Тэатральная ліхаманка

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

На працягу двух тыдняў «Панарама» ў Мінску была чымсьці накшталт тэатральнай ліхаманкі. Яно і зразумела: калі на фестывальныя спектаклі лішніх квіткоў няма, трапіць у глядзельную залу асабліва спакусліва. Да таго ж сусветнавядомыя прозвішчы луналі ў паветры і гучалі амаль як заклінанне. Ах, Оскарас Каршуновас! Ах, Сяргей Жэнавач! Багдан Ступка! Прыкметны ажыятаж панаваў сярод прэсы. Хоць на беларускіх спектаклях зацікаўленай публікі адчувальна не хапала.

 

 /i/content/pi/mast/5/129/MD_Gramyka.jpg

Самы чаканы спектакль быў з Літвы: «Майстар і Маргарыта». Вільнюскі гарадскі тэатр/ОКТ тры гады таму зрабіў на мінчан незабыўнае ўражанне. «Рамэо і Джульету» ў рэжысуры Оскараса Каршуноваса памятаюць і згадваюць дагэтуль. Але «Майстар і Маргарыта» нечакана паўстаў зусім у іншай якасці, а тэатр стаўся ў нечым непадобным да сябе. Зусім без уразлівых літоўскіх зместавых метамарфоз. Здаецца, што на змену магутным і вытанчаным сцэнічным метафарам прыйшоў выштукаваны і халодны рэжысёрскі прыём. Дзея, даведзеная да дасканаласці. Напружаны трохгадзінны роздум. Магутная і халодная экспрэсія. Выяўлены сацыяльны кантэкст. Галоўны герой і пераемнік Майстра ў гэтым спектаклі -- Іван Бяздомны. Самае цікавае назіранне: сцэнічны накірунак, прапанаваны Каршуновасам, беларускім рэжысёрам зусім не чужы. Гэта да метафарычнай і зместава парадаксальнай літоўскай рэжысуры немагчыма падабраць уласны ключык. Зразумела, як зроблена -- паўтарыць праблематычна. Затое да актыўных пастановачных прыёмаў схіляецца ўсё дзейнае пакаленне беларускіх рэжысёраў. Шкада толькі, айчынныя сцэнічныя «кубікі-рубікі» даўно акуратна складзены -- рысачка да рысачкі. Што далей?

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра імя Івана Франко выклікаў значна больш эмоцый, чым уласна іх спектакль «Саламія». Поле ўсеагульнай любові, якое распаўсюджваецца вакол сусветнай знакамітасці, амаль фізічнае. Просты выхад на сцэну паводле фестывальнага пратакола суправаджаецца авацыямі і хваляй глядацкага захаплення. Багдан Ступка -- просты, даступны, жартаўлівы. Цягам цэлага дня вытрымлівае шэраг сустрэч са студэнтамі Акадэміі мастацтваў, журналістамі, тэатральнай грамадскасцю. У кулуарах не сціхаюць эмоцыі, кшталту: «Ступка сказаў...» Сярод іншых -- і маё пытанне: «Як пішуць на вашых афішах -- народны артыст СССР або?..» Адказ: «народны Украіны. Лічу, што ганаровыя званні ўвогуле варта адмяніць». І далей: «Пакуль працую, не звольніў з тэатра ніводнага чалавека». З асаблівай цеплынёй згадвае Стэфанію Станюту, якая яна была цудоўная. Міжволі падумалася, што ўсеагульная народная любоў да Стэфаніі Станюты і Багдана Ступкі -- рэдкасць, як боскі дарунак.

 /i/content/pi/mast/5/129/MD-Gramyka1.jpg
 «Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава. ОКТ/Вільнюскі гарадскі тэатр.

Дасведчаныя тэатралы лічаць: калі на фестывалі прысутнічае спектакль, здатны выклікаць усеагульнае захапленне, -- мэта апраўдвае любыя выдаткаваныя сродкі. На «Панараме» гледачы ледзь паспявалі пераводзіць дух. Найбольшы ажыятаж выклікаў МХТ імя А.Чэхава. «Апошняя ахвяра» А.Астроўскага з Алегам Табаковым і Марынай Зудзінай у галоўных ролях праходзіла ў перапоўненай глядзельнай зале Дома афіцэраў. Публіка (пераважна маладыя акцёры, рэжысёры і журналісты) сядзела нават у аркестравай яме і проста на падлозе перад авансцэнай. Здаецца, што спакуса ўбачыць «жывога» Алега Табакова была надзвычай моцнай. Думаю, ніхто ў той вечар не быў расчараваны класічнай мхатаўскай школай. Спектакль рэжысёра Юрыя Яроміна -- пра значэнне грошай у жыцці людзей. Ёсць грошы, якія разбураюць асобу, і грошы, здатныя асобу захаваць і ўзвысіць. Бадай што і ў гэтым сэнсе -- кожнаму па патрэбе. Своеасаблівая прышчэпка буржуазнасці для выхаванага на камуністычных ідэалах чалавека. Нешта накшталт азбукі высакародства са шматлікімі маральнымі аспектамі для сярэдняга класа.
«Паляванне на качак» з Канстанцінам Хабенскім у ролі Зілава з надзвычайнай лёгкасцю абвергнула дасціпныя разважанні пра нібыта састарэлую драматургію Аляксандра Вампілава. Выяўлены душэўны боль героя амаль фізічным суперажываннем адгукаўся ў глядзельнай зале. Пагардлівая разгубленасць перад рэчаіснасцю для Зілава стала непераадольнай знішчальнай сілай. Герой не ў стане супакоіць уласную душу, таму заціскае яе ў невыносныя жыццёвыя абставіны. У спектаклі Аляксандра Марына акцэнт з грамадскіх стасункаў пераносіцца на стасункі душэўнага ладу. Пакуты Зілава -- не што іншае, як разборкі з уласным сумленнем. Лепшая п’еса Аляксандра Вампілава такім чынам адкрывае свой пазачасавы змест. Паводле драматурга, яна -- пра «духоўнае банкруцтва», якому сёння мы надаем усё менш і менш увагі.

 /i/content/pi/mast/5/129/MD-Gramyka2.jpg
  «Месяц у вёсцы» І.Тургенева.
Эстонск
і
тэатр драмы.

Самае цікавае на фестывалях -- іх непрадказальнасць. Нават дасканала ведаючы праграму, ніколі пэўна не здагадаешся, які спектакль уразіць найбольш. Гэтым разам нечакана для многіх эстэтычным выбухам стаў «Месяц у вёсцы» І.Тургенева (рэжысёр М.Макееў) Эстонскага тэатра драмы. Эстонцы захапілі суквеццем дасканала ўвасобленых роляў, мноствам тонка выяўленых псіхалагічных ліній, глыбінёй і сур’ёзнасцю думак пра каштоўнасць чалавечай асобы і непадсуднасць асобасных пастулатаў. І галоўнае -- адчуваннем далучанасці да мастацтва.
У шэрагу лепшых быў і спектакль знакамітага маскоўскага рэжысёра Сяргея Жэнавача «Гульцы» М.Гогаля ў Студыі тэатральнага мастацтва. Вышэйшы пілатаж і прафесійны ўрок для нашых маладых акцёраў і рэжысёраў. Нагода сур’ёзна задумацца, што, як і чаму адбываецца з нашым тэатрам. Яшчэ кажуць: здатнасць параўноўваць -- перавага развітага розуму.