Зробім яшчэ лепшым?..

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

VІІІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета
Гэты музычны форум няхай недалёкая, але ўжо гісторыя. Самы час паразважаць не толькі ўласна пра канцэрты і творчыя сустрэчы, узровень якіх быў вельмі высокім, але і пра саму сутнаць фестывалю — пра тое, што ён дае нашай нацыянальнай культуры. Пэўна, ёсць сэнс і ў параўнаннях — не толькі з падобнымі музычнымі святамі, але і з форумамі, прысвечанымі іншым відам мастацтваў.

Патрэба ў гэтым фэсце (як, дарэчы, у любых мастацкіх акцыях, прыездах да нас сусветных зорак і да т.п.) сумневу не выклікае: хай будзе больш форумаў добрых і розных! Але часам неабходна і лічыць — грошы, плюсы-мінусы, неабходна вызначаць суадносіны, як модна казаць, «паміж коштам і якасцю». І тут, на жаль, не ўсё так проста і адназначна, як, можа, хацелася б.

Калі, да прыкладу, Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «Тэарт» прывозіць да нас спектаклі з усяго свету, прычым уганараваныя, нашумелыя, часам фурорна-спрэчныя, — ён па сутнасці «купляе» тэхналогіі, ідэі, эстэтычныя кірункі, запатрабаваныя ў сусветнай фестывальна-конкурснай прасторы. Таму тыя грошы, што вывозяць з краіны замежныя тэатры, з’яўляюцца насамрэч фінансавым укладаннем у развіццё нашай нацыянальнай культуры — як уласна тэатральнай, так і глядацкай. Выхаванне публікі на лепшых сусветных прыкладах працуе ў тым ліку і на будучыню — рыхтуе да такога ж «галасавання рублём» за нешараговыя беларускія пастаноўкі, разлічаныя на роздум, а не адно на рогат. Акрамя продажу квіткоў для шырокай публікі, фестываль практыкуе запрашальнікі, бо для дзеячаў культуры прагляд тэатральнага авангарда з’яўляецца неад’емнай часткай прафесіі, своеасаблівым майстар-класам ці проста штуршком да ўласных пошукаў. Тое ж можна назіраць на Міжнародным фестывалі «Уладзімір Співакоў запрашае»: калі месцаў у зале не хапае, для навучальных устаноў выстаўляюцца некалькі радоў крэслаў проста на сцэне, за спінамі салістаў ці артыстаў камернага аркестра.

На фестывалі Юрыя Башмета — сітуацыя супрацьлеглая. Аншлагавыя залы былі хіба на Першым форуме. Потым ажыятаж пачаў сціхаць, і летась фестываль перажыў сапраўдны крызіс: слухачоў у зале відавочна не ставала, хоць праграмы, у параўнанні з ранейшымі, зрабіліся бездакорнымі па прафесійным падыходзе, набылі адмысловасць і навізну. Сёлета публікі было ўжо значна больш, але цалкам аншлагавымі аказаліся, на жаль, не ўсе канцэрты.

Увогуле форум з самага пачатку ўзяў курс пераважна на «немузычную» публіку, на далучэнне да класікі рэспектабельных, больш ці менш заможных слаёў грамадства. Але ж асноўная філарманічная аўдыторыя — іншая, і менавіта недахоп яе адчуваецца на фестывальных канцэртах. Часам складаецца ўражанне, што тую ж прафесуру Беларускай акадэміі музыкі тут папросту не чакаюць. Дый студэнты-музыканты могуць патрапіць у залу, толькі набыўшы квіток на агульных умовах, як усе астатнія. Праўда, некаторыя канцэрты часткова трансляваліся па тэлебачанні — у запісе. Некаторыя — па канале «Культура» Беларускага радыё. Але нішто не заменіць жывога ўспрыняцця, асабліва для спецыялістаў. Таму філармонія, праводзячы практычна без дзяржпадтрымкі ўласны Міжнародны фестываль «Беларуская музычная восень», што пачаўся адразу за фэстам Башмета, прыняла мудрае і вельмі спрыяльнае для развіцця нацыянальнай культуры рашэнне — студэнтам профільных навучальных устаноў прадаваць квіткі за палову кошту, а менавіта за 15—20 тысяч рублёў. І праграмы там былі — зайздросныя! І зорак хапала — найперш сярод «беларусаў замежжа», многія з якіх дадуць фору карэнным прадстаўнікам Расіі і Захаду. Чым не вынік здаровай канкурэнцыі двух блізкіх адно аднаму фестываляў?

Для параўнання: на фестывалі Юрыя Башмета тыя ж струннікі імкнуліся патрапіць на сольнік Максіма Венгерава. Гэты фенаменальны скрыпач раней ніколі да нас не прыязджаў — ніяк не атрымлівалася, хоць запрашалі яго ўжо чатыры гады запар. Нарэшце ён не толькі прыехаў, але і пагадзіўся напярэдадні запланаванага вечара даць дабрачынны канцэрт у падтрымку цяжкахворай дзяўчынкі-гімнасткі. На тую вечарыну, як паведамілі на прэс-канферэнцыі, былі запрошаны буйныя бізнесмены, гатовыя набыць квіткі па 3 мільёны рублёў і зрабіць ахвяраванні, а таксама дзеці з дамоў-інтэрнатаў і шматдзетных сем’яў. «Безбілетных» студэнтаў Акадэміі музыкі туды не пусцілі, хоць Канцэртная зала «Верхні горад» аказалася далёка не поўнай. Ці камфортна было ў такіх умовах Максіму Венгераву, які даўно прызвычаіўся да аншлагаў? Дый на яго філарманічны вечар (дзе, наадварот, былі заняты нават усе прыступкі балконаў) таксама змаглі патрапіць вельмі нешматлікія прафесійныя музыканты. Дык у чым тады ККД — «каэфіцыент карыснага дзеяння» — прыезду славутасці?

Цудоўна, што многія салісты апроч выступленняў праводзяць майстар-класы. Дый тое, што яны іграюць з нашымі аркестрамі (асабліва з Маладзёжным сімфанічным Акадэміі музыкі), становіцца дадатковым майстар-класам. Гэты своеасаблівы адукацыйны кірунак фестывалю заслугоўвае далейшай падтрымкі і, магчыма, пэўнай карэкцыі ў падыходах: кагосьці з гасцей можна запрашаць і на больш працяглыя заняткі — так, як гэта было калісьці падчас Маладзёжнай акадэміі краін СНД, што некалькі разоў праводзілася ў межах фестывалю ці адначасова з ім.

Яшчэ адно параўнанне тычыцца замаўлення беларускіх твораў. На фестывалі Уладзіміра Співакова гэта ўвогуле не прынята. «Тэарт», наадварот, сёлета значна пашырыў такую практыку. Але — крыху з іншымі мэтамі, чым фестываль Юрыя Башмета. На апошнім у розныя гады замаўлялі прэм’еру «на пэўную тэму». Галіну Гарэлаву ў свой час прасілі напісаць штосьці для струнных з сольным альтом. Вячаслава Кузняцова — для сімфанічнага аркестра з двума фальклорнымі калектывамі, беларускім і рускім. Канстанціна Яськова — для аркестра з цымбаламі.

Валерыю Воранаву сёлета далі поўную свабоду — і ён звярнуўся да сімфанічнага аркестра, двух раяляў у чатыры рукі і чытальніка (у ролі апошняга кампазітар з самага пачатку бачыў прадстаўніка «альтэрнатыўнай» культуры, рок-спевака Міхея Насарогава). Малады і вельмі перспектыўны турэцкі дырыжор Алпаслан Эрцюнгеалп, з’яднаныя ў аркестр лепшыя студэнты Акадэміі музыкі, салісты філармоніі — усе ўдзельнікі праекта правялі безліч рэпетыцый і прыклалі максімум намаганняў, каб як мага лепей данесці да слухача няпросты для ўспрымання «Архітэктон», назва якога вядзе да творчасці Казіміра Малевіча і віцебскай мастацкай школы першых паслярэвалюцыйных гадоў. Але... у чытальніка не ўключылі мікрафон, і колькі той ні намагаўся «перакрычаць» звярынае рыканне медзі (у аснову твора пакладзена крыху скарочаная паэма Веліміра Хлебнікава «Звярынец», тэкст якой не быў надрукаваны ў праграмцы), — усё засталося марным. Было чуваць толькі два словы, што ішлі без суправаджэння: «Іаан Грозны». І гэта — папулярызацыя нацыянальнай культуры? Ці, наадварот, «прышчэпка недаверу» да беларускай музыкі? Тым больш, што публіцы так нічога і не патлумачылі, таму многія гадалі: можа, незразумеласць слоў — наўмысная?

Трывожыць і тое, што беларускія фестывальныя творы, за выключэннем «Ingemisco» («Уздыхаю») Галіны Гарэлавай, — пакуль «аднаразовага» выканання. Адпаведна, яны застаюцца практычна не вядомымі музычнай грамадскасці, якая на фестывальныя канцэрты не трапляе. Дык у чым тады, зноў-такі, ККД беларускіх прэм’ер? Хіба ў тым, што з’яўляюцца новыя творы — і выконваюцца, а не застаюцца «ў стале». Але ж аддача можа быць большай!

Той жа «Тэарт» сёлета замаўляў менавіта эксперыментальныя пастаноўкі, якія маглі б зрушыць тэатральны працэс у краіне, пашырыць жанравую палітру. Паказваліся яны па некалькі разоў — з перспектывай застацца ў рэпертуары і надалей. Мабыць, штосьці з гэтага мог бы пераняць і фестываль Юрыя Башмета?

Ёсць пытанні і да арганізацыйнага боку. Магчыма, яны ўзнікаюць таму, што Расціслаў Крымер, сустаршыня аргкамітэта, мастацкі кіраўнік фестывалю, — яшчэ і канцэртуючы піяніст. Але чаму творца вымушаны займацца ўсімі пытаннямі сам? Ці не шкодзіць такая жудасная нагрузка яго фартэпіяннаму майстэрству, што патрабуе самаадданых штодзённых заняткаў? Сёлета на фестывалі ён іграў з Ксеніяй Башмет і «Салістамі Масквы» на чале з Юрыем Башметам, акампаніраваў Максіму Венгераву. Ды раптам я пачула ў зале: «Пэўна, нічога не разумею, але без раяля мне скрыпка больш спадабалася...». Што ж, Венгераў, у адрозненне ад Крымера, фестывальнымі праблемамі не займаўся. А ўпершыню музыканты сустрэліся толькі ў дні форуму. Дык калі было рэпеціраваць?..

Фестываль прайшоў — засталіся не толькі буклеты (дарэчы, сёлета яны выйшлі з друку больш чым своечасова, ужо напярэдадні), але і цудоўныя мастацкія ўражанні. Асоба і творчасць Кшыштафа Пендэрэцкага (Польшча), боскі піянізм Мікалая Луганскага (Расія), сапраўдны струнны Алімп Уладзіміра Перліна (Беларусь), дзе кожны ягоны выхаванец — спраўджаная ці патэнцыйная зорка сусветнага маштабу... Захапляцца ёсць чым. Фестываль расце — па-мастацку і арганізацыйна. Дык зробім яго яшчэ лепшым!