Душа і памяць забытага часу

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

«Ладдзя Роспачы» паводле Уладзіміра Караткевіча
Беларускія тэатры лялек працягваюць сцвярджаць сваю мастацкую паўнацэннасць, смела ставяць класіку і прымушаюць акцёраў працаваць, як у драматычным тэатры.

Аляксей Ляляўскі замахнуўся на «Ладдзю Роспачы» Уладзіміра Караткевіча.

Цудоўная навела ўжо не раз прыцягвала да сябе ўвагу беларускіх рэжысёраў. Добра памятаю таленавіты спектакль Мікалая Трухана. Вельмі засмуцілася на мінулагоднім фестывалі «Тэарт», калі ўбачыла пастаноўку «Ладдзі…» у маладзёвым студэнцкім выкананні.

Рукапіс «Ладдзі…» да 2009 года захоўваўся ў Рыгора Барадуліна ў тым выглядзе, як ён быў напісаны, без цэнзурных правак. Караткевіч прысвяціў навелу Барадуліну і ўпершыню прачытаў яе ўслых на кухні свайго сябра. Той у даўгу не застаўся. Барадулін адказаў так:

«Князь крывіцкага духу
Вяльможна ствараў
Жыццярыс векавечнай
Крывіцкай дзяржавы».

Тым і вялікі Караткевіч, што стварыў «гісторыю нашай зямлі, народа» ў паэтычных алегорыях. «Ладдзя Роспачы» таму прыклад. Яе герой Гервасій Выліваха любіць паўтараць: «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш». Менавіта такім шляхам і пайшоў Аляксей Ляляўскі, калі прыдумваў спектакль для свайго лялечнага дома. Ён дакладна падзяліў персанажаў на тых, «каго Выліваха пакінуў і сустрэў на зямлі», і «змарлых душ». Гэты спектакль абсалютна мужчынскі, з мужчынскай акцёрскай энергетыкай і адпаведнай пастановачнай групай у асобе мастака Валерыя Рачкоўскага, кампазітара Ягора Забелава, балетмайстара Яўгена Карняга. І нават Дзяўчына — Наталля Кот-Кузьма (аддалены намёк на сустрэтую Вылівахам Бярозку) лёгка і арганічна ўпісваецца ў зладжаны мужчынскі ансамбль.

На задніку сцэны вялізны квадрат, што можа быць табло ў аэрапорце, шахматным або памінальным сталом, экранам, на якім плывуць аблокі. Ён рыфмуецца з вялізнымі квадратамі падлогі. Там будуць з’яўляцца лічбы. Тут будуць рухацца шахматныя фігуры. Выліваха гуляе ў шахматы са Смерцю. Увесь спектакль, як у Караткевіча, герой «са смерцю гаворыць з вока на вока».

Рэжысёр рашуча адсякае ў навеле многія сюжэтныя лініі, прапануе гледачам гімн чалавеку, які сказаў пра сябе: «Быў. Ёсць. Буду». Гервасій Выліваха, па сутнасці, сам аўтар. І зусім неабавязкова расцягваць падрабязнасці грэшнага зямнога жыцця Вылівахі. Куды важней ягоная спрэчка са Смерцю і ажыўленне «змарлых душ». Там, адкуль яны не вяртаюцца, ён такі, які ёсць, сапраўдны.

Аўтар інсцэніроўкі і рэжысёр Аляксей Ляляўскі вельмі своеасабліва адаптуе паэтычную легенду для свайго тэатра. Магчыма, ён баіцца, што з’яўленне тэатральных лялек павядзе спектакль у бок несур’ёзнасці і лёгкай ігры. Магчыма, прымушае акцёраў пераадольваць страх перад драматычным паўнацэнным існаваннем на сцэне. Тут схавацца за ляльку немагчыма. І ён прыдумляе складаны атракцыён, які не ўсімі расшыфроўваецца.

Мужчыны з чамаданамі стаяць шэрагам, як у аэрапорце на рэгістрацыі. Яны ў белых кашулях. Гервасій — у чорным доўгім паліто. Усе глядзяць на квадрат як на табло, што фіксуе час адлёту. З’яўляецца Смерць. Пачынаецца шахматная партыя. У руках пасажыраў разгойдваюцца маятнікі. Квадрат ператвараецца ў экран. Па небе плывуць аблокі. Бездань. Космас. Перасяленне ў іншы свет.

Вербальнае ўзнаўленне пачатку спектакля можа падацца непатрэбным. Гэта мае эмацыйныя ўражанні. У іншых яны будуць іншымі. Ды як яшчэ, захоўваючы паэтычнасць і містычнасць літаратурнай завязкі, перадаць у тэатры прозу Караткевіча? Можна так. Можна, мабыць, інакш.

Жорстка стукаюцца аб метал транспарцёра чамаданы. Гучна адчыняюцца металічныя дзверы на той свет. Чырвоныя кветкі шыпшыны асыпаюцца на зямлю. Чырвоныя карлікі ліюць ваду. Касцы ўзмахваюць косамі і заганяюць Выліваху ў пастку. І толькі потым з’яўляюцца ладдзя забыцця — ночвы-труна — і постаці са ззяючымі німбамі. Усё скончана?

Дзе ўсё-такі лялькі? Іх няма. Ёсць гульня з прадметамі. Узаемадзеянне жывога і нежывога таксама законная магія тэатра лялек. Ну так ён хоча размаўляць пра філасофскае ў сваім тэатры, гэты неўтаймоўны Аляксей Ляляўскі. Мае права.

Зрэшты, адна лялька ўсё ж ёсць: Смерць. Велізарная галава, чорны балахон, рукі. Яна ўдвая вышэй за чалавечы рост. Яе водзіць Уладзімір Грамовіч. Не хаваецца. Не змяняе голас. Не запалохвае. Гэтую Смерць па-свойму шкада, калі яна вядзе споведзь пра гады маладосці: «Я таксама была маладою. Я памятаю свайго першага. Яго звалі Авель. А цяпер мне ўсё ўжо непатрэбна».

Кампаненты спектакля ў фінале аб’ядноўваюцца адзіным акордам: смерць, адвечнасць, спроба перайграць лёс.

Мне цікавы гэты спектакль, хоць ён і не аб’ядноўвае ў адно цэлае глядацкую аўдыторыю. Ёсць расцягнутыя рытмы. Ёсць складаныя метафары. На жаль, няма драйву і харызмы ў Вылівахі ў выкананні Дзмітрыя Рачкоўскага. Яму паводле акцёрскай псіхафізікі бліжэй персанажы інтэлігентныя, разважлівыя, з марамі і надзеямі. Ён не змагар, і цяжка паверыць у ягоную здольнасць перамагчы смерць сілай братэрства ў іншым свеце. Тут у спектаклі, на маю думку, ёсць прынцыповае разыходжанне з задумай Уладзіміра Караткевіча.

Яшчэ крыху пра рэжысёрскі почырк Ляляўскага. Ён і раней часта выкарыстоўваў дыяганальныя мізансцэны. Тут іх таксама нямала. Магчыма, рэжысёр проста імкнецца павялічыць сцэнічную прастору. У нашага тэатра лялек надта неспрыяльныя ўмовы для ігры дарослых акцёраў. Без лялек яны падаюцца гігантамі. Ім цесна. Здаецца, што не хапае паветра. У такой прасторы працаваць праблематычна. Тут не пабегаеш, не размахнешся. Ніякай псіхалогіі і акцёрскіх паўз не прадэманструеш. Думаецца, што менавіта праз гэта незнарок дамінуе акцёрскі прынцып стварэння маскі, якая адсякае падрабязныя характарыстыкі. У строгай і лаканічнай прасторы спектакля, падобнай на камп’ютарны дызайн, няма глыбіні, шмат вострых вуглоў. Геаметрыя пазбаўляе апавяданне мяккасці і цеплыні.

Мы загаварылі пра законы прасторавай кампазіцыі выключна таму, што яны кладуць адбітак на прыёмы акцёрскай ігры. У тэатры лялек акцёру, які працуе ўжывую, без лялькі, цяжка выяўляць псіхалогію персанажа. Затое лягчэй авалодваць рытмамі. Увогуле рытмічная арганізацыя спектакля «Ладдзя Роспачы» рэжысёрам, сцэнографам і кампазітарам даведзена да дасканаласці.

Усё ж мне здаецца, што рэжысёр Аляксей Ляляўскі не разлічвае на разуменне гледачоў. Пацвярджэнне гэтаму — спектакль «Шоўк». Нават вельмі тэатральныя людзі прыходзілі ў недаўменне ад зацягнутай эксцэнтрычнасці рэжысёра, ад глыбока прыхаваных сэнсаў выказвання, ад звышэстэтычнасці задумы.

Зрэшты, «Ладдзя Роспачы» ўжо істотна змянілася пасля прэм’еры. Спектакль працягвае набіраць тэмп. Ёсць упэўненасць: ласкавыя вятры панясуць ладдзю па хвалях акіяна.