Жыць у невядомасці

№ 1 (370) 01.01.2014 - 31.01.2014 г

Конкурс маладога кіно
«Маладосць на маршы» на працягу некалькіх гадоў займае асаблівае месца ў праграме «Лістапада». Задача конкурсу — пачуць дэбютантаў, паказаць самых маладых і іх патэнцыял, то-бок заўтрашні дзень сусветнага кінематографа. Назва запазычана ў партугальскага фільма «Juventude Em Marcha» (даслоўна — «Маладосць у руху», сцэнарыст і рэжысёр Педру Кошта, 2006), што прымусіў крытыкаў гаварыць пра «перамену маштабу» і сутыкненне хронікі здарэнняў з трагедыяй.

У 2013 годзе журы конкурсу, у якім удзельнічала 11 фільмаў, узначаліў французскі кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр і кінакрытык П’ер Леон. Што ж хвалюе маладых кінематаграфістаў? Што я зразумела пра іх, што не дае ім маўчаць, на якой мове яны размаўляюць? Пазначу гэту скразную тэму як «жыццёвую плынь» і паспрабую растлумачыць, чаму.

«Канец свету» як працэс

Няма ў гэтай стужкі ні пачатку, ні канца. Сюжэт без інтрыгі — дакладней, яна пазначана пункцірам і перарываецца ў кожным эпізодзе. Крыху гарадскіх будняў, крыху паветранай эротыкі, якой літаральна дыхаюць юныя целы і душы. Крыху хуліганства, гатовага вось-вось прарасці ў крымінал, але гэтага не адбываецца. А што адбываецца? Паўсядзённасць — жывы, лёгкі булён, дзе можа нарадзіцца што заўгодна.

Не думаю, што партугальскі рэжысёр Педру Пінью мэтанакіравана імплантаваў кропкі напружання ў легкадумнае існаванне герояў. Хутчэй гэта сацыяльныя рызыкі, якія сапраўды маюць месца: у пачатку фільма высвятляецца, што ніводзін з маладых людзей не здаў выпускны экзамен і яны застаюцца ў школе яшчэ на год. Ужо амаль дарослыя, энергічныя людзі сноўдаюцца без справы (за выключэннем адной гераіні) і ўцямнай перспектывы ў горадзе, які жорстка падзелены на яркі забаўляльны цэнтр і цёмную ціхую ўскраіну. Калі ў пэўны момант яе асвятляе сонца, яно асляпляе, як калі б усё да гэтага танула ў змроку. Гарадскія кантрасты відавочныя ў некалькіх сцэнах, але не хочацца інтэрпрэтаваць назву фільма так адназначна. Калі шукаць у гэтай плыні нейкі метафізічны сэнс, то канец свету — гэта пагружэнне ў невядомасць. Возьмем формулу рускага філосафа Льва Шастова «навучыцца жыць у невядомасці». І тады фільм адразу робіцца зразумелым.

Эстэтыка чорна-белай стужкі, яе лаканічная прыгажосць спалучаюцца з нясмелымі спробамі герояў праявіць сябе, штосьці выправіць, выбудаваць у сваім жыцці. На мяжы святла і цемры яны выклікаюць у гледача змешаныя пачуцці: няясную трывогу, паколькі нічога не прамоўлена, спачуванне, захапленне маладосцю і надзею на тое, што нават без святла ўсё неяк наладзіцца. Плынь жыцця вынесе кудысьці гэтых прыгожых людзей.

Як трапляюць у «Залатую клетку»?

Падлеткі гадоў 12—14 ідуць — такое ўражанне, што праз усю Лацінскую Амерыку — на поўнач, у блаславенныя Злучаныя Штаты. Колькі межаў яны пераадольваюць, колькі небяспек і абсурду ў плыні іх жыццяў — міграцыйная паліцыя, рознага кшталту бандыты, голад... На працягу фільма гэтыя дзеці ніводнага разу не елі за сталом, не спалі ў ложках, не чыталі, не малявалі. Наўрад ці яны ўвогуле рабілі што-небудзь, звязанае ў нашым успрыманні з дзіцячым ладам жыцця. Аднойчы, праўда, танцавалі на дарослым свяце, а яшчэ неяк заглядзеліся на дрэвы, прачнуўшыся ў лесе ў іржавым закінутым вагончыку. Але яны рухаюцца наперад усімі магчымымі спосабамі — і выратоўваюць, і страчваюць адзін аднаго, і развітваюцца з жыццём. Толькі адзін з хлопчыкаў дайшоў да «залатой клеткі», Амерыкі, а дакладней, да яе птушкафабрыкі, дзе можна працаваць прыбіральшчыкам.

У гэтай мексіканскай стужцы рэжысёр Дыега Кемада-Дыес не спекулюе на тэме дзіцячых пакут. Не смакуе экзатычныя пейзажы. Пачуцці падлеткаў сціснутыя, як стальныя спружыны, целы безабаронныя, а твары бясстрасныя, што не перашкаджае гледачу заміраць ад жаху ў моманты небяспекі. Так, нелегальная міграцыя — гэта найвострая і звышактуальная сацыяльная праблема, і ўсю яе комплекснасць мы бачым праз узмацняльную лінзу — лёсы дзяцей. Пасля фільма траўматычнасць гэтай тэмы пачынаеш успрымаць па-іншаму.

«Чужы», «Нямы», далёкі

Цікава, што простыя на першы погляд фільмы застаюцца ў памяці. Магчыма, фільм «Чужы» Боба Елчыча (Харватыя, Боснія і Герцагавіна) у большай ступені, чым «Нямы» Даніэля Вегі і Дыега Вегі (Перу, Францыя, Мексіка), уздымаецца да абагульнення і закранае нявырашаныя, перманентныя праблемы, але і другі твор са своеасаблівага дуэта распавядае пра старонніх/чужых людзей. Адчужанасць і немата, што спасціглі герояў з-за розных драматычных абставін, выпрабоўваюць іх на трываласць. Адзін вымушаны пайсці на пахаванне ў мусульманскую сям’ю, з якой яго родных звязвае даўняе сяброўства. Іншы бязгучна вядзе ўласнае малапрафесійнае расследаванне, у выніку чаго падазраваны выкідваецца з акна. Калі «чужы» праводзіць некалькі дзён «у чаканні Гадо», то-бок адабрэння нейкага мясцовага чыноўніка, і гатовы памерці ад напругі, то «нямы», які стаў ахвярай невядомага, насупраць, без сумненняў пераследуе ўяўнага злачынцу. Хто на самай справе зрабіў на яго замах, мы так і не даведаемся.

Недагаворанасць стала пазнавальнай адметнасцю почырку маладых. Сюжэты можна падрабязна не прапісваць, характары не паглыбляць — дастаткова выхапіць з жыцця кавалак і з абарванымі акрываўленымі краямі прад’явіць яго гледачу. Гэта нармальна. Гэта ўжо фармат.

«Ілаіла» — назва горада. На карце такіх шмат

Сямейная хроніка, але ці мала мы бачылі сямейных хронік? Сінгапурская сям’я, дзе расце дзевяцігадовы школьнік, наймае хатнюю работніцу — філіпінку. Добры распешчаны хлопчык не адразу прывыкае да прыслугі, але паступова яны знаходзяць агульную мову. Галава сям’і страчвае працу, яго жонка працуе, але чакае дзіця, якое шчасліва нараджаецца ў апошніх кадрах. І маці, і сын намагаюцца дапамагчы хатняму бюджэту, але атрымліваецца ў іх слаба. Усё гэта нават не жыццёвая плынь, а пабытовая. Не гісторыя, а толькі паслядоўнасць эпізодаў — вельмі пазнавальных і ад таго асабістых, унутрана напоўненых. Звычайная сям’я, руціна — але да чаго ідуць гэтыя людзі? Зноў няма лабавой маралі мінулага веку, зноў шлях навобмацак і адкрыты фінал.

Фільм Энтані Чэна (Сінгапур) атрымаў прыз «Залатая камера» за лепшы дэбют на Канскім кінафестывалі. Думаю, стужка пра штодзённасць, пра тое, што «ўсё ідзе сваёй чарадой», адзначана ў супрацьвагу экстрэмальным, інфернальным і іншым канцэпцыям.

Вельмі блізка да «плыні жыцця» падышла і «Дзіўная котка» (Германія), таксама знятая ў дакументальным стылі. На творчай сустрэчы ў рэжысёра Рамона Цурхера пыталі, колькі членаў у сям’і, пра якую ідзе гаворка, колькі пакояў у доме і хто ўвогуле галоўны... Аказваецца, усё не важна, акрамя працягласці фрагментаў, унутранай адзіноты, умоўнай раўнавагі паміж спячай бабуляй і ўнучкай, якая крычыць, простых рэплік і пульсуючых дыялогаў. Мінімум інфармацыі і эмоцый, максімум цягучых, няпэўных чаканняў. Натуральна, за ўсім гэтым назірае котка.

Не толькі камера

Дэбютантам падуладныя любыя інфармацыйныя тэхналогіі, і калі ім ёсць што сказаць гораду і свету, тэхнічна цяпер можна зрабіць усё. Стыль, густ, атмасфера — з гэтым праблем няма. Але калі ў каманды «разруха ў галовах», што, па маім меркаванні, адбылося са стужкай «Інтымныя месцы» рэжысёраў Аляксея Чупава і Наталлі Мяркулавай (Расія), праца аператара і мастака яе толькі ўзмацняе. У фільме няма галоўнага, што мела б сэнс пры такім даследаванні, — няма чалавечнасці, няма адносін, што натхняюць на эротыку. Таму фільм не хвалюе, а раздражняе. І, на мой погляд, застаецца ў памяці гледача ў якасці свайго роду тэсту — на лаяльнасць.

Вітальнасць «У квецені»

Прызам «За лепшы фільм конкурсу ігравога кіно “Маладосць на маршы” імя народнага артыста СССР кінарэжысёра Віктара Турава» ўганаравана грузінская карціна «У квецені (Доўгія светлыя дні)» рэжысёраў Наны Эквцімішвілі і Сімона Гроса. Чалавек з савецкім вопытам кінагледача беспамылкова пазнае асаблівую атмасферу рытмічнасці, каларыт мовы, іншасць герояў, сярод якіх нават персанажы другога плана адрозніваюцца глыбока асабістым малюнкам ролі. Кожны нясе ў сабе лёс, у кожнага свая яркая фарба і ўласная пластыка. Гэта грузінскі кінематограф, які нельга пераблытаць ні з якім іншым, але гэта кінематограф сённяшняга дня. Непрафесійныя актрысы выконваюць у фільме галоўныя ролі дзяўчын-падлеткаў. Іх дарослае жыццё пачынаецца з драматычных асабістых, сямейных падзей, якія разгортваюцца на фоне грамадзянскай вайны ў Абхазіі і паўсюднага разладу, надлому 1990-х. Нядзіўна, што стужка перамагла ў конкурсе: яна драматургічная, у ёй годна паядналіся выразны сюжэт і тонкія ментальныя рэчы, выдатны смак жыцця, які заўсёды ёсць у грузінскай культуры, і непрыбраная, неперабольшаная рэальнасць. Фільм гарманічны з пункту гледжання адзінства багатых кінатрадыцый краіны і вастрыні, нерва — без гэтых якасцей маладыя каманды ўвогуле не здымаюць кіно. Або не паказваюць яго на фестывалях. 

Любоў ГАЎРЫЛЮК