пастаўленай Себасцьянам Нюблінгам араторыі Вівальдзі «Юдыф пераможная». Яе ігралі ў прыгарадзе Зальцбурга — старажытным кельцкім гарадку Халяйнэ, на востраве Пернэр; асаблівую прастору спектаклю забяспечылі былыя саляныя склады.

«Юдыф пераможная адолела варвараў Алаферна» — так называецца адзіная, што дайшла да нас, араторыя Вівальдзі. На фестывалі ў Зальцбургу «Юдыф» паказвалася ў раздзеле драмы; яе паставілі сумесна оперны і драматычны тэатры Штутгарта, паколькі араторыя была аб’яднаная з п’есай «Юдыф» нямецкага класіка Фрыдрыха Гебеля (1813—1863).

Выкананне аркестра Штутгарцкай оперы пад кіраўніцтвам Лутца Радэмахера бездакорна барочнае; галасы спевакоў — Таяны Рай (Юдыф), контртэнара Даніэля Глогера і барытона Маціяса Тосі — гучаць аўтэнтычна; касцюмы (мастак Мурыэль Герстнер) цалкам класічныя і нагадваюць жывапіс Бацічэлі і Кранаха, а часам і Клімта, якіх натхняў вобраз Юдыфі з адрэзанай ёю галавой Алаферна.

Але неўзабаве музыка змяняецца, у партытуру Вівальдзі ўключаецца кампазітар Ларс Вітэрсхаген. Гучаць саксафоны і ўдарныя, герояў іграюць па некалькі акцёраў, а шматлікія галовы, якія ўзнікаюць на нашых вачах з гатовых форм, імгненна адсякаюцца катам. Себасцьян Нюблінг прапанаваў новую інтэрпрэтацыю біблейскага сюжэта, скарыстаўшы меркаванне Гебеля наконт таго, што ўчынак Юдыфі мае не толькі палітычны змест (змаганне супраць асірыйскага прыгнёту), — гэта і асабістая помста. Юдыф у Нюблінга і сексуальная, і агрэсіўная, і крывадушная, і жорсткая (бліжэй за ўсё да клімтаўскага прататыпа). Атрымалася прыгожае і змрочнае відовішча, дзе міф разглядаецца з розных і нечаканых пунктаў гледжання.

Гэтак жа нечакана Нюблінг звярнуўся да Гогаля, паставіў у цюрыхскім драматычным тэатры спектакль «Рэвізор» (2009). Праграмка да «Рэвізора» ўяўляе сабой разгорнутае інтэрв’ю эксперта па эканоміцы. Гаворка ідзе пра карупцыю ў сучасным грамадстве і складанасці барацьбы з ёю.

На пачатку спектакля гучыць «Samba Pa Ti» Карласа Сантаны, потым музыка сціхае, але нічога не адбываецца. Музыка ўзнікае зноў, у зале збянтэжанасць. І раптам паўсюль — у ложах, партэры — пачынаецца ўсхваляванае абмеркаванне навіны: «Да нас едзе рэвізор...»

Хлестакоў (Маціяс Бундшу) у спектаклі Нюблінга прыязджае ў швейцарскую сталіцу. Дыялект персанажаў пазнавальны. У класічны тэкст урываецца сучаснасць з фразамі пра крызіс і забарону на пабудову мінарэтаў. Сцэны давання хабару пастаўлены з бляскам, як і эратычныя сцэны Хлестакова з жонкаю і дачкою Гараднічага (дачка, канешне, ходзіць абкураная, ну а сексуальная заклапочанасць жонкі мэра даўно ўжо зрабілася пагалоскай).

Смешна... калі б не было гэтак сумна...

І зноў да сучаснасці. Хлопчык за ўзнагароджанне ў сто фунтаў патапіў у Тэмзе нейкі мех, не ведаючы, што ў ім. А была ў ім галава рускай прастытуткі Веры Пятровай; яна, як высветлілі супрацоўнікі Скотланд-Ярда, прыехала ў Лондан з Эстоніі. Расследаванне пачынаецца.

П’есу англійскага драматурга Саймана Стывенса «Тры каралеўствы» Себасцьян Нюблінг паставіў у 2011 годзе. Гэта быў міжнародны праект: брытанска—германска—эстонскі, і ў спектаклі былі занятыя акцёры лонданскіх тэатраў, мюнхенскага Камернага тэатра і талінскага № 099.

Шэрая каробка сцэны прыдумана сцэнографам Тэатра № 099 Энэ-Лійз Сэмпер так, што яна імгненна трансфармуецца, і перад гледачамі ўзнікаюць то паліцэйскі ўчастак, то бардэль, то спартклуб, то аэрапорт.

Спачатку дзеянне адбываецца ў Англіі. Прынята лічыць, што брытанцам уласцівы чорны гумар. Інспектар Стоўн (Нік Тэнант) і ягоны памочнік Чарлі Лі (Фэрдзі Робертс) жартуюць разам з патолагаанатамам, які тут жа, на сцэне, анатамуе труп. Але тое, што гледачам уяўлялася цынізмам, далей падалося наіўнасцю немаўляці. Паліцэйскія дапытваюць Аляксандра Рыхтэра, немца-сутэнёра, і ён надзвычайна (жахліва!) падобны на Брэйвека з ягонай высакамернай пагардай да людзей і перакананасцю, што яму, як прадстаўніку «вышэйшай расы», усё дазваляецца, — хоць і п’еса, і спектакль былі створаныя да гісторыі з Брэйвекам.

Потым следства і дзея пераносіцца ў Германію. Сцэны ў Гамбургу гранічна натуралістычныя; свет бардэля і парнаграфічнай студыі паказаны з усёй адкрытасцю.

А потым — Эстонія, маленькая постсавецкая краіна... Акцёры Тэатра № 099 іграюць маладых ваўкаў, якія гандлююць «жывым таварам» у грандыёзных маштабах, і на акцёрах насамрэч надзетыя воўчыя маскі... Жыццё тут не каштуе анічога, закон нікому не пісаны, а здрадніцтва ў пашане. Нават бацька Веры ніколькі яе не шкадуе: шлюха, туды ёй і дарога!

Ды сумленны англійскі паліцэйскі неўзабаве зразумее, што ўбачыў толькі вяршыню айсберга, а далей яго не пусцяць.

Так, гэты спектакль Нюблінга натуралістычны, але ж пры гэтым гранічна тэатральны. Уласцівыя ягоным пастаноўкам лёгкасць ігры, уменне не канцэнтравацца на тэксце, імклівасць тэмпарытму нязменныя. Асаблівая тэатральная ўмоўнасць, віртуознае ўменне ўключаць глядацкае ўяўленне і разважаць, узнаўленне незвычайнай атмасферы — усё разам і стварае гэты тэатральны феномен: лёгкае дыханне спектакляў Себасцьяна Нюблінга.

Ніна МАЗУР