Празрыстыя камунікацыі

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Міжнародны фестываль «GlassНавігацыя»
Восень 2013 была гарачай вандроўнай парой. Насычанасць інтэрнацыянальнай прасторы шклянымі форумамі была настолькі шчыльнай, што адмыслоўцам з цяжкасцю ўдавалася размяркоўваць маршруты і фінансавыя інвестыцыі. Найбліжэйшымі суседзямі першага мінскага Міжнароднага фестывалю мастацкага шкла «GlassНавігацыя» сталі фэсты ва Украіне і Польшчы: 9-ы Міжнародны шкловыдзімальны сімпозіум (Львоў) і Еўрапейскі фестываль шкла (Вроцлаў). Пасля наведвання іх асабліва прыемна адзначыць выключна высокі ўзровень удзельнікаў мінскага форуму.

Першы Міжнародны фестываль мастацкага шкла «GlassНавігацыя» адбыўся ў Музеі гісторыі Мінска. Ён стаў плённай творчай сустрэчай тутэйшых майстроў і іх калег з блізкага і далёкага замежжа. Асноўныя кантрапункты форуму — выстава, лекцыі і прэзентацыі замежных гасцей, наведванне шклозавода «Нёман» — грунтаваліся на ўзаемадзеянні і пазапраграмных стасунках творцаў, валанцёраў і гледачоў.

У канцэпцыі фестывалю адбілася асэнсаванне мастацкага шкла як разгалінаванай сістэмы трансферных плыней і творчых метадаў у бязмежным моры аўтарскіх інтэнцый. Новае тысячагоддзе вымагае ад «шкляных» творцаў праяў мастакоўскай кемлівасці, дасціпнасці ў спаборніцтве з прэсінгам шэдэўраў і тэхналогій. Шырокі ахоп відаў шкла і спосабаў працы з ім, феерыя талентаў і творчых канцэпцый надалі фестывалю «GlassНавігацыя» сапраўды ўніверсальнае гучанне.

Мінскі фэст стаў працягам шэрагу айчынных акцый 2010-х гадоў, прысвечаных мастацтву шкла. Адкрыццё фестывалю адбывалася ў два этапы: праз колькі дзён экспазіцыя твораў беларускіх аўтараў дапоўнілася аб’ектамі замежных мастакоў. «GlassНавігацыя» для нашага рэгіёна з’ява нешараговая, напэўна, яна стала нечаканай падзеяй як для публікі, так і для дасведчаных аматараў арта. Упершыню за апошняе дзесяцігоддзе з’явілася магчымасць так маштабна рэпрэзентаваць інтэрнацыянальнае мастацтва шкла ў Беларусі. Прыемна, што матывацыя для ўдзелу знайшлася ў выбітных мастакоў з Бельгіі, ЗША, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Нідэрландаў, Расіі, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі. Свае працы для мінскага вернісажу здолелі прадставіць такія сусветна вядомыя майстры, як Іржы Шугаек, Роберт Эмерынгер, Эдвард Лейбовіц, Веса Варэла, Дайніс Гудоўкіс, Эд ван Дэйк, Барыс Фёдараў, Аляксандар Фокін, Анда Мункявіца.

Унікальнасць фестывалю праявілася і ў яго фармаце: з творчымі канцэпцыямі ўдзельнікаў можна было пазнаёміцца не толькі падчас экспанавання твораў, але і ў межах разгорнутай адукацыйнай праграмы. На выніковай выставе было паказана больш за сотню шкляных аб’ектаў, а цягам тыдня праведзены шэраг прэзентацый нацыянальных школ шкларобства розных рэгіёнаў.

Айчыннае мастацкае шкло рэпрэзентавалі як вядомыя майстры — Тарас Паражняк, Вольга Сазыкіна, Таццяна Арцёмава, Галіна Сідарэвіч, Алена Ткачова і іншыя, так і новае пакаленне. Вялікую цікавасць выклікалі курсавыя і дыпломныя працы студэнтаў Беларускай акадэміі мастацтваў — яны прысутнічалі цалкам на роўных умовах.

Уключэнне ў беларускую частку экспазіцыі шэрагу знакавых твораў 1980—1990-х гадоў дазволіла стварыць кароткую рэтраспектыву айчыннага мастацкага шкла, прасачыць вытокі яго наватарскіх праяў. Так, адно з цэнтральных месцаў займала праца Вольгі Сазыкінай «Уздых», якая мае спецыфічныя рысы шклянога канцэптуальнага аб’екта, што атрымаў развіццё пазней. Важным для экспазіцыі творам стала праца Таццяны Арцёмавай «Бабіна лета» з музейнай калекцыі легендарнага Барысаўскага хрустальнага завода — гэты твор можна разглядаць як адну з першых беларускіх інсталяцый ў шкле.

Большасць паказаных падчас фестывалю прац нашых аўтараў былі створаны за апошнія тры гады. Паўдзельнічаць у выставе прапаноўвалі тым мастакам, у творчасці якіх максімальна праяўляецца самабытнасць і разнастайнасць нацыянальнай школы шкларобства. Такім чынам, была маштабна прадстаўлена традыцыйная для нашага рэгіёна тэхніка гутнага выдзімання шкла. Але аўтарскія прыёмы ўпэўнена пашыраюць выразныя сродкі самых, здаецца, вядомых і распаўсюджаных тэхнік, што мы і назіраем у сучаснай спецыфіцы гутнага шкла. Плённа развіваецца, асабліва ў творчасці маладых мастакоў, тэхніка маліравання шкла. Найскладанейшая, але нягледзячы на гэта, такая прывабная тэхналогія для памкненняў узнёслай душы. Самых настойлівых і працаздольных аўтараў прыцягваюць яе асаблівыя магчымасці стварэння рэльефа ў шкле, тонка прапрацаванай фактуры.

Цікавы пласт твораў складаўся з гравіраваных аб’ектаў студэнтаў кафедры ДПМ Беларускай акадэміі мастацтваў. Летам 2012 года гэтай прамудрасці іх навучаў сам маэстра Аляксандр Фокін — вядомы расійскі мастак, прафесіянальны гравёр высокага ўзроўню. Яго майстар-клас удыхнуў новае жыццё ў традыцыі мастацтва гравіравання, што з рознай інтэнсіўнасцю развіваюцца ў Беларусі яшчэ з часоў шкляных мануфактур Радзівілаў.

Супрэматычныя шкляныя эксперыменты — зноў жа студэнцкія — рэпрэзентуюць варыятыўнасць працы з архітэктурным флаат-шклом. Свет аптычных ілюзій, стэрэаэфектаў, матэрыялізацыі законаў фізікі ды трыганаметрыі дапамагае творчаму асэнсаванню спадчыны канструктывізму.

Асобыя традыцыі складваюцца ў Беларусі ў сферы ф’юзінгу шкла. Пазітыўным фактарам у працэсе яго вырабу з’яўляецца ўвага не толькі да яскрава выяўленых дэкаратыўных магчымасцей, але і да патэнцыялу манументальна-прасторавых рэсурсаў. Аўтары пачынаюць звяртацца да ф’юзінгу шкла як да ўвасаблення свабоды фарматворчасці.

Творам беларускіх аўтараў, прадстаўленым на фестывальнай выставе «GlassНавігацыя», уласціва некалькі адметнасцей. Па-першае, мастакоўскія інтэнцыі нярэдка вынікаюць з погляду на матэрыял як асацыятыўны адбітак рэчаіснасці. Са з’явамі гэтай самай рэчаіснасці атаясамліваецца прырода шкла, якая раскрываецца ў псіхадэлічных метамарфозах унутранай прасторы матэрыялу, яго здольнасці ўвасобіць як сінанімічныя паняцці вады, хвалі, лёду, дажджу, кроплі, так і транскрыпцыі існасцей, да якіх немагчыма дакрануцца. Адсюль — развітая метафізічная глыбіня вобразнай структуры шклянога аб’екта, якую распрацоўваюць мастакі шкла.

Другая адметнасць беларускай часткі экспазіцыі — мастакоўскі інтарэс да кантрасных па сваёй сутнасці з’яў і іх прыкмет, дзеля ўвасаблення якіх актывізуюцца такія якасці шкла, як здольнасць інтрыгаваць, правакаваць матэрыялам.

І нарэшце — беларускія аўтары, валодаючы высокай ступенню абстрагавання ад прадметнай формы, абапіраюцца ў сваіх творчых метадах на распрацаваную сістэму фармальна-стылістычных сродкаў мастацкага шкла.

Дарэчы, па назіраннях супрацоўнікаў нашага гасціннага музея, выніковая выстава карысталася вялікай папулярнасцю ў наведвальнікаў. Шмат для каго сапраўдным адкрыццём з’явілася такая канцэнтрацыя беларускіх твораў падчас правядзення выставы.

Праекты мастацкага шкла набіраюць сілу. Замацоўваецца закладзеная ў 1980-я гады самастойная вартасць аб’екта са шкла. Мастацкія творы развіваюцца ў напрамку скульптурнай пластыкі, канцэптуальнага арт-аб’екта. Традыцыйныя спосабы і метады працы з матэрыялам узбагачаюцца новым разуменнем яго візуальных і метафізічных уласцівасцей.

Вастрыні дыялогу культур, які адбываўся падчас правядзення фестывалю «GlassНавігацыя», надалі найцікавейшыя прэзентацыі, прадстаўленыя гасцямі з розных рэгіёнаў. У шматлікіх гледачоў — калег, мастацтвазнаўцаў, журналістаў і, асабліва, студэнтаў Беларускай акадэміі мастацтваў — жывую зацікаўленасць выклікалі фота- і відэаматэрыялы, якія ўвасобілі ў сабе спецыфіку такога феномена, як рэгіянальныя асаблівасці сучаснага шкларобства.

Харызматычнай імпульсіўнасцю вылучалася лекцыя Дайніса Гудоўкіса з Рыгі — караля белага шкла, прыхільніка футурыстычна-канструктывісцкай плыні. Смелае спалучэнне кантрасных аб’ёмаў, фактур, колераў, балтыйскі шарм... Між іншым, Дайніс адзначыў значнасць уплыву фінскіх традыцый на сваю асабістую творчасць і на сучаснае мастацтва шкла ўвогуле.

Наступная лекцыя прэзентавала тыя самыя традыцыі ў аўтарскай інтэрпрэтацыі нашага госця з Фінляндыі Весы Варэлы. Дыяметральна супрацьлеглая эмацыйнасці Дайніса нардычнасць светаўспрымання Весы спрыяе пабудове тонкіх суадносін матэрыялаў, чысціні і дакладнасці канструкцыі, мінімалізму фармальных сродкаў выразнасці. Нацыянальныя традыцыі асаблівай паэтызацыі рэчаіснасці прасочваюцца ў шэрагу вырабаў бытавога шкла мастака-дызайнера. Цікава, што шкло не з’яўляецца прыярытэтным матэрыялам Весы. Аўтар звяртаецца да яго як да матэрыялу супярэчнасці, парадокса, рэфлексіі.

Спецыфіцы шкляных арт-праектаў у балтыйскім рэгіёне прысвяцілі сваю прэзентацыю мастачкі з Каўнаса Юлія Пацьютэ і Вальда Верыкайтэ. Яны адзначылі важнасць тэарэтычных даследаванняў, праведзеных за некалькі апошніх гадоў у рэгіёне, а таксама інтэнсіўнасць эксперыментальных форм дзейнасці студэнцтва спецыяльнасці «шкло» ў сферы перформансу і альтэрнатыўных персанальных выстаў. Падзеі, што адбыліся за гэты перыяд у краінах Балтыі, у значнай ступені паспрыялі актуалізацыі мастацтва шкла Літвы і балтыйскага рэгіёна ўвогуле. Прагрэсіўныя змены надалі імпульс канцэптуалізацыі шкла ў мастацкім асяроддзі. Пры гэтым маштаб аб’ектаў вагаецца ад мікра- да манументальнага.

Відэапрэзентацыя сапраўднай зоркі чэшскага шкла Іржы Шугаека дала магчымасць уявіць усю яскравасць маэстрыі легенды студыйнага шкла. Феерычныя шоу майстра ўспрымаюцца гледачамі як тэатральнае відовішча. Мастак, між іншым, працуе ў шырокім дыяпазоне прафесійных інтарэсаў: у яго ўнушальным партфоліа шмат пазіцый — ад дызайн-праектавання для кампаніі «Moser» да ўдзелу ў больш як сотні шкляных сімпозіумах па ўсім свеце, ад асабістай творчасці да выкладчыцкай дзейнасці ў самых розных інстытуцыях Еўропы, Азіі, Амерыкі.

Эдвард Лейбовіц, сусветна вядомы мастак з Антверпена (Бельгія), прэзентаваў відэаматэрыялы, у якіх з дапамогай анімацыйных прыёмаў распавядалася пра тэхнічныя нюансы творчага метаду аўтара. Эдвард займаецца студыйным шклом ужо некалькі дзесяцігоддзяў. Яго ўлюбёным матэрыялам з’яўляецца александрытавае шкло, якое здатна мяняць колер у залежнасці ад асвятлення. Фантастычныя вобразы ўвасоблены мастаком у тэхніках аўтарскай і лазернай гравіроўкі, пескаструменнай апрацоўкі.

У асабістай пецярбургскай студыі паспяхова працуе малады мастак з Расіі Ігар Фралоў. Валоданне майстэрствам гутніцтва спрыяе развіццю яго таленту як у напрамку выдзімання шкла, так і ў альтэрнатыўных формах творчасці. Вучань таленавітага расійскага мастака шкла Барыса Фёдарава, Ігар свабодна яднае класічную тэхналогію і яскравасць вобразаў, свабоду іх пластычнай інтэрпрэтацыі.

Аўтарская канцэпцыя мастака з Нідэрландаў Эда ван Дэйка раскрывае натхняльныя прыродныя формы ў яго творах. Эд прадэманстраваў сваё захапленне модульнымі структурамі, якія нагадваюць шкілет рэліктавай жывёліны. Ён смела спалучае шкло з іншымі матэрыяламі, такімі як дрэва, метал, камень.

З вялікай цікавасцю разглядала публіка творы мастакоў Зайгі Байзы і Роберта Эмерынгера з Люксембурга. Неўтаймоўныя эксперыментатары ў сферы тэмпературнага фармавання шкла ў печы для ф’юзінгу і маліравання, мастакі сваім прыкладам пераконваюць у патэнцыйных магчымасцях літаральна ўсіх тэхнік працы са шклом. Іх поспехі пацверджаны выдатнымі ўзорамі творчасці, асаблівасцю якой з’яўляюцца інжынерная дакладнасць тэхналагічнага разліку самага смелага эксперымента і цудоўныя яго вынікі.

Амерыканца Макса Экстранта цікавяць выключна ўсе нюансы вытворчасці. Сфера яго асаблівых інтарэсаў — выяўленчыя матывы з легкаплаўкага шкла ва ўнутранай прасторы разнастайных прэс-пап’е, паветраная графіка «грааль».

Студыйны варыянт шкларобства — цікавы высокатэхналагічны працэс выпрацоўкі шкла — быў прэзентаваны мастакамі Рэмігіусам Крукасам і Індрэ Стулгаітэ-Крукіене з Панявежыса (Літва). Аўтары прадэманстравалі творы ўласнай шкляной студыі «Glasremis». Іх шкляныя арт-аб’екты ўнікальным чынам прыміраюць у сабе антытэзу «мастацтва альбо рамяство?». Валодаючы бездакорнымі прафесійнымі якасцямі, аўтары ствараюць магічныя творы, сатканыя, здаецца, з энергіі святла, колеру, оптыкі. Калекцыя прац Рэмігіуса і Індрэ прадастаўлена мінскай Галерэяй шкла і керамікі «Vaiva», якая з’яўляецца генеральным спонсарам фестывалю «GlassНавігацыя».

Паспяховым прыкладам студыйнага шкларобства з’яўляецца і творчая пазіцыя Анды Мункявіцы з Рыгі. Яна грунтуецца на эксперыменце, выключным прафесіяналізме і тэхнічнай дасканаласці вытворчых магчымасцей. Прынцыповы вывад тэхналогіі ф’юзінгу, маліравання шкла ў манументальныя віды мастацтва паказвае значнасць патэнцыялу матэрыялу.

Па выніках Першага міжнароднага фестывалю стала зразумела, што сёння значна змяніўся дыяпазон магчымасцей шкляных тэхналогій, якія спрыяюць развіццю беларускага мастацкага шкла. Нашы сучасныя аўтары дэманструюць шырокі спектр творчых канцэпцый і метадаў працы са шклом, аднак сусветнае шкларобства таксама не стаіць на месцы. Самую прагрэсіўную ролю ў плыні апошніх дзесяцігоддзяў адыгрывае «glass studio movement» — міжнародны рух мастакоў шкла, якія здолелі выйсці за абмежаванні функцыянальнасці і дэкаратыўнасці і ствараюць не столькі ўтылітарныя ёмістасці, колькі аўтарскія канцэптуальныя выказванні — паўнавартасныя творы мастацтва. Студыйнае шкло з’яўляецца для многіх сучасных мастакоў пераважнай і перспектыўнай формай творчай актыўнасці.

Галоўная мэта нашага фестывалю — камунікатыўная. Важна было звязаць «студыйны рух у шкле» з Беларуссю, даць нашым аўтарам шанец далучыцца да яго. Як зазначыў «ветэран» руху Эдвард Лейбовіц: «Калі не атрымліваецца так, як ва ўсіх, зрабі так, як не ва ўсіх!» Эдвард ініцыяваў плённае абмеркаванне альтэрнатыўных форм студыйнага шкла ў нашым рэгіёне. Удзельнікамі дыспуту былі прааналізаваны мясцовыя культурна-эканамічныя абставіны, інтэрпрэтаваны згодна з існуючымі ўмовамі самыя неверагодныя бліц-праекты. Хто ведае, магчыма, мы і ўбачым іх рэалізацыю ў недалёкай будучыні. Што несумненна — фестываль будзе праводзіцца і надалей.

Першы Міжнародны фестываль мастацкага шкла «GlassНавігацыя» павінен стаць крокам да фарміравання новай эстэтыкі рэчы, здольнай аб’яднаць вакол сябе прафесіянала і аматара. Не сакрэт, што моц патэнцыялу мастацкага аўтарскага шкла — як раўнапраўнага віду пластычнага мастацтва — у айчыннай сучаснай культурнай прасторы практычна незапатрабаваная. Не спрыяе ўмацаванню яго пазіцый адсутнасць структуры, якая была б здольна лабіраваць інтарэсы галіны. Пакуль сціплая функцыя беларускага мастацкага шкла ў сістэме «вялікіх мастацтваў» не суадносіцца з актыўнасцю яго ўнутранага развіцця. Тым больш перспектыўным уяўляецца планаванне на будучыню суцэльнага комплексу мерапрыемстваў, прысвечаных нашаму мастацтву шкла. Ажыццяўленне «шклянай стратэгіі» ў сучасным беларускім мастацтва выглядае нашмат болей эфектыўным далучэннем да сусветных арт-трэндаў, чым доўгі пешы шлях традыцыйных мастацтваў. Шкляная навігацыя павышае магчымасць сустрэць беларускіх мастакоў на самых прэстыжных інтэрнацыянальных шкляных форумах, а іх творы — у калекцыях вядомых музеяў свету... 

Павел ВАЙНІЦКІ, Алена АТРАШКЕВІЧ